Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

Запанавала прыкрае маўчанне. Сапраўды: пра што? Патрывожылі толькі чалавека.

— Скажыце, вашмосць, лепей, калі прыйдзе канец свету? — першай знайшлася Дайнаровічыха. Яе печаныя яблыкі зморшчыліся ў вымушанай усмешцы. — Калі, значыць, мы ўсе паўстанем з магіл, каб з’явіцца на самы астатні суд.

— Нашто, цёцю, гаварыць пра такія страшныя рэчы за сталом ды яшчэ перад ночкай, — умяшаўся Ляшчьшскі. — Лепш, пане Сыракомля, раскажыце нам пра махінны поступ, пра век пары і паравозаў, які нас чакае. Хоць вам, пэўна, абыякавыя паравозы. Ваша сэрца занята

русалкамі і амурамі.

— Чаму ж абыякавы, — у словах гаспадара Сыракомлі адчулася затоеная рэўнасць да Галены. — А хто ж тады пісаў, што паравозы хутка з нечуванаю сілай папруць на захад Еўропы літоўскае збожжа і літоўскае дрэва?! Хто славіў у сваіх вершах век прагрэсу, які нас, нібы стрыножанага ніткай вераб’я, звязаў тэлеграфам з той жа Еўропай?! Не, пане гаспадару, калі б пан прачытаў хоць адзін мой зборнік, для такіх папрокаў не было б аніякіх падстаў!

— Бяру свае словы назад. Але ж калі вам сапраўды неабыякавыя гэтыя тварэнні чалавечага розуму, то і праслаўляйце іх!

— Праслаўляць? А за што, міленькі? За тое, што гэтыя паравозы ўрэшце возьмуць верх над чалавекам і яго розумам?!

— Як гэта? — збянтэжыўся гаспадар.

— А так! — Сыракомля пачаў уваходзіць у ролю вешчуна. — Уявім сабе нашу зямельку гадоў праз сто і пяцьдзесят. Уся яна, як ніткамі клубок, апутана жалезнымі каляямі. Як мурашы, бягуць паравозы, цягнуць за сабой гарады на колах. Вагоны ўсюды — на зямлі, на вадзе і нават у паветры…

— Ну, гэта ўжо казка для дзетачак, — не вытрымаў Лакуціеўскі. — Усім вядома, што жалеза цяжэй, чым паветра. Значыць, вагон адразу зваліцца ўніз.

— А вось і не зваліцца! Чалавек прыдумае метал, лягчэйшы за паветра. Або будзе выстрэльваць вагоны, як мы выстрэльваем снарады. Яны ж ляцяць у паветры!

— Але хто асмеліцца сесці ў такі вагон? — Лакуціеўскі пераможна паглядзеў навокал. — Ён жа, зваліўшыся, разаб’ецца на дробны друз!

— У канцы будзе вялізная капа сена. На яе, як на падушку, і прыземіцца вагон!

— І па голай зямлі поезд не пойдзе, бо загразне ў пяску па самыя атосы, — разважыў, калупаючы ў носе, Дайнаровіч. — А ў балоце за нашымі Мешкуцямі — дык зусім засядзе.

— Чалавек, міленькія вы мае, навучыцца плавіць камень і заліваць ім зямлю. Або возьме вулканічную лаву…

— То што ж тады будзе расці праз камень?

— Тое і я кажу. Машына пераможа чалавека, загоніць яго пад зямлю, пад ваду. Неба будзе засціць чорны дым ад паравозаў. У іх ненажэрнае чэрава пойдуць лясы. Праўда, усё за чалавека будуць рабіць паравозы. Цугам станем вазіць ваду ў лазню, цугам — ездзіць па грыбы і ягады, цугам — араць поле…

— Як гэта — араць поле? Я ж казаў: паравоз праваліцца. Калі ўзяць балоты за Мешкуцямі і Задворнікамі…

— А от і не праваліцца. Будзе ён ісці па жалезнай каляі і цягнуць за сабой на доўгіх сталёвых вяроўках сотні плугоў…

— Так гэта ж добра! — ухвальна азваўся гаспадар. — Чалавечая праца стане лягчэйшая. І больш прыемная.

— Што тут добрага! — Сыракомлі зноў захацелася падражніць Ляшчынскага. — Ад гэтых паяздоў людзі

проста развучацца хадзіць, забудуцца, што такое конь і як яго запрагаць. Коней увогуле забароняць трымаць. Але знойдзецца адзін дзяржаўны злачынец, які схавае пару коней, а потым, калі людзі адумаюцца, размножыць іх зноў. Як Ной — звяроў пасля сусветнага патопу.

— Затое ў чалавека будзе шмат часу! — уключыўся ў гульню Серабракоў.

— Які там час! Наадварот, час возьме верх над чалавекам. Цяпер мы кіруем часам, ці нам так здаецца, а потым час будзе кіраваць намі. Усё станем рабіць подбегам, не аглядаючыся ні назад, ні ў бакі. Дзве мінуткі на прыяцеля, мінутку — на жонку, паўмінуткі — на дзяцей, па пяць грамаў гэтай, як яе, ага: крэслаўкі на развітанне — і зноў па паяздах, зноў у розныя бакі, у пагоні за прывідам шчасця, — Сыракомля закашляўся.

— А мне спадабалася ваша ідэя пра гарады на колах, — бліснуўшы шкелцамі акуляраў, Ляшчынскі запоўніў перапынак у гаворцы. — Уявіце сабе: у кожнага — свой вагон. І кожны ездзе, куды хоча і калі хоча. Сягоння ў Пецярбург, а праз тыдзень — у Парыж. Спыняецца і жыве, як у сваім доме. Зручнасць якая!

— Зручнасць? Чалавек захлынецца ў гэтым патоку. Узнікнуць такія заторы, што — ні прайсці ці праехаць. І тады, я ж казаў, успомняць, што можна ездзіць конна ці хадзіць пехатой. А дом на колах? Што з таго дома… Дом мусіць быць там, дзе радзіма, — неаддзельны ад поля і лесу.

— Значыцца, дамы будуць такія, як цяпер?

— Чаму такія? Яны стануць часткай натуры. Чалавек навучыцца назапашваць цяпло і холад. І тады адпадзе патрэба ў сценах. Паклаў на стол кавалачак цяпла, адгарадзіў сябе цёплымі пасмамі паветра — і жыві на здароўечка. Хадзі босы па траве, слухай шчабятанне птушак. Усё навідоку, усё натуральна!

— А як жа, пане Сыракомля, жыць у такім доме? — Янінка, відочна, уявіла сябе ў пікантнай сітуацыі. — Там і пацалавацца будзе нельга. Абавязкова нехта падгледзіць.

— Ну і што, калі падгледзіць? Хіба каханне — не такое ж натуральнае з’явішча, як сон або смерць? Патаемнае тады, да ведама пані Яніны, стане яўным, а яўнае — патаемным.

— Як гэта?

— А так. Людзі, да прыкладу, будуць патаемна, хаваючыся ад другіх, спажываць сваю страву, бо ім будзе сорамна, што ядуць яны не натуральнае, а нейкія хімічныя парашкі. Ядуць зямлю, здобраную пажыўнай мікстурай. П’юць лікворы, настоеныя на смаляных карчах,

— Бож-жа мой! Як смалу ў пекле. Гэта ж канец свету. Я казала, што будзе канец свету. І скора!

— А пэўна будзе, шаноўная пані Дайнаровічава. Калі чалавек з-за ўласнага вагона стане перагрызаць горла другому чалавеку! — Сыракомля не прамінуў аказіі зноў падкалоць Ляшчынскага.

Запанавала няёмкая пярэрва.

— Цікава ўсё ж, будзе тады каханне ці не будзе? — першай уздыхнула Янінка.

— Пакуль захаваецца сям’я, пакуль будзе нараджацца чалавек, да таго часу застанецца жыць і каханне, — за Сыракомлю адказаў Каліноўскі.

Усе, асабліва Галена, пытальна глядзелі на свайго вешчуна.

Поделиться с друзьями: