На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Гаспадар маёй часовай альбо, так бы мовіць, аднаразовай шатляндскай сям’і на наступны дзень паказваў мне газэты, дзе пад артыкулам пра беларускіх дзяцей разьмясьцілі маё фота — круглашчокі падшыванец, нават і ня скажаш, што ён — беднае "чарнобыльскае дзіцё". Маці па тэлефоне я ўзахлёб і з гонарам крычаў у слухаўку, што быў паказаны ў вячэрніх навінах і надрукаваны ў газэтах... Мама ня слухала, яна толькі плакала ў тэлефон і пыталася, чаму я гавару ў нос, а ці не захварэў я!?
Потым пачалася прырода, нас вывезьлі адной раніцою ў Календарскі парк, дзе ўсярэдзіне месьціўся Календарскі палац... І мне не было аніякай справы да палацу й парку, я ўпершыню паспрабаваў сапраўдныя сэндвічы зь неверагодна смачнай пэпсі-колай, сэндвічы складаліся з тонкага тоставага хлеба зьверху й зьнізу, парэзанага трохкутнікамі, а між ім было смачнае вэнджанае мяса, маянэз, эўрапейская гарчыца, плаўлены сыр і пэкінская капуста... гэта быў першы культурна-гурманны шок!
Мы ня езьдзілі глядзець Фолкёрскае кола — першы ў сьвеце суднапад’ёмнік, які круціцца і злучае каналы Форт-Клайд і Юніён, кола, якім так ганарыцца горад і вобласьць, і, напэўна, добра, а можа, шкада... але мы былі ў цэнтры й стандартна
Трэба адзначыць, што мая першая шатляндская сям’я хоць і была даволі пасіўная й спакойная, але побач зь імі жыла суседка-гарэза, яна з намі неяк паехала ў басэйн-цэнтар, насіла кепку яна, як і я, на бок, і сядзела ў аўтобусе са мною, і жартавала, і абдымала мяне, вядома, па-сяброўску, але я раставаў, як марозіва на сонцы ад кожнага ейнага позірку, яе бацянькі на носе мяне проста зачаравалі, і калі мы нарэшце дабраліся да "Mariner Center", я толькі тады ўцяміў, дзе мы! Я наадрэз адмовіўся распранацца й ісьці купацца й катацца з горак у басэйн... а то, каб усе бачылі, што я тоўсты. Мяне палічылі дурным дзіцем, і я, седзячы на другім паверсе за плястыкавым сталом і калупаючы саломку з-пад выпітага маркоўнага соку, назіраў, як мая супэр-суседка Сьюзан сьмяецца, гуляецца й плюхаецца з горак у ваду разам з маімі хлопцамі-падарожнікамі. Мяне гэта моцна пакрыўдзіла, і я вырашыў зь ёю не камунікаваць. Трэба было бачыць яе вочы, калі мы ўсе пагрузіліся ў аўтобус, каб ехаць на абед, а яна прыйшла й села да мяне, а я на яе як пачаў раўці, каб сышла... яна й сышла...
На наступны дзень я, каб неяк разварушыцца і забыцца на Сьюзан і дурнога суседа Дзіму, пазнаёміўся з астатнімі хлопцамі ў маёй шатляндскай падарожнай праграме, і сталася так, што да канца падарожжа мы ўжо трымаліся адно аднога... Кожны з хлопцаў, здавалася, быў старэйшы за мяне, вышэйшы й прыгажэйшы, і мне гэта падабалася, я адчуваў сябе такім жа, як яны, дарослым, высокім, худым і трынаццацігадовым!
Фолкёрк хутка скончыўся, мы нават не пасьпелі як мае быць яго разгледзець, апошняя партыя ў шахматы з гаспадаром сям’і была завершаная, першыя адносіны парваныя, стыль адзежы зьменены, фотаапарат правільна запраўлены, а тры новыя спартовыя валізы, напампаваныя цацкамі й вопраткай, падрыхтаваныя да пераезду ў Абэрдын. Была раніца нядзелі, мы адседзелі служэньне ў царкве, і ўсе атрымалі па пакунку чакалядак... я вар’яцеў, там было каля пяці кіляграмаў чакалядак: сьнікерс, натс, марс, кэдбэры... жуйкі... Я адразу з чакалядкамі сеў у канец аўтобуса, што было ў мяне звычкаю са школы, і амаль усю дарогу ня з кім не размаўляў, ехаў, паглядаючы па бакох і назад, назіраў першы цуд — шатляндскія палі, узгоркі, авечкі, каровы, самотныя дамкі ў клетку, ідылія... і мне было вельмі-вельмі сумна, што мая мама ня бачыць, што ня можа адчуць усяго гэтага, я фатаграфаваў, але беспасьпяхова, бо стужка хоць цяпер і правільна была запраўленая, але ўсе фотаздымкі я рабіў супраць промняў сонца й засьвечваў пэйзажы да непазнавальнасьці... увогуле ўсе нармальныя, так бы мовіць, ацалелыя фота, якія я прывёз дамоў, рабіліся ня мною, а гаспадарамі маіх трох сем’яў.
Увечары, калі мы прыехалі ў Абэрдын і я патрапіў у больш маладую сям’ю зь вялікай колькасьцю дзяцей, двума прыватнымі тэніснымі кортамі, гаражом на тры машыны... як пабачыў у вячэрнім паўзмроку ўсю раскошу жыцьця гэтых веруючых баптыстаў, я ўжо ня стрымліваўся, плакаў і хацеў дадому, да мамы... але гэта, вядома, рабілася са мною, калі ніхто ўжо ня бачыў, бо я не хацеў плакаць перад малым вяскоўцам Дзімам, які паводзіў сябе так, што некаторыя шатляндцы жагналіся, хоць гэта й не было ў іх традыцыі, яны не разумелі гэтага малога, у якога ад усяго бачанага проста ехаў дах.
(Дзім, а ты адкуль, зь вёскі? І колькі там у вёсцы жыве людзей? Тры хаты, кажаш... І быў ты ў якіх вялікіх гарадах? Толькі ў раённым цэнтры? Па нядзелях, у царкве?! Уяўляю, як табе тут хранова!)
Дурасьць нейкая — плакаць перад малодшымі!
З Фолкёрка я пасьпеў адаслаць дамоў паштоўку, на якой былі сфатаграфаваныя тры дзяўчыны, каторыя на фоне зялёных узгоркаў на падмостках танчылі ў народных шатляндскіх уборах, я напісаў пра тое, што я рады тут быць і ў мяне шмат адзежы, і зрабіў рэкордную колькасьць памылак у адным кароткім сказе — дзесяць!
У Абэрдыне мяне чакалі дзьве неспадзяванкі — новы зуб і фрызура. Чатыры гады таму, калі я сядзеў на ўроку гісторыі, настаўніца кудысьці выйшла, і мы разам з Настай Маргалік пачалі дурэць й жартаваць, суседзямі па парце мы былі тымі яшчэ боўдзіламі, яна сказала штосьці сьмешнае, і я зарагатаў з адкрытым да самых вушэй ротам... усё цела скаланула, і я паваліўся на парту, але тое, што зрабіў гэта зусім неакуратна, да мяне дайшло, толькі калі я зноў сеў на школьным крэсьле — я ўтаропіўся ў вялікі кавалак зуба, які тырчэў у драўлянай парце, указальным пальцам дакрануўся да вуснаў, прыадкрыў рот, намацаў нейкі востры абломак зьверху, пачаў калупаць яго пазногцем, і тут мяне працяў неверагодна востры боль, у вачах спачатку сталася сьветла й потым цёмна, рот напоўніўся крывёю... Я пакінуў палову свайго пярэдняга верхняга зуба тырчэць у парце. Калі вярнулася настаўніца, у яе адразу стаўся шок. Такім чынам, я ўжо чатыры гады хадзіў шчарбаты і баяўся адкрыта ўсьміхнуцца. Нарасьціць новы зуб у Менску было чымсьці кшталту фантастыкі, гэта было коштам шасьці бацькоўскіх заробкаў, а мяне яшчэ адолеў стаматыт, і дзёсны рэзалі, а потым я месяцамі ня мог нармалёва есьці... адным словам, пакуты.
І тут гадзіна — і ў мяне новы пярэдні зуб, нарошчаны на стальныя штыфты ў аскепках майго ўласнага зуба... і вечар — новая
фрызура... я мяняўся на вачах, ад таго калабка, як мяне ўсе называлі яшчэ ў школе, нічога не засталося, я быў апрануты як мае быць — чорныя буцы, швэдар "Пума", чорныя джынсы "Wrangler", кароткая фрызура набок, новы зуб, каляровая фенечка — падарунак ад курносай і рабой Сьюзан.Мая сям’я ў Абэрдыне была вялікай — трое дзяцей, бацька, маці, два лябрадоры, тры коткі, вялікі катэдж з тэнісным кортам і гаражом з трыма машынамі — джыпам, мэрсэдэсам і невялічкім фордам для паездак па крамах... Гэтая сям’я была заможная, кожным абедам яны зьбіралі шмат гасьцей... да іх дзяцей, двух сыноў-падлеткаў, прыходзілі дзяўчыны, да малодшай дачкі — малыя сябры. Кожным абедам яны замаўлялі дзесяць вялікіх піцаў, мой Дзіма дурэў ад усяго, што бачыў, усё было ўпершыню, ён еў піцу вялікімі кавалкамі, амаль цалкам засоўваў сабе ў рот, глытаў яе, усьміхаўся, моўчкі піў, а потым рыгаў і рохкаў, як парсюк, а па вечарох ён ванітаваў у нашай агульнай пакаёвай прыбіральні і потым, памыты, залазіў у ложак і распавядаў мне, што новага за дзень ён для сябе адкрыў: цукеркі, чакалядкі, жуйкі, мячыкі з пяском унутры, мячыкі для жангляваньня, тэнісныя мячыкі, ракеткі, чыпсы, запечаная рыба, піца, кола, пэпсі-кола, фанта, вінаградная фанта, буцы, кеды, ё-ё, хула-хуп... ён часта па назвах не запамінаў свае адкрыцьці, і мне даводзілася яму падказваць... І на наступны дзень у яго здарыўся прыступ, ён упершыню ўбачыў прыстаўку Ніндэнда, на якой гуляў у трохмернага Соніка старэйшы хлопец зь сям’і. Быў вечар, мы, стомленыя, аб’еўшыся піцай, набегаўшыся ў тэніс і накатаўшыся на катамаранах у мясцовым возеры, сядзелі ў пакоі старэйшага і назіралі, як сіні вожык лётае й зьбірае залатыя колцы, б’е нейкіх пінгвінаў, разганяецца й шпарка лётае туды-сюды, уверх і ўніз... і тут раптам Дзіма пачынае віскатаць, рагатаць, рохкаць і паказвае пальцам на экран, крычыць, рагоча і пукае, і гучна так крычыць і пукае, рагоча й сьмярдзіць... мы ў шоку, паглядаем на яго, як на ёлупня, а Дзіма ня можа спыніцца, рагоча й пукае, і так ад яго нясе, нібыта ён абгаўняўся ўшчэнт, а ён нават і слова прамовіць ня можа... Старэйшы ставіць на паўзу гульню, і Сонік зьнерухомлівае ў палёце за чарговым залатым колцам, і мы сыходзім, заціскаючы насы, а Дзіма яшчэ паўгадзіны так ляжаў, глядзеў на экран і рагатаў, скуголіў і гучна пукаў... Позна ўвечары, калі мы былі ўжо ў ложках, Дзіма сказаў мне, што ніколі так не сьмяяўся, яго адолеў нейкі прыступ, эйфарыя, ён нават абкакаўся.
Так, абкакацца ад уражаньняў — гэта новы этап культурнага шоку.
На наступны дзень абэрдынскія часовыя бацькі пацягнулі нас на агульныя гульні ў парк, дзе мы сустрэліся з усімі беларускімі дзецьмі й іхнымі шатляндскімі сем’ямі, парк быў хутчэй вялікім зялёным футбольным полем, мы, як тут звычайна прынята й нармалёва для летняга сэзону, несьлі з сабою ў заплечніках швэдры, шалікі й невялічкія парасоны, надвор’е за дзень мянялася рэзка й радыкальна... пакуль усе сабраліся, двойчы прайшоў грыбны дождж, а потым пачало няшчадна паліць сонца, была сьпякота... Для дзяцей разгарнулі вялікі надзіманы палац, унутры якога было можна скакаць, я спачатку паводзіўся культурна й па-даросламу, але калі пабачыў, што ў гэтым палацы столькі дзяўчын майго ўзросту дурэюць, нават не разважаючы кінуўся бегам туды — і так, гэта было слушным рашэньнем, скокі, сьмех, выпадковыя сутыкненьні, абдымкі, усе дзяўчаты ўжо мелі невялічкія ледзь акрэсьленыя грудзі, я быў на вышыні асалоды... Бо што яшчэ трэба для хлопца, які толькі нядаўна пераступіў мяжу падлеткавага ўзросту, дзе прымітыўныя жаданьні ўжо расьлі й займалі ўсю частку таго месца ў мазгах, якое было адказнае за другую сыгнальную сыстэму паводле Паўлава, а прасьцей — за мысьленьне й разважаньне... на той час усе сыгналы й сыстэмы былі адключаныя, акрамя адной... я быў больш чым калі набліжаны да жывёлаў, я востра адчуваў пахі поту й яшчэ чагосьці ўзбуджальнага, нейкіх афрадызіякаў, я востра бачыў усьмешкі й шаўковыя валасы дзяўчын, я бачыў іх белыя зубы, іх вясёлыя вочы, іх целы й рукі, я кранаўся іх у шалёных скоках у надзіманым дзіцячым палацы, час быў спынены, Шатляндыя пасунутая далёка ўбок, мова сьцертая, на той час існавала камунікацыя духоўная, полавая, камунікацыя самая старажытная, жаданая й яскравая.
А потым, калі палац пачаў выпускаць паветра са сваіх нутраў і памяншацца ў памерах, мы перасунуліся да гульняў зь мячыкамі, з каляровымі пледамі і кінуліся шалёна есьці сэндвічы й запіваць іх спрайтам... Дзьве дзяўчыны, зь якімі я на кароткі час адчуў такое блізкае яднаньне, размалявалі акварэльнымі фарбамі свае твары такім жа чынам, як і я, і мы ўтраіх зь сіня-бэжавымі пысамі хадзілі і сьмяяліся, яны глядзелі на мяне, я на іх, я на той час быў шчыра закаханы ў іх абедзьвюх, закаханы ў іхнюю шатляндскую незразумелую мову, у іх вочы й такія прыгожыя грудзі, якія тапоршчыліся па-дзіцячаму з-пад дзявочых белых саколак... і гэта, напэўна, было маім першым сапраўдным узбуджэньнем, я яго дакладна адчуваў, і было цяжка хадзіць, таму я, каб адцягнуць увагу, быў вымушаны пачаць бегаць, нібыта зацікавіўшыся футболам, у які гралі шатляндскія баптысцкія мужчыны, дакладней, браты.
А потым быў новы дзень, я адчуваў, што нейкім чынам зьмяніўся, што прастора вакол мяне цяпер стала іншаю, я па-новаму пачаў глядзець на сьвет, каштоўнасьці былі ўжо ня тымі... я прачнуўся мужчынам, але асэнсаваў гэта толькі праз колькі месяцаў, а на той час я ўсё адчуваў падсьвядома, толькі сваімі пачуцьцямі, кранаючыся прадметаў, назіраючы, нюхаючы, прыслухоўваючыся, усё было іншым... і гэты новы, іншы дзень быў цалкам прысьвечаны падарожжам па вуліцам Абэрдына, якія для мяне размыліся ў адно вялікае пачуцьцё, адзін вялікі вобраз карункавага, каляровага, жаночага пачатку, прысутнасьці дзявочага паху, дзявочых сылуэтаў, пакуль увечары наш аўтобус не спыніўся на беразе Паўночнага мора, халоднага паўночнага мора, і я адарваўся ад групы дзяцей і, ня чуючы нікога, па пояс зьнік у вадзе, было халодна, але гэта было першым сьвядомым купаньнем у моры, у вопратцы... Зусім малым я купаўся ў Балтыйскім моры, але гэта нават не параўноўваецца, тут, на поўначы, я, толькі што стаўшыся дарослым, купаўся ў новым статусе, з новымі поглядамі на сьвет. На мяне доўга сварыліся выхавацелькі, пераапраналі, абціралі, расьціралі, я тросься, але сьмяяўся...