Стэпавы воўк
Шрифт:
Яна гаварыла з такой цяжкай сур'ёзнасцю, з такой душэўнай натугай, што я не зусім разумеў і паспрабаваў супакоіць яе і адвесці ад тэмы. Яна толькі адмахнулася ад гэтых маіх спробаў рухам броваў і гаварыла далей ледзяным голасам:
– Ты павінен стрымаць сваё слова, маленькі, так і ведай, а то пашкадуеш. Ты будзеш прымаць ад мяне шмат загадаў і будзеш ім падпарадкоўвацца, выдатных загадаў, табе будзе поўная асалода іх слухацца. А напаследак выканаеш і мой апошні загад, Гары.
– Выканаю, - сказаў я амаль бязвольна.
– Што ты загадаеш мне напаследак?
Але я ўжо даўмеўся - што. Бог ведае чаму.
Яна сцялася, быццам яе праняло лёгкім марозцам, і, здаецца, павольна выходзіла са сваёй забыццёвасці. Яе вочы не адпускалі мяне. І раптам яшчэ больш азмрочылася.
–
Які прыгожы, які незямны быў у яе твар, калі яна гэта прамаўляла! У яе вачах, халодных і светлых, плыла мудрая журба, гэтыя вочы, здавалася, адпакутавалі ўсе магчымыя пакуты і прынялі іх. Вусны яе гаварылі цяжка, як бы нешта ім перашкаджала, - так гавораць на моцным марозе, калі дубянее твар, але паміж губамі, у куточках рота, у гульні ледзь бачнага кончыка языка праскоквала, насуперак позіркам і голасу, нейкая мілая, гуллівая пачуццёвасць, нейкая шчырая жарсць. На яе ціхі, роўны лоб звісаў кароткі завітак, і адтуль, з таго боку лоба, дзе ён звісаў, вылівалася зрэдзьчасу, як жывое дыханне, хваля хлапецкасці, двухполай магіі. Я слухаў яе спалохана і ўсё ж нібыта пад наркозам, як усё роўна напалавіну адсутна.
– Ты сімпатызуеш мне, - сказала, - з прыгоды, якую я ўжо адкрыла табе: я прарвала тваю адзіноту, я пераняла цябе каля самай брамы пекла і ажывіла. Але я хачу ад цябе большага, нашмат большага. Я хачу прымусіць цябе закахацца ў мяне. Не, не пярэч мне, дай даскажу! Ты вельмі сімпатызуеш мне, я гэта адчуваю, і ўдзячны мне, але ты не закаханы ў мяне. А я хачу зрабіць так, каб ты закахаўся, гэта ўваходзіць у маю прафесію, я ж бо жыву на тое, што прымушаю мужчын кахаць мяне. Але май наўме, я хачу зрабіць гэта не таму, што лічу цябе такім ужо чароўным. Я не закаханая ў цябе, Гары, як і ты не закаханы ў мяне. Але ты патрэбен мне гэтак сама, як патрэбная табе я. Я патрэбная табе цяпер, у гэтую хвіліну, бо ты ў роспачы і табе патрэбен штуршок, які кіне цябе ў ваду і верне да жыцця. Я патрэбная табе, каб ты навучыўся танцаваць, навучыўся смяяцца, навучыўся жыць. А ты спатрэбішся мне - не сёння, пазней - таксама дзеля нечагась важнага і цудоўнага. Калі ты будзеш закаханы ў мяне, я аддам табе свой апошні загад, і ты паслухаешся, і гэта будзе на карысць і табе, і мне.
Яна падняла ў шклянцы адну карычнева-фіялетавую з зялёнымі пражылкамі архідэю, на імгненне нахілілася над ёю і ўгледзелася ў кветку.
– Табе будзе нялёгка, але ты гэта зробіш. Ты выканаеш мой загад і заб'еш мяне. Вось у чым усё маё. І больш не распытвай!
Усё яшчэ гледзячы на архідэю, яна змоўкла, яе твар перастаў быць напружаным, ён расправіўся, як распраўляецца кветка, і раптам на вуснах у яе паявілася ўсмешка, хоць вочы яшчэ імгненне ашклянела глядзелі ў адну кропку. А потым яна страсянула галавой з маленькім хлапечым завіткам, выпіла глыток віна, успомніла раптам, што мы вячэраем, і з вясёлым апетытам паднасела на ежу.
Я ясна чуў кожнае слова яе жахлівай прамовы, адгадаў нават яе «апошні загад», перш чым яна адкрыла яго, і ўжо не быў спалоханы словамі «ты заб'еш мяне». Усё, што яна сказала, прагучала пераканаўча, як непазбежнае наканаванне, я прыняў гэта без ніякага супраціву, і тым не меней, дарма што яна гаварыла жахліва сур'ёзна, усё гэта здалося мне не зусім рэальным і сур'ёзным. Адна частка маёй душы ўбірала яе словы і верыла ім, другая частка маёй душы супакойліва ківала і прымала да ведама, што і ў такой разумнай, здаровай і ўпэўненай Герміны таксама, аказваецца, ёсць свае вычуды і бзікі. Ледзь толькі было прамоўлена апошняе слова, як уся гэтая сцэна зацягнулася флёрам нерэальнасці і прывіднасці.
І ўсё ж я не мог з такой самай эквілібрыстычнай лёгкасцю, як Герміна, адскочыць назад у праўдападабенства і рэальнасць
– Значыцца, калі-небудзь я цябе заб'ю?
– спытаў я ў паўзабыцці, хоць яна ўжо смяялася, энергічна разбіраючы птушынае
– Вядома, - кіўнула яна нядбала, - хопіць пра гэта, пара вячэраць. Гары, будзь ласкавы, замові мне яшчэ крышачку зялёнага салату! Што, не смакуе? Здаецца, табе трэба вучыцца ўсяму, што ў іншых само сабою выходзіць, нават мець радасць ад ежы. Глядзі ж, маленькі, вось качыная полачка, і калі адкалупваеш смакату, белае мяса ад костачкі, дык гэта свята, і тут чалавек павінен адчуваць прыліў апетыту, павінен перажываць хваляванне і ўдзячнасць, як закаханы, калі ён упершыню здымае кофтачку са сваёй дзяўчыны. Зразумеў? Не? Ты авечка. Чакай, я дам табе кавалачак ад гэтай смакавітай полачкі, сам убачыш. Вось так, давай роцік!.. О, якая ж ты пачвара! Божа, цяпер ён касавурыцца на іншых людзей, ці не бачаць яны, што я кармлю яго з відэльца. Не турбуйся, блудны сыне, я не зганю цябе. Але калі табе канечне патрэбен нечы дазвол на тваю ж асалоду, тады ты сапраўды бедалага.
Усё больш нерэальнай рабілася нядаўняя сцэна, усё больш неверагодным здавалася, што толькі некалькі хвілін назад гэтыя вочы глядзелі так цяжка і холадна. О, у гэтым Герміна была як само жыццё: заўсёды толькі імгненне, якога наперад нельга ўлічыць. Цяпер яна ела, і качыная ножка, салат, торт і лікёр прымаліся сур'ёзна, рабіліся прадметам і прысуду, і гутаркі, і фантазіі. Як толькі выносілі талерку, пачынаўся новы раздзел. Гэтая жанчына, якая разгледзела мяне наскрозь, якая ведала пра жыццё, здавалася, больш, чым усе мудрацы разам узятыя, дзяцінілася, жыла і гуляла імгненнем так па-майстэрску, што адразу ператварыла мяне ў свайго вучня. Ці тое было высокай мудрасцю, а ці простай наіўнасцю, але ж хто ўмеў да такой ступені жыць імгненнем, хто аж так жыў цяперашнім, так па-сяброўску ашчадліва цаніў любую кветачку ўскрай дарогі, самую малую магчымасць гульні, закладзеную ў імгненне, таму не было чаго баяцца жыцця. І гэты свавольны дзіцёнак са сваім добрым апетытам, са сваім гарэзлівым гурманствам быў адначасова летуценніцай і істэрычкай, якая прагне сабе смерці, альбо звабніцай, сама сабе наўме, з разлікам, яна свядома і з халодным сэрцам хоча дабіцца, каб я закахаўся і сам запісаўся да яе ў рабы? Гэта было неверагодна. Не, проста яна так цалкам аддавалася імгненню, што з такой самай гатовасцю, як любую вясёлую думку, упускала ў сябе і перажывала любы цёмны страх у глыбінях душы.
Гэтая Герміна, якую я сёння бачыў другі раз, ведала пра мяне ўсё, мне здавалася немагчымым нешта ад яе ўтоіць. Можа, яна не зусім разумела маё духоўнае жыццё; у мае адносіны з музыкай Гётэ, з Навалісам альбо Бадлерам яна, магчыма, і не магла пранікнуць - але і гэта было пад вялікім пытальнікам - што ўжо там засталося ад майго «духоўнага жыцця»? Хіба ўсё гэта не развалілася і не страціла свайго сэнсу? Але іншыя мае, самыя інтымныя мае праблемы і клопаты, - іх яна ўсе зразумела б, у гэтым я не сумняваўся. Неўзабаве я пагутару з ёю пра Стэпавага ваўка, пра трактат, пра ўсё, што пакуль існуе ўва мне адным, пра што я нікому яшчэ ані словам не заікнуўся. Я не ўтрымаўся ад спакусы пачаць зараз жа.
– Герміна, - сказаў я, - нядаўна ў мяне была дзіўная прыгода. Нейкі незнаёмы даў мне друкаваную кніжку, нешта накшталт кірмашовай брашуркі, і там дакладна апісана ўся мая гісторыя і ўсё, што да мяне. Скажы, хіба ж гэта не цікава?
– І як называецца твая кніжка?
– спытала яна як бы між іншым.
– «Трактат пра Стэпавага ваўка».
– О, стэпавы воўк - гэта велічна і прыгожа! І стэпавы воўк - гэта ты? Гэта, па-твойму, ты?
– Так, гэта я. Я напалавіну чалавек і напалавіну воўк, так, у кожным разе, мне здаецца.
Яна не адказала, а толькі дацекліва паглядзела мне ў вочы, паглядзела на мае рукі, і на момант у яе паглядзе і твары зноў з'явіліся, як і раней, глыбокая сур'ёзнасць і змрочная жарсць.
Калі я правільна перахапіў яе думкі, дык думала яна пра тое, ці дастаткова я воўк, каб выканаць яе «апошні загад».
– Гэта, вядома, твая фантазія, - сказала яна, зноў павесялеўшы, - альбо, калі хоч, паэтычная выдумка. Але нешта ў гэтым ёсць. Сёння ты не воўк, а вось таго разу, калі ты ўвайшоў у залу, як з каноплі выскачыўшы, у табе сапраўды было нешта звярынае, якраз гэта мне і спадабалася.