Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

– Ну й ну!
– усклікнуў я здзіўлена.
– Разумею цябе, таварыш мой, ніхто не зразумее цябе так, як я. І ўсё ж ты мне - загадка. А ты так, як бы між іншым, спраўляешся з жыццём, у цябе ёсць твая цудоўная павага да дробязяў і радасцяў, ты так абазнаная ў жыцці. Як ты можаш пакутаваць ад яго? Як ты можаш западаць у роспач?

– Я не ў роспачы, Гары. Але пакутаваць ад жыцця - о так, у гэтым я абазнаная. Здзіўляешся, што я няшчасная, я ж бо так хораша ўмею танцаваць і арыентуюся на паверхні жыцця. А я, дружа мой, здзіўляюся, што ты так расчараваны ў жыцці, бо ты ж разбіраешся ў самых прыгожых і глыбокіх рэчах, ты ж у царстве Духа, мастацтва, думкі - як дома! Таму мы і пацягнуліся адно да аднаго, таму мы брат і сястра. Я навучу цябе танцаваць, граць, усміхацца, і ўсё ж не быць задаволеным. А ад цябе навучуся думаць і ведаць і ўсё ж не быць задаволенай. Ці ведаеш ты, што мы абое дзеці д'ябла?

– Так, мы ягоныя дзеці. Д'ябал - гэта дух, і мы яго няшчасныя дзеці. Мы выпалі з прыроды

і завіслі ў пустаце. Але вось што я ўспомніў: у тым трактаце пра Стэпавага ваўка, пра які я табе казаў, напісана нешта наконт таго, што гэта толькі ілюзія Гары, калі ён думае, што ў яго адна альбо дзве душы, што ён складзены з адной альбо дзвюх асобаў. Кожны чалавек складаецца з дзесятка, з сотні, з тысячы душаў.

– Гэта ўжо мне падабаецца, - усклікнула Герміна.
– У цябе, напрыклад, моцна развіты духоўны пачатак, але затое ты вельмі адстаў у розных маленькіх умельствах жыць. Мысляру Гары сто гадоў, а танцору Гары не мінула яшчэ і дня. Цяпер мы прасветлім яго далей і ўсіх ягоных маленькіх брацікаў, такіх сама маленькіх, неразумных і недарослых, як ён сам.

Яна з усмешкай глянула на мяне. І спыталася ціха змененым голасам:

– А як табе Марыя?

– Марыя? Якая Марыя?

– Ну, з якою ты танцаваў. Зграбная дзяўчына, вельмі зграбная. Ты быў крышку закаханы ў яе, наколькі я магу меркаваць.

– Хіба ты з ёю знаёмая?

– Чаму не, мы з ёю блізка знаёмыя. Яна цябе вельмі цікавіць?

– Яна мне спадабалася, і я быў рады, што яна была такая спагадлівая да таго, як я танцую.

– І толькі гэта! Ты павінен прывалакнуцца за ёю, Гары. Яна слічная і танцуе слічненька, ды ты ж ужо закаханы ў яе. Я думаю, ты мецьмеш поспех.

– Ай, я не такі славалюбны.

– Ах, ты манюка! Я ж ведаю, што ў цябе недзе засталася каханая, і ты наведваеш яе раз у паўгода, каб зноў з ёю пасварыцца. Разумею, гэта вельмі міла, калі ты хочаш быць верным сваёй дзіўнай прыяцельцы, але не дапусціся, каб я прымала гэтага надта сур'ёзна. Я наогул падазраю, што ты прымаеш каханне занадта ж бо сур'ёзна. Ну, кахай сабе на здароўе сваім ідэальным парадкам колькі табе заўгодзіцца, гэта твой клопат, за гэта мне галава не баліць. Мой жа клопат - каб ты трошкі набраўся спрыту ў маленькіх, лёгкіх, жыццёвых спанатрах і гульнях, у гэтым я твая вучыцелька і буду табе вучыцелькай лепшай за тваю ідэальную каханую, і не сумнявайся! Табе не шкодзіла б паспаць з якой-небудзь прыгожай дзяўчынай, Стэпавы воўча.

– Герміна, - усклікнуў я стомлена, - паглядзі на мяне, я ж стары чалавек!

– Маленькае хлапчаня - вось хто ты. І гэтак сама, як ты, гультаіна, ленаваўся вучыцца танцаваць, пакуль ледзь-ледзь не ўпусціў часу, ты ленаваўся вучыцца кахаць. О, кахаць ідэальна, трагічна - гэта ты, дружа мой, умееш, вядома, як лепш і не бывае, не сумняваюся, што ўжо так, дык так! Цяпер жа ты навучышся кахаць і звычайна, па-людску. Пачатак ужо зроблены, неўзабаве цябе можна будзе запусціць на баль. Толькі вось бастон яшчэ трэба будзе адолець, гэтым заўтра і зоймемся. Я прыйду а трэцяй. Дарэчы, як табе тутэйшая музыка?

Вельмі спадабалася.

– Ну, вось бачыш, гэта ўжо поступ, сяго-таго ты ўжо навучыўся. Дагэтуль ты трываць не мог усёй гэтай «скочнай» і джазавай бразгатні, яна была табе недастаткова сур'ёзная і глыбокая, а цяпер ты ўбачыў, што яе і не трэба прымаць на сур'ёзе, але што яна можа быць і без таго мілай і сімпатычнай. Між іншым, без Пабла ўся гэтая аркестрада - нуль. Ён яе вядзе, ён бадзёру паддае!

Калі грамафон знішчаў атмасферу аскетычнай духоўнасці ў маім кабінеце, калі амерыканскія танцы ўрываліся ў мой цывілізаваны музычны свет, як нейкая завада мне, як нешта чужое і разбуральнае, дык і ў маё дакладна акрэсленае, строга замкнутае дагэтуль жыццё адусюль урывалася нешта новае, страшнае і зварушлівае. Трактат пра Стэпавага ваўка і Герміна мелі рацыю ў сваім вучэнні пра тысячу душаў, побач з усімі ранейшымі ўва мне штодня выяўляліся нейкія новыя душы, яны выстаўлялі ўмовы, чынілі вэрхал, і я ясна, як на карціне, убачыў, у якой самаашуцы дыгэтуль жыў. Надаючы значэнне адно тым лічаным здольнасцям, у якіх я з чыстага выпадку быў моцны, я намаляваў партрэт Гары і жыў ягоным жыццём, а ён быў усяго толькі тонкім фахоўцам у паэзіі, музыцы і філасофіі, а ўсё астатняе ў сваёй асобе, увесь хаос сваіх здольнасцяў, інстынктаў, памкненняў успрымаў як лішнюю навалач і назваў Стэпавым ваўком.

Тым часам гэты наварот ад самападману, гэты распад маёй асобы зусім не былі толькі прыемнай і пікантнай прыгодай, наадварот жа, яны былі часам горка балючыя і амаль невыносныя. Грамафон часта гучаў пякельна ў гэтым атачэнні, дзе ўсё было наладжана зусім на іншыя тоны. І часам, калі ў якім-небудзь модным рэстаране сярод усіх гэтых закурдаяў і авантурнікаў я выдыгаў уанстэпы, дык сам сабе здаваўся здраднікам, які запрадаў усё, што было ў мяне святога і дарагога ў жыцці. Калі б Герміна пакінула мяне аднаго хоць на тыдзень, я не марудзіў бы доўга і даў бы цекача ад гэтых смешных патугаў на бонвіванства. Але Герміна ўвесь час была побач; хоць я бачыў яе не кожан дзень, затое яна мяне бачыла, накіроўвала, папраўляла, ахоўвала, разглядвала - і ўсе мае шалёныя

думкі пра бунты і ўцёкі з усмешкай чытала з майго твару.

У працэсе таго, што я раней называў сваёй асобай, я пачаў разумець, чаму я, нягледзячы на ўсю сваю роспач, так вусцішна баяўся смерці, і пачаў заўважаць, што і гэты ганебны і гнюсотны страх быў часткаю маёй старой, мяшчанскай натуры. Гэта ранейшы гер Галер, творчы здольнік, знаўца Моцарта і Гётэ, аўтар цікавых развагаў пра метафізіку мастацтва, пра геніяльнасць і трагізм, пра чалавечнасць, тужлівы пустэльнік у сваёй заваленай кнігамі келлі, быў аб'ектам паслядоўнай самакрытыкі і не вытрымаў яе. Гэты здольны і цікавы гер Галер ваяваў, праўда, за розум і чалавечнасць і пратэставаў супроць жорсткасці вайны, аднак падчас вайны ён не даў сябе паставіць да сцяны і расстраляць, што было б лагічным вывадам з ягоных думак, а знайшоў нейкі там спосаб ператрываць, спосаб, зрэшты, прыстойны і высакародны, але ўсё-такі нейкі-такі кампрамісны. Далей: ён быў супраціўцам улады і эксплуатацыі, аднак у банку ў яго ляжала шмат акцый прамысловых прадпрыемстваў, і працэнты з гэтых акцый ён бессаромна праядаў. І так было ва ўсім. Спрытна выстаўляючы сябе пагарднікам свету, тужлівым анахарэтам і абураным прарокам, Гары Галер быў па сутнасці буржуа, лічыў Гермініна жыццё вартым асуды, сушыў сабе скрухаю сэрца за ночы, прамантачаныя ў рэстаранах, за грошы, якія там прасадзіў, адчуваў згрызоты сумлення і зусім не памыкаўся вызваляцца і ўдасканальвацца, а наадварот, як мог рваўся назад у тыя лафовыя часіны, калі яго духоўнае самацацканне яшчэ давала яму асалоду і славу. Гэтак жа сама ўздыхалі па даваеннай ідэальшчыне пагарджаныя і высмейваныя ім чытачы газет, бо так было зручней і лацвей, аніж прымаць навуку з выпакутаванага. Цьфу, каб ты спрахла, ад яго ванітавала, ад гэтага Гары Галера! І ўсё-такі я чапляўся за яго альбо ж за ягоную маску, якая ўжо спадала, за ягонае какецтва з духоўнасцю, за ягоны мяшчанскі страх перад непарадкам і ўсім выпадковым (у гэта ўпісвалася і смерць) і з'едліва, зайздросліва параўноўваў новага Гары, гэтага крыху нясмелага і смешнага дылетанта танцзалаў, з тым ранейшым ілжыва-ідэальным вобразам Гары, у якім ён, новы Гары паспеў ужо знайсці ўсе непрыемныя рысы, якія так абурылі яго тады, у прафесара, у партрэце Гётэ. Ён сам, ранейшы Гары, быў такі самы па-мяшчанску ідэалізаваны Гётэ, гэткі, бачыце, герой з залішне высакародным кругаглядам, свяціла, якое блішчала велічнасцю, інтэлектам і чалавечнасцю, як брыльянтынам, і мала што не расчулена ад высакародства сваёй душы! Добранька ж такі ён, аднак, злядашчыўся, няма на яго халеры, гэты міленькі вобраз, бо надта ж бо развянчаным выглядаў сёння ідэальны спадар гер Гары! Ён быў падобны на вяльможу, абабранага бандытамі, які застаўся ў падраных портках і зрабіў бы куды разумней, калі б цяпер увайшоў у ролю абадранца, але замест гэтага носіць на сабе транты з такім форсам, быццам на іх усё яшчэ вісяць ордэны, і плаксіва прэтэндуе на страчаную вяльможнасць.

Я даволі часта сустракаўся з музыкантам Пабла, і маё меркаванне пра яго варта было перагледзець хоць бы ўжо таму, што Герміна вельмі любіла яго і як магла шукала ягонай кампаніі. Пабла запомніўся мне як гладзенькая нікчэмнасць, крыху славалюбны красунчык, вясёлае і бяздумнае дзіця, якое радасна дудзіць у сваю дудачку і якое лёгка купляецца на пахвалу і шакаладку. Але Пабла не пытаўся маёй думкі, яна была яму гэтак сама да аднаго месца, як і мае музычныя тэорыі. Ён слухаў мяне ветліва і ласкава, з нязменнай усмешкай, але шчырага адказу ніколі не даваў. Тым не меней здавалася, што я ўсё-такі цікавіў яго, ён яўна стараўся спадабацца мне і паказаць мне сваю сімпатыю. Калі я аднаго разу падчас такой бясплённай гутаркі ад раздражнення зрабіўся амаль што грубы, ён збянтэжана і сумна паглядзеў мне ў твар, узяў маю левую руку, пагладзіў яе і падаў мне залачоную табакерку з нейкім нюхальным парашком: гэта, бач ты, паможа. Я недаўмёна паглядзеў на Герміну, яна згодліва кіўнула галавой, і я пачаставаўся шчэпцяй. І сапраўды пасвяжэў і падбадзёрыўся - у парашку, відаць, быў дамесак какаіну. Герміна сказала мне, што ў Пабла шмат такіх сродкаў, ён дастае іх нейкімі таемнымі шляхамі, часам дае сябрам і добра ведае сумесі і дазіроўкі ўсіх гэтых панацэяў - ад болю, снатворных, для добрых сноў, вясёлых, любоўных.

Аднойчы я сустрэў яго ў горадзе на набярэжнай, і ён адразу далучыўся да мяне. Гэтым разам мне нарэшце ўдалося падбіць яго на гутарку.

– Гер Пабла, - сказаў я яму, калі ён пачаў пакручваць чорна-срабрыстай лёсачкай, - вы сябар Герміны, вось прычына маёй да вас цікавасці. Але вы, скажу вам, не надта спрыяеце гутарцы. Я шмат разоў спрабаваў пагаварыць з вамі пра музыку - мне было б цікава пачуць вашу думку, вашы пярэчанні, вашы меркаванні. Але вы не дарылі мяне нават самым скупым адказам.

Ён ветліва засмяяўся і гэтым разам пакінуў мяне без адказу, а спакойна сказаў:

– Бачыце, па-мойму, пра музыку няма чаго і гаварыць. Я ніколі не гавару пра музыку. Ды і што я мог бы вам адказаць на вашыя вельмі разумныя і правільныя словы? Вы ж гаварылі абсалютна слушна ўсё, што гаварылі. Але, ведаеце, я музыкант, а не вучоны, і я не думаю, што ў музыцы рацыя нечагась вартая. У музыцы важна не тое, што ты маеш рацыю, што ў цябе ёсць густ, ёсць адукацыя, і ўсё такое далей.

– Ну так. А што ж важна?

Поделиться с друзьями: