Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

Ён не адчуваў ні жаху, ні холаду, ён забыўся пра сябе і пра ўсіх. Ён сядзеў тут, можа, гадзіну, мо­жа, болей. Жыцьцё ягонае прайшло перад ім. І вынікала з яго, што зрабіў ён правільны выбар, бо пустазельле толькі замінае жыць іншым. А ён, ён стаў пустазельлем, пустацьветам, як ні горка сабе ў гэтым прызнавацца. А пустазельле – зьнішчаюць… Выбар правільны… засталося толькі зрабіць апошні крок. Але і тут не хапала ў яго таго, чаго не хапала і ў жыцьці. Паставіць кропку. Важны знак. Ён і ў вершах ім амаль не карыстаўся. Хіба ў выключных выпадках. Тут якраз і быў той выключны выпадак. Ну, рашайся… Ён устаў, угледзеўся ў неба – такое бліз­кае неба… Замёр перад апошнім рухам... І раптам пачуў побач чыесьці крокі. Кволыя і няўпэў­неныя. Мяккія і дрогкія. Але гучныя тут: та… та… та… та… Ён уздрыгнуў, павярнуў галаву: да яго ішло маленькае, мокрае кацянё. Яму было холадна, яно дрыжэла ўсім

сваім цельцам. Кацянё пісклява мяўкнула і нясьмела падыйшло да яго. Прытулілася да нагі мокрым холадам, каб сагрэцца. Пацерлася, мяўкнула – прабачальна і… ўмольна. Быццам прасіла яго ня рухацца, спыніцца, застыць… Ён глядзеў на гэты мілы жывы дрогкі камячок, які знайшоў ягонае цяпло, якому трэба ягонае цяпло… і ня мог наглядзецца. Узяў кацянё на рукі, пагладзіў і ўсьміхнуўся ад таго, як яно ў страху падцінае, уціскае ў шыю, галаву. Верыць яму і ня верыць, баіцца яго, але шукае ягонага цяпла… Значыць… мажліва… мо­жа быць… ён камусьці яшчэ трэба ў гэтым сьвеце, на гэтым сьвеце… Хоць бы гэтаму маленькаму кацяня­ці… Значыць, мажліва, можна яшчэ нешта зьмяніць…

Ён зірнуў уніз, туды, дзе ўжо даўно павінен быў быць сам: туман слаўся пад нагамі, запаўзаў у душу... Туман, па ўсім Менску туман, па ўсёй Беларусі. Але быў ён ужо не такім густым, як раней, і з аблокамі не зьліваўся…

З “Дзёньніка” Аляксандра К.

“…Я ненавіджу сябе. Я ненавіджу сябе таго, якім быў дагэтуль, і не хачу больш быць такім. На шматпавярховіку ў мяне быў час падумаць, азірнуцца, агледзецца і я рады, што ён быў.

Як там у Дастаеўскага: “Тварь ли я дрожащая или право имею…”. Не хачу быць “тварью дро­жащей…” Але ня ў тым сэньсе, які ўкладаў у гэтыя словы Раскольнікаў. Не...

Можна “забыць” гісторыю Расколькава, а словы па­кінуць.

Проста гэта даволі ёмістая формула. Якая па­­дыходзіць і да сёньняшняга нашага жыцьця. Дак­ладней, майго.

Сьмеласьць, рашучасьць трэба ня толькі для таго, каб забіць бабульку-працэнтшчыцу.

Яна трэба, каб жыць годна, а не “пре­смы­кать­ся”.

Раней я скептычна ставіўся да апазіцыі, да “мо­вы” і яе носьбітаў. Цяпер бачу, што яны адзі­ныя, каму сёньня тут баліць за гэтую зямлю, куль­туру, дзяржаву, нашую будучыню ўвогуле…

Усялякая дыктатура – часовая. І гэта ведаюць і кожны дыктатар, і ягоная сьвіта. І трымаюцца яны толькі на страху, які імкнуцца пасяліць у свой народ.

Пераадолець гэты страх, які ўплывае ня толькі на палітычную актыўнасьць людзей, але і на прос­тыя чалавечыя адносіны – вось што важна.

Дыктатура не разумее, што трымаючы ў стра­­ху народ, яна разбурае яго, гэты народ, псі­халагічна, а значыць, зьнішчае і сваю дзяржаву, сваю ўладу, урэшце рэшт...

Рабы ня могуць паўстаць, але яны ня могуць і ствараць… А таму ня можа быць ні ў іх, ні ў такой дзяржавы будучыні.

Пераадолець страх, стаць Чалавекам Вольным і Незалежным, трэба кожнаму. І забіць дракона страху неабходна найперш у сабе…

Так, пачынаць трэба з сябе…

З сябе!”

Частка другая.

Выспа свабоды, альбо Загляне сонца.

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Вось і ўсё: тое, што павінна было здарыцца – здарылася. Я там, куды так не хацела патрапіць, чаго некалі пазьбягала ўсяляк, нават край ры­зы­кую­чы… І тут, скажу, ня так ужо і кепска, бо трапляюць сюды ня самыя горшыя людзі. Пры­намсі, патрапілі разам са мною. Пачынаю дзёньнік, які ніколі не пі­­­сала з прынцыпу. Хачу паспрабаваць перадаць па­перы ня толькі свае думкі, але і найстрой, па­чуцьці, што перапаўняюць мяне. Баюся, потым ня ўдасца іх аднавіць і перажыць наноў. Адзінае чаго не хачу, каб гэты дзёньнік, без маёй на тое волі, трапіў камусьці ў рукі. Баялася таго і дома, таму ніколі і не рас­пачынала запісы, але тут я рызыкую больш – у любы момант у камеру можа зайсьці нехтачкі і забраць мой сшытачак без тлумачэньняў, гарк­нуўшы: “Не дазволена!”,

як забіралі ў нас пры шмоне перад пасадкай сюды, на Акрэсьціна, усе рэчы, якія знайшлі, а тым болей нататнічкі, паперу ўвогуле. І чаму яны так баяцца запісаў, зробленых тут? Незразумела… Памяць у нас добрая, і мы можам усё ў падрабязнасьцях аднавіць і дома. Аднак, не: дома пішыце, што хочаце, а тут – нельга… Тым ня менш, раблю гэтыя занатоўкі цішком. Ня ведаю, ці спатрэбяцца яны калі і ці варта рызыкаваць... Ня думаю, што напішу нешта адметнае і годнае ўвагі. Але паспрабую ў надзеі, што досьвед, набыты тут, ніколі больш не паўторыцца і не спатрэбіцца ні мне, ні маім блізкім. А запісы застануцца выключна як памяць…”

Як ні стараўся Трачыла падыйсьці да камеры ці­хенька – дзяўчаты ўсё роўна яго чулі, і толькі ён пры­ладжваўся да “вочка” ў дзьвярах, хто-небудзь па­­даваў голас: “Зноў прыпёрся!..”

Сьвятло ў камеры на ноч не выключалася. Цьмя­на-жоўтая “дзяжурная” лямпачка над дзьвярыма – чытаць пад якой было немажліва: балелі і сьлязілі­ся вочы – тым ня менш, невялікае памяшканьне з не­зразумела-бруднага колеру сьценамі асьвятляла даволі ясна. Трачыла заглядваў у "вочка" і глядзеў на дзяўчат, якія спалі зусім ня думаючы, што за імі нехта будзе назіраць: у разьняволеных, на колькі мож­на гэта на цесных нарах, паставах… Трачыла сьціш­ваўся за дзьвярыма і пачынаў тое, дзеля чаго і прыйшоў. У нейкі момант ён забываў, дзе знаходзіцца, і та­му ягонае дыханьне ды юрлівы шоргат аднойчы пачулі дзяўчаты, якія ня спалі. Пасьля гэтага яны не давалі яму мажлівасьці нават прыпыніцца незаўважаным каля іхняй камеры. Як толькі ён пады­ходзіў, адразу сярод дзяўчат пачыналася гульня ў досьціп.

– Зноў прыпёрся, Трачыла? А сюды, да нас, сла­бо?

– Пэўна, няма чым хваліцца…

– А жонка ў цябе ёсьць?

– Лічыка пакажы, пакажы сваё лічыка, Трачыла, мо я цябе пакахаю?..

– Лычыка ён пакажа, лычыка… – гэта Тацянка аз­ва­лася, як заўсёды трапна. Звонкі дзявочы сьмех пакаціўся па камеры. Сьмех, які, кажуць, разбурае на­ват кайданы...

Так, і сёньня таксама яшчэ ніхто ня спаў. Як тут за­сьнеш: заўтра на волю…

Ніколі ня бачаны Трачыла, хіба толькі край галавы ды правае вока, а яно адно, мо ад няпрыязьні да гэтага чалавека, здавалася страшна непрыгожым, сьвіным, з даўгімі чорнымі вейкамі, не адгукаўся, моўчкі рабіў сваю справу. У першую ноч, калі яго пачулі, ён было зьбег, але, відаць, не ад сораму, а ад нечаканасьці; жаданьне аднак аказалася мацней, і ён вярнуўся да вакенца і больш ужо не ўцякаў, пакуль не сканчваў сваю справу – толькі агідна соп ды хакаў.

Марыйцы, як і ўсім, было брыдка і гідка гэта, але яшчэ непрыемней было ёй распачынаць выкрыкі на адрас Трачылы. Для іншых дзяўчат, асабліва для старэйшых, была то яшчэ і нейкая разнастайнасьць у турэмным жыцьці, а яна адварочвалася да сьцяны і пачынала думаць пра што-небудзь сваё ці ў думках пісаць дзёньнік, які яна пачала “весьці” тут. Да таго неяк не заўважалася, а цяпер ляжаць ёй на голых дош­ках было мулка, няёмка, хацелася па­вярнуцца на другі бок, але яна не жадала сустрэцца позіркам з тым пахаблівым вокам Трачылы, і цярпела нязручнасьць. Сон, яшчэ і праз гэта, не ішоў і яна думала, думала, думала… Гэтая ноч, потым дзень, вечар і ёй – на волю. Дзякуй Богу, усё некалі сканчваецца, скончыцца і гэта… А вось успаміны – застануцца. І ня толькі пра дні ўвязьненьня, але і пра тыя, незабыўныя, мож­­на сказаць – шчасьлівыя, дні і ночы на пляцы Ка­ліноўскага…

Той вечар дзевятнаццатага сакавіка яна чакала. Чакала без асаблівай надзеі на нешта, але чакала. Чаму без надзеі? Ды таму, што яшчэ да пачатку было зразумела, чым скончацца чарговыя “выбары”: уладу сваю, а яна стала сапраўды “сваёй” для пэўнага кола, ніхто не аддасьць, бо страта ўлады азначала б ня проста губляньне імі свайго панаваньня, а фактычна – сьмерць. Для многіх ня толькі палітычную, але і… Зрэшты, што цяпер пра гэта казаць: яны засталіся, зрабілі усё, каб застаўся іхні кумір, а значыць нічога ня зьменіцца ня толькі для яго, але і для ўсіх, хто вакол, хто прыжыўся і нажыўся пры ім… Бо адзінае чаго яны баяліся і не хацелі – гэта пераменаў.

Так, надзеі не было. Быў адчай, была горыч, што зноў падманулі. І было жаданьне пайсьці на плошчу. Хай і з рызыкай, што ніхто больш ня прыйдзе. Бо дужа ж запалохвалі людзей па тэлевізіі перад тым. Страху на народ нагналі! Асабліва на тых, хто і не зьбіраўся ісьці на мітынг, ды мо і не хадзіў ніколі на нейкія іншыя “несанкцыянаваныя акцыі”. Марыйка заўважыла гэта і па сваіх аднакурсьніках, якія яшчэ за тыдзень да таго храбрыліся-харахорыліся, а потым неяк разам замоўклі, і ёй нават няёмка было пытацца ў іх: ці пойдуць?

Поделиться с друзьями: