Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Не, чаму: надта цікава. Толькі адно, міленькі, папрашу я цябе: карацей. Мяне зноў дрыжыкі нешта бяруць.
— … Дык вось. Заеўся ён з вёскай. Ну, мужыкі і спалілі яму гумно. Гумны яшчэ поўныя былі: першы снег толькі выпаў. Панаехала жандараў… І трэба ж так здарыцца, што лёкай бачыў, хто падпаліў. Выдаў ён усіх, выдаў і майго бацьку. Палавілі іх надвячоркам, прывялі пад стражай на панскае панадворышча. Выйшаў на ганак пан, сказаў выкаціць з лёху бочку смалы, разагрэць яе. Прынеслі пакулля і старых анучаў, абкруцілі імі мужыкам далоні. Потым загадалі па аднаму падыходзіць да бочкі і мачаць абалваненыя рукі ў смалу. Калі ўсё было гатова, на ганак выйшаў з запаленай лучынай панскі лёкай. Жандар даў каманду падняць усім рукі ўверх. А лёкай на дыбачках падбягаў
— Але ж не смяртэльна?
— На судзе я даведаўся, што жандар пакачаўся на ложку тыдні з тры і аддаў богу душу… Так я аказаўся ў катаржніках. Паслалі нас спачатку ў Сібір, але з дарогі вярнулі: якраз пачалі ўзмацняць Бабруйскую крэпасць. У голадзе, холадзе і смуродзе мы рабілі нанава ўсе фартыфікацыі. Некаторыя не вытрымлівалі — накладвалі на сябе рукі або ўцякалі. Але куды ж ты ўцячэш — навокал балота. Праўда, калі каму ўдавалася вырвацца, то яго і не надта шукалі. У крэпасці ўвесь час быў у запасе з дзесятак лішніх катаржнікаў, якія потым замянялі ў спісах шчаслівых уцекінераў.
— Цікавы быў бы сюжэт: адзін катаржнік жыве пад імем другога, а потым яго выпускаюць на волю, ён вымушаны з’явіцца ў чужы дом…
— Вось іменна: пад чужым імем… Давайце хадзіць, хутчэй хадзіць — тады і цяплей будзе! — Галабурда на хвіліну замоўк, спрабуючы аддзяліць у думках галоўнае ад другараднага. — Там жа, у крэпасці, я здружыўся з Фабіянам Кастравіцкім, маладым шляхціцам з Астраўца. Кару ён адбываў па справе змоўшчыка Канарскага. Гэты Кастравіцкі сядзеў са мной у адной камеры. Расказваў мне пра Канарскага, пра яго дружбу з рускім афіцэрам Кузьміным-Караваевым, з палескім паэтам Францам Савічам. Потым пачаў вучыць мяне грамаце. Хлопец я кемлівы быў — уміг улоўліваў, што ён кажа. Так Фабіян і адкрыў мне вочы на свет: хто я такі і што трэба рабіць.
— Жыве гэты Кастравіцкі яшчэ?
— Не, памёр на маіх руках. А было гэта так. Прыслалі неяк у крэпасць надта паганага наглядчыка. Да ўсяго чэпіцца, чуць што — штыком пора. Неяк мы плот на фарштаце гарадзілі. Прыбіў я дошку — наглядчык сказаў: крыва. Прыбіў другі — зноў гаворыць, што крыва! Трэці раз я ўжо наўмысна прыбіваю, каб вышла коса, а ён бачыць маю наўмыснасць. І тут ён як уз’юшыцца, як кінецца на мяне са штыком. А я за сякеру — і прама яму ў чэрап! Наглядчык упаў, акрываўлены, стража разгубілася, кінулася яго падымаць. Ну, тады я і рвануў, хоць закаваны. Кінуўся за плот, потьш — у хмызы, праз балота. Гляджу — і Фабіян бяжыць. Па нас пачалі страляць. Кастравіцкаму ў грудзі папала, а мне ў руку. Упалі мы абодва ў багну, стаіліся. Ну, яны пастралялі яшчэ для прыліку, а потым пайшлі, у балота за намі не палезлІ.
— Няўжо такое мажліва?
— Як бачыце — мажліва. Таму і ў жывых застаўся… Кастравіцкі адразу аслабеў, крывёй надта сышоў. Цягну яго правай рукой, цягну. Ажно чую: трызніць ужо ён пачынае. Нейкую паненку да сябе кліча, нейкаму абяцае галаву скруціць. Потым вярнулася да яго свядомасць. То папрасіў тады хоць пахаваць яго ў зямліцы і маці пра ўсё расказаць, калі ўдасца мне да Астраўца дабрацца. Так яно і выйшла ўсё, як мы дамовіліся. З боскай і людской дапамогай я дайшоў да гэтых мясцін. Болей года хаваўся ў доме Кастравіцкіх на гарышчы. А потым з фальшывымі дакументамі пайшоў у кляштар. Прыар спярша баяўся мяне, а цяпер нічога — звыкся. Нават даверыўся мне.
— Сапраўды, міленькі, лёс твой вельмі падобны да лёсу майго Хадыкі. І калі б пісаў я сваю гавэнду цяпер, то павярнуў бы яе зусім іначай. Павёў бы Хадыку не ў лес, а…
Між дубоў, да якіх яны ледзь не дайшлі, нечакана пачулася буханне цяжкіх капытоў, скрып колаў. Нехта ехаў. Не паспеў Сыракомля сысці з дарожкі, як з вячэрняга змроку выдзеліўся яблыкаваты конь, а за ім — і брычка на высокіх рысорах.
— Будьте любезны сказать:
это имение — Анелин? — пачулася з брычкі.— Анелін, — насцярожана адказаў Сыракомля. Каго гэта яшчэ прынесла ў іх пярэстую кампанію? — Але гаспадары, здаецца, ужо нікога не чакаюць…
— Мяне наўрад ці чакаюць. Аднак я павінен з імі сустрэцца, — незнаёмы саскочыў з брычкі, і Сыракомля ўбачыў, што ён у форме, з пагонамі. Якімі — у змроку цяжка было разгледзець. — Дазвольце-с прадставіцца: ашмянскі земскі спраўнік Міхаіл Аляксандравіч Серабракоў.
— Тутэйшы шляхціц Варакомля. Міраслаў Варакомля, да вашага ведама. А гэта брат Антоні з астравецкага кляштара, — Сыракомля адчуў, як унутры ўсё трывожна пахаладзела: прыехалі за Галенай, за тымі паперамі.
— Варакомля? — здзівіўся спраўнік. — Якое падабенства ў прозвішчах! Я спадзяваўся тут сустрэцца з паэтам Уладзіславам Сыракомлем.
— Сыракомлем? А адкуль вы мяне… гэта значыць, пана Сыракомлю ведаеце?
— Асабіста я ніколі пана Сыракомлю не бачыў, Аднак жа многа чытаў яго. І хацеў зрабіць яму прыемны неспадзяванак, — спраўнік рашыў адразу выкласці свой галоўны аргумент. Бо, падумалася яму, Іншая хвіліна для шчырай гаворкі можа і не здарыцца. Ды і ўвогуле ўвесь гэты яго прыезд выглядае недарэчна.
— Які ж, калі гэта не дзяржаўны сакрэт?
— Не сакрэт! — рассмяяўся Серабракоў. Ён амаль быў перакананы, што перад ім стаіць сам Сыракомля, але паколькі той не хоча назваць сваё сапраўднае прозвішча, то давядзецца падтрымаць гульню. — Мае маскоўскія сябры папрасілі, каб я абавязкова перадаў яму пераклад аднаго яго верша.
— Верша? Хіба яго вершы цікавяць іншамоўную публіку?
— Уявіце сабе, зацікавілі! Пан Трэфалеў пераклаў на рускую мову яго «Паштальёна», а мой брат дарабіў да верша музыку. Цяпер гэту песню часта спяваюць у маскоўскіх салонах.
— Што вы кажаце! І няўжо гучыць?
— Гучыць! Спявак з мяне кепскі, таму не асмелюся здзекавацца з песні. А вось дэкламацыю — паслухайце, калі ласка. Увесь верш я ведаю на памяць.
Спраўнік ступіў крок наперад і, аказаўшыся амаль перад Сыракомлем, пачаў:
Когда я на почте служил ямщиком, Был молод, водилась силенка. И был я с трудом подневольным знаком, Замучила страшная гонка. Скакал я и ночью, скакал я и днем; На водку давали мне баря. Рублевик получим, и лихо кутнем, И мчимся, по всем приударя. Друзей было много. Смотритель не злой; Мы с ним побраталися даже. А лошади! Свистнул — помчатся стрелой… Держися, седок, в экипаже! Эх, славно я ездил! Случалось, грехом, Лошадок порядком измучишь; Зато как невесту везешь с женихом, Червонец наверно получишь. В соседнем селе полюбил я одну Девицу. Любил не на шутку! Куда ни поеду, а к ней заверну, Чтоб вместе пробыть хоть минутку…— Хопіць, міленькі, хопіць! — усклікнуў Сыракомля. — Пераканаўся я, што гучыць. Яй-богу, гучыць! І выбачце, пане, за недарэчную містыфікацыю з прозвішчам! Сыракомля я, вядома ж, Сыракомля! Як жа я магу адмаўляцца ад майго першага друкаванага дзіцяці! Добра яго пераапрануў у гэту іншамоўную апратку ваш пан… пан…
— Трэфалеў.
— Пан Трэфалеў! Хто ён такі? Таксама вершатворац?
— Паэт. Малады паэт. Жыве ў Яраслаўлі. Але часта бывае ў Маскве, у нашых агульных сваякоў.
— Ото ўсцешылі вы мяне, старога дурня! Чым жа я вам аддзячу за такую радасную навіну! Сам я перакладаў нямала, але каб мяне перакладалі… І так перакладалі… Пойдзем тады хутчэй у дом, сагрэемся чым!