Стэпавы воўк
Шрифт:
– Божа, які ж ты растопа! Хадзі проста, бы на шпацыры! Тужыцца зусім не трэба. Табе, здаецца, нават горача стала? Добра, хвілін пяць адпачнём! Зразумей, танцаваць, калі ўмееш, гэтак жа проста, як думаць, а навучыцца танцаваць куды лягчэй. Цяпер ты будзеш больш спакойна ставіцца і да таго, што людзі не прывучаюцца думаць, што ім куды спадручней называць спадара Галера здраднікам радзімы і спакойна чакаць наступнай вайны.
Праз гадзіну яна пайшла, але запэўніла, што наступным разам навука пойдзе спарней. У мяне на гэты конт была іншая думка, і я быў вельмі расчараваны сваёй дурасцю і няўклюднасцю, за гэтую гадзіну я, здавалася, зусім не навучыўся, і мне не верылася, што наступным разам усё пойдзе лепш. Не, каб танцаваць, патрэбны здольнасці, якія ў мяне і не начавалі: гарэзлівасць, весялосць, нявіннасць, легкадумства, запал. Што ж, я даўно так і думаў.
Але, дзіўная рэч, наступным разам пайшло сапраўды лепш, і мне нават цікава стала, і пад канец урока Герміна заявіла,
Таго вечара я сядзеў дома, хацеў пачытаць, але не здолеў. Я баяўся заўтрага; страх было і падумаць, што я, стары, нясмелы, сарамяжлівы адлюднік, не толькі з'яўлюся ў адной з гэтых пошлых сучасных установаў, дзе п'юць чай і танцуюць, але і выступлю сярод чужых людзей у ролі танцора, яшчэ нічога не ўмеючы. І прызнаюся, я сам з сябе смяяўся і саромеўся сябе самога, калі адзін, у ціхім сваім кабінеце, завёў грамафон і ціхенька, на дыбачках, прарэпетыраваў факстротныя па.
Назаўтрага ў гатэлі «Баланс» граў невялікі аркестрык, падавалі чай і віскі. Я паспрабаваў падкупіць Герміну, прапанаваў ёй пірожныя, паспрабаваў пачаставаць яе добрым віном, але яна была непахісная.
– Ты прыйшоў сюды не бавы бавіць. Гэта ўрок танцаў.
Я пратанцаваў з ёю разы два-тры, і ў прамежку яна пазнаёміла мяне з саксафаністам, смуглым, прыгожым маладым чалавекам іспанскага ці тое паўднёваамерыканскага тыпу, які, як яна сказала, умеў іграць на ўсіх інструментах і гаварыць на ўсіх мовах свету. Гэты сеньёр, здавалася, вельмі добра ведаў Герміну і быў з ёю ў самых прыяцельскіх стасунках, перад ім стаялі два рознай велічыні саксафоны, у якія ён папераменна трубіў, уважліва і весела вывучаючы чорнымі бліскучымі вачыма танцораў. На свой вялікі подзіў, я адчуваў нешта накшталт рэўнасці да гэтага прастадушнага, прыгожага музыканта, не любоўнай рэўнасці, не, - пра любоў у нас з Гермінай і мовы не было, - а рэўнасці больш духоўнай, сяброўскай, бо ён здаўся мне не так ужо і вартым той цікавасці, той проста-такі вызначальнай увагі, нават пашаноўнасці, якія яна да яго выяўляла. Забаўныя даводзіцца заводзіць тут знаёмствы, міжволі падумалася мне.
Пасля Герміну некалькі разоў запрашалі, а я заставаўся адзін за столікам і слухаў музыку, музыку, якое я дагэтуль трываць не мог. Божа, думаў я, цяпер, выходзіць, мне трэба асвоіцца тут і прыжыцца ў гэтым свеце гулякаў і шукальнікаў асалодаў, чаго я заўсёды ўсяляк пазбягаў і чым глыбока грэбаваў, у гэтым клішаваным, стандартным свеце мармуровых столікаў, джазавай музыкі, какотак, каміваяжораў! Я паныла пахлёбтваў чай, разглядваў падэлегантненую публіку. Мой пагляд спыняўся на дзвюх прыгожых дзяўчатах, абедзве хораша танцавалі, з захапленнем і зайздрасцю глядзеў я, як пругка, прыгожа, весела і ўпэўнена яны рухаліся.
Тут паявілася Герміна, яна была незадаволеная мною. Я тут не дзеля таго, абуралася яна, каб сядзець за чайным столікам з кіслым тварам, я павінен зараз жа набрацца духу і ісці танцаваць. Што?
– я ні з кім не знаёмы? Тае бяды - яно і не трэба! Няўжо тут няма дзяўчат, якія мне падабаліся б?
Я паказаў ёй адну з тых, прыгажэйшая каторая, яна якраз стаяла непадалёк ад нас. Яе дзівосная аксамітная спаднічка, коратка стрыжаныя густыя валасы, поўныя, як у сталай жанчыны, рукі былі чароўныя. Герміна настойвала, каб я падышоў да яе і запрасіў. Я з усёй сілы ўпіраўся.
– Ды не магу я!
– сказаў я, чуючы сябе няшчасным.
– Калі б я быў прыгожы малады хлопец, тады б, можа! А гэтакі стары, непаваротлівы ёлуп, які і танцаваць як след не ўмее, - ды яна ж на смех падыме!
Герміна паглядзела на мяне з пагардай.
– А ці высмею цябе я, табе не абыходзіць. Які ж ты бука! Кожны, хто набліжаецца да дзяўчыны, рызыкуе быць высмеяным, тут ужо нічога не зробіш. Так што рызыкні, Гары, і ў горшым разе з цябе пасмяюцца, - а то ж я перастану верыць у тваё паслушэнства.
Яна не адступалася. Я панура ўстаў і падышоў да прыгожай дзяўчыны, як толькі зноў зайграла музыка.
– Увогуле я занятая, - сказала яна і з цікаўнасцю глянула на мяне вялікімі, жывымі вачыма, - але мой партнёр, здаецца, засеў у бары. Ну, што ж, давайце!
Я абняў яе і зрабіў першыя крокі, яшчэ здзіўляючыся, што яна не прагнала мяне, але яна ўжо зразумела, што са мною, і павяла сама. Танцавала яна цудоўна, я ўвайшоў у азарт і на нейкі час забыўся пра ўсе правілы танца, я проста плыў разам з ёю, адчуваў тугія сцёгны, адчуваў спрытныя паддатныя калені партнёркі, глядзеў у яе малады, распраменены твар і прызнаўся ёй, што танцую сёння ўпершыню ў жыцці. Яна ўсміхнулася і падбадзёрыла мяне, адказваючы на мае поўныя захаплення позіркі і ласкавыя словы на подзіў згодліва, - не словамі, а ціхімі, чароўнымі рухамі, якія збліжалі нас цясней і панадней. Моцна трымаючы правую на яе таліі, я шчасна і заўзята слухаўся рухаў яе ног, яе рук, яе плячэй, я ні разу, на сваё здзіўленне, не наступіў ёй, і, калі музыка адыграла, мы абое спыніліся і пляскалі ў далоні,
пакуль зноў не зайгралі, а потым я яшчэ раз старанна, закахана і багавейна, выканаў гэты абрад.Калі танец скончыўся, - а скончыўся ён вельмі рана, - мая аксамітная прыгажуня адышла, і раптам побач са мною апынулася Герміна, якая ўвесь час назірала за намі.
– Цяпер ты сёе-тое раскумекаў?
– засмяялася яна ўхвальна.
– Ты заўважыў, што жаночыя ножкі - гэта не ножкі стала? Ну, малайчына! Фокс ты, дзякаваць Богу, адужаў, заўтра возьмемся за бастон, а праз тры тыдні - баль-маскарад у залах «Глобуса».
Быў перапынак у танцах, мы сядзелі, і тут падышоў той прыгожы малады саксафаніст, сеньёр Пабла, кіўнуў нам і падсеў поплеч з Гермінай. Ён, здаецца, быў з ёю ў вялікай дружбе. Мне ж, прызнацца, таго першага разу ён зусім не спадабаўся. Прыгожы ён, праўда, быў, нічога тут не скажаш, прыгожы і з твару і з паставы, але ніякіх іншых вартасцяў я ў ім не знайшоў. Ды і валодаць мноствам моваў было яму лёгка, бо наогул нічога не гаварыў, апрача слоў «калі ласка», «дзякую», «праўда-праўда ж», «вядома», «алё» і да таго падобных, а гэтыя словы ён і праўда ведаў на многіх мовах. Так, ён нічога не гаварыў, сеньёр Пабла, і, здаецца, ён не так ужо і многа думаў, гэты прыгожы кабальера. Яго справай было ўджыгаць у джазе на саксафоне, і гэтаму занятку ён, здаецца, аддаваўся любоўна і заўзята, сюд-туд падчас ігры ён раптам пляскаў у далоні альбо дапускаў сабе іншыя бурныя праявы энтузіязму, напрыклад, голасна і нараспеў выкрыкваў «о-о-о», «ха-ха», «алё»! Увогуле ж бо ён жыў на белым свеце яўна толькі дзеля таго, каб быць прыгожым, падабацца жанчынам, насіць каўнерыкі і гальштукі самай апошняй моды, а таксама мноства пярсцёнкаў на пальцах. Ягоны ўклад у гутарку быў у тым, што ён сядзеў з намі, усміхаўся нам, зіркаў на свой наручны гадзіннік, і круціў сабе цыгаркі, у чым быў вельмі спрытны. Яго цёмныя, прыгожыя крэольскія вочы, яго чорныя кучары не тоілі ў сабе ніякай рамантыкі, ніякіх праблем, ніякіх думак - зблізку гэты экзатычны прыгажун-паўбог быў вясёлы, крыху спешчаны хлапчук, толькі і ўсяго, і не больш за тое. Я загаварыў з ім пра ягоны інструмент і пра тэмбр у джазавай музыцы, ён павінен быў зразумець, што мае справу са старым меламанам і знаўцам па музычнай лініі. Але ён не падхапіў гэтай тэмы, а калі я, з ветлівасці да яго альбо, бадай што, да Герміны, паспрабаваў знайсці нейкае музычна-тэарэтычнае апраўданне джазу, ён ухіліўся ад мяне і маіх высілкаў міралюбнай усмешкай, і, відаць, яму было зусім невядома, што да і апрача джазу існавала яшчэ нейкая іншая музыка. Мілы ён быў чалавек, мілы і слаўны, і прыгожа ўсміхаліся яго вялікія пустыя вочы; але паміж ім і мною не было, здавалася, нічога агульнага: усё, што было яму важна і свята, не магло мяне хваляваць, мы прыйшлі з розных светаў, у нашых мовах не было ніводнага агульнага слова. (Але пазней Герміна паведаміла мне цікавую рэч. Яна сказала, што пасля размовы Пабла сказаў ёй наконт мяне, каб яна асцярожней абыходзілася з «гэтым чалавекам», ён жа, бач, такі няшчасны. І калі яна спыталася, з чаго ён гэта ўзяў, той сказаў: «Небарака, небарака. Паглядзі на яго вочы! Няздольны смяяцца».)
Калі чарнавокі адкланяўся і зноў зайграла музыка, Герміна ўстала.
– Цяпер ты мог бы зноў патанцаваць са мною, Гары. Альбо ж табе больш не хочацца?
З ёю таксама цяпер мне танцавалася лягчэй, вальней і весялей, хоць не так бесклапотна і самазабыўна, як з тою, іншай. Аддаўшыся мне яе весці, Герміна рухалася лёгка і далікатна, як пялёстак, і ў яе таксама я цяпер знайшоў і адчуў усе гэтыя то пяшчотлівыя, то гатовыя пырхнуць панады, ад яе таксама пахла жанчынай і каханнем, яе танец таксама пранікнёна і ласкава спяваў завабную песню полу - і, аднак, на ўсё гэта я не мог адказваць свабодна і весела, не мог забыцца і аддацца цалкам. Герміна была мне надта блізкая, яна была мне таварышкай, маёй сястрой, была такою, як і я, была падобная на мяне самога і на сябра майго юнацтва Германа, летуценніка, паэта, палымянага ўдзельніка маіх духоўных практыковак і загулаў.
– Ведаю, - сказала яна потым, калі я загаварыў пра гэта, - выдатна ведаю. Я яшчэ прымушу цябе закахацца ў мяне, але з гэтым не спех. Пакуль мы таварышы, мы людзі, якія спадзяюцца пасябраваць, бо мы зведалі адно аднаго. Цяпер мы будзем абое адно ў аднаго вучыцца і адно з адным гуляць. Я пакажу табе свой маленькі тэатр, навучу цябе танцаваць і быць крышку весялейшым і дурнейшым, а ты пакажаш мне свае думкі і сёе-тое са сваіх ведаў.
– Ах, Герміна, тут няма чаго і паказваць, ты ж ведаеш больш за мяне. Ты, дзяўчынка, дзівосны чалавек! Ва ўсякім разе ты разумееш мяне. Няўжо я табе нешта значу? Няўжо я не абрыд табе?
Яна змрочна апусціла вочы.
– Не падабаецца мне, калі ты такое кажаш. Успомні той вечар, калі ты, раздушаны роспаччу, кінуўся да мяне са сваёй пакутлівай адзіноты і стаўся мне таварышам! Чаму, як ты думаеш, я тады патрапіла распазнаць цябе і зразумець?
– Чаму, Герміна? Скажы!
– Бо я такая самая, як і ты. Таму што я такая самая адзінокая, як і ты, і гэтак сама, як і ты, няздольная кахаць і сур'ёзна прымаць жыццё, людзей і самую сябе. Заўсёды ж бо знаходзяцца такія людзі, якія патрабуюць ад жыцця самага высокага і не могуць прымірацца з яго грубасцю.