Восень пасярод вясны
Шрифт:
— А вось і не будзе! — узарваўся Сыракомля, адчуўшы погляд нядаўняй каханкі. — Сям’і не будзе. Кабеты стануць амазонкамі, даб’юцца роўных правоў з мужчынамі і тым самым загоняць нас у магілу. Праўда, захапіўшы ўладу, кабеты нашы не адчуюць аніякага ад яе смаку і скора пачнуць прасіцца, каб гэту ўладу ад іх адабралі назад. Але іх голас ужо ніхто не пачуе. Мужчыны здрабнеюць, аслабнуць, аблянівеюць і не захочуць зноў стаць панамі жанчын і свету.
— Які ж-жах! Каб баба ўзяла верх над мужыком!
— То і нагавіцы мы станем насіць? — не цярпелася ведаць Янінцы.
— Ага, што будуць насіць нашы праўнучкі? Застануцца турнюры ці зноў вернуцца
— Ведаю, міленькія, толькі адно: жанчыны будуць насіць металёвыя шаты — лёгкія, як пух, і празрыстыя, як паветра. А найбольш пекным, ну, такім, як панна Марыся, — ага, падумалася, няхай пазайздросцяць — і Галена, і Янінка, — такім будзе дадзена права танцаваць на балі ў касцюме Евы.
— Мужчыны п-пратэстуюць! Вы п-пазбаўляеце жанчын іх найвялікшай п-прывабнасці.
— Якой жа, калі не сакрэт?
— Сціпласці.
— І сапраўды, — пагадзіўся Ляшчынскі. — Жанчыны мне здаюцца найбольш прывабныя зімой, калі яны захутаны з ног да галавы. Тады большы прастор уяўленню.
— Вось-вось, міленькі, уяўленню! А ў сваім уяўленні якой вы кабету бачыце?! У гэтым — уся загваздка!
— Людвік, трэба быць больш сур’ёзным. Поза блазна лірніку не пасуе…
— Прабач, сэрданька. Калі вам усім ужо гэтак хочацца, то буду сур’ёзны. Такі сур’ёзны — каб аж жудасць брала! Калі гаварыць сур’ёзна, то… ага, людзі будуць насіць тое, чым сёння пагарджаюць. Зрэбныя кашулькі, шарачковыя порткі, на нагах — лапцікі. На грудзях — накрыж дзве жабрацкія палатняныя торбачкі на розныя прычындалы. І гэта будзе найвялікшы шык.
— І ніякіх фальбаначак?
— І ніякіх фальбаначак! Усё проста, сціпла і мудра. Бо, міленькія вы мае, чалавек тады будзе ад нараджэння мудры.
— Сам па сабе? Без вучэння?
— Чаму сам па сабе. Не сам. Усё, што стануць ведаць людзі, будзе збірацца ў адзіным вялізным мозгу. А потым немаўлятак уночы, калі яны спяць, прылучаць тэлеграфнымі дратамі да таго мозгу — і яны будуць умець усё тое, што ўмеюць іншыя. За адным заходам! Ну, можа, не за адным, а за некалькімі, за сотняй.
— Тады і школа стане непатрэбная.
— Не, міленькі пане Лакуціеўскі, патрэбная. Але на іншае. Для выхавання чалавечых дабрачыннасцей. Для спасціжэння таямніцаў мастацтва. У школах будуць вучыць, як чэрпаць асалоду з паззіі, з карцін, якія, ажыўшы, пачнуць рухацца, з гукаў, якія можна стане сабраць у карабок, нібы порах у парахаўніцу. Будуць вучыць, як іграць на розных інструментах. Толькі не на фартап’янах, а на дудзе і цымбалах.
— А як пан Сыракомля ўяўляе сабе мастацкую творчасць таго часу? Застанецца яна такім жа шматпакутным актам тварэння, што і сягоння, ці прыме нейкія іншыя, механічныя формы? — адчувалася, што Серабракоў прадумаў сваё пытанне.
— Вядома, застанецца! Толькі з пакутлівага стане больш радасным. Ад чаго мы сёння пакутуем?
Ад неадпаведнасці паміж словам і вобразам. Ад таго, што нашы словы, фігуральна кажучы, — толькі бледныя цені таго, што мы бачым і адчуваем. А з часам людзі знойдуць такую паперу, якая дасць мажлівасць увекавечыць вобразы. Мы пабачым фарбы, пачуем гукі і пахі…
— Панюхаеш апісанне балю — і будзеш п’яны, хі-хі!
— Не перабівай, Стасю, вечна ты ўсунеш свае тры грошы, — абурылася Ядвіга.
— А можа, міленькія, і папера стане непатрэбная. Паколькі думкі будуць перадавацца на адлегласці, то людзі зробяцца сведкамі самога працэсу тварэння ў галаве творцы. Да яго ўяўлення падключацца
не толькі суайчыннікі, але нават антыподы на другім баку зямлі. Тварэнне паэта адразу стане вядома ва ўсім свеце, і такім чынам адзін чалавек зможа ўздзейнічаць на лёсы ўсёй людскасці, — апошнія словы Сыракомлі былі адрасаваны Галене.— Ну, от і добра, — Яцаку здалося, што ўжо настала пара спыніць гэтую непатрэбную камедыю, — тады і знікнуць усе бядоты. А людзі зажывуць у радасці і задавальненні. Давайце напоўнім келіхі за гэты поступ.
— Пачакайце, — нечакана ўмяшаўся Шэміс. — Мы пачалі занадта сур’ёзную размову, каб яе абарваць вось так, на паўслове. Мне хацелася б пачуць ад пана Сыракомлі, як будзе выглядаць гэтая будучая супольнасць, шчаслівая і ўсім задаволеная. На чым яна будзе грунтавацца?
— На роўнасці, міленькі, на чым жа яшчэ. На роўнасці, свабодзе і братэрстве ўсіх людзей і народаў, — Сыракомля глянуў на Серабракова. Але на задуманым твары апошняга не было нязгоды. — На братнім саюзе Русі — Вялікай, Малой, Белай і Чорнай, а таксама Літвы і Кароны. А калі яны стануць жыць у міры і дружбе, то і астатнія народы пажадаюць да іх далучыцца! Што ж болей трэба на зямлі чалавеку?
— Роўнасць — гэта ясна ўсім. Але — якая роўнасць? — не сунімаўся Шэміс. — Нават самыя жорсткія тыраны не адмаўлялі роўнасці перад абліччам смерці. Потым французскія вальнадумцы сцвердзілі роўнасць перад правамі натуры. А як яно будзе потым?
— Потым будзе роўнае п-права перад абліччам хлеба, — за Сыракомлю адказаў Каліноўскі. — Роўнае п-права здабываць хлеб сваімі рукамі. Хлеб я разумею, як алегорыю ўсіх зямных даброт.
— І тады запануе агульнае шчасце? Рай для ўсіх?
— Гэта было б занадта проста, міленькі пане Шэміс. Шчасце, — Сыракомля зноў узяўся за сваё, — гэта надзея, што заўтрашні дзень будзе лепшы, чым сённяшні. Гэта ютрань, што свеціць нам у дарозе. Да раю на зямлі мы можам толькі блізіцца, але ў абсалюце ён немагчымы. Бо покі будзе жыць чалавек, датуль будуць зайздрасць і здрада, будуць хваробы і смерць. Ну, няхай не такая заўчасная. Няхай чалавек сам сабе ўстановіць Мафусаілаў век. Няхай людзі прыдумаюць клей, каб прыклеіць адарваную галаву ці руку. Але ж непазбежнасць смерці ўсё роўна будзе вісець над намі дамоклавым мечам… Знікнуць адны згрызоты — на іх месца з’явяцца іншыя.
— Што пан мае на мыслі? — устрывожыўся прыхільнік паступальнага развіцця. — Паравозы і ўсялякія іншыя махіны?
— І шкоду, якая ад іх будзе! — Сыракомля ахвотна выкарыстаў міжвольную падказку Ляшчынскага. — Дзеля іх чалавек адарвецца ад маці-натуры, апаганіць яе. У людзей адаб’юць ахвоту да зямлі і жывёлы. Усё стане штучнае. І тады нашы праўнукі зноў засумуюць па натуральнасці і першароднасці, зажадаюць глытка крынічнай вады, птушынага спеву, не заглушанага свістам лакаматывы, народнай казкі, у якой прабацькі нашы завяшчалі сваю мудрасць. Але вяртанне да натуральнасці будзе доўгае і пакутлівае.
Сыракомля зморана заціх. Дрыжачай рукой наліў сабе кілішак ліквору, сквапна выпіў, не звяртаючы ўвагі на дакорлівы погляд Галены. Усё навокал здавалася яму прывідным, штучным, як тая далёкая будучыня. Нагаварыў ён абы-чаго, засмуціў бяседнікаў. А граф — дык тон зусім храпе, схіліўшы галаву набок. Што ж, няхай маюць тое, чаго самі жадалі.
— Я ж казала, што гэтыя паравозы да дабра не давядуць. Чорт у іх сядзіць і чортам паганяе…
— Забараніць іх, пакуль не позна!
— Забараніць, дзядзю, няможна. Гэта ўсё роўна, што спыніць сонца.