Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Напэўна, ты назвала нейкае іншае імя, або зусім ніякага не называла, прынамсі, цяпер мне здаецца, пра фраў Хойтэ я сам дадумаў.
– Лекар адразу ўцяміў, хто перад ім... – працягваеш ты. – Ты ж разумееш, пра каго гаворка?
– Пра сьмерць, натуральна.
– Так. Пра Сьмерць. Яны зірнулі адно адному ў вочы, і лекару ўсё стала ясна.
– Зразумела, чаму. Справа ў далучанасьці. Якім бы ён ні быў спэцыялістам. Яны ж у пэўным сэнсьсе калегі.
– Ну, я б сказала, калегі-канкурэнты. Уяві сабе гэты момант. Ён не паказваў, што ведае яе. А яна пасьміхалася яму ў твар, так... паблажліва... Лекар, аднак, дапамагаць ёй адмовіўся. Яны стаялі й глядзелі адно адному ў вочы. Ён быў ужо добра п’яны, і таму жах спалучаўся ў ім з такой... такой дурной адвагай. “Не,” – сказаў лекар, ягоны язык заплятаўся, – “Ня маю адпаведных паўнамоцтваў. Прыходзьце заўтра ў прыёмныя гадзіны. Кім вы, дарэчы, прыходзіцеся пацыентцы?”. Сьмерці надакучыла, яна пасадзіла яго на крэсла і лекар імгненна заснуў. А назаўтра фраў Хойтэ стала настолькі лепш, што яе выпісалі зь лякарні...
– ...і яна пражыла яшчэ трыццаць гадоў,
– Ня ведаю. Пра гэта бацька не казаў.
– Але ж чаму яна яшчэ й нешта распытвала ў лекара? Няўжо ёй, усеўладнай, трэба зьвяртацца па дадатковую інфармацыю?
Мы захапіліся. У доме насупраць гаснуць амаль усе вокны. Толькі адзін вар’ят сядзіць перад вялікім, на ўсю сьцяну, тэлевізарам, і глядзіць старыя савецкія фільмы. А ўдзень ён сьпіць, нам гэта добра відаць. Тут не прынята завешваць вокны фіранкамі, і таму напачатку, калі я падыходзіў да акна, то заўсёды пачуваўся няёмка.
– Думаю, ёй таксама хочацца разнастайнасьці, – кажаш ты. – А ты часта бываў на пахаваньнях, там, у сябе?
– У дзяцінстве так. У нас дзяцей заўсёды бяруць з сабой на хаўтуры. Як на дні народзінаў або на вясельлі. Ня думаю, што адмыслова. Проста іх няма куды падзець. Яшчэ й фатаграфуюцца ля дамавіны... Дзецям неабавязкова нараджацца падчас вайны, каб знаходзіцца блізка да сьмерці. “Ідзі, пацалуй дзядулю ў апошні раз”, – гаворыць скрозь сьлёзы чорна-белая маці, і дзяўчынка... яна ўжо даўно стаіць тут... ростам яна якраз трохі вышэйшая за труну... яна падыходзіць і дакранаецца вуснамі да халоднага лба. Цалуе труп. І касавурыцца на адзіную незнаёмую ёй цётку ў натоўпе, якая строга сочыць за тым, ці паслухмяна выконваецца заданьне. Хіба можна быць да сьмерці бліжэй? Хаця, мне здаецца, гэты звычай не пазбаўлены сэнсу.
– Магчыма, – задуменна адказваеш ты. – Ведаеш, дарэчы, адзін паэт, які скончыў жыцьцё самагубствам...
– Самагубствам? Я недзе чытаў пра дзяўчыну, якая, каб скончыць жыцьцё самагубствам, праглынула чатыры лыжкі, тры нажы, кучу манэтаў, два дзясяткі цьвікоў, сем аконных шпінгалетаў, медны крыжык, сотню шпілек, наглыталася шкла... І засталася жывая! Аднак я перапыніў цябе. Даруй.
– ...дык вось. Гэты паэт назваў сьмерць “маўклівым гардэробшчыкам”. На першы погляд даволі прыніжальна, але ж насамрэч не.
– А вось і ён сам, гэты гардэробшчык, – шапчу я. – Дагутарыліся.
Зьнізу ў нашыя дзьверы й праўда нехта асьцярожна звоніць. Зусім голы, я йду да дамафону.
– Гэта Франк, – чуецца ўпарты голас. – Здаецца, я забыў у вас парасон.
***
Вераніка змарылася. Вераніка так змарылася, што нават зьняла пінжак. Чалавек у кабінэце добра гэта бачыў. “Табе не перашкодзіў бы добры масаж,” – сказаў ён аднекуль з-за яе сьпіны, яшчэ баючыся дакрануцца да Веранікі, але ўжо гуляючы яснымі, нібы пасьля хваробы, вачыма, па яе аголенай шыі, і паколькі Вераніка маўчала, вырашыў усё ж паспрабаваць. Цёплыя мяккія пальцы леглі на яе скуру, паволі націснулі й зараз жа адхіснуліся, завісьлі над тым месцам, дзе сьветла-брунатны паўмесяц незмывальнага загару плаўна пераходзіць у цнатлівую белізну. Хаця фарбы тут ня маюць значэньня, і афарбоўка пашпартнае скуры таксама ня ўлічваецца. Пальцы чакалі яе рэакцыі, і скажы яна ў гэты момант што-небудзь недарэчнае, яны, можа, не вярнуліся б. Але Вераніка маўчала, хаця зь яе артыкуляцыйным апаратам пакуль што ўсё было ў норме, ну, хіба што горла крыху балела, як яно заўсёды найнепрыемнейшым чынам баліць у занадта добрае надвор’е, адплочваючы нам за недахоп дробных грашкоў, за няправільна абраныя дэкарацыі. І пальцы зноў апынуліся на Вераніцы, яны правялі мазолістымі падушачкамі па яе патыліцы, зьверху ўніз, акуратна, па-цырульніцку расправілі каўнер, адсунулі яго далей, каб не замінаў. Перамясьціліся на плечы, прабегліся, ціха патупваючы, па костачках, зазірнуўшы між іншым на імгненьне ледзь не пад рукавы, і вярнуліся да шыі, зрабілі хуткі эскіз лапатак і зноў падняліся ўверх, а потым замерлі, нібы прыгадваючы нешта, – і пачалі сваю працу.
Пальцы як быццам мелі ўласную памяць, памяць скульптара, іх уладальнік ведаў, што ён хоча зьляпіць зь Веранікі. А Вераніка ня ведала, у што яна цяпер хацела б ператварыцца, ёй усё хацелася выць ад радасьці, але чамусьці ня вылася; яе бедны карак, які ў іншы час вылецеў бы коркам зь цела ад гэтых дотыкаў, сьцяўся й замінаў дыхаць. “Усё адно,” – падумала Вераніка, адчуваючы сябе скрыпкай. Добра, што люстра зь яе месца не было відаць, бо яна пабачыла б, што й сапраўды становіцца скрыпкай, рудаватай, дарагой, без футаралу – струны вылезьлі зь Веранікі, нібы з упакоўкі, напятыя струны, адна зь якіх п’яўкай прысмакталася да яе ілба. Ёй і праўда стала лягчэй ад гэтага масажу, кудысьці зьнікалі й мігрэнь, і гнятлівы настрой, і мёртвыя нэрвовыя клеткі, пра якія так любіла казаць яе маці, не заміналі больш нараджацца жывым, якія яшчэ ня ведалі, што іх чакае й колькі тут плоцяць кур’ерам. Раптам зачасаўся нос, нап’юся сёньня, нап’юся сёньня, паўтарала яна пра сябе, няўпэўнена пасьміхаючыся, нос часаўся, але менш за ўсё Вераніцы хацелася цяпер перапыняць чалавека за сьпінай, адзін яе рух мог усё сапсаваць. “Ну як, лепш?” – запытаўся чалавек, які й сам пакрысе зьмяняўся, толькі не заўважаў гэтага – напрыклад, ягоны чэрап марудна, але няўхільна разыходзіўся ўшыркі, бы пад прэсам, і набывалі іншы колер валасы, і вочы трэскаліся, бы тонкае шкло. “Так, так” – сказала Вераніка, што пасьпела ператварыцца ў гадзіньнік. “Так”.
***
Колькі геніяў уцякалі сюды – а колькі няздарнасьцяў!... Флярэнцыя, няўжо сапраўды ад слова “кветка”? – вершы, якія ты чытаеш мне на нашым бальконе, тысячу дзён таму, тысячу кілямэтраў на паўночны ўсход. І вось нарэшце гэты музэй на Вія Рамана,
і як заўсёды расчараваньне: так, усё як марыў, усё як уяўляў, летуценьні няўдалага мэдыка, які стаў паэтам, патолягаанатама, якога ванітуе ад сузіраньня не нябожчыкаў, але калегаў па цэху... Аднак найгоршае пабочнае дзеяньне мары – гэта яе мажлівая зьдзяйсьняльнасьць. Няма нічога больш пакутлівага, чым спраўджаная мёртвая мара.Аднак вернемся да музэю. Брунатная шляхетнасьць парэпанага паркету, прымірэньне з прасторай, экспанаты пад непераборлівым шклом, на масіўных падстаўках спакойнага, але ня схільнага да фамільярнасьці цёмнага-зялёнага колеру. А яшчэ на белых сьценах, у рамах, нібы карціны, – ніякае змрочнасьці; а яшчэ – у празрыстых дамавінках на вытанчаных, фігурных ножках. Нікому не прызнавайся, што менавіта гэта й цікавіць цябе больш за ўсё. Эўропа, маё ратаваньне: колькі ачмуральных падарожжаў у часе тут можна зрабіць, маючы трохі ўяўленьня, было б жаданьне, такое, ад якога цесна становіцца ў глотцы. Гэтая заля, да прыкладу, цалкам падыходзіць для таго, каб выправіцца калі не на трыста, дык на сто пяцьдзесят год назад, пад няспынны рогат ракі Хронас... Калі б толькі ня лямпы ды ня гэтыя ўключаныя ўказальнікі зь белым чалавечкам, які будзе вечна бегчы па плястмасавым лузе, у марнай пагоні за выпушчанай зусім не ў яго стралой: exit. Аркі скразных праходаў. Атынкаваныя аркі порцікаў, зь якіх быццам з тэлефонных будак або з капліцаў у скрушнай задуменнасьці выходзяць тыя, каго калісьці задумалі нерухомымі, выходзяць ужо некалькі стагодзьдзяў, на радасьць такім, як я. Сюжэтныя барэльефы колеру высахлай крыві й скуры. Маскі лацінскіх лічбаў на арабізьне заляў. Я схіляюся над адной з дамавінаў і раптам бачу ў ёй Вераніку.
Яна ляжыць пад шклом, аголеная, трохі запракінуўшы галаву, здаецца, яна сьпіць, але не, вочы паўадплюшчаныя, у іх няма ні болю, ні шчасьця, асабіста я бачу паміж яе напаўсамкнутымі вейкамі стому, нібы яна яшчэ хвіліну таму займалася каханьнем, а цяпер адкінулася на сваё ложа – ды толькі пад шклом яна ў поўнай адзіноце, так што найхутчэй гэта стома ад усіх тых позіркаў, якія кінулі на яе за апошнія дзьвесьце гадоў. За такі час са многім можна звыкнуцца. Тут мусяць быць нейкія адтуліны для вэнтыляцыі, адтуліны, празь якія ўлятучыўся сорам, бо спачатку ж закрывала рукамі ўлоньне ды грудзі, калі заля напаўнялася спраўнымі вусатымі сіньёрамі, студэнтамі ў чорных капелюшах, тоўстымі вучонымі, дамамі з шырока расплюшчанымі вачыма. Ніхто не зважаў на яе сорам, яны бачылі толькі тое, што хацелі пабачыць, па што прыйшлі сюды. Вераніка ляжыць пад шклом, адна нага паўсагнутая, доўгія чорныя валасы, расчасаныя на роўныя пасмы, спадаюць у нерухомыя цені рук з акруглых уступаў жоўтых плячэй, і даходзяць амаль да пояса. На вуснах Веранікі застыла паўусьмешка, на шыі каралі з матава-белых пэрлінаў сярэдняга памеру. Ёй сямнаццаць, ня болей. Яе яшчэ не пакінула гармонія маладосьці, і ніколі ўжо не пакіне, хіба што падбародзьдзе крыху круглейшае, чым прынята мець сёньня, пад ім – ледзь бачная, мяккая складка. Блікі штучнага сьвятла на залацістай скуры.
Чаму ж я кажу, што перада мной Вераніка? Яна даўно й бяз права на абскарджаньне ўкараціла свае валасы, зусім ня чорныя, а сьветлыя, бы птушынае пер’е, кропля кавы ў кубку з малаком. У целе Веранікі незваротна пераважала Поўнач, а Поўдзень праглядваўся хіба што ў бровах ды абрысе сьпіны. І – увага! – унізе яе жывата не было гэтага цёмнага паўкола, выразнае паласы, самая ніжняя кропка якой даходзіць амаль да лабка, а канцы схаваныя там, дзе звычайна напінаецца сантымэтр шаўца, які мерае талію кліенту, – паласы, якая ясна паказвае, што на патрэбу з чароўнага торсу гэтае жанчыны можна зьняць накрыўку. І я ніводнага разу ня бачыў, каб смочкі Веранікі (не настолькі ружовыя ды празрыстыя, з удалым дамешкам брунатага) паўставалі так высока і аддана са сваіх маленькіх кратэраў, хаця ўсялякае магчыма, я даўно ня бачыў яе грудзей. І пэрлінаў на шыі яна не насіла. У Веранічыным целе было нашмат менш акругласьці, больш косткі, больш волі. Пальцы на нагах былі меншыя, і твар хударлявейшы. Але гэта яна, яна, я бачыў яе менавіта такой, у гэтай самай позе, гэткай жа маладой і адкрытай для маіх вачэй, я бачу яе цяпер, такой голай-гульнёвай-гладкай, і нішто ўва мне не заходзіцца ад узбуджэньня, чыстае таемства сузіраньня; і няхай яе падабенства (Яе Падабенства) сядзіць цяпер нерэальна далёка адсюль у стэрыльным сваім кабінэце й нэрвова тузае туфлі пад працоўным сталом, ня верце – там, у неразмарожанай краіне, толькі яе наццаты сьлепак, сапраўдная Вераніка тут, пада мной, як калісьці, Вераніка з крыві, скуры й мяса, Вераніка з навек застылага воску.
Герцаг-студэнт – так, мажліва, называлі яго самыя разумныя зь лёкаяў. Пэтэр Леапольд фон Габсбург Лятарынгскі, герцаг Тасканскі! – гучыць як цяжкая кавалерыя. Але мяккія, чулыя, прыпухлыя, цікаўныя вусны, якімі абзавёўся нават ягоны бронзавы бюст, не выдаюць ў герцагу ні тырана, ні ваяку. Менавіта ён вырашыў стварыць у Флярэнцыі музэй фізыкі й прыродазнаўчых навукаў, які пазьней сталі называць проста La Specola, абсэрваторыя. Па-нямецку гучыць бадай што яшчэ рамантычней: Sternwarte, ці зорная варта. Воскам гэтыя словы ня пахнуць – што ж, і мэдыцына ня пахне мёдам. У 1771 годзе ад Н.Х... Але к чорту такі стыль! За чатыры гады (неверагодная хуткасьць для тых часоў) у Флярэнцыю былі зьвезеныя дзясяткі экспанатаў, і 21 лютага музэй адчыніўся. Раніцай яго маглі наведаць усе добрыя хрысьціяне, па абедзе ж доступ быў адкрыты толькі для тых, хто займаўся мастацтвам або навукаю. Кіраваць музэем герцаг прызначыў “аднаго з найадукаванейшых людзей свайго часу”, як любяць пісаць сучасныя хранічныя храністы. Фэлічэ Фантана з Равэрэта быў, уласна, дацэнтам лёгікі, а значыць, музэй мэтафізыкі падыйшоў бы яму больш, чым фізычны, аднак і хімія, і мэдыцына былі яму зусім не чужыя. І герцагскі пратэжэ з запалам узяўся за працу. Праз дваццаць гадоў экспанатамі былі цалкам запоўненыя ўжо восем заляў.