Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Яна раптам спахапілася, запнулася і, як бы нават сумеўшыся, сказала:

– Як па-дурному гучаць словы «звер», «драпежная жывёла»! Не трэба так гаварыць пра жывёлаў. Вядома, яны часта бываюць страшныя, але ўсё-такі яны больш сапраўдныя за людзей.

– Што значыць «больш сапраўдныя»? Як ты гэта разумееш?

– Ну, глянь на якую-небудзь жывёлу, на ката альбо на сабаку, на птушку альбо нават на якіх-небудзь вялікіх прыгожых жывёл у заапарку, на пуму альбо на жырафу! І ты ўбачыш, што ўсе яны сапраўдныя, што няма жывёлы, якая бянтэжылася б, не ведала б, што рабіць і як паводзіцца. Яны не хочуць ліслівіць табе, не хочуць рабіць на цябе нейкага ўражання. Нічога паказнога. Якія ёсць, такія і ёсць, як камяні і кветкі альбо як зоркі на небе. Разумееш?

Я разумеў.

– Жывёлы часцей за ўсё бываюць маркотныя, - сказала яна далей.
– І калі чалавек вельмі маркотны, маркотны не таму, што ў яго баляць

зубы альбо ён згубіў грошы, а таму, што ён раптам адчувае, якое яно ўсё, якое ўсё жыццё, і маркота яго сапраўдная, - тады ён заўсёды крыху падобны на жывёлу, тады ён выглядае маркотна, але ў ім больш сапраўднага і прыгожага, чым зазвычай. Так ужо павялося, і калі я ўпершыню ўбачыла цябе, Стэпавы воўк, ты быў менавіта такі.

– Ну, а што, Герміна, ты думаеш пра тую кніжку, дзе я апісаны?

– Ах, ведаеш, я не люблю ўвесь час думаць. Пагаворым пра тое іншым разам. Можаш мне даць яе пачытаць.

Яна папрасіла кавы і здавалася нейкі час няўважлівай і рассеянай, а потым раптам прасвятлілася і, відаць, дасягнула нейкай мэты ў сваіх роздумах.

– Ах, - усклікнула яна радасна, - нарэшце дайшло!

– Што - дайшло?

– Што да факстрота, у мяне гэта ні на хвіліну не выходзіла з галавы. Скажы, ці ёсць у цябе пакой, дзе мы маглі б часам патанцаваць удваіх? Хай маленькі, гэта няважна, толькі б не было пад табою жыльца, які падымецца і наробіць гвалту, калі ў яго ледзь-ледзь задрыжыць столь. Што ж, добра, вельмі добра! Тады ты можаш дома вучыцца танцаваць.

– Так, - сказаў я нясмела, - тым лепей. Але я думаў, што на гэта спатрэбіцца і музыка.

– Вядома, спатрэбіцца. Ну, дык музыку ты сабе купіш, гэта каштуе самае большае столькі ж, колькі курс у настаўніцы танцаў. На настаўніцы ты ашчадзіш, ёю буду я сама. Значыцца, і музыка будзе ў нас заўсёды, да таго ж у дадатак у нас застанецца грамафон.

– Грамафон?

– А як жа ж. Ты купіш невялічкую такую машынку і некалькі танцавальных плытак...

– Выдатна, - усклікнуў я, - і калі табе сапраўды ўдасца навучыць мяне танцаваць, грамафон ты атрымаеш як ганарар. Згодная?

Я сказаў гэта вельмі бойка, але не ад шчырага сэрца. Я не мог уявіць сабе такі абсалютна несімпатычны мне апарат у сваім кабінеціку з кнігамі, ды і танцаваць мне зусім не карцела. Пры нагодзе, думаў я, гэта можна паспрабаваць, - хоць і быў перакананы, што я надта стары няўклюда і танцаваць ужо не навучуся. Але так, згопалу, - гэта было мне занадта імкліва, і я адчуваў, як ува мне, старым, распешчаным знаўцы музыкі, паўстае ўсё супроць грамафона, джазу і сучаснай музычнай скочнасці. І каб цяпер у маім пакоі, побач з Навалісам і Жанам Полем, у келлі, дзе я аддаваўся сваім думкам, у маёй схованцы загучалі амерыканскія шлягеры, а я каб яшчэ і скакаў пад іх, - людзі аніяк не маглі патрабаваць ад мяне. Але патрабавалі гэтага не нейкія абстрактныя «людзі», патрабавала Герміна, а ёй якраз і выпадала камандаваць. Я падпарадкаваўся. Вядома, я падпарадкаваўся.

На другі дзень паполудні мы сустрэліся ў кавярні. Герміна ўжо сядзела там, калі я прыйшоў, і піла чай. Яна, усміхаючыся, паказала мне газету, дзе знайшла маё імя. Гэта быў адзін з тых крыклівых рэакцыйных лісткоў маёй радзімы, у якіх час ад часу сюд-туд пракідаліся зласлівыя артыкулы супроць мяне. Падчас вайны я быў яе праціўнікам, пасля вайны заклікаў да спакою, цярплівасці, чалавечнасці і самакрытыкі, вынік - усё больш і больш з кожным днём грубай, пошлай і дзікай нацыяналістычнай цкоўлі ў газетцы. Гэта быў зноў выпад такога роду, дрэнна напісаны, напалавіну накрэмзаны самім рэдактарам, напалавіну скялемзаны з мноства падобных выступаў блізкай яму прэсы. Ніхто, як вядома, не піша горш, чым абаронцы спарахнелай ідэалогіі, ніхто не выяўляе менш ахайнасці і прыстойнасці ў сваім рамястве, чым яны. Герміна прачытала гэты артыкул і даведалася з яго, што Гары Галер - шкоднік і бязродны прахадзімец і што, вядома, справы бацькаўшчыны не могуць не быць дрэннымі, пакуль тут трываюць такіх людзей і такія думкі і выхоўваюць моладзь у духу сентыментальнай ідэі адзінага чалавецтва, замест таго каб выхоўваць яе ў баявым духу помсты заклятаму ворагу.

– Гэта ты?
– спыталася Герміна, паказваючы на маё імя.
– Ну, і нажыў жа ты сабе ворагаў, Гары. Цябе гэта злуе?

Я прачытаў некалькі радкоў, усё было як звычайна, кожны з гэтых стэрэатыпных кленічаў быў мне ўжо шмат гадоў да агіды знаёмы.

– Не, - сказаў я, - гэта мяне не злуе, я даўно прывык. Я няраз казаў, што, замест каб закалыхваць сябе палітыканскім пытаннем «хто вінаваты?», кожны народ, а нават і асобны чалавек павінен пакалупацца ў сабе, зразумець, наколькі ён сам, праз свае ж памылкі, недагляды, дурныя звычкі, вінаваты ў вайне і іншых няшчасцях свету, што гэта, можа, адзіны спосаб пазбегчы наступнай вайны. Гэтага яны не даруюць, дзіва што, яны ж самыя

не вінаватыя, - кайзер, генералы, буйныя прамыслоўцы, палітыкі, газеты, - нікому няма чым сябе папікнуць, ні на кім няма ніякай віны! Можна падумаць, што ў свеце ўсё выдатна, толькі вось дзесятак мільёнаў забітых гніюць у зямлі. І разумееш, Герміна, хоць такія пасквілі ўжо не могуць раззлаваць мяне, часам робіцца ад іх моташна. Дзве траціны маіх суайчыннікаў чытаюць такога роду газеты, чытаюць кожнай раніцы і кожны вечар гэтыя словы, людзей штодня апрацоўваюць, павучаюць, падбухторваюць, робяць незадаволенымі і злоснымі, а мэта і канец усяго гэтага - зноў вайна, наступная, ужо навіслая вайна, якая, напэўна ж, будзе яшчэ больш жахлівая за мінулую. Усё гэта як божы дзень ясна і проста, кожны чалавек мог бы зразумець, мог бы, калі б з гадзінку падумаў, прыйсці да такой самай высновы. Але ніхто не хоча, ніхто не хоча ўнікаць наступнай вайны, ніхто не хоча выбаўляць сябе і сваіх дзяцей ад наступнай масавай разні, калі гэта каштуе не танней. Падумаць гадзінку, на нейкі час заглыбіцца ў сябе і задацца пытаннем, у якой меры ты сам удзельнічаеш і вінаваты ў беспарадку і зле, што пануюць у свеце, - гэтага, разумееш, ніхто не хоча! І значыцца, так будзе і далей, і тысячы людзей будуць дзень у дзень рупліва спрычыняцца да новай вайны. З таго часу як я гэта ведаю, яно забівае мяне і ўкідае ў роспач, у мяне ўжо няма ні «бацькаўшчыны», ні ідэалаў, гэта ж ўсё толькі дэкарацыя варацілам, якія рыхтуюць чарговую бойню. Няма ніякага рэзону па-чалавечы думаць, гаварыць, пісаць, няма сэнсу насіцца з добрымі думкамі: на двух-трох чалавек, якія гэта робяць, прыпадае кожны дзень тысячы газет, часопісаў, прамоваў, адкрытых і таемных пасяджэнняў, якія імкнуцца да зусім іншага і дасягаюць таго іншага.

Герміна слухала спачувальна.

– Так, - сказала яна цяпер, - твая праўда. Вядома, вайна зноў будзе, не трэба чытаць газет, каб ведаць гэта. Можна і пажурыцца з добрага дзіва, але ці варта. Гэта ўсё адно як журыцца, што так яно, а ці гэтак, а паміраць давядзецца. Змагацца са смерцю, мілы Гары, - занятак заўсёды прыгожы, высакародны, цудоўны і годнасны, а значыцца з вайной - таксама. Але ж гэта заўсёды - безнадзейнае і марнае донкіхоцтва.

– Можа, яно і так, - рэзка ўсклікнуў я, - але ад такіх праўдаў, што ўсе мы неўзабаве паўміраем і, значыцца, на ўсё можна напляваць, само жыццё робіцца пошлым і дурным. Па-твойму, выходзіць, нам трэба ўсё кінуць, адмовіцца ад усякай духоўнасці, ад усякіх памкненняў, ад усякай чалавечнасці, змірыцца з гвалтам, любоўю да славы і грошай і чакаць за куфлем піва наступнай мабілізацыі?

Дзіўны быў позірк, які цяпер кінула на мяне Герміна, позірк пакепліва-здзеклівы, шальмавата-дураслівы, спагадліва-таварыскі і разам з тым цяжкі, поўны значнасці і самай глыбокай сур'ёзнасці!

– Ай, ды не ж, - сказала яна зусім па-мацярынску.
– Тваё жыццё не будзе пошлым і дурным, нават калі ты ведаеш, што змаганне не прывядзе да поспеху. Куды больш пошла, Гары, змагацца за нешта добрае, за нейкі там ідэал і думаць, што ты мусіш дасягнуць яго. Хіба ідэалы існуюць дзеля таго, каб іх дасягалі? Хіба мы, людзі, жывём дзеля таго, каб адмяніць смерць? Не, мы жывём, каб баяцца яе, а потым зноў любіць, і менавіта ж дзякуючы ёй, смерці, жыццё часам так цудоўна прамяніцца. Ты дзіця, Гары. Слухайся цяпер і ідзі са мною, у нас сёння ёсць шмат чым заняцца. Сёння я больш не буду думаць пра вайну і газеты. А ты?

Дзіва што! Я таксама гатовы пра гэта не думаць. Мы пайшлі разам - гэта быў наш першы шпацыр па горадзе разам - у музычны магазін; там мы пачалі аглядаць грамафоны, мы іх адчынялі, зачынялі, заводзілі, і калі адзін з іх здаўся нам якраз што трэба, вельмі зручны і недарагі, я намерыўся купіць яго, але Герміна не хацела спяшацца. Яна стрымала мяне, і я спачатку выправіўся з ёю ў другую краму, каб і там агледзець і праслухаць грамафоны ўсіх тыпаў і памераў, і толькі пасля гэтага яна згадзілася вярнуцца ў першы магазін і купіць раней правераны апарат.

– Вось бачыш, - сказаў я, - гэта мы маглі б зрабіць прасцей.

– Ты так думаеш? А заўтра, можа, мы ўбачылі б у іншай вітрыне такі самы апарат, толькі на дваццаць франкаў таннейшы. І апрача таго купляць - гэта асалода, а што дае асалоду, тым якраз і трэба асаладзіцца на поўніцу. Табе яшчэ трэба вучыцца і вучыцца.

З дапамогай пасыльніка мы даставілі наш набытак да мяне на кватэру.

Герміна ўважліва агледзела маю гасцёўню, пахваліла печ і канапу, пасядзела на крэслах, пачапала кнігі, затрымалася перад фотаздымкам маёй каханай. Грамафон мы паставілі на камоду сярод наваленых кніг. І тут пачалася наша навука. Яна паставіла факстрот, паказала мне першыя па, узяла маю руку і павяла. Я паслухмяна таптаўся за ёю, натыкаўся на крэслы, слухаўся яе ўказак, не разумеў яе, наступаў ёй на ногі і быў такі ж нехлямяжы, як і руплівы. Пасля другога танца яна кінулася на канапу і засмяялася, як дзіця.

Поделиться с друзьями: