Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Дык выкручваюць так, каб прасіў! Ім у кайф, каб я прасіў, разумееш?

Пэўна ж, у кайф. Яшчэ нядаўна ім да яго было, як да Бога... Глядзелі б здалёк, як буфетчыца.

Тая не вытрывала — так хацела бліжэй. Падыйшла з кавай.

Муля кіўнуўся.

— Дзякуй. Не хачу... Ты будзеш?

— А што тады вам?.. — хуценька, як атруту, адставіла ад яго каву буфетчыца, якая плыла ад шчасця. — Што хочаце прасіце...

Пад руку. Ці яна чула нас?..

Муля кашлянуў няёмка і з-за няёмкасці папрасіў:

— Вады.

Буфетчыца пабегла.

Плюньце, — сказаў я, халяўнай кавай свой бутэрброд запіваючы. — Хто яны прад вамі? Ашавуркі.

— Тады ты да іх чаго? — падняў на мяне Муля нябесныя вочы...

Кабінет Шыгуцкага быў на чацвертым паверсе, і на ім, апроч аховы ўнізе, стаяла свая ахова, якая перакрывала праход на пяты паверх, прэзідэнцкі, дзе, канечне ж, яшчэ адна ахова, асабістая... Абставіўся — не дабрацца.

У прыёмнай дзяржсакратара, памочнікам якога лічыўся Шыгуцкі і з якім дзяліў прыёмную і сакратарку, сядзеў падпалкоўнік Панок. Апрануты ў форму — відаць, што падпалкоўнік.

— Пайшлі пакурым, — падняўся ён мне насустрач. — Барыс Сцяпанавіч наверсе.

— Ён званіў мне...

— Пазваніў — і зноў паклікалі. Я паўтары гадзіны чакаю.

— Можаце ў кабінеце пачакаць, — сказала сакратарка. — Вам дазволена.

— Не, — узяў пад локаць і павёў мяне на калідор Панок. — Мы пакурым.

Зайшлі ў прыбіральню. З яе відаць быў глухі, замкнёны чатырма карпусамі, квадратны двор рэзідэнцыі, у якім, перамыкаючы квадрат, будаваўся яшчэ адзін, пяты корпус. У чатырох, мусіць, месца не хапала — кіраваць прылеглай тэрыторыяй.

— Курыце?.. — спытаў Панок, дастаючы з кішэні нататнік з алоўкам.

— Не.

— І я кінуў, — пачаў пісаць ён нешта ў нататнік. — Нічога ў дыме, апроч дыму, мазгі толькі туманіць... Як вам шоу ўчарашняе?

— Так сабе...

— А мне спадабалася... Чаму вам так сабе?

Мне мазгі туманіла, і, як мог, я сіліўся ўцяміць, чаго ён хоча...

— Можна лепей.

— Можа быць, не буду спрачацца, — выдраў і падаў лісток з нататніка падпалкоўнік. — Вы прафесіянал, вам відней.

На лістку было напісана:

Не забудзьцеся (!): вы сустракаліся з Рачніцкім па дамоўленасці са мной! Абавязкова!

Гэта ўваходзіла ў план вярбоўкі! Зразумелі?

Так вы мне дапаможаце — і я вам.

— А як... — хацеў спытаць я, як ён мне дапамагаць збіраецца, а падпалкоўнік прыклаў палец да губ, вачыма паказаўшы па кутах і ўверх...

— Як мы не ўбачыліся?.. — Ён пашкуматаў лісток, кінуў ва ўнітаз і спусціў ваду. — Я па тэлевізары глядзеў.

— Барыс Сцяпанавіч вярнуўся! — уварвалася ў мужчынскую прыбіральню сакратарка. — Вас чакаюць!

Панок зрабіў выгляд, нібы зашпільвае штаны.

Я ашаломеў... Калі вартавы ўлады, вока яе і вуха, падпалкоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў прыбіральні, сярод унітазаў асцерагаецца падслухоўкі і робіць выгляд перад сакратаркай, нібы прысцаўся, хто ж тады на прылеглай тэрыторыі жыве і не баіцца?

— Нашто вы Рутнянскага забілі? — спытаў я ў калідоры, каб не баяцца.

— Мы не забівалі. Падумайце: нашто?

Як ён замінаў?.. Ніяк.

— Тады хто?

— Вы, Раман Канстанцінавіч. Вы забілі — і ніхто гэтага не адмяняў. Пакуль што...

— Вам да дзяржсакратара, — прыадчыніла дзверы насупраць кабінета Шыгуцкага сакратарка і прасунула ў іх галаву. — Можна?..

Дзяржсакратар — нейкі ніякі, хоць пра яго, як пра людажэра, расказвалі — падняўся з-за стала і падаў руку, склаўшы далонь лодачкай.

— Рады пазнаёміцца. Вас прэзідэнт прыняць хацеў, але заняты, так што наступным разам... Вы да нас заходзьце.

— Можа, і сёння прыме... — паглядзеў на гадзіннік Шыгуцкі, які збоку сядзеў за яшчэ адным, бясконцым — праз увесь кабінет уздоўж вокнаў — сталом. Вокны кабінета выходзілі на купалаўскі тэатр, на сквер, з якога збіраўся я ўраніцы выскачыць з пісталетам...

— Знізу не відаць таго, што зверху... — злавіў мой позірк дзяржсакратар, і Шыгуцкі падняўся:

— Пайшлі!

Ён зусім не адчуваў сябе ў кабінеце начальніка падначаленым.

— Вы заходзьце да нас, — паўтарыў, зноў падаючы далонь лодачкай, дзяржсакратар і кінуў Панку, застыламу ў дзвярах, праз якія незразумела для чаго мяне туды-сюды правялі. — А вы застаньцеся!

Голас ягоны нічога добрага падпалкоўніку не абяцаў... Не такі ўжо ніякі гэты дзяржсакратар, не абы-які...

— Дзе ты ўзяў Лі-Лі? — прайшоў да шафкі з барам і наліў каньяку Шыгуцкі. — Выпі. А то, бачу, памрэш...

Кабінет ягоны быў куды меншы за дзяржсакратарскі — з адным акном на тэатр і сквер. Да дзяржсакратара мяне, мусіць, вадзілі, каб адчуў значнасць...

Я адставіў каньяк.

— Ды пі!.. Дзе ты выкапаў курву такую?.. Яе запрашаюць, прывозяць, абыходжваюць — ты ж, сікуха, падумай, якая ўдача! Ты ў штаны лезь, а яна ў палітыку — і ледзь морду не драпаць!.. Прэзідэнт проста шалёны, галовы паадрываць гатовы... Так што давай гэта ўсё скручваць.

Не зусім яшчэ разумеючы, пра што ён — але выходзіла, што Лі-Лі ім не абламілася?.. — я спытаў:

— Як?

— Амерыканскага сябра твайго даціскаць. Калі праўда, што ты сустракаўся з ім па дамоўленасці з Панком?

Я кіўнуў... Няхай сабе так, калі Панок памагатым быць паабяцаўся... І дамоўленасць са мной яму, мусіць, патрэбная, бо без яе — прагляд, промах, а з ёй — спроба вярбоўкі. Ён стараўся, прыдумаў, а ў мяне не выйшла... Не ўсё і не заўсёды выходзіць.

Фелікс, дзякуй Богу, жывы...

— Не даціснуць яго ў Амерыцы.

— У амерыканцы ён, а не ў Амерыцы! А то не ведаеш?

Не мог я ведаць, што Фелікс у “амерыканцы” — унутранай гэбэшнай турме.

— Панок пра гэта не казаў...

— А Лі-Лі? Яна ж да прэзідэнта з гэтым прыпёрлася! І вось з гэтым! — рвануў Шыгуцкі верхнюю шуфлядку стала і кінуў на стол паперы. — Развёў тут, распісаў! Дакументы нейкія прыклаў нямецкія!.. А яго з фальшывым пашпартам узялі — і не хрэн нас палохаць! Што, не шпіён?.. Згніе ў турме! Да смерці сядзець будзе, калі не адумаецца!

Я пацягнуўся да папер:

— Глянуць можна?..

Поделиться с друзьями: