Лабух
Шрифт:
“Досыць з бабамі разбірацца!”
Росцік чуў, як на развітанне, рэбрам далоні так па кадыку даўшы, што душа рванулася пад горла і не пракаўтнуць яе было, мяне папярэдзілі, каб у дзверы пагрукаў і сам ведаю да каго папрасіўся, калі не хачу, каб зноў біць прыйшлі. Бо, прыйшоўшы, біць ужо будуць, калі нават папрашуся. Таму Росцік і кажа: досыць з бабамі разбірацца, — і зразумела, з кім мне разбірацца, калі не з бабамі; Росціку шкада мяне, а Адаму Захаравічу, які ў сібірскім лагеры ў партыю ўступіў, не шкада:
“Адбілі табе ныркі, ашувурак! Дзе і за што донарскія возьмеш?”
З Адамам Захаравічам дагаварыць хацелася б, давесці яму нарэшце, што дарэмнае ў канвойных войсках ён
“Не трывожце, Адам Захаравіч памёр”.
“А Зіначка?..” — чамусьці не магу я ўспомніць, ці жывая, ці лялька Зіначка, і збіраюся пра тое ў Крабіча спытацца, а Крабічу не трэба, каб я ўспомніў:
“У заклад іду, што папросішся задніцу вылізваць!”
За чвэрць стагоддзя, за дваццаць пяць гадоў, якія мы разам, Крабіч наўрад ці калі-небудзь пра мяне прыстойна падумаў, а тым больш сказаў — у чым жа мы сябры?
“А ты б не папрасіўся?”
“І ён бы па-пра-сіў-ся...” — апрануты ў форму брата-міліцыянта, заведзена, механічна прамаўляе і лялькай ківаецца жалезны Фелікс, у кампаніі з якім Крабіч на Грушаўцы гарэлку п’е — і яшчэ з прэзідэнтам, а казаў, што будзе піць з Хусейнам і Арафатам. Прэзідэнт думае, што я ўжо гатовы да таго, каб вылізваць, порткі сцягвае і выстаўляецца:
“На!”
“Хто гэ-та?” — пытаецца жалезны Фелікс, нібы не ведае, з кім п’е, а Крабіч падрабляецца пад яго: “Прэ-зі-дэнт”, — і жалезны Фелікс ківаецца лялькай: “І ён па-про-сіц-ца...”
Голы брат-міліцыянт кажа: “Я вазьму штаны, калі вам не трэба”, — ды прэзідэнт яму дулю ў нос: “Заслужы!..”
“А мы па бомбу! — праломваючы сцяну, вылузваюцца з-за карты былога Савецкага Саюза Хусейн з Арафатам — і карта павісае на адным цвіку, павярнуўшыся з праекцыі Гаўса ў праекцыю Мяндзялеева. — Пра-дай-це бом-бу Рут-нян-ска-га...” — на раванастроне грае Хусейн, і пяе Арафат.
У пралом сабака вулічны ўскоквае, падлізвае прэзідэнту, які ўсё яшчэ стаіць, выставіўшыся, і думае, што гэта я падлізаў, таму кажа: “Малайчына, цяпер прасі ў мяне, што хочаш!” — і я хачу папрасіць і не магу, бо раптам ён пра пісталет здагадаецца, але ж і выпадак нельга ўпусціць, каб да пісталета дабрацца:
“Загадайце, каб туалет насупраць вашай рэзідэнцыі не замыкалі. Бо, здараецца, прыпрэ, а няма дзе...”
“Гэта ўсё?” — губляецца прэзідэнт, і Крабіч свайго не ўпускае: “Гэта ўсё, што ў такога гаўнюка папрасіць можна”.
“Што за А-зі-я?..” — бронзай ляскае жалезны Фелікс, спрабуючы карту павесіць так, як яна вісела, і ўганяе цвікі ў пралом, у пустату, на якой, згодна з кітайскай філасофіяй, ці не ўсё ў свеце трымаецца, але ж не карты былых дзяржаў — ды яшчэ такіх вялізных! Карта падае ў пралом, яе ўцягвае ў пустату, у чорную дзіру, і Крабіч скок ад дзіры ўбок: “Я ў Еўропу!” — а жалезны Фелікс хоп яго: “Ку-ды?” — але ўхапіць як след не паспявае, Крабіч вырываецца, дык на яго накідваецца знячэўку, на штаны выслужваючыся, брат-міліцыянт — і яны вобдым коцяцца пад голую задніцу прэзідэнта, якую той шыльдаю прыкрывае:”ПРАХОД ПА ТЭРЫТОРЫІ ПРЫЛЕГЛАЙ ДА БУДЫНКА ЗАБАРОНЕНЫ!” — і ўздымае сцяг над шыльдай, і Эдзік Малей запявае адразу: “Мы, беларусы...” — і хор выпадковых спадарожніц і спадарожнікаў жыцця падхоплівае: “З братняю Руссю...” — механічна разяўляючыся, як лялькі.
“Гэта ты ўсіх зляльчыў!..” — млява, як канчае, крычыць на Крабіча Стэфа, несучы на руках ляльку-Зіначку, у якой рамонкі ў валасах, падараваныя Алікам, і Зіначка выплятае з валасоў, кідае мне рамонак:
“Я сама зляльчылася, быць жывой не хацела ў такога, і ў вас такога не буду...”
Як жоўта пахне рамонак, як бела...
“А які я такі? Які я такі, Зіначка?”
“Такі хітры, — крыўдуе Алік, што кінула мне
Зіначка рамонак: на яе б і крыўдаваў, чаму на мяне? — Вы сабак баіцеся, дык выгляд зрабілі, быццам знайшлі, дзе мне жыць, а на самой справе — сабаку даглядаць”.Я хітры такі? Тады чаму я ў камеры, ці ў карцэры, дзе клаўстрафобія здушвае, і дзе мяне зноў зараз біць будуць? Бо гэта не Фелікс жалезны бронзай ляскае, а ахоўнік ключамі ў замках — і ў дзвярах два малайцы спрытныя, тыя самыя...
Навошта яны б’юць? Што з мяне можна выбіць?.. Тое, што ім трэба, выбіць можно толькі з Фелікса, але з яго не выбілі, дык б’юць мяне? Проста б’юць, каб біць..
Пабілі ў другі раз не моцна, як для адчэпкі, і не ўдвух — адзін пафутболіў з хвіліну нагамі на падлозе, дзе я скруціўся, рукі ў прамежнасць уціснуўшы, яйцы баронячы і пальцы хаваючы, бо хто я — без яйцаў і пальцаў?
— Папрасіўся б ты... — пад пахі прыпадняўшы і ў кут мяне пасадзіўшы, кажа той, які не біў. — Ты не біты па жыцці, дык адзін хрэн папросішся.
Скуль ён ведае, што я не біты?.. Ці яно відаць спецыялісту?..
Мяне сапраўды так не білі ніколі, і я ўбачыў упершыню, як люта, па-звярынаму, да смерці б’юць, калі Марту згубіў, якая ў немцы сваім знайшлася. Амаль год я тады з канца ў канец па Савецкім Саюзе бадзяўся — і ў адным з самых дальніх канцоў, на рацэ Амур пад ветраным горадам Хабараўскам, жыў з былымі зэкамі ў бараку, дзе дазнаўся і ўжо, мусіць, да скону запомніў, што коні — гэта боты, а конь — лыжка. Ці што лары-на-ны — значыць, грошай няма, а талан на майдан — пажаданне на ўдачу тым, каму грошы займець закарцела — у карты выйграць.
Я сеў гуляць першым разам, не ведаючы, паняцця не маючы, што шустырным, пустым гуляць не сядай, бо не расплацішся — прыдохаюць. Мяне, бадай, і прыдохалі б, прыбілі б пад тым далёкаўсходнім Хабараўскам, калі б пахан пад апеку не ўзяў, якога я на гітары граць вучыў, а ён мяне —па фені курсаць і жыць па паняццях: не балай пуляны пурт...
Не вазьмі кінуты нож. Бо нехта ім некага прырэзаў, а ты за некага сядзеш.
У бараку ўдзень і ўноч даберылі, у карты гулялі, і аднойчы карынец заблудны, мужык пажылы пераначаваць зайшоў — і да светухоў, да карцёжнікаў адразу:”Талан на майдан!..” Сеў гуляць і прайграўся, шмат прайграў і напазычаў яшчэ, а як аддаваць, дык аказалася — лары-на-ны... Яму кіф цёмны наладзілі, адмяцелілі, коўдру накінуўшы, і тым бы ўсё абыйшлося, ды ў карынца, пакуль ён пад коўдрай круціўся, ватоўка ў шве парвалася — і з яе рыжык зашыты, чырвонец залаты, яшчэ царскі, выпаў. Карынец бажыцца стаў, што скрачыў, на базары ватоўку старую скраў і пра рыжык не ведаў, але не паверыў ніхто — і светухі раз’юшаныя ў цеста карынца змясілі. Жыць у тым месіве не было ўжо каму, з чэрапу мазгі вывальваліся, а карынец усё пахрыпваў, чырвоныя пухіры пускаючы, дык пахан пашкадаваў — і нажом... За баракам пачыналася поле капуснае — там і закапалі, зноў капусту зверху паўтыкаўшы.
Ноч, як карынец у кіфе цёмным, я пад коўдрай круціўся, прыкідваў, як быць — і выходзіла, што так, нібы не сталася нічога, мне перад самім сабой не выкруціцца: на маіх вачах чалавека забілі.
Нараніцы ў міліцыю ў Хабараўск падаўся, а менты мяне пахану здалі: па паняццях менты з паханамі жылі ў Хабараўску.
Такога я, канечне, не чакаў: часы былі не сённяшнія — і бандыты лічыліся бандытамі, а менты ментамі...
Неяк з Крабічам і братам-міліцыянтам выпіваючы, я ўспомніў пра гэта — Крабіч не здзівіўся. Сказаў, што ўся краіна такая: ракетна-касмічна-цэкоўска-ментоўска-паханская... Брат-міліцыянт прасцей растлумачыў: “З пахана слам на гурт, хабар ментам, а з цябе — толькі лішняя праблема”. Брат-міліцыянт таксама па фені курсаў і ведаў, пра што казаў...