Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Але вось год мінуў, і пасьля доўгіх перамоваў дырэктар даў дабро. Калі б хто-небудзь спытаў у Веранікі, чаму яна так радавалася, наўрад ці б Вераніка магла адказаць. Аднак пачуцьцё калектыўнай радасьці, гуртавое чаканьне сьвята захлынула яе так, што ўжо за тыдзень да запаветнага дня Вераніка літаральна лічыла гадзіны. І вось такая неспадзяванка. Да дыскатэкі ўсё было гатова, выбраная вопратка, касмэтыка, настрой і нават маска, у якой Вераніка мусіла зьявіцца ўвечары ў школьным фае. Рэч была яшчэ ў тым, што менавіта ў тыя дні Вераніка ў тысячны раз вырашыла ўзяцца за сябе, вырашыла стаць іншым чалавекам. Абудзіць у сабе лідэрскія здольнасьці й прымусіць усіх сябе паважаць. Зьвярнуць на сябе ўсеагульную ўвагу. Перастаць быць вечным другім нумарам. Стаць у клясе незамяняльнай.

Кніжка, якую маці неяк прынесла з працы ды так і пакінула ляжаць на лядоўні, адкрыла Вераніцы вочы на многія таямніцы чалавечых узаемаадносінаў, на тыя прыхаваныя, жорсткія законы, што дзейнічаюць у калектыве. І калі маці павінна была аддаваць так і не прачытаную кніжку, яна доўга не магла яе знайсьці, раздражнёна блукала па кватэры й тэрарызавала сьлімакападобнага бацьку, – і знайшла менавіта ў той дзень, калі Вераніка скончыла апошні разьдзел.

Дыскатэка мела пачацца а сёмай вечара. Зранку, седзячы на бясконцых, нудных, нейкіх па-садысцку паўтаральных уроках, Вераніка не магла знайсьці сабе месца й раз-пораз дакраналася да распухлай губы. На вялікім перапынку ня вытрымала, пайшла ў аўтамат тэлефанаваць сястры. Ды той не было дома. Сястра абавязкова б нешта прыдумала. Сястра ведала такія сродкі, пра якія пісалі хіба што ў замежных часопісах, сястра змагла б замаскаваць пад цудадзейнымі крэмамі нават сіняк на паўтвара. Сястра яе была геніем. Але сястры не было, і Вераніка ледзь ня плакала. У такім стане яе й засьпела каля крамы прамтавараў Русая, на год старэйшая за Вераніку дзяўчына з далёкае “д”-клясы. Русую Вераніка ведала толькі па прозьвішчы й толькі ў твар, іхныя жыцьці дагэтуль не перасякаліся. Пра Русую Вераніка ня ведала нічога кепскага, добрага, зрэшты, таксама, Русая жыла на ўскраіне Сьвету й была высокая, вечна задуменная і даволі прыгожая. Хаця... Вераніка ўспомніла, як пра Русую неяк распавядалі, што яна трапіла аднойчы на прыпынку да нейкіх фашыстаў і змагла ня толькі адбіцца, але й накіраваць аднаго з адмарозкаў з сатрасеньнем мазгоў ў лякарню. Кагосьці з драгуноўскіх старэйшых прыяцеляў. Такая яна была, карацей, – загадкавая.

Спачатку Русая нібыта прайшла міма, але потым прытармазіла.

– Ты чаго скуголіш?

Вераніка зусім не зьбіралася адкрываць Русай свае няшчасьці, але нечакана ледзь не разраўлася ў яе на плячы.

– Вырашым, – пашкадавала яе Русая. – Я сродак ведаю. Агеньчыкам. Сама была ў такой сытуёвіне. Твае продкі дамоў вечарам прыходзяць?

Нізкі, бадзёры голас Русай падзейнічаў на Вераніку як моцнае супакаяльнае. Яна сказала, дзе жыве, і як толькі вярнулася са школы, у дзьверы пазванілі.

– Пакурым спачатку, – Русая кінула сумку на бацькоўскую канапу ды хутка прайшла на кухню. – Дзе ў цябе балькон?

На бальконе Вераніка атрымала цыгарэту. “Ты ня курыш?” – Русая была сапраўды ў шоку. “Глядзі”. Неўзабаве Вераніка ўжо пускала няўмела дым, дыму было так шмат, што Вераніцы здавалася, ён стаіць слупом у кватэры, хаця дзьверы яна зачыніла на засаўку. Русая маўчала, засяроджана скідваючы попел.

– Глядзі, – яна нарэшце падняла вочы на Вераніку. – Бярэм і кончыкам цыгарэты... асьцярожна...

Вераніка адхіснулася.

– Ды ня сцы ты, – Русая засьмяялася. – Я ж не ў губу табе буду... не губу буду прыпальваць, я акурат сюды...

Вераніка заматляла галавой.

– Потым пратрэш, і да вечара ўжо нічога ня будзе, – пачала пераконваць яе Русая. – Пабачыш.

– Не магу я, – зьбянтэжана сказала Вераніка. – Ну не магу. А раптам ты прамахнешся? На ўсё жыцьцё шнар застанецца.

– На ўсё жыцьцё... – Русая нецярпліва памахала цыгарэтай. – На ўсё жыцьцё застанецца, калі ты тузацца будзеш. А пастаіш хвіліну спакойна, усё будзе ок.

Вераніка ў роспачы зірнула ўніз.

– Ды што я цябе ўгаворваю, – Русая паціснула плячыма. – Хадзі як ёсьць. Я ж як лепш хацела.

Вераніка глыбока ўдыхнула і ўжо зьбіралася заплюшчыць вочы, паднесьці твар да Русай, замерці і аддацца на волю лёсу, як бакавым зрокам пабачыла, як у калідоры стаіць сьпінай да балькона нехта зусім ёй не знаёмы ды дзелавіта корпаецца ў тумбачцы. Яна рванула дзьверы на сябе і, ледзь

праціскаваючыся ў пройму, закрычала няўпэўнена: “Гэй!”. Раптоўны страх не даваў ёй падыйсьці бліжэй, Вераніка была гатовая ў любы момант выбегчы на балькон ды зноў зачыніцца на засаўку, а там ужо трэба было... трэба было... ну, крычаць, крычаць не сваім голасам, клікаць на дапамогу.

– Гэй, вы, – ціха ўскрыкнула яна яшчэ раз і наляцела сьпінай на буйную постаць Русай.

– Добра, я пайду, – сказала Русая таропка, адцясьняючы Вераніку да балькона. – Ня хочаш, як хочаш. Само загоіцца.

Тады да Веранікі стала нешта даходзіць. Яна зазірнула з жахам Русай у твар, схапіла яе за рукі. “Ды ладна табе”, – раздражнёна й сумна сказала Русая, вызваляючыся ды крочачы ў перадпакой. За нейкае імгненьне Вераніка разгледзела двух хлопцаў, на выгляд яны нядаўна скончылі школу, абодва ў бруднавата-белых куртках, адзін зь іх паправіў на плячы спартовую торбу, паглядзеў на Вераніку зь нейкім зьдзіўленьнем ды пабег за другім да выхаду.

– Дык ты... Ты... – прашаптала Вераніка са злосьцю й павагай. – Ты зь імі...

– Я? – Русая абурана пакруціла галавой. – Я пайду ўжо. Думала, табе сапраўды дапамога трэба.

Вераніка схапіла яе за плячо, і Русая скінула яе руку адным нэрвовым рухам:

– Адкуль я ведаю, хто тут у цябе швэндаецца! Пакуль.

І Русая пайшла, а Вераніка глядзела на яе з акна. Потым высьветлілася, што з кватэры зьнікла ня надта шмат, усё больш нейкія гаспадарчыя дробязі. Іх выратавала іхная беднасьць. Самай вялікай стратай быў бацькаў гадзіньнік. Злодзеяў Вераніка апісала, як запомніла, а пра Русую міліцыянтам не сказала нічога. Магла сказаць, але ж з Русай так ці інакш давялося б яшчэ жыць і жыць. Хто ведае, як бы яна паставілася потым да Веранікі. А самае галоўнае: Вераніка й не хацела нічога казаць. Бо зь незразумелай цеплынёй, такой, што сьлёзы накочваліся на вочы, успамінала балькон, і твар Русай, так блізка, як ніколі не набліжаліся да Веранікі чужыя твары, і яе сьветлыя валасы на лбе, і грудзі, што ўздымаліся пад чорным швэдрам трохі шпарчэй, чым бывае ў школьніц, і крапкі вакол носу, і цыгарэту ў доўгіх, дарослых пальцах.

***

Нейкае кіно, далібог.

У кабінэт да Ларысы трэба было зайсьці зараз жа, неадкладна, тэрмінова, трэба было знайсьці якую-заўгодна нагоду ды ісьці туды, у канец калідора. Гэтая думка нібы ўдарыла Вераніку па галаве. Ларыса сёньня сыходзіла з-пад кантролю, Ларысу сёньня ўвесь дзень было відаць толькі здалёк: то яна зьнікала за дзьвярыма ліфта, то яе голас было чуваць на сходах, то яе сьпіна мільгала за шклянымі дзьвярыма, дзе быў спуск ва ўнутраны двор. І Вераніка, не выключаючы кампутара, пасьпешліва адшукаўшы ў шафе нейкія дакумэнты – даведкі, справаздачы, чыстыя блянкі – пабегла, чапляючыся абцасамі за скамечаны дыван, што пайшоў увесь прыгожымі складкамі, да дзьвярэй. Перад кабінэтам Ларысы яна спынілася, аддыхалася, пагатоў калідор быў пусты. Штурханула дзьверы.

Тут пахла Ларысай і было пуста. Партрэт над сталом насьмешліва зірнуў на Вераніку й стаў чакаць, што яна зробіць далей. Уключаны кампутар цяжка дыхаў, відаць, Ларыса мусіла хутка вярнуцца. Вераніка прычыніла за сабой дзьверы й зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў. На стале ляжаў мабільны тэлефон Ларысы. Вераніка паглядзела колькі сэкундаў на сваё дзіўнае, ненатуральна спакойнае, нават трохі ганарлівае адлюстраваньне ў шкляной сьцяне шафы, такой самай, якая стаяла ў яе, Веранічыным кабінэце. На сьпінцы такога самага, як Веранічына, крэсла вісела сумачка Ларысы. Часу на роздум не было. І яна наважылася.

Разабрацца ў чужым тэлефоне было справай не такой ужо лёгкай. Вераніка ўвайшла ў яго, як рабаўнік у чужую кватэру, задуменна патыцкала пальцам у кнопкі. Потым зласьліва засьмяялася. Ларыса запісала Яго – Яго, Яго! – не, падумаць толькі, Яго! – у сваім агідным ружовым тэлефоне як “Салодкага”. “Салодкі”. Гэта ж трэба. Некалькі націсканьняў – і Салодкага ў жыцьці Ларысы паменела. Прынамсі, на нейкі час. Ды хаця б на імгненьне, і тое добра. Вераніка шпурнула тэлефон назад на стол і схапіла Ларысіну сумку з пацучынай скуры.

Поделиться с друзьями: