Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— За грошы! Не забывайце, п-пане, за вялікія грошы.

— Не перабівайце мяне, калі ласка. Я ж вас слухаў.

— П-прабачце.

— Вось толькі перабілі думку… Дарэчы, чаму, пане Паляноўскі, вы такі катэгарычны ў сваіх разважаннях? Чаму не дапускаеце, што нехта можа думаць інакш?.. Адным словам, я мяркую, што ніякі пажар не патрэбны. Рэформа зняла балючыя пытанні, і цяпер развіццё краіны пойдзе тым самым шляхам, што і ў Еўропе.

— Але ж старадрэвіны, ліха на іх, застаюцца, — нагадаў Сыракомля. — І нікуды ад гэтага не дзенешся.

— Застаюцца, я з вамі згодзен. Ды не вечна ж ім стаяць. Бо, як вучыў нас Гегель,

нішто на свеце не вечнае. Струхлеюць яны, упадуць, а над імі зазелянеюць вашы парасткі.

— І паскараць іх п-падзенне не трэба, — іранізаваў Каліноўскі.

— Чаму ж, трэба! — Яцак рашыў выкласці і свой погляд на свет: калі можна госцю, то чаму нельга яму? — Трэба паскорыць, пашыраючы асвету, культуру, цывілізацыю. Дзе пройдзе плуг прагрэсу, там старадрэвіны доўга не ўтрымаюцца.

— Значыць, п-паступовае развіццё… Знаёмая т-тэорыя!

— Паступовае! Нясіце народу асвету — і тым самым будзе сплачаны стары доўг, адкуплена наша віна.

— Брава, Яцку! — успляеяула рукамі Янінка. — Мы заўсёды верылі ў твой розум! Усё разважыў — і пажару ніякага не трэба!

— Адну толькі засцярогу маю, — Сыракомля зірнуў на Каліноўскага, але той, здаецца, не збіраўся далей спрачацца: сядзеў спакойна, нешта крэсліў тронкамі нажа на сурвэце. — Культура і цывілізацыя — не адно і тое ж. Быў я ў Познані. Здаецца, цывілізацыя ўсюды, цугі жалезныя ходзяць, школкі паадчыняны. А ў цугу тым — кандуктар ловіць безбілетных пасажыраў і лаецца. А ў школе той вучыцель б’е дзяцей, якія хочуць гаварыць не па-нямецку, а на сваёй, польскай мове… То нашто нам такая цывілізацыя, нашто мы будзем яе пераймаць? Не, нам, міленькія вы мае, трэба не столькі запазычаная цывілізацыя, колькі культура. Культуру ж, да ведама прысутных паноў, павінен выпрацаваць сам народ! На роднай, мясцовай глебе!

— Цікава! — ухваліў Ляшчынскі. — Але якія шляхі пан бачыць да развіцця культуры?

— Толькі два: навука і заможнасць.

— Дык мы ж цалкам аднолькава мыслім!

— Не цалкам, — адрэзаў Сыракомля. — Найпершыя ворагі народнай асвеце і заможнасці — тыя ж старадрэвіны, і пакуль яны будуць стаяць…

— Зноў пачынаецца дзіцячая казка пра белага бычка! — не вытрымала Янінка. — Ну колькі можна!

— Вунь і пана Пшацескага замарылі вашыя спрэчкі.

— Тост, Яцку, тост!

Ляшчынскі нерашуча ўстаў. За каго цяпер выпіць? За цётку з дзядзькам? Каторую з сясцёр? Ці гэтага Паляноўскага, які зваліўся нібы снег на галаву? Нагаварыў тут абы-чаго, яшчэ да Вільні дойдзе — тады апраўдвайся.

— Панове, я прапаную выпіць за нашае пачцівае і працавітае сялянства, перад якім мы сапраўды ў Даўгу. Калі сагрэць іх сэрцам, то і яны стануць адплачваць нам удзячнасцю. Адным словам, за дваццаць тры мільёны вызваленых сялян… І за таго, хто даў ім гэта вызваленне. За здароўе літасціва пануючага нам імператара Аляксандра Другога!

Усе ўсталі, выпілі, хто колькі мог ці хацеў. Адзін Каліноўскі зрабіў празрыстую агаворку:

— Я п-п’ю толькі першую палавіну кілішка!

— Панове, паспрабуйце рыбу ў брушніцах. Гэта наша сямейная страва, — не чакаючы згоды, Ядвіга наклала графу, разам з кавалкам шчупака, цэлую талерку брусніцаў.

— Панове! Хвілінку ўвагі! Я прапанавала б перад гарачаю страваю зрабіць пярэрву. Дайма Агатцы памяняць талеркі.

— І слушна, сэрданька маё, даўно я ўжо не курыў. Выйдзем праветрымся.

— Толькі трэба адзецца, —

Галена цяпер не ведала, як ёй звяртацца да Сыракомлі. Таму імкнулася абыходзіцца зусім без займеннікаў. — Я ж тым часам пагляджу, што з блінамі.

А стары Дайнаровіч, аказаўшыся, пасля адыходу Галены, твар у твар з Сыракомлем, рашыў праявіць да яго ўвагу і спытаў:

— Нешта пан паэта стаў бледны.

— Прастыг пасля лазні, і ў грудзях ломіць.

— То раю пашмараваць воўчым салам. Або лепей п’яўкі паставіць — як рукой здыме! Магу даць рэцэпцік, каб п’яўкі лепей браліся. Ажывіце іх перад ужыткам у віне — тады яны ахвотней кідаюцца на чалавечае цела. Закускі, хе-хе, шукаюць… Я-то заўша трымаю дома п’яўкі. А пан трымае?

— Нашто мне трымаць — яны самі лезуць з усіх бакоў. Смокчуць кроў. Нават без «Гаспадыні літоўскай». Дайнаровіч адхінуўся, абразіўшыся. План помсты паспеў у яго ўмомант.

— Мужык, эй, мужык! — паклікаў ён Грыву, які, устаўшы, задумаўся, што рабіць далей. У думках ён ужо ўяўляў сябе на Аняліне. Разам з Марысяй: ён будзе гаспадарыць, а яна няньчыць праўнукаў. У тым, што яна яго ўнучка, а дачка Ляшчынскага, сумнення ў яго ўжо не было даўно… Толькі вось з Ашмяны нікога няма. Няўжо не прыедзе?

— Слухаю, васпане, — Грыва неахвотна падышоў да ненавіснага яму Дайнаровіча. Ён ведаў: малую Марыську трымалі ў яго маёнтку — у войтавай хаце.

— Скажы, ты маеш уяўленне, хто такі Сыракомля?

— Няўжо ж. Вот гэты пан, — Грыве было шкада, што галоўным наўмыснікам аказаўся не той чорны гліст, а чалавек, які прывёў яго за стол і шчыра частаваў.

— Я не пра тое цябе пытаю. Ці ведаў ты яго да сягонняшняга дня? Ці чуў, што ёсць такі паэта?

— Не-а, за перапрашэннем, не чуў. Не буду махляваць.

— І не чытаў яго?

— Не, дзе нам. Мы непісьменныя. Толькі распісацца магу.

— Ну от, — гучна, каб чулі ўсе, хто застаўся ў салоне, сказаў Дайнаровіч. — А пан Сыракомля хваліўся тут, што піша для братоў у сярмязе.

— Затое яго дзеці або ўнукі пачытаюць, а панскія — не! — таксама гучна адказаў Сыракомля, ужо ведаючы, што дзяцей у Дайнаровічаў няма. — Ну, я не буду замінаць. У кампаніі п’явак пану, мусіць, куды прыемней, чым у кампаніі паэтаў. І проста прыстойных людзей, — ён рашуча скіраваўся да дзвярэй.

Але ў дзвярах Сыракомлю чакала яшчэ адно выпрабаванне. Абапершыся аб вушак, яго падсцерагала Янінка. У яе пукатых, піўнога колеру вачах была юрлівасць. Ну, калі не юрлівасць, то ва ўсякім разе гуллівасць. Сыракомлі падумалася, што ва «Успамінах Касача» яе можна параўнаць з выкінутай на бераг рыбай. Такой сухой плоткай з пукатымі вачыма. Толькі ці бываюць у рыбы юрлівыя вочы?

— Пане Сыракомлю, — Янінка выразна загарадзіла дарогу, — мне хацелася б з вуснаў паэта пачуць, што ў жанчынах найбольш прываблівае мужчын?

— Што прываблівае? — Сыракомля на момант разгубіўся. — Думаю, што цікаўнасць і туга па няздзейсненай надзеі. А яшчэ — сціпласць, сэрцайка маё.

— Якое ж тады месца пан адводзіць прыгажосці і, выбачце, жаноцкасці?

— Я не бачу тут такіх, у каго яны ёсць! — адцяў Сыракомля. Яму абрыдла адказваць на бязглуздыя пытанні, абрыдла адчуваць, што на цябе глядзяць, як на музейны экспанат. Паехаць бы дамоў або заваліцца спаць… Усё, што ад яго патрабавалася, ён здаецца, зрабіў, і цяпер у гэтай разнамаснай кампаніі яго нішто не затрымлівае. Вось толькі брацішак…

Поделиться с друзьями: