На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Я, вядома, юнаком вельмі моцна жадаў быць камусьці мужам, усім знаёмым дзяўчатам распавядаў, што з шаснаццаці год маю працу й маральна гатовы да шлюбу... Але па-сапраўднаму я быў гатовы толькі на шчырае, усёдаравальнае каханьне й любоў да сьвету!
Мае бацькі стварылі новую сям’ю, мэтаю стварэньня стаўся я, і калі я нарадзіўся, майго тату трымалі сябры пад рукі, калі мама мяне паказвала праз акно сваёй палаты. Тата добра адзначыў дзень майго нараджэньня: калі б не яго сябры, ён бы проста спаў пад вокнамі радзільнага аддзяленьня, склаўшы кампанію шэрагу такіх жа, як і ён, шчасьлівых бацькаў.
Радасьць нараджэньня й стварэньня "новай ячэйкі грамадзтва" адышла ў цень амаль адразу на наступны дзень, калі тату па павестцы выклікалі ў ваенкамат. Па савецкіх законах адзін дзіцёнак у сям’і не вызваляў ад трохгадовай службы, і майго бацьку адправілі пад Разань служыць кіроўцам бронетранспарцёра.
Праз тры гады бацька вярнуўся. Я быў навучаны глядзець у акно й чакаць тату: мама мне казала, што мой тата прыйдзе ў вайсковым строі... Я й чакаў вайскоўца, пакідаючы адбіткі пальцаў, носу, ілба й вуснаў на шкле. І нават калі тата ўжо вярнуўся дамоў, я першы час пазнаваў яго толькі апранутым у кіцель. А аднойчы ён пагаліў свае армейскія вусы, і я тыдзень баяўся да яго падысьці.
З маім малодшым братам усё атрымалася вельмі рамантычна — як толькі бацька вярнуўся з арміі, мама зацяжарыла другі раз. І цяпер у нас з братам розьніца па гадах роўная службе ў савецкай арміі.
Жыцьцё — дзіўная рэч, адных нашых сваякоў яно падштурхоўвае да памылак, да нейкіх учынкаў, празь якія ім будзе сорамна ўсё жыцьцё, іншым дае час на выпраўленьне памылак. Так сталася з маёю бабуляю, мамінай маці, якая першыя гады не ўспрымала нашую маладую сям’ю, і мы жылі ў мамінай цёткі ў Капылі. Але нас вярнулі, мы зноў пачалі жыць у Менску разам з бабуляю і з мамінымі братам і сястрой. У іх, праўда, былі розныя бацькі, і гэта з часам вылілася ў дзікую варожасьць, супрацьстаяньне між маёй мамаю, дзядзькам і цёткаю.
Мае бацькі, мая маленькая па ўсіх парамэтрах сям’я была неверагоднай, была такой па-дзіцячы наіўнай, месцамі неадукаванай, але роднаю і любімай. Яна падавалася неахайна ўладкаванай, без прытулку, але сагрэтай як ня звонку, то знутры.
Тата. Толькі падумаць, што на той час ён ужо на сваіх яшчэ юнацкіх плячах насіў двух сьпінагрызаў, прайшоў армію й працаваў на МАЗе... Ён знаходзіў у сабе сілы, каб чымсьці захапляцца: нумізматыка, баптысцкая царква, заводскі працоўны рух за павышэньне заробку й якасьці працы, сустрэчы на стачках, сустрэчы з амэрыканскім прэзыдэнтам на плошчы Перамогі, прапаведаваньне, алькаголь... Памятаю, як ён, наіўна так, амаль увесь месячны заробак выдаткаваў на падарунак маці: ноч, ён прыйшоў з трэцяй зьмены, мы галодныя, халодныя, пакладзеныя ў двухпавярховы ложак, лыпаем вачыма, разглядаем белую столь, падсьвечаную начным таршэрам, мамя ня ведае, але мы ціхенька чакаем, калі прыйдзе тата, таксама чакаем заробку, бо будзе нам раніцай марозіва... а бацька праз гадзіну прыходзіць дадому й прыносіць чорныя чаравікі, на заводзе ў кагосьці набыў — аддаў увесь заробак... Мама моцна плакала, а тата сядзеў і супакойваў яе, выгляд у яго быў недарэчны, памяты, падпіты... Чаравікі потым, вядома, прадалі, і яшчэ да раніцы высьветлілася, што заробак замест грошай далі чаравікамі, ну што паробіш... Што тут паробіш?!
Мама. Як толькі брату споўніўся год з хвосьцікам, яна вярнулася на працу, тады гэта быў банк, дзе яна працавала касіркаю... Яна так няспынна й працуе, але толькі ўжо дзясяты год нянечкаю для трох файных дзетак з адной інтэлігентнай сям’і. Мама ніколі не спыняецца, яна ня можа жыць бяз працы, і гэта яе трымае ў тонусе. Яна — як звышчалавек, праз хваробу імкнецца да подзьвігаў, якія недасяжныя ня толькі здаровым, але й моцным.
Дзіўна фармавалася нашая сям’я, былі ў нас і гніды, і стаматыт, і вятранка, і паратыт, а паламаныя рукі, ногі, выбітыя зубы, рэкі сьлёзаў, здрадаў, сварак, пакуты й смех, і шчасьце, і любоў, і самыя сьветлыя дні разам... і чаго яшчэ не было... Затое мама заўсёды была самаю прыгожаю, а тата — самым родным, нягледзячы ні на што, ні на кватэру, напампаваную людзьмі, ні на мізэрныя заробкі, ні на паламаны ложак, пукаты чорна-белы тэлевізар у агульнай залі, таматы, якія расьлі на гаўбцы... Было нам добра, утульна і сьветла, як ні ў адным месцы на сьвеце. І мы з братам вырасьлі без пустых мараў і памкненьняў, мы вырасьлі цьвярозымі, часам халоднымі, магчыма дзесьці нэўрастэнічнымі, але са сваімі ўласнымі мэтамі, марамі й каштоўнасьцямі, якія ператворацца ў рэальныя дасягненьні, перададзеныя нашым дзецям.
1-4.07.2012
Менск — Варшава
ПРОДКІ
Гэта здарылася не раптоўна і нават не выпадкова, гэта здарылася таму, што мусіла рана ці позна здарыцца. У дадзеным выпадку здарылася адносна позна — у дзевяноста. Сьмерць у гэтым веку нікога не зьдзіўляе, наадварот, усе кажуць — шмат пражыў! Мая прабабуля, магічная пра-маці паловы
майго роду, жанчына сухая, як сухафрукт, але жвавая, як яна казала: "Войска польска на ровэрах"... Мая прабабуля Гэля памерла на сваім хутары, побач зь ёю ляжала зачытаная й зацёртая Біблія на польскай мове і больш нічога. Яна пакінула нашчадкам напаўразваленую сядзібу недзе паміж дзьвюма закінутымі вёскамі: у адной вёсцы была толькі адна вуліца зь дзясяткам закінутых дамоў, сярод якіх жылі дзьве такія ж, як і яна, доўгажыхаркі, у другой вёсцы былі дзьве маленькія вуліцы, якія ўтваралі няроўны крыж — дамоў было шаснаццаць, адзін з каторых яшчэ быў жылы, там суіснаваў разам са старою коткаю й казою пад ганкам адносна малады па мерках суседак дзед Мікола. Усё гэтае атачэньне было найбліжэйшым да сялібы маёй прабабулі.Дом бабулі Гэлі настолькі быў стары, што нават калі паставіць за мэту адшукаць падмурак, гэта было б немагчыма нават з групаю археолягаў... Ня толькі ганак, нават парогі пайшлі пад зямлю. Даўно яшчэ, калі бабуля, як яна казала, хадзіла прама, як маладая кабетка, парогі ўжо прысыпала тлустаю зямлёю. Цяпер жа, калі мы прыехалі на пахаваньне, маёй маці трэба было нахіляць галаву, каб не пабіцца аб верхні касяк дзьвярной рамы... Усё ў доме няўмольна апускалася на калені перад часам, перад вечнасьцю, перад усёяднай зямлёю.
У доме бабуля мела адметныя зэдлікі й сталы па ўсіх пакоях, а таксама ў яе былі вельмі цікавыя, адрозныя ад ўсіх на сьвеце ложак і канапа! Калі апавядаць пра іх, варта затрымацца на такой, здавалася б, далёкай ад тэмы рэчы, як рост у дзяцінстве. Калі мы ўсе, малыя падшыванцы, прыбягалі да дзьвярных касякоў ці ўвогуле да сьценкі, станавіліся сьпінаю да пафарбаванага дрэва ці да абклеенай шпалерамі сьцяны, бацькі над нашаю макаўкай праводзілі рыску алоўкам, асадкаю ці драпалі сьцізорыкам... і кожным разам, калі мы бачылі, што намаляваны-накрэмзаны ўзровень падняўся вышэй, мы радаваліся, што расьцем... І так усё сьвядомае дзяцінства было ў назіраньні, радасьці й росьце на сантымэтар, на два, на тры... Мая бабуля мела зэдлікі, у якіх чацьвёртая ножка была адпілаваная роўна настолькі, наколькі яна стапталася за час. Яе любімыя ўжо дарослыя ўнукі па прыезьдзе часта адпілоўвалі сантымэтар, два, тры, колькі трэба было па ўзроўні, каб бабуля Гэля магла, абапершыся на палку, акурат сесьці на зэдлік... Вядома, што колькі зэдлікаў, якія месьціліся каля пячы, даўно не пілаваліся, як і зэдлікі ў залі, таму, прайшоўшы па пакоях, можна было прасачыць, наколькі бабуля наблізілася да зямлі, якая ўжо дыхала ёй у падбародзьдзе. Мэбля, як і бабуля, адным сваім скраем няўмольна апускалася, павольна, як і сам дом.
Абразы... У доме бабулі Гэлі былі паўсюль абразы. Дзевы Марыі, Езусы й Сьвятыя глядзелі адусюль, стваралася такое ўражаньне, што ў доме ты аточаны натоўпам людзей, прапахлых ладанам і старымі сьвечкамі...
Калі бабулю пахавалі, сваякі зьехалася з усяго сьвету: былі траюродныя з Амэрыкі й Літвы, дваюродныя з Расеі й Польшчы, родныя з Украіны й Латвіі, Эстоніі, Швэцыі й дзясяткі самых родных зь Беларусі. Накрылі велізарны стол на полі каля дому, пілі, елі, успаміналі мінулае, распавядалі, хто, дзе і як уладкаваўся і жыве... Бабуліна сьмерць была адзінаю падставаю, каб аб’яднаць, хоць і на суткі, такую колькасьць сваякоў, і больш такога ўжо не выпадала. Усе пілі й браталіся, абдымаліся, цалаваліся й жагналіся, пралівалі сьлёзы й усьміхаліся гісторыям пра наш непаўторна-шараговы род людзей, які так імгненна разышоўся па сьвеце. Усе дзякавалі прабабульцы, якая зьдзейсьніла апошняе сваё жаданьне — пабачыць усіх разам.
На наступны дзень да абеду большая колькасьць самых далёкіх па геаграфічным становішчы й па родавых сувязях зьехала, засталіся толькі мы й татава сястра з мужам. Мы прыбралі частку зэдлікаў, хтосьці забраў іх сабе, бо гэта ня толькі памяць, але й гістарычная каштоўнасьць: набываліся яны яшчэ бабуляю нашай прабабулі да часоў вайны з Напалеонам. Кожны з сваякоў узяў сабе па абразы, нават атэісты не пагрэбавалі — такія рэчы, асабліва за мяжою, мелі высокі кошт.
Пад вечар, стомленыя, але радыя, што пасьпелі да ад’езду ўсё уладкаваць, мае бацькі засталіся пераночыць, а на раніцу спакойна паехаць дамоў.
Тут надышла ноч і пачалося штосьці невытлумачальнае, штосьці жахлівае, вусьцішнае: быццам бы падняліся нейкія чорныя сілы ажно з-пад нэтраў старога падмурка, з нэтраў пачатку гісторыі... Усе ведалі, што нашая бабуля часта лячыла хворых народнымі сродкамі, але тая ноч выпала на плечы маёй сям’і ці ня самай горшай за ўсю гісторыю рода чалавечага... І тады, калі ўсё гэта пачалося, калі дэманы, д’яблы, чарты, шайтаны павыходзілі ў начную прастору, мае бацькі й мой брат былі зусім яшчэ цнатлівыя для жыцьця, зь імі яшчэ не адбыліся тыя самыя рэчы, якім было наканавана адбыцца.