Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
– Адчыніце, гэта ўрач!
50.
– Пайшла ў жопу! – пачуўся з таго боку цяжкі голас. – Мала я табе, муха...
Маленькі лекар хмыкнуў і паглядзеў на жанчыну, якая запівала пігулку. Вусны той зноў задрыжэлі.
– Трэба было псыхіятрычную выклікаць, – незадаволена прабурчаў Маленькі лекар. – Што ж вы нам тэлефануеце...
Ягоная рука міжволі забегала па кішэні ў пошуках цыгарэты. Дзеці ўсё выглядвалі з залі, і ў сініх іхных вачах чыталася задавальненьне.
– Так, выклікайце псыхіятрычную, а мы паедзем, – суха прамовіла мэдсястра, аднак Маленькі лекар узьняў далонь і, памаўчаўшы, зноў павярнуўся да дзьвярэй.
–
– А па я ня хочаш? – такім быў адказ. Маленькі лекар паціснуў плячыма. “У міліцыю званіце”, – раздражнёна сказала мэдсястра, зазірнуўшы з чыстай цікаўнасьці ў спачывальню.
– Нельга ў міліцыю, – заплакала зноў жанчына. – Яго й так ужо забіралі... Тройчы...
– Ну што ж мы можам тут зрабіць? – Маленькі лекар паглядзеў на яе са шкадаваньнем. – Начаваць застацца? Гэта, дарэчы, першы паверх, так?
– А што ж мне рабіць?! – залямантавала жанчына, стукнуўшыся лбом аб сьцяну. – А што ж мне?... Усё зжарэ, ірад паганы, казёл гэты...
Маленькі лекар дастаў цыгарэту, і тут голас з-за дзьвярэй сумна прамовіў:
– А ты й праўда доктар?
– Праўда, – спакойна адказаў Маленькі лекар.
– Пакляніся, што ня мент.
– Клянуся.
– Чым?
– Мацяр’ю, – прашаптала жонка паядальніка грошай. – Мацяр’ю пакляніцеся.
– Мацяр’ю, – сказаў Маленькі лекар неахвотна.
Некалькі сэкундаў трывала маўчаньне, потым голас змрочна прамовіў:
– Доктар няхай зойдзе. Астатнім заставацца на месцы. Хто ўвойдзе – са стрэльбы пакладу, пёрнуць не пасьпееце.
– Стрэльба ў яго маецца, маецца, асабістая, паляўнічая, даўно забраць хацелі, – трывожна прашаптала жанчына. Сьлёзы яе зьніклі, вочы загарэліся. Мэдсястра ўзяла з рук лекара цыгарэту й пасунулася да выхаду. Замок шчоўкнуў, ўздрыгнула ручка. Маленькі лекар у думках разьвітаўся з прыемнай паненкай з праспэкту й штурхануў дзьверы.
51.
Хворы сядзеў проста на падлозе, пад адчыненай форткай, прысланіўшыся сьпінай да батарэі. Гэта быў нічым не прыкметны чалавек з тварам фабрычнай вытворчасьці, вочы глядзелі на Маленькага лекара са злой роспаччу, на лбе блішчэў пот; шчокі колеру бульбянога мундзіру, акругласьць скулаў, насавых дугаў і падбародзьдзя сьведчылі пра тое, што да моцных напояў Ірад Паганы зусім не абыякавы. Між выцягнутых ягоных ног у сініх спартовых нагавіцах стаяла бутэлька гарэлкі й тырчэў вінны келіх, бялелі цыгарэты; каля пятак, завяршаючы доўгае паўкола крошак, ляжала паўбуханкі чорнага хлебу – з нажом у пахілай сьпіне. У руцэ хворага й праўда матлялася стрэльба, і Маленькі лекар адчуў, як на ягоную постаць дрыжачай нябачнай сеткай падае прыцэл, узважвае, трымае, выпускае – і зноў захутвае сваім маленькім сьмертаносным ценем.
А наперадзе хворага ў маляўнічым бязладзьдзі, ледзь ня цалкам пакрываючы стракаты дыван, валяліся амэрыканскія грошы рознага ўзросту й з розным пачуцьцём уласнае годнасьці.
– Дзьверы зачыні й пра замок не забудзь, – сіпла прамовіў пацыент, апусьціўшы стрэльбу руляй уніз, і Маленькі лекар падпарадкаваўся. Зноў апынуўшыся твар да твару з паядальнікам даляраў, лекар асьцярожна ступіў наперад, спыніўся ля самага краю дывана ды аглядзеўся вакол.
Гэта быў, відаць, найменш абжыты пакой ува ўсёй кватэры. Тут панавала чысьціня, якую не псавалі нават дзіўны гармідар на падлозе, салодкі перагар й гаспадарская фігура пад вакном. Ля сьцяны стаяў ахайна засьцелены шырокі ложак, другую сьцяну падпіраў буфэт, за шклянымі перагародкамі
якога пыліліся розныя крышталёвыя ды парцалянавыя пасудзіны ды сасуды. З вузкай шафы зьлева ад дзьвярэй віднеліся драўляныя вешалкі – усё, што засталося ад прыезджых дзядзькоў і цётак. Тыповы пакой для гасьцей. Занадта вялізная хата для тых, хто жыў у інтэрнаце або памятае камуналкі. Добра яшчэ, што не зрабілі з гэтага пакоя кладоўку.– Ды ты сядай, ня стой, – заварушыўся гаспадар. – Халат здымай...
– Ды тут... Дзьме, – прамармытаў Маленькі лекар і апусьціўся на край дывана, не засеяны зелянінай. Гаспадар, крэкчучы, падняўся на ногі й, не выпускаючы з рукі стрэльбы, хутка дастаў з буфэту келіх, наліў і паставіў перад госьцем:
– Цябе як завуць?
Маленькі лекар назваў сваё ймя й дакрануўся да келіху. На дне ягоным гарэла барвовае колца: калісьці тут пілі кагор, хрумсьцелі шакаляднай фальгой, рабілі пляны, чакалі дзіцячага крыку, чакалі пракураных мужчын зь лесьвічнай пляцоўкі, у пакамечаных касьцюмах, якія яны ніколі не навучацца насіць.
– А мяне, – прадставіўся хворы й прыўзьняў высокі келіх. – Я на аўтобусе працую... На трыццаць першым зазвычай... Ну давай, за знаёмства.
І Маленькі лекар адпіў амаль палову: барвовае колца на дне здрыганулася, пахіснулася, і доўга яшчэ вярталася ў належныя межы.
– А ты, значыць, доктарам, – кіроўца аўтобусу адрэзаў ад буханкі лусту, паклаў на калена, імгненна парваў на шматочкі старую пяцідзесяцідаляравую купюру, пасыпаў імі хлеб і, скрывіўшыся, гучна зачвякаў. – Танька, дура, выклікала... Зусім ад рук адбілася.
52.
– Ты вось думаеш, што я дзеўбануўся ўшчэнт, – спакойна прамовіў кіроўца, паволі й спраўна гатуючы свае прымітыўныя бутэрброды й раскладаючы іх у цэнтры дывана. – Думаеш, я дэбіл, і навогул на галаву... карацей, на галаву таго... А я табе вось што скажу.
Гаспадар узяў бутэльку, нахіліў яе над келіхам Маленькага лекара, аднак тут жа торгнуўся, нібыта яго ўкусілі, і пакрыўджана адвярнуўся да вакна: так ня пойдзе. Маленькі лекар неахвотна дапіў, і дзіва дзіўнае – як толькі барвовае колца агалілася й засьвяціла ярчэй, яму захацелася паўтарыць. “О цэ діло”, – блякла пасьміхнуўся кіроўца й шчодра напоўніў келіх.
– А я вось што скажу, – яны выпілі. – Не сьпяшайся ніколі з высновамі. Ты спачатку чалавека выслухай, потым сябе на яго месца пастаў, а потым ужо лячы. Выслухаеш ды паставіш – вось тады, можа, і сам да яго на лячэньне прыйдзеш. Вось так. Ды што ты ўсё старыя гэтыя бярэш, ты вось гэты, з новай, хрумсьціць яшчэ, а, чуеш як хрумсьціць? з новай вазьмі. Дзясятка, праўда, ды ім жа, пагадзіся, ужо ўсё адно.
– Многа ты ўжо? – запытаўся нерашуча Маленькі лекар. – Многа зьеў?
– А хто іх ведае, – адмахнуўся кіроўца, кладучы ў рот яшчэ адну пяцідзесятку. – У трыбуху яны ўсе – адна папера. Ты вось думаеш – навошта ён грошы жрэ? А мне нядаўна, можа, азарэньне было!
За дзьвярыма пачулася жаночае галашэньне, а потым голас мэдсястры са старой песьняю пра міліцыю.
– Справа была такая, – кіроўца з бачным намаганьнем пракаўтнуў рэшткі закускі, адрыгнуў, потым раптам схапіў бутэльку й затаўкнуў назад ванітоўны рэфлекс. – Перад дваццаць трэцім было. Ноч ужо, я ў парк еду, пусты. І вось жа стукнула мне двух падабраць ля тэатру опэрнага. Нармальныя хлопцы, здаецца, ну, выпілі, відаць, трохі...
Кіроўца ўскочыў, кінуўся ў кут, і пасьля кароткага вывяржэньня, прапаласкаўшы рот гарэлкай, працягнуў свой аповед. З-пад ложку выпаўз зеленаваты струмень, упёрся ў край дывана й замёр.