Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Я вылецеў з гатэлю і пабег да мячэці. Я быў там на паўгадзіны раней прызначанага часу і прастаяў на гадзіну, на паўтары гадзіны, на дзве гадзіны пазней, і потым мокры, як трус у лесе падчас залевы ці той лялечны трусік у маёй кішэні (небарака пацярпеў не менш за мяне), сеў у кавярні, з якой была бачная пляцоўка ля ўваходу, сеў і чакаў яшчэ гадзіну — на той выпадак, калі яна праспала. «Ну як жа! Як жа ты можаш не прыйсці? — дакараў я яе. — Нават калі я недастаткова беларус, я ж жывая істота, май жа літасць! Я ж вывучуся, толькі дай мне шанец!». Але яе не было. Мае ціхія праклёны і малітвы не дапамаглі. Прайшло чатыры гадзіны. Усё было зразумела. Не, нічога не было зразумела, сэрца працягвала заходзіцца, калі здалёк набліжалася жаночая постаць, якая рухалася хуткімі, энергічнымі крокамі — так, як рухалася яна. Да мяне падышоў бармэн, паклаў руку на плячо, падаў чарговы (дванаццаты? Трынаццаты?) кілішак гарбаты і сказаў спачувальна: «Яна не прыйдзе. Не прыйдзе». У гэтым горадзе ўсе ўсё разумелі. Трэба
— Таксі «Святая Сафія», —павітаў мяне ветлівы жаночы голас.
І вось, пакуль замаўляў машыну, пакуль тлумачыў, да якога тэрмінала ехаць і ці шмат у мяне багажу, позірк сутыкнуўся з лагатыпам кампаніі «Святая Сафія», з лагатыпам, які быў ляпнуты акурат на тое самае месца, дзе я маляваў сілуэт блакітнай мячэці для Насты на візітоўцы, якую пакінуў ёй. Лагатып таксі «Святая Сафія» літаральна супадаў з абрысам blue mosque, ну канечне! Бо «Святая Сафія», «Hagia Sofia», была перабудаваная ў мячэць, а яе купал занадта ж нагадвае купал мячэці, бо архітэктурнага канону для вялікага хрысціянскага храму ў тыя гады, калі яе ўзводзілі, яшчэ не было. Ну канечне! Нават гэтая хвалёная blue mosque была пабудаваная адно для таго, каб пераўзысці веліч хрысціянскай святыні, якая была тут, зусім побач і з якой асацыяваўся гэты горад ужо колькі стагоддзяў! Я паклікаў Насту прыйсці да блакітнай мячэці, пазначыўшы ў якасці накіравальнага малюнка (dome and number of minarets) фактычнае запрашэнне да Святой Сафіі! І, вядома ж, яна пайшла да Сафіі — будынку з купалам, аточаннага слупамі. Будынку, які пазначаны на кожнай паштоўцы з выявай Стамбулу!
Сарваўся, пабег. На палове шляху спыніў таксоўку і скокнуў унутр, хаця будынкі мячэці ды галоўнай хрысціянскай святыні (як і нас з Настай усяго чатыры гадзіны таму!) падзяляла не такая вялікая дыстанцыя, дзесяць хвілін хуткага бегу, але, калі наканавана, — не сустрэнецеся, нават дамовіўшыся з дапамогай GPS-каардынат! Хутка знайшоў галоўны ўваход, прынамсі, тое, што можна было ўспрымаць як галоўны ўваход па надзвычайнай колькасці вулічных гандляроў, якія расставілі тут намёты. Насты не было. Ні яе самой, ні якога-небудзь следу яе прысутнасці (я быў упэўнены, што яна пакінула б след, я б адчуў, я б пабачыў!)
— Прабачце, а ці стаяла тут, ля ўваходу, такая дзяўчына? — звярнуўся я да гандляра і паспрабаваў яму як-небудзь паказаць Насту. Выйшла толькі некалькі разоў апантана ўзмахнуць рукамі. Ён адразу ж прапанаваў мне набыць маленькі керамічны сімвал майго клінічнага ідыятызму ўсяго за дваццаць баксаў. Я адмовіўся. «Тады хаця б за пяць», —прапанаваў ён. Я даў яму грошы, спадзеючыся, што ў яго будзе парада, як мне яе знайсці. Але атрымаўшы грошы, гандляр только шыроха ўсміхнуўся ды па-філасофску адзначыў: «Сябра, тут столькі дзяўчын ля ўваходу пасвіцца, што калі ты згубіў патрэбную, пачакай дзесяць хвілін, з’явіцца іншая!». Мой тэлефон званіў: таксоўка чакала мяне ля гатэля.
І тады адбыўся цуд. Ліпеньскі дождж, які ліў усе гэтыя дні і з-за якога я прапанаваў перайменаваць тутэйшы «снежань» у нешта больш рэлевантнае, раптам скончыўся. Стала вельмі ціха, нават чайкі прымоўклі, здзіўленыя. Кожны, хто быў у гэтым горадзе, узняў вочы дагары, да нябёсаў, дзівячыся кароткаму перадыху. І тут з вышыні павольна і ўрачыста, падкрэсліваючы выключнасць моманту, пасыпаўся бялюткі, як сукенка нявесты, снег…
Частка другая. The route of roots
Заўвага рэдактара (Я. П.): Джон, калі ты жадаеш пісаць па-беларуску, так ты і пішы па-беларуску. Я яшчэ магу вытрымаць мноства англамоўных словаў, якімі залатаны тэкст, але ж калі ангельская мова вынесена ў назву часткі, дык гэта ўжо нейкі Дыкенс атрымліваецца. Да таго ж, гэтая гульня «ou» «oo» у двух назоўніках, якая, магчыма, падаецца табе ўдалай знаходкай, выглядае практыкаваннем пачынаючага складальніка паэтызаваных радкоў, які паставіў побач два падобныя па гучанні словы і лічыць, што гэта і ёсць паэтыка тэксту, Шэкспір, бялявы Манблан натхнення. Карацей, Джон, я выпраўляю назву часткі на моўную знаходку, якую прыдумаў у якасці мілагучнага і куды больш паэтычнага заменніка тваіх roots, і пакідаю цябе ў маўклівым захапленні маім талентам.
Частка другая. Хадою каранёў
У той год, калі мы сустрэліся, адусюль у Стамбуле, літаральна з кожнага пірацкага кіёску «CD-DVD-MP3» даносіўся нервовы голас Брэндана Флаўэрса, які то ўзыходзіў у фальцэт, то абрынаўся ў прыемны бас. Брэндан, расцягваючы галосныя, выводзіў свой гімн Crossfires, і іншай падказкі пра тое, калі дакладна гэта адбылося, — не будзе. Зрэшты, калі мы бачым у кіно інтэр’ер у стылістыцы канца 70-х (шмат каляровага пластыка, які з-за Кубрыка і Карбюзье стаў прыкметай well-fashioned interior і хуценька пайшоў з моды праз нейкія пяць год); калі на сценцы пакоя вісіць каляндар на 1980-ты год, а пры ўсім гэтым аднекуль з вуліцы чутно «Ламбаду», нам адразу ж становіцца зразумела, што перад намі
сцэна для дзеянняў, якія разгарнуцца ў 1989-ым. Бо да 1989-га не было ліпкай, як танная пахлава, набытая на рагу ў Лалэлі, «Ламбады», а пасля 1989-га «Ламбады» зноў не было, бо надта ж прыелася з-за бясконцай ратацыі. Такім чынам, адзіная падказка пра год: Crossfires.Я ляцеў дадому, асветлены паловай сонца, якое ніяк не магло закаціцца, сысці, супакоіцца само ды пакінуць у спакоі мяне. Гадзіна, другая, шостая, а захад, да якога я рухаўся, усё яшчэ ўтрымліваў прыкметы блізкай прысутнасці сонца, бо хуткасць, з якой мы рвалі нябёсы, не давала часу бегчы наперад. Мне не спалося з-за гэтага захраслага на палове шляху свяціла, мяне падкалочвала ад каламутнага летуцення, падобнага да таго, што я адчуваў у папярэднюю ноч, але з тым істотным адрозненнем, якое набывае вобраз, напрыклад, лялечнага трусіка, калі ён перамяшчаецца са сну пра дзяцінства ў начны навязлівы кашмар, у якім трусікі абступаюць цябе, і робіцца млосна ад іх неверагоднай колькасці, ад іх маўклівасці, ад іх змрочнага сімвалізму.
Думалася найперш пра яе ўслі (ousli), пра іх гарачыню, якую я так і не зведаў, але быў да таго гатовы лінгвістычна (я так лічыў), пра тое, як успыхнулі б яе ягадкі пры пацалунку (тады я яшчэ не ведаў, што ў гэтай мове ёсць такія прыгожыя пяшчотныя словы, як «ягадка» — словы, якія азначаюць не проста cheek, але hill of the cheek). Я спадзяваўся, што калі апынуся дома, сярод маёй шведскай мэблі, храмаванай кухоннай тэхнікі і канцэптуальных фотаздымкаў, калі зраблю сабе мілк-шэйк, вяроза пройдзе, і ўсё стане па-ранейшаму. Па нейкім дзіўным супадзенні, а, можа, і не супадзенні, бо падобнае здаралася не толькі са мной, — сутыкненне з гэтай краінай, што знаходзіцца там, дзе некалі была мая радзіма, не пакінула мне майго камфортнага мінулага і магчымасцяў выкарыстання яго прафесійных дасягненняў для далейшага заможнага быцця. Я застаўся без працы і без рэпутацыі. Пра тое, каб працягваць адносіны з аўкцыённымі дамамі нельга было нават марыць, акуратны ліст з прапановамі, накіраваны кіраўніцтву аднаго з іх, выліўся ў з’едлівую навіну, змешчаную наступным вечарам на іх сайце. У навіне без узгадвання прозвішча паведамлялася, што «містэр „МакДональдз“ „жадае займацца жывапісам“», пры гэтым, мяркуючы па каментах, усе ўжо выдатна распазнаюць менавіта мяне пад гэтай мянушкай. З другога боку, свет, адкрыты мне Настай, клікаў да нязведанага. Падобна да таго, як калі б я знайшоў у сябе ў шафе вялізны казачны свет. І, зазірнуўшы туды аднойчы, апынуўся адразу ў віры падзеяў, зразумеўшы, што я ў гэтым свеце — не апошняя асоба і гэты свет сканае без мяне. Зрэшты, кім я быў у ЗША? Звычайным лузерам без гісторыі, якому ў лепшым выпадку можна было спадзявацца калі-небудзь адкрыць уласную антыкварную краму. Там, у гэтай загадкавай Беларусі ці побач з ёй (у любой суаднесенасці!) я ператвараўся ў загадкавага прынца ў выгнанні. Прынца са страчаным каралеўствам ды зруйнаваным палацам, краіна якога забылася ў маркотным людажэрным сне, але ж як прыемна было цешыць сябе датычнасцю да яе гісторыі, да яе культуры! Як прыемна было адчуваць — не, не карані! Не карані! Аднак геральдыку, якая падмацоўвае твае гены! Як прыемна было, стоячы ў чарзе за кубачкам эспрэса ў «Старбаксе» — у шэрагу такіх жа аднолькавых (не па выглядзе, а па класавай прыналежнасці, бо ў ЗША рознасць у класах засталася хіба што ў самалётах — пры тым, што і «бізнес», і «эканом» ляцяць у адной махіне «Боінгу»), адчуваць уласную высакароднасць, выключнасць! Як прыемна было, трымаючы ў руках русальчаты папяровы кубачак з кавай, уяўляць посуд, з якога пілі мае продкі, ды інтэр’еры, у якіх яны бавілі час!
Ну і, да таго ж, Наста. Наста. Мая каралеўна. Мне трэба было расшукаць яе.
Першае, што я зрабіў, — загугліў арганізацыю «палякаў» у Бостане. «Палякі» трапілі ў сеткі Сеціва даволі хутка, некалькі мэйлаў, і я атрымаў стракатае запрашэнне на іх сход. Саюзу належаў урачысты будынак у стылі ўсходнебярэжнага класіцызму, у якім я з хваляваннем пазнаў прыкметы падабенства да экстэр’ераў Жукоўскага, дзядуліных баек ды майго клавесінна-рамантычнага ўяўлення пра страчанае каралеўства.
Мяне ветліва павіталі і, пільна аглядаючы новых сяброў, я адчуў лёгкую занепакоенасць: занадта яны былі падобнымі да звычайных амерыканцаў. Ніякіх адметнасцяў не было ні ў выразах твараў, ні ў вачах, ні ў тым, як яны былі апранутыя. Рухаліся спакойна ды ўзважана. Не мелі нічога агульнага з гіпертрафіраванай энергічнасцю Насты, яе імпэтам (менавіта тут я падсвядома зразумеў, што да самага скону буду шукаць рысы Насты ў любым напатканым беларусе і менавіта Настаю буду вымяраць яго «беларускасць»: падобны да Насты — значыць, беларус. Непадобны — трэба яшчэ памацаць, які ты там беларус!).
Да таго ж, сама атмасфера гэтай грамады, гэтага сходу, што адбываўся на састаўленых колам крэслах пад сцэнай, на якой самавіта месціўся раяль, больш нагадвала атмасферу гуртка аматараў тэатральнай самадзейнасці, чым тайны сход прадстаўнікоў спакутаванай нацыі, сама прыналежнасць да якой лічылася высакароднасцю. Яны сказалі, што павінны для пачатку спець, і на сцэну ўзышоў не менш самавіты за раяль дзядзечка, які пачаў граць і спяваць, а ўсе хорам яму падпявалі. Я намагаўся падцягваць, старанна ляпаў ротам, чакаючы, калі мяне ўжо перапоўніць адчуванне выбітнай нацыянальнай прыналежнасці.