Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

Адна з суседак, найстарэйшая з нас, правярнула выдатны плян: на ўікэнд да яе прылятаў муж, яна толькі пасьпела прачнуцца, выпхнуць з ложка чорнага ангельца аўстралійскага паходжаньня... менавіта выпхнуць: ногі ў рукі — і давай, да пабачэньня!, як ва ўваходныя дзьверы пазванілі. На парозе стаяў муж суседкі, вясёлы, кахаючы, ледзь ня плача ад шчасьця (яны на такі доўгі тэрмін рассталіся ўпершыню)... Муж відавочна сумаваў — пакамечаная адзежа, сам неахайна паголены, бледны нейкі.

І вось яно — муж на парозе, клясыка, чорны ангелец-аўстраліец сядзіць на кухні, чакае, калі яму другая суседка заварыць гарбаты, я вітаюся з мужам, мне цікава назіраць за ўсім, што зараз адбудзецца. Старэйшая суседка абдымае мужа, цалуе, вішчыць ад шчасьця, мы рукаемся, другая суседка вітаецца крыкам з кухні... чорны мужчына выходзіць у калідор. Старэйшая суседка кажа: "Гэта Ніко, ён сябра Сяргея!"

— Хай!

— Хэло.

Так муж маёй суседкі цяпер ведаў, што я зусім бясшкодны гомік, які любіць чорных мужыкоў.

Ну нічога... А што ж я мог зрабіць у той момант?! Зруйнаваць шчасьлівы пятнаццацігадовы шлюб?! Аднабаковае каханьне? Але якое каханьне?! Усім каханьням прыклад!

Праз вучобу я быў сталым наведнікам суседняга з акадэміяй ксэракс-інтэрнэт цэнтру, дзе ўсё было вельмі танна, з пахам вакзалу і вялікай колькасьцю рознакаляровых прадстаўнікоў чалавечай расы. Я хадзіў у гэты цэнтар кожную раніцу, а калі заўважыў вельмі прыгожую, ну вельмі-вельмі прыгожую дзяўчыну за касаю, то пачаў завітваць (раздрукаваць тэкст, скапіяваць старонку, фотаздымак, ілюстрацыю, узяць 30 хвілін інтэрнэту) яшчэ ў дадатак у абед і вечарам. Адсачыў, калі яна перакусвае, а якой гадзіне абедае, колькі разоў выходзіць папаліць... Як яна мне падабалася, неверагодна! Невысокая, страйнюткая, тонкая, з роўнаю паставаю, быццам танцаўшчыца, яна мела лялечныя ручкі й ножкі, вельмі густыя сьветлыя валасы, блакітныя вочы, пухлыя вусны, носік бульбачкаю... Я ніяк ня мог завязаць зь ёю размову, заўсёды толькі па справах, але й праз гэтыя рэдкія сказы я пачуў, што яна размаўляе зь лёгкім усходнеэўрапейскім акцэнтам, а такі акцэнт мне толькі на руку. Хадзіў я вакол яе й сваёй думкі пра знаёмства й запрашэньне на вечар у ангельскай пірагоўні пяць тыдняў, ужо варта было б альбо адважыцца, альбо пакаваць валізы перад ад’ездам... І тут я нарэшце гэта зрабіў — пазнаёміўся й дамовіўся на сустрэчу ўвечары каля мэтро Тотэнхэм Курт роўд. Аказалася, што завуць яе Даша, і я думаў, што яна якраз з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расеі, Малдовы, Баўгарыі, Польшчы альбо Чэхіі...

Гэта быў казачны вечар, мы наеліся пірагоў і салатаў, ажно дыхаць было цяжка, сьмяяліся, жартавалі, пераходзілі з ангельскай на расейскую, з расейскай на ангельскую... і тут я даведваюся, што Даша зь Беларусі, зь Менску, і прыехала вучыцца, а паралельна падзарабляе ў цэнтры, дома жыве на той жа вуліцы, што і я, у тым жа доме, што і я, і нават у тым жа пад’езьдзе, толькі я на першым паверсе, а яна на трэцім...

Ну што тут скажаш? Самі ведаеце, Лёндан, як і Менск, — вялікая вёска, ад знаёмых і знаёмых знаёмых ня так проста ўцячы, нават калі зьбег у кірунку Англіі. Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з ангельскаю дзяўчынаю, а ў выніку самаю прывабнай для мяне аказалася беларуска. Цяпер я праз Фэйсбук ведаю, што Даша даўно ўжо ў Маскве, працуе ў Астанкіна, і яна сапраўды танцаўшчыца — усё дзяцінства займалася бальнымі танцамі.

За тыдзень да заканчэньня вучобы мы ўсёй нашай вясёлай кампаніяй пазнаёміліся ў бары з рыжскім бізнэсмэнам, прычым пазнаёміліся не без карысных думак. Бізнэсмэн быў, мякка кажучы, ня вельмі разумным і, як высьветлілася, кіраваў фінансамі, якія дасталіся яму ад бацькі. Амаль два дні мы елі й пілі за ягоны кошт, у сваю чаргу культурна і нават уважліва слухаючы ўсю тую бязглузьдзіцу, якую ён нёс: у мяне самая вялікая калекцыя спартыўных Паршэ, паглядзіце, у мяне на руцэ гадзіньнік з апошняга фільма "Джэймс Бонд", а дома ўвогуле процьма іншых вельмі каштоўных гадзіньнікаў, у мяне свой аўтапарк, у мяне тры кватэры — у Маскве, Рызе й Лёндане, у мяне, у мяне, у мяне!

На другі дзень пад трэцюю літровую бутэльку "Рускага стандарту" высьветлілася, што ён аматар юнацкіх попак і сталы наведнік бара 101, бо там вельмі часта бавяць свае самотныя гадзіны замежнікі-студэнты, якіх уражваюць размовы гэтага пухлага, маладога бізнэсмэна і яны як мінімум пагаджаюцца на тое, каб паехаць у лёнданскую кватэру глядзець частку гадзіньнікавай калекцыі...

З рыжскім бізнэсмэнам у нас атрымалася зафіксаваць неверагодна высокі статус беларусаў праз тое, што ў адзін вечар адначасова было разьліта 250 шорт-дрынкаў з чыстай гарэлкай, і кожны ў бары мог пачаставацца. Адна зь японачак, вельмі прыгожая, мініятурная дзяўчынка, падышоўшы да нас, зацікаўленая такім вэрхалам вакол (нават румынскі мэнэджар бару больш не ўсьміхаўся напружана і піў разам з намі), узяла шорт-дрынк і, прамовіўшы, што ўпершыню частуецца гарэлкай, паднесла вадкасьць да вуснаў, сербанула, як кацяня, пачырванела, вочкі расплюшчыла так шырока, што я нарэшце ўбачыў анімэшныя вочы ўжывую, заплакала і зьбегла з бару. Больш я яе ня бачыў. Спадзяюся, яна не крыўдуе на беларусаў і на гарэлку.

Для бару 101 я быў сталым наведнікам, таму калі ўвечары на вуліцы ўздоўж ходніка пераміналіся з нагі на нагу маладыя людзі й дзяўчыны, лэдзі й джэнтльмэны, чакаючы, калі падыдзе іх чарга праходзіць праз фэйскантроль, я ішоў проста да чорнага бамбізы ахоўніка, і той, не праводзячы па мне мэталядэтэктарам, вітаўся са мной, паціскаў руку і прапускаў унутр... Зорны час! Анягож! Пасьля рыжскага бізнэсмэна мне й маім дарагім суседкам было дазволена бясплатна піць першыя два любыя кактэйлі, жартаваць з галоўнага мэнэджара, голасна сьмяяцца... І на нас, адпаведна, распаўсюджвалася недатыкальнасьць і ахова. Якім чынам? Ну, напрыклад, была такая падзея: я, вельмі п’яны,

пачаў прыставаць да дзьвюх чорных дзяўчат, прыставаў нахабна, але не дакранаўся да іх, проста нешта спрабаваў распавесьці й абняцца. Я ня бачыў, што яны прыйшлі зь вялікай кампаніяй хлопцаў, якія ўсе спрэс былі як на адбор у кліп пра гангста-рэпераў, проста вылітыя "Снуп Догі". Я думаў, што мне прыйшоў канец, мяне схапілі два хлопцы і, хутка штосьці тарабанячы, павалаклі на вуліцу, бо ў бары біцца забаронена. Я быў упэўнены, што на вуліцы ў іх у машынных бардачках былі пісталеты... Ім перарэзалі шлях да забойства беларускага сьняжка два ахоўнікі, прамовілі штосьці пра VIP-пэрсонаў, пра ахову, пра тое, што я замежнік і г. д. І ўсё, гэтая цэлая кампанія чорных "Снуп Догаў" разам са сваімі ярка нафарбаванымі й абвешанымі бразготкамі, як навагоднія елкі, дзяўчынамі, былі вымушаныя пакінуць бар... Мне пашчасьціла, я быў у кіпцюрах чорных рэпераў і застаўся жывым.

Засталіся тры дні... Я пасьпеў пазнаёміцца з жонкаю інвэстара, якая зь дзецьмі жыве ў Оксфардзе ўжо дзесяць год, але так і ня здолела вывучыць мову, бо яе жыцьцё — гэта дом, гатаваньне ежы, гадаваньне дзяцей, мясцовы супэрмаркет, ізноў дом і ежа, зрэдчас — муж прыязджае... Татальная самота, безвыходная, і яна — прыгожая жанчына, сьпіваецца і выглядае значна старэйшай, чым ёсьць... А ехала сюды зь беларускай вёскі, як у казку... Як у самую чароўную казку! Цяпер марыць толькі пра адзінае — родны дом, далёкі родны дом.

Я скончыў акадэмію, мы гэта добра адзначылі, так добра, што некаторыя моманты вусьцішна ўспамінаць, але бар 101 і галоўны мэнэджар румын Віктор будуць яшчэ доўга памятаць беларускіх выпускнікоў, якія паілі ўвесь бар і разносілі сталы й крэслы.

Па сканчэньні вучобы, да таго як трапіць у бар, мы спачатку прысутнічалі на ганаровым ушанаваньні: з 50 студэнтаў атрымалі дыплёмы 45, зь іх адзін дыплём з самымі высокімі баламі дастаўся мне, і нягледзячы ні на што мне прапанавалі застацца ў акадэміі яшчэ на пэўны тэрмін, каб вучыцца далей і праз колькі год стаць адным з галоўных чальцоў арт каманды "Тоні і Гай. Лёндан", але я, на жаль, перад ад’ездам зь Менску пасьпеў падпісаць паперкі, якія бралі мяне ў палон на два гады адпрацоўкі выдаткаваных на маю пэрсону грошай. Было б някепска застацца, тым болей што арт каманда, акрамя выкладаньня, працуе на тыднях моды ў Францыі, Англіі, Галяндыі, і мадэлькі там у сваёй большасьці зь Беларусі, Украіны й Расеі, а гэта тое, што мне падабаецца...

The End

І вось ён, дзень адлёту. Мы сабралі валізы, запакаваліся, я як мага шчыльней спакаваў тузін французскіх сыроў з высакароднай цьвільлю, каб сабакі ня ўнюхалі й пусьцілі на самалёт. Усё сабрана, і мы едзем у новым чорным мэрсэдэсе, наш інвэстар паклапаціўся аб тым, каб нас пасадзіў на самалёт прадстаўнік Белавіі ў Англіі, бо хто яго ведае, можа мы ўсе разьбяжымся ў розныя бакі й застанемся жыць нелегальна ў гэтым казачным горадзе (а такое жаданьне шалёнай думкай пульсавала ў нашых скронях, пакуль мы стаялі ў чарзе на самалёт). Перавага багажу была эпічнаю — 45 кіляграмаў, на такую вагу я б ніколі не знайшоў грошай, і вось ён, адзіны плюс ад нашага прадстаўніка Белавіі — нам не залічылі перавагу.

Наша самалёт разганяецца, я толькі пасьпяваю заўважыць, які высокі трафік у аэрапорце Гэтвік, розьніца паміж пасадкамі самалётаў на адной і той жа паласе мінімальная, а калі ўлічваць, што самалёты штосэкундна сядаюць і ўзьлятаюць, атрымліваецца карціна як на скрыжаваньні на праспэкце ў абед!

Мне было вельмі цяжка раставацца зь сябрамі, з горадам, мне было невыносна, і таму я пакінуў аднаго зь сябе ў кватэры, якая вокнамі выходзіла на невялікі парк, падземны фітнэс, гандлёвы цэнтар, пакінуў там скрушнага, сумнага чалавека, які праз сваю нявыкрутку ціха, мэтанакіравана зьнішчаў сябе. Я яго пакінуў, і ён быў мне ўдзячны, ён прайшоў усе выпрабаваньні і, зачыніўшы за мною дзьверы, сазваніўся з Алі, Сафі і Кэвінам, і яны ўсе разам дамовіліся сустрэцца каля Лёнданскага Вока, акурат а восьмай вечара, калі я ўжо буду ў Менску абдымаць сваю маці, свайго брата, свайго бацьку... а Сяргей толькі выправіцца на начныя падарожжы.

Я лячу, гляджу ў акно і не магу зразумець, што мае тыдні вучобы скончыліся, гляджу, як гэтыя машыны адна за адной рухаюцца ўніз-уверх, і мне неверагодна самотна й сумна, і я хачу застацца, і я вельмі жадаю вярнуцца.

Люты-красавік 2008

Лёндан

Студзень-люты 2013

Менск

НОВАЯ СЯМ’Я

Наша сям’я зьявілася непрадказальна, рамантычна, разам з каханьнем. Мае бацькі былі зусім маладымі, і калі я спрабую параўнаць іх васямнаццацігадовых (узрост, калі яны ўзялі шлюб) з васямнаццацігадовым сабой, то здольны толькі ўспомніць, наколькі я быў малым летуценьнікам, меў цьмяныя жаданьні, быў залічаны на першы курс унівэрсытэта, заводзіў дзіўныя кампаніі сябрукоў, і гэты мой юнацкі гонар, што я ўжо дарослы і здольны на самастойнае жыцьцё! Мае бацькі, калі ім было па васямнаццаць, ужо жылі, як дарослыя, мелі працу, мама гадавала мяне, і ім было не да вучэньня. Мне вусьцішна ўявіць, што я ў такім жа ўзросьце меў бы дзяцей і жонку. Ці адолеў бы я такую адказнасьць?!

Поделиться с друзьями: