Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:
Глядзі,— такі ашмот старызны, А думае, што ўсё яшчэ карысны. У кім бруіцца кроў, як свежы сок? Ці ў тым, хто ў маладой, кіпучай моцы, Ці ў тым, з каго ўжо сыплецца пясок? Юнак — імпэт і страсць, напал эмоцый, А на старых павінен быць закон: Гарні з дарогі смецце пад адхон! Мы сілай колькі ўжо зямель скарылі, А вы тым часам бавіліся чым? — Мудрылі, лбіны зморшчыўшы, і нылі, Не выпускаючы з рукі ляйчын, І слухалі старое славы пошчак. Адна марока з гэтакімі жыць. У трыццаць ты — жывы нябожчык! І ўжо не грэх цябе
даўбнёй дабіць.

Мефістофель

І чорту дзецца тут няма куды!

Бакалаўр

Спатрэбіцца — і чорта к чорту я пашлю!

Мефістофель (убок)

Ну не, тут я табе не саступлю.

Бакалаўр

Стварае толькі той, хто малады: Стварыў я свет і сонца, месяц, зоры, Зямную цвердзь, паветра, неба, горы, Усё жывое я стварыў, І дзень святлом я азарыў, Даў небу зорную красу, Траве — халодную расу, І па маёй рашучай волі Цвітуць і сохнуць кветкі ў полі. Я дзёрзка думку вызваліў з пакут, З філістэрскіх акоў і пут, А сам, як бог, у німбе гордых дум, Куды свабодны дух вядзе, іду праз тлум. Іду ўгару, і светач і прарок, Нясу я сонца, а не змрок!

(Выходзіць.)

Мефістофель

Арыгінал! Ідзі ты, знаеш… Маладзён! З сябе яшчэ ён строіць нешта! Усё мне гэта толькі смешна, Бо ўжо вядома з даўніх-даўніх дзён. Аднак, бадай, цяпер па ўсім відно, Што кроў у ім яшчэ не згусла; Ды, як бы ні брадзіла сусла, А будзе брага ці віно.

(Да моладзі ў партэры, якая не апладзіруе.)

Я дараваць заўжды гатовы Няспеласць і душэўны лёд. Мае ацэніце вы словы, Да чортавых дажыўшы год.

Лабараторыя ў сярэдневяковым стылі

Вялікія нязручныя прылады для фантастычных мэт.

Вагнер (каля ачага)

Гучыць ужо шчымліва звон, Дрыжаць пашэрхлыя муры, І ў гэтым бачу я закон. Працэс у колбе, унутры, Не можа доўжыцца бясконца. А вось ужо блішчыць і донца, Вось бачу, вугалёк чырвоны Пунсовай іскраю мігае, І зыркі аганёк ягоны Цямноцце ночы разганяе. Каб толькі не пагасла ў печы! Ах божа, ходзіць нехта… Голас нечы…

Мефістофель (уваходзячы)

Вітаю вас і вашу ўдачу!

Вагнер (спалохана)

Вітанне! З радасцю вас бачу!

(Ціха.)

Прашу цішэй, у колбе тут Здзяйсняецца вялікі цуд. Стварэнне Жывога чалавека.

Мефістофель

Ну?! Якую ж пару Запхнулі вы ў шкляную тару.

Вагнер

Вялікім, пошлым прыніжэннем Істотна ўзятых прынцыпаў расплоду Лічу струхнелую методу. Пяшчотка-плоць, што ўсім жыццё дае, І
той імпэт жывы, што з плоці б’е,
Каб зноў у новым целе паўтарыцца І па-старому з іншым целам зліцца,— Дагмат абсурдны, не для новай школы! Так плодзяцца няхай бязмозглыя жывёлы. А чалавек вышэй! Пачатак чалавечы Павінен адмысловым стаць. Дарэчы,

(Да ачага.)

Блішчыць! Глядзі! У гэтай чаднай печы Надзеі скора спраўдзяцца мае. Я ведаю, што сумесь розных рэчыў (А толькі гэта змест жывы дае) Складзе і цела, і шкілет. Я разгадаў даўно жыцця сакрэт: І плоць, жывую плоць, без родавых пакут Спакойненька ствару я ў колбе тут.

(Зноў да ачага.)

О! Творыцца! І згустак чорны Паволі складваецца ў формы. Мая работа марна не прапала — Бо што прырода арганізавала, То наша воля цвёрдая і сіла Цяпер даследчым розумам стварыла.

Мефістофель

Хто доўга жыў, той знае вашы цуды, Нічога новага не ўбачыць ён: І я, вандруючы спакон, На штучных людцаў наглядзеўся ўсюды.

Вагнер (уважліва сочыць за колбай)

Блішчыць субстанцыя… плыве… Яшчэ хвіліна… міг… і ажыве! Няхай мой план на выгляд дзікі, Аднак у будучым наш мозг вялікі Утворыць дасканалы, невантробны Мозг-сінтэз, нашаму падобны.

(З захапленнем разглядвае колбу.)

Звініць, блішчыць чароўна шкло І выпраменьвае святло, А ў колбе вырасла да вечка Жывое цельца чалавечка. Прыроды тайна паддалася мне! Жыцця ўжо мной уведана аснова. Вы чуеце? Ужо на дне Гучыць… Гучыць жывая мова!

Гамункул{158} (з колбы Вагнеру)

А вось і я! Дзень добры, татка! Бязгрэшнага зачацця я дзіцятка! Дык пацалуй, дай буські ад душы! Не цісні гэтак! Шкла не раздушы: Прыроднае — ў бязмежжы і імкненні, А штучнае — ў граніцах і замкненні.

(Мефістофелю.)

Каго я бачу! Дзядзечка-шальмец! Як ты дарэчы. Проста маладзец! Калі ўжо выпадак цябе ці лёс У палестыны нашыя занёс, Парай ад сэрца мне, як карацей Знайсці шляхі да працы і людзей.

Вагнер

Дай мне сказаць! Даўно наспела, Усіх турбуючы, праблема, як жа так Дапасаваліся душа і цела, Што не разлучацца ў жыцці ніяк? Між тым вядома — недарэмна Яны варожыя ўзаемна.

Мефістофель

Душу пяшчотную не руш. Спытай: чаму не ладзяць жонка й муж? Чаго вас, пане, ў эмпірэі цягне? Тут справа ёсць — дзіцятка працы прагне.

Гамункул

Што ж мне рабіць?

Мефістофель (паказвае на бакавыя дзверы)

Спяшай хутчэй углыб жыцця.

Вагнер (замілавана гледзячы на колбу)

Поделиться с друзьями: