Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Члены камісіі прыцішана ўскрыкнулі. Усе, апрача худой пінжачнай цёткі, закрылі вочы далонямі. Байрам Уралавіч застагнаў.
– Гэта ўсё энэргетыка, – залямантавала тоўстая. – Госпадзе!
Адзін зь пінжачных дзядзек адарваў нарэшце далоні ад вачэй і з агідай прабурчаў другому:
– Ніколі б не падумаў, што ад вачэй так шмат залежыць.
– Вось жа заўсёды трэба глядзець на закончаны прадукт, на закончаны, – раздражнёна азваўся той і сплюнуў. – Ч-чорт!
– Мы параіліся, – загаварыла старшыня камісіі, моршчачыся, быццам у твар ёй дзьмуў пранізьлівы вецер, і імкнучыся не глядзець на твар Надзіманага Чалавека. – Камісія параілася й вырашыла вось што... У скульптуру, якая ў прынцыпе нас задавальняе... Неабходна ўнесьці зьмены. На дадзены момант яе твар недастаткова адлюстроўвае галоўную ідэю сьвята й не ў поўнай меры можа служыць вобразам сучаснага жыхара сталіцы. Вам трэба ўнесьці больш пазытыву, больш,
Камісія амаль бегма кінулася да выйсьця. Мастак, трымаючыся пляча старшыні, пачаў, грымасьнічаючы, таропка й шматслоўна распавядаць пра патрэбу ў фінансах:
– На адно паветра колькі пайшло, –
а пінжачная цётка ўварочвалася ад ягонага дыханьня, і ўсё паўтарала: “Пішэце заяву, пішэце заяву”. Яны выбеглі з майстэрні, і пакой падаўся ім такім маленькім, што ў дзьвярох нават узьнікла невялікая штурханіна. Ніхто нават не заўважыў прышпіленага на самым прыкметным месцы ліста, аздобленага стракатымі надпісамі. Тым ня меней перад ліфтам усе мітусьліва пачалі ціснуць Мастаку руку, нібыта хацелі гвалтам зацягнуць яго ў кабіну. Мастак вырываўся й мармытаў пра заяву. Нарэшце дзьверы за камісіяй зачыніліся і ён з палёгкай вылаяўся.
Дзяўчынка, унучка вядомага жывапісца Ф., якую абступілі на першым паверсе пяцёра змрочных постацяў у аднолькавых пінжаках, спачатку хацела закрычаць. Пароду яе сабакі, падобнага на прапалены цыгарэтамі пуфік, людзі выводзілі відавочна не для абароны гаспадароў. Аднак вузкавокі дзядзька, які апусьціўся перад ёй на кукішкі, спытаў толькі агідным, саладжавым голасам:
– Скажы, дзяўчынка, тут ёсьць дзе-небудзь іншы выхад?
Яна паказала, і гэтыя пяцёра моўчкі выбраліся на завалены будаўнічымі адкідамі двор, празь які цягнуўся, дзе-нідзе ўжо засыпаны друзам, тоўсты шлянг.
88.
Спачатку Мая Леанідаўна адмовілася ад запрашэньня, і адмовілася, як ёй падалося, даволі рашуча. Не прамінула яшчэ й году з таго дня, калі яна разьвітвалася з кінатэатрам – о, яна добра запомніла той дзень: не зьвяртаючы на дырэктарку аніякае ўвагі, у яе кабінэце лаяліся санлівыя мужчыны, абмерваючы вакно ды падлогу; на двары, высунуўшы з машыны доўгія ногі, яе чакаў сын; усе дзьверы былі расчыненыя насьцеж. Мая Леанідаўна за дзесяць хвілін сабрала ўвесь свой няхітры скарб і потым марудным, урачыстым крокам абыйшла ўстанову ад прыбіральні да рубкі кінамэханіка. За сьпінай трашчалі складзеныя, нібы крылы, паўнамоцтвы, дзень быў сонечны й хрусткі, на лесьвіцы ёй трапіла ў вока млявая жамярынка. Яна вярнулася ў кабінэт, зьняла са сьцяны вершніка й выйшла з горда ўзьнятай галавой. Сын драмаў, накрыўшы твар спартовай газэтай.
Не прамінула й году... У панядзелак ёй патэлефанавалі з партыі. “Няўжо для зьезду нельга было знайсьці іншага месца?” – запыталася яна раздражнёна. Гэты хлопчык на другім канцы дроту, нехта з “маладых палітыкаў”, відавочна, нават ня ведаў пра колішняе існаваньне кінатэатру. “У памяшканьні тэатру Мінус”, “арандуем”... Мая Леанідаўна ня стала нічога тлумачыць, пагатоў прачнулася ўнучка й сваім рэактыўным віскатам адразу ж расставіла прыярытэты ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны. Файна, канечне, што й пасьля закрыцьця кінатэатр працягвае служыць справе, але ў ягоных крэслах калісьці сядзелі тыя, да каго гэтым маладым як да месяца далёка, думала яна, рассыпаючы аўсяныя шматкі на толькі што вычышчаны дыван. Увесь тыдзень яна імкнулася ні пра што такое ня думаць, вучылася карыстацца супэрсучаснай пральнай машынай і апускаць сьпінку калёсак, гатавала нявестцы булён ды перачытвала Прарока. А ў панядзелак разгарнула апазыцыйную газэту й пабачыла сваё ймя ў сьпісе найбольш паважаных удзельнікаў зьезду. Дзіўна, але ёй стала сорамна, і ў належны дзень са значкаю на ныючых грудзёх яна пераступіла парог зьмененага да непазнавальнасьці кінатэатру.
89.
Народ прыбываў. Уздоўж сьценаў, заклаўшы за сьпіны бэтонныя кулакі, нерухома стаялі магутныя хлопчыкі ў танных пінжаках – сябры маладзёвай арганізацыі “Белтэр’еры”, запрошаныя ахоўваць зьезд. У вачох кожнага чыталася мара загінуць або перамагчы. Глядзець на бессэнсоўна сьцятыя жалезныя вусны й нізкія лбы было чамусьці гідка, і Мая Леанідаўна таропка стала пераконваць сябе, што яе душу перапаўняе гордасьць: вось, такія юнакі, а ўжо патрыёты... Праўда, калі яна паспрабавала заняць сваё месца ў трэцім радзе, адзін зь юнакоў падскочыў да Маі Леанідаўны й загарадзіў ёй праход – трэснулі швы таннага шэрага пінжачку, і ледзь ня трэснула запясьце ад поціску патрыёта. Дапамог спадар Яська: прыніжана пасьміхаючыся, ён схапіў левую руку Маі Леанідаўны, тую, у якой быў партыйны білет, і таропка памахаў ёй у паветры.
Белтэр’ер паслабіў хватку, а спадар Яська, выцягнуўшыся на дыбачках, замармытаў нешта жаласьліва ў каменныя грудзі ахоўніка...– Жыд? – спытаў той басам.
Спадар Яська агаломшана затрос тонкім падбародзьдзем. Вакол іх адразу ж утварыўся затор, дэлегаты зь цікавасьцю прыслухоўваліся да размовы, моршчыліся, аднак маўчалі. І хто ведае, як далей разьвіваліся б падзеі, калі б шпаркім вайсковым крокам у залю не ўвайшоў бы вусаты хлопец з прышпіленым да пінжаку крыжам. Уладным позіркам ён абвёў падначаленых, якія імгненна занялі ранейшыя пазыцыі ўздоўж сьценаў. “Бацькаўшчына або сьмерць!” – выгукнуў ён хрыпла, і кожны з жалезных хлопчыкаў выкінуў руку над галавой: “Назаўжды!”
– Зондэркаманда, – зь невясёлай усьмешкай прамовіў спадар Яська, з палёгкай апускаючыся ў крэсла побач з Маяй Леанідаўнай і выціраючы з ілба пот. – Што рабіць, даводзіцца выкарыстоўваць іх як ахову, а то ведаеце: правакатары могуць быць, так, так... Я пасяджу трохі з вамі...
Цяжка дыхаючы й гнілазуба пасьміхаючыся, ён пачаў гаварыць пра партыйныя справы. Мая Леанідаўна імкнулася падтрымліваць гаворку, а сама ўпотай, прагна ўзіралася ў абноўлены інтэр’ер кінатэатру. Ну чаму, чаму ўсё гэтак злачынна тупа ў гэтай дзяржаве? Можна ж было зрабіць рамонт яшчэ тады, падчас яе дырэктарства, яна ж і пісала, і бегала па кабінэтах мэрыі, і да Гагулевіча хадзіла на паклон. Недастаткова, відаць, нізка кланялася. Можна ж было нават мірна суіснаваць з гэтым тэатрам пад дзіўна матэматычнай назвай: што ім, месца б тут не хапіла б – тры дні ім, тры нам? Пахавалі кінатэатр, пахавалі зажыва, як пісаў той журналіст, пахавалі і костачак не пакінулі. Вытруцілі нас, як пацукоў. Зрабілі з храму краму. Усё вярнулася, не навучылі іх семдзесят страшных гадоў нічаму, нічаму.
– Я ў прэзыдыюм, – сказаў нарэшце спадар Яська. – Прабачце. Калі што, махніце мне рукой. Хутка пачнем.
90.
Ёй не пашанцавала: зьлева ад Маі Леанідаўны ўладкаваўся нехта з маладых, можа, нават той, з кім яна гаварыла па тэлефоне – у дарагім касьцюме, з дагледжанымі пазногцямі й надта ўжо вострым пахам дэзадаранту: апошняга Мая Леанідаўна не любіла, дакладней, ахайнасьць, чысьціню і іншыя гігіенічна-эўгенічныя рэчы яна, безумоўна, шанавала, аднак пры гэтым заўжды была ўпэўненая, што паміж жаночай і мужчынскай дагледжанасьцю мусіць быць адрозьненьне. Малады палітык займаў значна болей прасторы, чым дазваляла крэсла, і Мая Леанідаўна, адсунутая ўправа элегантным дэмакратычным локцем, была вымушаная пасягнуць на суседа справа, балазе той апынуўся непераборлівым. Гэта быў нізенькі, пляшывы й тоўсьценькі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці, які ўвесь час сьмешна ікаў, намагаючыся пры гэтым рабіць сур’ёзны выгляд. Сусед хацеў пагаварыць зь ёй, і калі зашаптаў нешта Маі Леанідаўне кудысьці пад завушніцу, усё стала зразумела: дэлегат пасьпеў добра прыняць за каўнер перад пачаткам імпрэзы.
– Гаварыльня, – ікнуў сусед. – Трэба рабіць справу.
Мая Леанідаўна, іранічна зірнуўшы яму ў заплылыя вочкі, коратка кіўнула.
– А я вас ведаю, – сусед прысунуўся да яе амаль ушчыльную. – Глядзіце, якія хлопцы (дрыжачы тоўсты палец падкрэсьліў тлустай уяўнай рысай шыхт ля сьцяны). Гэта ж хлопцы...
Адкуль яму знаёмая Мая Леанідаўна, сусед не парупіўся патлумачыць, пазяхнуў цыбуляй і селядцом, выцер рукі аб падлакотнік, Маю Леанідаўну хітнула ўлева, і малады палітык пагардліва фыркнуў. Тут па-над катэдрай вырас адзін зь яе ўлюбёнцаў, сівы й хударлявы мастацтвазнаўца, артыкул якога ў абарону кінатэатру калісьці абыйшоўся партыйнай газэце не ў вадзін мільён штрафу, і Мая Леанідаўна забыла пра сваіх суседзяў. Прамаўляў гэты ўсімі паважаны чалавек надзвычай цікава, зусім як калісьці ў Жданаве:
– Яны кажуць пра стабільнасьць і згоду ў грамадзтве, – дыкцыя яе ўлюбёнца была бездакорнай, ён амаль не жэстыкуляваў, толькі зрэдку быццам бы выхопліваў з паветра перад сабой нешта й паказваў дэлегатам, нібы доказы. – Яны кажуць, што здолелі кансалідаваць нацыю. Аднак ім можна запярэчыць, нават проста прагуляўшыся па уліцы. За квартал адсюль на сьцяне напісана нечай неабыякавай рукой: Не. Проста “Не”. І ўсё. І больш чалавеку нават не спатрэбілася нічога пісаць. Бо ў гэтым кароткім слове відаць ўсю сытуацыю ў краіне як на далоні. Кожнаму нашаму суайчыньніку зразумела, супраць чаго накіраванае гэтае “Не”. Дакладней, супраць чаго й каго. “Не” – бумскае слова, бумскае адмаўленьне, і, напісанае на гэтай мове, яно набывае яшчэ больш глыбокі сэнс. Чалавек пратэставаў ня толькі супраць аўтарытарызму, ён сказаў сваё “не” руйнаваньню нацыянальнай культуры, вынішчэньню роднай мовы. “Не” – і халуі кінуліся заціраць гэтае слова, зафарбоўваць яго, тым самым ускосна прызнаўшы, што ім добра вядома, што пад ім разумеецца. Я нават не зьдзіўлюся, што аўтару гэтага надпісу, калі б яго затрымалі падчас гэтага... злачынства...