Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
– Мне сёмы, – сказаў я, задыхаючыся.
– Мне таксама, – ён спакойна зазірнуў мне ў вочы, ліфт здрыгануўся й спыніўся. Дзьверы не адчыняліся. Як Ганін і Алфёраў, мы завісьлі з маім улюбёным рэжысэрам над плянэтай, і яна не сьпяшалася прымаць нас назад.
– Паслухай, Мінус, – прамовіў я, і ў вачох зашчыпала. Націсканьне чорнай кнопкі, гэтаксама як і астатніх, мела сваім вынікам такую ж чорную безвыніковасьць. – Хаця б тут пабудзь чалавекам. Прызнай хаця б, што знаёмы са мной.
Ён раздражнёна адвярнуўся й стаў углядацца ў шчыліну дзьвярэй, а калі я пачаў сваю песьню наноў, раптам прапішчаў:
– Хіба мы пілі з вамі на брудэршафт?
Я паціснуў плячыма й прысеў на кукішкі
Ён якраз дабраўся да свайго прыезду ў сталіцу, калі сківіцы дзьвярэй зьнянацку адчыніліся, штомоцы ляснуўшы зубамі міма здабычы. Перад намі было фае, і дзьве ружовашчокія бабы нецярпліва чакалі, калі ж мы выйдзем.
– Вы ўверх? – нарэшце гістэрычна ўзвыла адна. Назар Мінус кіўнуў, а я выйшаў. Дзьверы за імі зачыніліся, а я зьняможана апусьціўся на скураную лавачку ў цені гіганцкай закатаванай манстэры, аганізуючай на падваконьні. З суседняй кабіны зьявілася Віка ў суправаджэньні дзьвюх панурых маладзіцаў, пагардліва зьмерыла мяне позіркам і пакрочыла да выйсьця.
96.
Цяпер ніхто не прыняў бы яе за жабрачку – лахманы былі скормленыя агню, а І займела доўгі строй самага рамантычнага колеру, нешта сярэдняе паміж плашчом і фрэнчам, прыталенае, з гузікам на горле, які пасьпяхова замяняў колішняе трэцяе вока. Яна ўжо не настолькі прыцягвала ўвагу, цалкам выдаючы на сяброўку якога-небудзь бас-гітарыста недараскручанага гурта, а на вечаровым праспэкце выглядала бадай што непрыкметнай. І гэта мяне цешыла: яе новая, амаль што чалавечая вопратка сьведчыла, што мы маем прынамсі прывідныя шансы паразумецца. Тое, што І падобная на нармальнага чалавека, надавала мне ўпэўненасьці й дзіўным чынам не давала ачмурэньню Мінуса працаваць на поўную моц.
Я сачыў за ёй ад самога Макдональдсу; яна набыла марозіва й нясьпешна прайшла праз сквер, пазіраючы зрэдзьчас на неба; пастаяла ля нядаўна ўсталяванага на плошчы гіганцкага экрану, прафэсійна-гідліва пакасавурыўшыся на рэклямны ролік; спусьцілася па брукаванцы да паркавай рачулкі, пакінуўшы на мосьце кароткі запіс у кнізе адлюстраваньняў; паблукала ў жывых лябірынтах дзяцей на маленькіх роварах, з усьмешкай, своечасова пераступіўшы праз кагосьці, махнула мне рукой. Я ў адказ узьняў над галавой нанятую ў чырвоным квартале маркотную ружу, і І на сэкунду нерашуча прытармазіла, нібы побач са мной стаяў нехта з супрацьпаказаных ёй людзей.
– Што гэта? – ледзь пасьпела прамовіць яна, а я ўжо запіхнуў глупую кветку ёй у пальцы, расьціснуўшы іх і заціснуўшы зноў, быццам пасьпешліва паклаў нешта патаемнае ў партманэ.
– Ру-жа, – прамовіў я, нібы вучыў І гаварыць, і сапраўды, яна ў здранцьвеньні доўга ўглядалася ў нетры прадажнага бутону, бы бачыла яго ўпершыню. Не даючы І апамятацца, я пайшоў наперад, і яна паслухмяна рушыла поруч.
Я набыў гэтую ружу наўмысна –
мне было вельмі цікава, як І адрэагуе на такі падаруначак з таго сьвету; мне навогул хацелася быць да немагчымасьці банальным і нудным, няхай нават да пошласьці. Мы сустрэліся каля парку, там, дзе штодня прызначаюць сабе спатканьне па льготных тарыфах тысячы нашчадкаў нашых актораў, і гэта значыла, што яны ўсё яшчэ трымаюць дзьверы адчыненымі.– Кветка, – сказала Ірына Агіеўская скрозь мур з гліны й рысу. – Навошта? – спытала І і, нахіліўшыся, няўклюдна адправіла ружу ў мёртвыя воды паркавай рэчкі.
– Прысядзем, – прапанаваў я і ўзяў яе за папяровы локаць.
Мы ўладкаваліся на адной з тых лавачак, якія раз-пораз вібруюць, прымаючы на сябе разьвітальны грукат блізкага мэтро. І па-хлапечаму выцягнула перад сабой ногі ў нейкіх квадратных ботах, шатляндзкая клетка яе шкарпэтак абрывалася на вузкай палосцы гусінай скуры з вусікамі валаскоў. Сонца заблыталася ў змрочным коле агляду, што выгінала сьпіну між жоўтых, колеру пачкаў ад “Кэмэлу”, шатаў, і далёка, надзвычай далёка падаў ягоны цень – нібы мастака, які намаляваў усё гэта, выпадкова стукнулі па руцэ. З парку пахла шашлыком. На нас ніхто не зварочваў увагі.
Я размаўляў зь ёй, адчуваючы, як мяне зноў апаноўвае голад – а калі мне хочацца есьці, я гатовы гаварыць без супынку. Гэта было дарэчы – нельга было даваць ёй перадыху. Я зазіраў І ў твар, і часам мне здавалася, што я бачу, як Ірына Агіеўская паволі разьліваецца па ім лёгкім жывым румянцам, замяняючы сабой тэатральную бледнасьць... Гаварыць, гаварыць, гаварыць, няважна пра што, толькі ня даць згарнуцца гэтаму сьветламу, як Вялікдзень, веснавому працэсу. Аднойчы мне нават падалося, што І кіўнула, але цалкам мажліва, гэта быў усяго толькі апошні знак самаахвярнага жука-палярніка, замярзаючага на ільдзіне бабінага лета.
І тут здарылася жахлівае – да нас падыйшоў дабразычлівы й хісткі малады чалавек і папрасіў цыгарэту. Ён сыйшоў задаволены, віхляючы азадкам і шчоўкаючы, а калі я павярнуўся да І, яна зноў была непранікальна-глінянай. Нябачны ды ўсюдыісны, за яе сьпінай стаяў Назар Мінус, і ягоная прысутнасьць відавочна халадзіла І патыліцу. Варта было пра гэта падумаць, як мне ў макаўку ўпёрся позірк такога ж Мінуса, толькі крыху паменей. Я абярнуўся. Над рэчкай гусьцеў раньні туман. І дыхала – шумна-шумна, і пальцы яе, ламаючы пазногці, шукалі ў кішэнях плашча брудны рыс.
– Пагаворым пра працу, – узмаліўся я, – Ты нікуды не ўладкавалася?
Гэта прагучала зусім ужо бездапаможна. Яна зьдзіўлена паглядзела мне ў пераносіцу.
– Я й не звальнялася, – было адчувальна, што размаўляць яна адвыкла, чуць яе рыпучы голас было непрыемна. – Я працую.
– Працуеш? – раптам я зразумеў, што сілы мае скончыліся. Я паныла правёў далоняй па ілбе.
– Так, – выпусьціла яна з вуснаў небіткое слова.
– Усё там жа? – я роспачна запаліў.
– Там жа. На Асырыйскім...
– І як? – голас мой сарваўся. Яна ажывілася:
– Часам бывае даволі займальна. Толькі вось гэтыя плянэркі...
Яна крыху заікалася, прамаўляючы гэтую жахлівую лухту, аднак вочы, яе вочы – яны былі найсур’ёзьнейшымі ў сьвеце.
– Ну давай жа пагаворым як Нармальныя Людзі! – я ўскочыў з лавачкі, затрос яе за плечы й тут жа спалохана выпусьціў. – Іра!
Яны здрыганулася, пасьміхнулася, марудна паднялася й пакрочыла туды, дзе прыцемкі пачыналі ўжо абгортваць высокія вароты парку шэрай смугой. Я дагнаў яе й пайшоў побач. Празь сем хвілінаў мы ўціскваліся ў трамвай. У поўным маўчаньні, гідліва трымаючыся за бразгаючы паміж намі ланцуг, мы праехалі сем прыпынкаў, і калі на вуліцах разгараліся ліхтары, выйшлі на Ўзорнай – сустрэнь я знаёмых, я не пазнаў бы нават маючых асаблівыя прыкметы.