Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Воск. Ім ахвотна карысталіся яшчэ старажытныя рымляне, і ня толькі празь бясконцае багацьце магчымасьцяў, безь якога задыхаецца любы мастак, – воск быў значна падатлівейшы за бронзу. На працягу стагодзьдзяў воск абслугоўваў у асноўным розных, часам вельмі непадобных і варожых паміж сабой багоў, і з асьветленых паходнямі халодных, душных і цесных задніх пакояў трапіў нарэшце пад клятчастае, рознакаляровае, прыцішанае сьвятло сярэднявечча, а затым – проста на шырокія далоні Тыцыяна й Леанарда. І вось служанка, спалохана перажагнаўшыся, палівае вадой са збаночка на рукі майстра Дзумба з Сыракузаў, які азіраецца на сонечную нару зробленага ім вуха. Менавіта з таго часу пачаліся гэтыя спробы выкарыстоўваць воск для імітацыі таго заўсёды ювэлірнага абсталяваньня, якім да верху напоўненае чалавечае цела, – цёплага, мокрага, якое вечна будзе несьці ў
...Як мне зразумела гэта!.. Ніводзін з майстроў, якія рабілі для флярэнтыйскага музэю васковыя мадэлі чалавечых органаў і іх уладальнікаў, не раскрываў сакрэту свайго майстэрства. Ім гэта і ў галаву не прыходзіла, бо любое мастацтва памірае ад тлумачэньняў. І можна колькі заўгодна казаць пра наш тэхнагенны век – тыя, хто жылі ў васямнаццатым стагодзьдзі, гэтаксама наракалі на залішні рацыяналізм сучаснасьці ды абагаўленьне матэрыяльнага. А гэта ж быў блаславёны час, калі мастацтва й навука йшлі поруч, і ніхто зь іх не задумваўся пра развод або шлюбную дамову.
Ляпілі з натуры, на першым паверсе, вокны ў двор. Натура хадзіла да пары па Вія Рамана ды, цалкам магчыма, наведвала музэй, не падазраючы, што неўзабаве застанецца тут навечна. Бо натурай служылі трупы і іхныя часткі: недалёка ад музэю, прыкладна за два кілямэтры, знаходзілася лякарня Санта Марыя Нуова, адкуль васкарам рэгулярна прывозілі неабходнае. Дамо голас гістэрычнаму гісторыку: “Цяпер у гэта цяжка паверыць...” – і заткнем яму рот. Я веру. Для стварэньня адной мадэлі патрабавалася каля 200 трупаў. Магчымасьцяў для кансэрвацыі ў майстроў было вобмаль. Але таленту ды прагі... Іхныя інструмэнты, у якіх я ўсё адно ні храна не цямлю. Колькіх спарадзіла, напрыклад, гэтая міса з выскабленым дном? Я часам шкадую, што машыны ня здольныя зайздросьціць. А затым – беражліва, зь любоўю, з гордасьцю – у сьветла-зялёны шоўк драпіроўкі. Да яе можна дакрануцца і цяпер, і я раўную ўсіх, хто здагадаўся зрабіць гэта.
Белы воск са Сьмірны, кітайскі воск, вэнэцыянскі воск... Дзяўчына ў шкляной труне, плён маўклівае працы некалькіх сотняў натуршчыц. Вераніка, яе згубленая, забытая сястра. Няхай твая вокладка будзе белай.
Яна сядзела ды нягучна плакала сабе ў ружовыя калені, мне падавалася, што даволі фальшыва, хаця я й ведаў, што памыляюся. Сядзела ды паўтарала шэптам: “Мне рана, рана, разумееш ты, рана...”; калі б сеў зараз побач у такой самай, як яна, позе, прысланіўшыся сьпінай да яе дрыготкай сьпіны, мы б нагадвалі лягатып адной вядомай фірмы па вытворчасцьі вопраткі. Вечна мне ў самыя пранізьлівыя імгненьні лезе ў галаву розная лухта. Памятаю, калі яе ледзь ня ўдарыла токам у маёй падступнай кватэры, дзе бяздумная анархія рэчаў ды мэханізмаў даўно зьмяніла ладны абсалютызм мінулага гаспадара, я, замест таго каб кінуцца да Веранікі са спачувальнымі роспытамі, падумаў пра тое, што няблага б сёньня прыгатаваць бульбу з грыбамі. Напэўна, з маёй галавой было нешта ня так – затое з астатнімі органамі ўсё было ў злавесным парадку.
– Рана!.. – усхліпнула яна й падняла да мяне твар, злучаны з каленам тонкай пругкай ніткай, якую Вераніка зараз жа змахнула рукой і выцерла аб майткі.
Я моўчкі, па-завалюхінску хітаў нагой.
– Рана! – паўтарыла яна злосна, нібыта гэтае слова было ненавісным ёй жаночым іменем.
– Ну паслухай, дванаццаць дзён яшчэ нічога ня значаць, – сказаў я, – Бываюць і даўжэйшыя затрымкі, – ды ўсё ж сеў так, як дыктавала рэкляма, але Вераніка тут жа крута разьвярнулася да мяне тварам і закрычала:
– Ты ведаеш, што са мною стане? Ты можаш сабе гэта ўявіць? Паглядзі на мой жывот!
І я паслухмяна ўтаропіўся на яе пляскаты жывот, сымбаль сонца ў паўкруглай аправе, яна стаяла на каленях, і на жываце яе шпарка разгладжваліся палоскі.
– Я ведаю, ведаю гэта дакладна. Я гэта адчуваю. Паглядзі, паглядзі вось сюды. Ведаеш якім ён стане?
– Якім?
Яна не змагла адшукаць словаў і павалілася роспачна ў падушкі, а потым зноў паднялася на калені – знайшла:
– Пачварным, агідным! Спачатку разьдзьмутым, а потым зьдзьмецца як балёнік, і мне застанецца зморшчаны, патрэсканы, друзлы... Бурдзюк! І наогул, наогул...
Я падняўся ды апусьціўся ў фатэль. Вераніка ўпала на сьпіну, і твар яе зноў сказіўся ад прывідаў будучыні, глынуўшы мімаходзьгалосных, якія добра пасавалі гэтаму выпадку:
– Я яшчэ толькі пачынаю жыць! Я яшчэ не гатовая...
І зноў
усё вярнулася ў зыходны пункт, яе твар, схаваны ў каленях, і маё няўклюднае маўчаньне. “Чаго ты сядзіш, ідзі ў аптэку!”—прастагнала яна: як вокамгненна зьляцелі зь яе пакорлівасьць і падатлівасьць, як па-ангельску сыйшла славутая жаночая слабасьць, і нашыя слоўцы для ўнутранага карыстаньня, шчасьлівыя дзеці ўзаемнага даверу, таксама кудысьці сплылі... Я нацягнуў нагавіцы ды майку, улез у тапачкі ды ў такім выглядзе выйшаў на вуліцу.А там усё нібыта сьмяялася з нас. Я пачаў лічыць мамашаў з вазкамі, што праходзілі міма, і неўзабаве зьбіўся зь ліку, такое іх было мноства. З адчыненых вокнаў, з-за непарушных, быццам мармуровых складак на фіранках чуўся настойлівы дзіцячы плач. Плякаты заклікалі адзначыць Дзень маці-адзіночкі як мае быць – як гэта, цікава? Зграі п’яных паўголых маці ў парках замест дэсантнікаў і мужчыны, што прыціскаюць сысункоў да валасатых грудзей, у надзеі выціснуць зь сябе хаця б кроплю малака? І ўвечары, абавязкова – сьвяточны канцэрт у Палацы народу, з удзелам дваццаці айчынных зорак і адной Зойкі з блізкага замежжа. Вясна душыла горад, але гэта была толькі рэпэтыцыя летніх кашмараў. Такое надвор’е таксама міжволі наводзіла на думкі пра дзетанараджэньне: бо пры гэтай тэмпэратуры трэба ляжаць у хатняй прахалодзе з кім-небудзь блізкім твайму сэрцу, а пацець лепш удваіх. Я намагаўся ўявіць сваю будучыню, калі Вераніка сапраўды слушна ўсё зразумела, і ня мог. Я ўжо мог дацягнуцца пальцамі да сваіх трыццаці, а да дваццаці ўжо не... Вочы мае былі заплюшчаныя, будучыні я ня бачыў, толькі чырвоныя сполахі, зь якіх складвалася то Вераніка, то мой начальнік, то нейкая агністая котка. Кажуць, жанчыны й праўда здольныя гэта адчуваць. Калі ня нізам жывата, то сваёй трапяткой жаночай абалонкай. Ледзь ня трапіўшы пад сонную машыну ў цёмных акулярах, я перайшоў вуліцу ды адчыніў дзьверы аптэкі.
Тым часам Вераніка малілася. Сядзела ў майтках і расшпіленым станіку перад паласатымі выцьвілымі шпалерамі ды малілася. Калі б яна толькі здагадвалася, якімі нехрысьціянскімі рэчамі займаецца, то правалілася б празь зямлю (але туды нельга, там падвал, у якім якраз цяпер труцяць пацукоў). Як гэта робіцца, яна ня ведала, хаця й была хрышчонай: прайшла калісьці гэтыя водныя працэдуры з барадатым глухім інструктарам, здала нарматывы ды за няйменьнем значкі атрымала на шыю крыжык. Ну, як там у фільмах... Ойча наш, нейкія ясінанебясі, а далей як? А вусны яе ўжо складалі ўласны верш, які захлынаўся ва ўпэўненасьці, што ўсё ўжо вырашана гэтым усемагутным чыноўнікам, якога ніхто, папраўдзе, ня бачыў, але адно тэлефанаваньне якога руйнуе або ратуе жыцьці. “Пазбаў мяне ад яго!”—залямантавала яна нарэшце пра сябе страшныя словы ды бясьсільна разгарнула выпадковую цукерку, што плавілася пад падушкай.
Я вярнуўся, і Вераніка схавалася ў прыбіральні. Там нешта грымнула, і зарыпелі, зноў расчыняючыся, прагныя да публічнасьці дзьверы, і зноў бразнулі. Мне падалося, я чую, як цырчыць струменьчык. Я пайшоў на кухню ды прысмактаўся да крану й неўзабаве спалохаўся, што Вераніцы не застанецца вады – але ня мог адляпіцца. Яна выйшла, і па яе твары я зразумеў, што ўсё скончана. Рукі мае павольна наліваліся новай, бацькоўскай сілай, і заўтрашні дзень перамяшчаўся з-пад ног на плечы. Я зірнуў на Вераніку зь пяшчотай, я зусім не ўсьведамляў, хмары якіх пераменаў зацягваюць нашае дагэтуль бязвоблачнае неба, я выпрастаў сьпіну ды падрыхтаваўся сказаць ёй усё тое, што мусіла прагучаць толькі празь некалькі год. Але яна адсланілася й сама прыпала да крану, а потым з асалодаю села на халодны стол.
– Я цябе віншую, – сказала яна расчаравана. – Пранесла.
***
Да мэтро яны йшлі з Кулакоўскай. Па шчырасьці, Вераніцы было ўсё адно, з кім адольваць гэтую мізэрную адлегласьць: лапік асфальту перад унівэрсытэтам, прысыпаную пяском ды недапалкамі сьцежку, гулкі падземны пераход і поўную аўтамабільных адлюстраваньняў з аднаго боку ды аўтамібіляў з другога дарожку. Вучыцца заставалася ўсяго нічога, і самае прыкрае, што гэта нічога ніяк не хацела аднак праляцець непрыкметна – не, кожны дзень цягнуўся так, бы не зьмяшчаўся ў мех нябыту... Але постаці сакурсьнікаў тым ня менш шторазу ўсё выразьней гублялі сваю матэрыяльнасьць, знаёмыя здані, набор гукаў без значэньня. Яна памахвала сумкай ды згодна хітала галавой. На курсе яна ні з кім не сябравала, але ні з кім і не варагавала; сам факт таго, што Вераніка мела мянушку, сьведчыў пра тое, што ўсё ж нейкі сьлед яна тут пакінула.