Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Мастацтвазнаўца горка ўсьміхнуўся й пахітаў галавой.
– ...прыпісалі б антыдзяржаўную прапаганду.
– Перабор, – ікнуў сусед Маі Леанідаўны. – Відавочны перабор.
– Ну чаму ж? – заступілася яна за выступоўцу, ад душы пляскаючы ў сухія ладкі. Пляскаць было прыемна, яе далоні засумавалі па гэтым занятку, і цяпер, адчуваючы, як разгараецца кроў пад скурай, яна падумала, што някепска было б выступіць і самой. Толькі пасьля менш эфэктнага аратара.
Потым выступаў барадаты заікасты дзядзька, які запомніўся цікавым параўнаньнем: міліцыя ў нармальнай краіне, заўважыў ён мімаходзь, мусіць быць кшалту добрага футбольнага арбітра: чым непрыкметней, тым лепш. Мая Леанідаўна была дрэнна абазнаная ў спорце, ёй здавалася, што судзьдзя паўсюдна павінен абараняць справядлівасьць і падтрымліваць свой аўтарытэт штосэкунды... Яна згадала, як калісьці на самых значных імпрэзах у кінатэатр заходзіла за нейкія дзьве гадзіны па пяць-шэсьць міліцэйскіх нарадаў: хлопцы былі маладзейшыя за яе сына, некаторыя – натуральныя адмарозкі, а былі й такія, што шчыра прызнаваліся: мы ўсё разумеем, проста загадана... Вакол пляскалі ўсё больш імпэтна, і яна імкнулася не адставаць.
91.
Між тым яе суседу, Анатолю Анатолічу, воплескі
Прыбіральня была занятая: некалькі белтэр’ераў, напэўна, каб не губляць формы, адціскаліся там ад падлогі. Анатоль Анатоліч выскачыў на двор і абабег будынак, праклінаючы кожны мэтр тратуарнай пліткі. Сярод дрэваў, якія раней надзейна ахоўвалі любога, хто меў немудрагелістую чалавечую патрэбу, цяпер разьмяшчалася дзіцячая пляцоўка. Ён з прыкрасьцю плюнуў у кветнік і кінуўся, трымаючы рукі ў кішэнях, да службовага ўваходу.
92.
Цяпер Мінус уключаў музыку ўсё радзей; напрыклад, на пятым спэктаклі яе не гучала зусім, наколькі я яшчэ быў здольны разумець, я, ачмураны атрутнай барваю нашай фантасмагарычнай глядзельнай залі, яе водарамі, што перасьледвалі, і, відаць, не аднаго мяне, зазвычай яшчэ некалькі содняў пасьля наведваньня тэатру, насяляючы жудкаватымі трапяткімі зданямі маю выстылую кватэру. У парадку спэктаклю не было строгага чаргаваньня, не было рэгулярнасьці: напрыклад, першыя тры спэктаклі мы паглядзелі на працягу двух тыдняў, чацьверты адбыўся празь месяц, а пяты – ужо праз чатыры дні пасьля гэтага. Улічваючы тое, якім чынам яны арганізоўваліся, тут не было нічога дзіўнага – але я не хацеў, ды ўжо й ня мог задумвацца пра гэта, пра абалонку нашых пастановак, яна была недзе далёка, не ў маім жыцьці, і не ў жыцьці маіх суседзяў па партэры... або ўсё-ткі ложы? хто ведае. Значна прыемней было аддавацца на волю гэтага брыдкага чалавечка, ягоным рукам і словам, якія кіравалі нашым змораным ад шматгадовай самастойнасьці ўспрыманьнем, што станавілася на некалькі гадзінаў адным цэлым, ручной жывёлай маленькага маршчыністага штукара зь неімаверным мяном. Усё нашае жыцьцё мы, самі гэтага не ўсьведамляючы, сумавалі па рэжысэры; мы нават шукалі яго, безвач і навобмацак, у цемры падзеяў, што выбухаюць бяз нашага ўдзелу, але дагараюць пад нашымі босымі пяткамі, пяткамі сьляпых вандроўнікаў.
Мы не абменьваліся словамі, толькі зрэдку паглядалі адно на аднога, няўцямна й дабразычліва, як людзі, якія імгненьне таму хацелі нешта спытаць, але забыліся, што менавіта: такое бывае досыць часта. Мне, аднак, нягледзячы на ўсю адслоненасьць нашага тамтэйшага знаходжаньня, хутка кінулася ў вочы: пазіраючы на гледачоў побач, можна было заўважыць, як у глыбіні іхнай, пад плеўкай першасных чалавечых рэакцый, гэтай нескладанай сумесі таго, што ў нас пастаралася ўкласьці выхаваньне, і таго, чым валодаў яшчэ прачалавек, – там вырастае пакрысе штосьці новае, незнаёмае ні нам, ні Мінусу, ні заўсёды маўклівай І – быццам унутры кожнага з нас, зачатая выкінутым у сталіцу лятучым насеньнем гэтага чырвонага пакою, гадуецца істота, для якой пазатэатральная рэчаіснасьць – толькі небясьпечны грыбок, ад якога трэба бараніцца.
93.
Так, ён усё радзей уключаў музыку, ён відавочна ўпэўніўся, што яна й бяз гэтага даўно ўжо грае ў вушах кожнага з гледачоў, варта тым выйсьці з трамваю на вуліцы Ўзорнай. Мы былі інфікаваныя ёй; мы нават пасьля вяртаньня са спэктаклю, выконваючы якое-небудзь будзённае дзеяньне, заўсёды чулі гэты загадкавы матыў, той самы, што нам прышчапілі ў першае наведваньне тэатру. І празмузыку ўсё цяжэй было вызначыць сапраўдны сэнс нашых штодзённых клопатаў: цудоўна памятаю, як я пасьля доўгага перапынку раптам узяў з паліцы кнігу зь сьветлай каймой пылу ўверсе, пакруціў яе ў руках – далейшыя рухі мне нібыта нехта падказаў, я лёг з кнігай у ложак, пакуль не забалелі вочы ўзіраўся ў назву й потым тысячу разоў запар перачытаў імя аўтара, дзівячыся таму, што ніяк не магу разгадаць сакрэту... Пэўны час я забаўляўся тым, што вылучаў у назьве асобныя склады: яны падаваліся, адарваныя ад матрыцы, пачварна немілагучнымі, тырчалі, разламаныя напалам, і з канцоў крапала нешта алеістае. Як можна было паддацца на такі прымітыўны зман, думаў я, і любімымі духмянасьцямі І пацягнула аднекуль з лазьніцы, як можна было шмат гадоў запар не заўважаць, наколькі ненадзейна склееныя гэтыя груба змайстраваныя слоўцы. Да самага сутоньня, забыўшы пра голад, я разважаў над прычынай майго расчараваньня ў словах на вокладцы, і ўрэшце зразумеў: я проста выцягнуў іх уручанымі мне Мінусам шчыпцамі
зь дзёгцю чалавечых забаваў, я паглядзеў на іх адстаронена, уратаваў іх з палону ўтылітарнасьці, і словы сталі тым, чым яны ёсьць – бессэнсоўнымі гукамі без прычынаў і наступстваў. І варта было мне пашкадаваць іх за гэта – яны зноў пагрозьліва злучыліся ў нейкія немудрагелістыя катавальныя прыстасаваньні, але мне ўжо было вядома, што хаваецца за іхнай маналітнасьцю, я бачыў сьвежыя рубцы на зманліва непадзельных каранях, і ніводнаму суфіксу, так прафесійна распасьцерламу свае натрэніраваныя лапкі, ужо было не спакусіць мяне. Я ведаў, што насамрэч іхныя таленты абмяжоўваюцца шэрагам простых уменьняў, на якія нанесеная фальшывая пазалота дасканаласьці, аднак музыка, музыка, музыка – яна рабіла ідэальным мой зрок, і я даваў зьедлівую адповедзь прадаўцам падробкі: вось тут трэшчына, і тут, а там вось, бачыце, пад нібыта бездакорным слоем, на які можна пэндзлікам нанесьці што-небудзь мастацкае, – там брудная гума й танная папера. Жахлівая прыгажосьць музыкі была амаль бачнай; спачатку мне хацелася падзяліцца з кімсьці сваімі адкрыцьцямі: на парозе стаяў сусед, я цяжка дыхаў і усё ж шоў на ягонай шыі ( пазначце, зафіксуйце для сябе гэтае крывадушша літараў, прастытуцыю слова!) мне было добра відаць – яны думаюць, што я дурны й не заўважу, як гэты шоў падымаецца па ягонай шчацэ й зьнікае ў кутку п’янага, жорсткага вока, дрэнна працуеце, спадары, выраб “Сусед” не адпавядае заяўленай якасьці: грудная клетка не хацела станавіцца на месца й нехта абрэзаў яе па краях іржавымі нажніцамі, вось і махры тырчаць! Халаднеючае “неба” ў вакне магло падмануць каго заўгодна, але толькі не мяне: найслабейшы ветрык з таго боку гайдаў канструкцыю й надзімаў матэрыю як ветразь.Музыка цішэла, я замыкаў падробным ключом падробныя дзьверы й ныраў у падробны сон.
94.
Непадробнай, сапраўднай безумоўна была І: у душным паветры нашай глядзельнай залі прысутнічала нешта, што ўтрымлівала ў сабе прыхаваны дазвол на праяву любога пачуцьця. Я сумняваўся, ці павярне хаця бы хто-небудзь галаву, залезь я пажаднымі пальцамі ёй пад лахманы, або ўпіся ў яе вечна сухія вусны. Усё ж я ня йшоў на гэта – сумняваўся, ці будзе нейкі адказ з боку самой І... цалкам магчыма, што не. Стрымліваў мяне й Назар Мінус, маўклівы цень за маёй сьпінай: паміж ім і І відавочна існавала загадкавая сувязь, ужо адное тое, што яны разам абедалі, рабіла І асобай, набліжанай да імпэратара – ні з Даражком, ні з Кармушкіным, ні з кіроўцам, ні зь лекарам у мяне ніколі не было па-за тэатрам аніякіх стасункаў – выходзячы за дзьверы пасьля спэктаклю, мы адвярнуўшыся, без аніводнага слова разьбягаліся ў розныя бакі, каб потым сустрэцца ў трамвайным вагоне й хаваць твар у ваконным шкле. Між тым, І заўсёды заставалася ў тэатры пасьля спэктаклю, неўзабаве я зразумеў, што яна жыве тут. Яны зь Мінусам прылюдна ніколі нават не дакраналіся адно да аднаго, і таму доказаў я ня меў, але тады я быў упэўнены: яна зь ім сьпіць, сьпіць з гэтым гномам; было пакутліва, аднак даволі займальна ўяўляць працэс іхнага спароўваньня, Мінус падаваўся мне бясполай істотай або, прынамсі, ня маючай шанцаў на бясплатную любоў; о, мая бедная, бедная І, поўная пачвараў клетка зь перапіленымі прутамі, якая стаіць ў цёмным пакоі, І, перліна, раскрышаная над гразкай лістападаўскай дарогай...
95.
І ўсё ж, няхай нашыя сустрэчы і абыходзіліся бяз колькі-небудзь значных размоваў, аднойчы мне пашчасьціла пачуць ад Мінуса цэлы маналёг, хвілінаў на трыццаць. І пасадзейнічала гэтаму, як ні дзіўна, Віка. Не, пра тое, што адбываецца ў тэатры, яна нічога ня ведала. Віка тэлефанавала мне зрэдку: вось, да прыкладу, незадоўга да таго вечару яна проста агаломшыла мяне сваім позьнім званком.
– Мусаргскі! – выдыхнула яна ў слухаўку, не павітаўшыся. Я ліхаманкава спрабаваў скеміць, куды яна хіліць.
– Гэта Мусаргскі. Карцінкі з выстаўкі. Той матыў, які ты мне напеў тады... Тады, калі мы ў “Вавёрачку” заходзілі... Ну, нядаўна... Ня памятаю ўжо, месяц, можа, таму...
– І ты яшчэ пра гэта памятаеш?...
Я размаўляў зь ёй смурным голасам, яна перашкодзіла мне дасьледваць на прадмет падробкі сухія й дыямэнтава-цьвёрдыя градзіны – неба абстраляла мяне імі падчас майго п’янага вячэрняга мацыёну, зь якога я толькі што вярнуўся, і я сабраў жменю халодных куляў і прынес дахаты – яны яшчэ не пасьпелі растаяць. Аднак насамрэч я быў шчыра зьдзіўлены: мне здавалася, Віка заўсёды была заклапочаная толькі сабой ды забывала пра чалавека адразу ж пасьля таго, як сканчала зь ім размаўляць. Нашае расстаньне відавочна пайшло ёй на карысьць.
Праз два дні яна патэлефанавала недзе апоўдні – яшчэ трошкі, і яна б мяне не засьпела, я зьбіраўся кудысьці й хадзіў па кватэры, успамінаючы, што ж я забыў. Званіла яна з гатэлю, і як ні імкнулася гаварыць заўсёдным сваім прадпрымальніцкім тонам, адчувалася, што набраць мой нумар яе прымусіла трывога.
– Я тут у гасьцініцы “Пераможца”, мы зь дзяўчатамі зайшлі ў госьці, ну, дакладней, нас запрасілі, адзін чалавек, ён скандынаў, так, скандынаў, – таропка прамаўляла яна, і мне здалося, што я бачу, як Віка раз-пораз спалохана азіраецца. – Усё, у прынцыпе, нармальна – ха: пакуль нармальна! але ведаеш, ён дзьверы ад нумару замкнуў на ключ і выпускаць нас ня хоча... Агідны тып, калі шчыра. Паслухай, пад’едзь сюды, калі ласка, нумар семдзесят восьмы, пад’едзь, бо, ведаеш... Ведаеш,я...
Такім голасам яна яшчэ ніколі не гаварыла:
– Я баюся.
І я паехаў – паехаў да гатэля “Пераможца”, хаця меў поўнае права гэтага не рабіць. У рэцэпцыі на мяне паглядзелі з падазрэньнем і нават слухаць ня сталі, аднак гатэль быў зусім не пяцізоркавы: празь пяць хвілінаў я нікім не заўважаным ценем перасек невялікі хол і выклікаў ліфт. Нейкі тамбовец, што даўно стаяў тут, перамінаючыся з нагі на нагу, адправіўся ўверх у раптоўна ўзьніклай суседняй кабіне, а я дачакаўся сваёй. Усьлед за мной упырхнуў нехта бязважкі. Я націснуў кнопку, абярнуўся й пабачыў Мінуса, які безуважна зірнуў на мяне й пераклаў з рукі ў руку брунаты чамаданчык.
Мае выдрэсыраваныя вусны прынялі форму стрыманага вітаньня, але я своечасова адумаўся, уздыхнуў і пакорліва ўтаропіўся ў плямістую падлогу. Мінус цяжка маўчаў. Ліфт падымаўся ўгору хваравітымі рыўкамі, нібы выдзіраючыся зь нечых учэпістых, тонкіх лапаў, прагныя дотыкі якіх пакідалі на сьценках кабіны кароткі шэлест. Добрая нагода высьветліць усё бязь сьведкаў. Колькі тут паверхаў? Кабіна загайдалася, быццам выходзіла ў адкрыты космас. Цікава, для чаго на панэлі вось гэтая чорная кнопка? Ці не для таго, каб зьнішчаць адкіды астрапасажыраў, усялякае сьмецьце, кшталту маленькіх маршчыністых мужчын з бутафорскімі вушамі й кропляй поту над верхняй губой?