Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Кашталян

Я вам наказваю, не кнігам,— Выконвайце загады мігам.

Бялявая (Мефістофелю)

Адно слаўцо! Прашу я вашых чар — Глядзіце, чысценькі мой твар, А як вясна настане — канапаты, Што мне рабіць з ім? Дайце рады!

Мефістофель

Ай-яй! Канфузная хімера — У плямах, ясачка, нібы пантэра. Найлепшы вынік дасць ужытак Гаючай выцяжкі з жабіных лытак. Патрыце маззю моднаю па скуры, І
чыста будзе з першай працэдуры.

Чарнявая

Дапамажыце і ў маёй бядзе: Мне курч скруціў і высушыў нагу, І я цяпер нязграбная ў хадзе, І выдыгацца нават не магу.

Мефістофель

Дазвольце наступіць на ножку, пані.

Чарнявая

Ой, што вы, знак такі ў каханні…

Мефістофель

Мой дотык мае большае значэнне, На ўсякую хваробу ёсць лячэнне: Клін клінам б’юць, мы ж ножку ножкай лечым, Як у каханні нешта нечым.

Чарнявая (ускрыкнуўшы)

Авой! Авой! Як жарабец! Баліць!

Мефістофель

Ну, вось і той бядзе канец! Гарцуй, красунечка, ляці ў танок І не шкадуй цяпер ні рук, ні ног.

Дама (прыціскаючыся)

Пусціце! Што мне вашы ногі. Дарогі дайце мне хутчэй, дарогі! Люблю яго, душа палае, А ён сабе і не шманае.

Мефістофель

Ну што ж, лічыце — ўсё ў парадку; Вось вугалёк вам; у віхуры танца Вы абніміце вашага абранца І чырканіце спрытна па азадку — А гэты вугалёк тады Лыкніце, толькі без вады — Каханак будзе ноч у ноч запар, Як цюцька, вартаваць ваш будуар.

Дама

А не атрута?

Мефістофель (абурана)

Што вы, пані! Вялікая ёсць моц у вугалька — Ён з вогнішча ерэтыка! Хто ж вам яшчэ такі дастане?

Паж

Не вераць мне, што я даўно кахаю.

Мефістофель (убок)

Каго тут слухаць першага, не знаю.

(Пажу.)

Не лезь у рунь, пачні любоў З кабет дасведчаных, з удоў.

Праціскаюцца іншыя.

Вой, колькі вас! Прыняць усю грамаду? Сказаць ім праўду? Даць параду? Але ж куды заедзеш ты на праўдзе? О Мацеры! Вы Фаўста мне адпраўце!

(Азіраючыся.)

Ліхтарыкі гараць; у дзверы Манерным цугам, як на рэй, З пакрытых змрокам галерэй Плывуць паненкі, кавалеры, Займаюць цырымонна лавы Каля штандараў воінскае славы. Па ўсім відаць, што рыцарская зала Дагэтуль бляскам гэтакім не ззяла. Навошта, Фаўсце, марныя старанні — І без таго ўжо ўсе сабраны здані!

Рыцарская

зала

Цьмянае святло.

Імператар і прыдворныя рассаджваюцца.

Герольд

Стары мой сціплы абавязак — Сцэнічныя падзеі абвяшчаць Мне сёння цяжка: здані з казак Навокал лётаюць і верашчаць. Зусім дарма, з вядомых вам прычын, Шукаў бы я разгадак прыгажосці. Усе гатовы крэслы; гледачы У зале ўжо сабраліся і госці, Сам імператар сеў каля сцяны — Разглядвае рэгаліі вайны. А ззаду ўсіх, ахутаныя змрокам, Паны міністры з панямі пад бокам, Сядзяць, цікуючы на сцэну. Гатова ўсё! Давай хутчэй Алену!

Трубы.

Астролаг

Пачніся, драма, — гэта мой загад! Адсуньцеся, муры, далей назад, Каб даць прасторы магіі і чарам! І вось кілім, як скручаны пажарам, Узвіўся, мур рассунуўся, памост Перад вачамі ўзнік у глыбіні, І я займаю свой пачэсны пост На авансцэне.

Мефістофель (з суфлёрскай будкі)

З інтарэсу І я пачну падбрэхваць п’есу!

(Астролагу.)

Звяздар! Ты чуеш голас зор,— Пачуй жа, што падказвае суфлёр.

Астролаг

Па чарадзейнай волі на вачах Палац узнік. Як неба на плячах Трымаў Атлас, так тут калонаў рад Падпёр надзейна велічны фасад. Яны б стрымаць маглі, прынамсі, горы, Бо храму й дзвюх даволі для апоры.

Архітэктар

І гэта мне антычнасць? Грубасць гэта Як эталон красы апета? Мне больш да густу гонкасць нашых вежаў, Дзе кожны шпіль, здаецца, мкне ў бязмежы, Спічастыя скляпенні, базілікі — Які тут стыль, які размах вялікі!

Астролаг

Адзначце ўвагай цуды ў гэты час! Таймуйце свой запал крытычны — Хай лёт фантазіі, хай дух антычны Чаруе дзёрзка і ўладарна вас! Вы ўсё гатовы вашай мерай мерыць,— А трэба ў немагчымае паверыць.

Фаўст падымаецца на сцэну з другога боку.

А вось і маг у вопратцы жраца; Ён давядзе падзеі да канца І выкліча багіню вам і бога,— Глядзіце, з ім ахвярная трынога, Цішком замовы жрэц мармыча, Да нас на сцэну духаў кліча.

Фаўст (узнёсла)

О Мацеры з бязмежнасці, якія Пануюць там, дзе вечнасці стыхія! Паможа мне цяпер ваш свет самотны. Я ж ведаю, — жыццепадобны Свет духаў, казачных істот. Лунаюць летуценна цені тыя — Прайшлі яны свае шляхі зямныя І ўжо да вас вядуць апошні лёт, Каб каля вас аж да сканчэння веку Прымаць бяссмерце, ласку і апеку — Даў ім прытулак цемры гмах. Цяпер іх мужны выклікае маг. Каб кожны ў мроіве бясцелых ценяў Убачыць тое мог, аб чым ён летуценіў.
Поделиться с друзьями: