Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Ад цябе самой, сэрданька, ад цябе самой! Ад каго ж яшчэ! У канспірацыю пагуляць захацела. На вачах усёй вёскі, — Сыракомля скоса глянуў у бок Марыські. — Вот і данесла вёска. І найпершы той, каго я прыгрэў за сталом. Не чатырнаццаты ён быў, а трынаццаты! Прадаў усіх, толькі не ведаю, за якія сярэбранікі.
— Але ж слухай, Людвік, не разумею, калі ён паспеў. Раніцай быў тут, вечарам — тут. І, здаецца, такі спагадлівы, чалавека выручыў. Толькі, праўда, дзіўны ён нейкі.
— І на мяне дзіўна глядзіць, усё загаварыць памыкаецца, — успомніла Марыся.
Галена ўважна зірнула на яе і крутнулася да Сыракомлі:
— Як жа я адразу не
— То, можа, сэрданька, растлумачыш нешта і мне?
— Толькі не тут, Людвік… Трэба зноў за стол ісці: усе нас чакаюць… Але што з намі цяпер будзе? Загінулі мы ўсе, ах, як недарэчна загінулі, — Галена была ў роспачы.
— Нічога не будзе, — Сыракомля стаў паблажліва супакойваць жанчыну. — Гасцінна запросім спраўніка за стол. Чалавек ён, здаецца мне, разумны. Я супакоіў яго, што… пад пчалінай апекай знаходзяцца мае вершы, якія ты схавала ад раўнівага гаспадара. І шукаць ён нічога не будзе. Наадварот, перасцярог мяне, сказаў пра мужыка. Сярод іх таксама розньш людзі бываюць. І тыя, якія вешаюць, і тыя, якіх вешаюць. Так што трэба…
— Цішэй, вяртаюцца…
Грыва між тым усё нашэптваў на вуха Серабракову:
— І пра пажар, ваша сяцельста, гаварылі. Думалі, за перапрашэннем, што я дурны, што нічога не кумекаю. А я кумекаў, толькі прыкідваўся. Тады яны адкрыта пачалі пытацца, ці пайду я паліць агонь супраць цара-бацюхны.
— Хто — яны?
— Гэты… Сыракомля, а з выгляду такі добры, здаецца. Яшчэ адзін русявы, каля мяне сядзеў. Але найболей то сам гаспадар. Цара гнілой старадрэвінай назваў. Сказаў, што зваляць яе і плугам зааруць… Браць яго трэба, ваша сяцельста.
— Гэта ўжо нам дазволь думаць, каго браць, а каго не.
— А паперы, ваша сяцельста, я магу ў караніках і сам пашукаць. Толькі скамандуйце мне…
— Вось што! — Серабракоў спыніўся. — Не лезь ты болей куды не трэба! Не з тваёй галавой тут усё раскумекаць. І — каб нагі тваёй тут болей не было! А то біты будзеш. Зразумеў?
— Зразумеў… — нічога не зразумеў Грыва. — Але як жа так? Я не для сябе стараўся…
— А мы вас зачакаліся, — Галена і Сыракомля выйшлі насустрач Серабракову. — І бліны ўжо стыгнуць. То просім!
— Чым хата багата, тым рада, як любіць казаць Каратынскі.
— Чытаў і яго, — прызнаўся спраўнік. — Востра піша. Але няма таго палёту і той шчырасці, што ёсць у яго духоўнага настаўніка. Ён жа ваш вучань, здаецца?
— Вучань, і здольны, скажу я вам, вучань. Ад мяне ён толькі манеру пераняў. А так — сам арэ сваю дзялянку. Глыбока арэ…
Ад веранды нечакана з’явіўся брат Антоні. У чорнай капе і чорным каптуры, ён здаваўся прывідам. У змроку пабліскваў толькі паліраваны куфэрачак.
— Заставайцеся з богам, — дамініканец зрабіў у паветры знак крыжа. — Каму ў дарогу — таму час!
— Шчасліва! І не забывай, міленькі, пра нашу размову. Будзе пераклад гатовы — адразу да мяне!
— Вядома, як жа інакш! Буду жыць спадзяваннямі на нашу новую сустрэчу… Вы ж вяртайцеся ў дом. Там ужо трывожацца пра вас, у мяне пыталі. За стол збіраюцца сядаць.
— То ўсяго добрага, святы браце!.. Сапраўды хутчэй пойдзем, Людвік, прасі пана спраўніка. Чакаюць жа нас.
Грыва нерашуча пасунуўся за ўсімі. Думкі яго перамяшаліся, бы каша са скваркамі, і ён зусім не ведаў, што рабіць: паслухаць спраўніка ці ўсё рабіць па-свойму? А можа, ва ўсім даверыцца Марысі, сваёй крывінцы…
— Ты яшчэ тут? —
сцішана прашыпела Галена, убачыўшы, што Грыва памыкаецца падысці да Марысі. Але адразу ж узяла сябе ў рукі. — Ідзі сабе дамоў, добры чалавек. Дзякуй, што напаліў печкі…Цяпер ужо і месца за сталом не будзе. Відзіш, пан спраўнік сваім прыездам нас ашчаслівіў.
— Я за стол і не рвуся, — Серабракова заела самалюбства. — І калі месца няма…
— Ды не, — запярэчыў Сыракомля, — вы не так зразумелі. Селянін аказаўся за сталом выпадкова — толькі таму, што нас выйшла трынаццаць. Але раз гэты пракляты лік цяпер нам не пагражае… — тут Сыракомля раптам схамянуўся: пагражае, яшчэ як пагражае, бо не стала ж дамініканца. Але адступаць ужо не было куды. — Так што, міленькі пане Серабракоў, ніякай адмовы мы не прымаем. А ты, — Сыракомля звярнуўся да Грывы, — ідзі сабе ціха дахаты, ідзі! І добра задумайся, які ты чалавек!
Грыва маўкліва застаўся ззаду. Цяпер у яго ўжо не было сумненняў, што спраўнік выдаў яго панам і пойдзе разам з імі піць. Заадно ён з імі, паўзучы гад! А яшчэ людзі казалі, што ён спагадлівы да мужыкоў… Прыкідваецца толькі. На калені стаць не дазволіў, Ах ты, змяя падкалодная! Ну, я ж табе пакажу, дзе ракі зімуюць!
— А можа, мы яго дарэмна адправілі? — патаемнае сумненне мучыла Серабракова, і ён адкрыта дзяліўся ім з людзьмі, якія, выходзіла так, сталі яго саўдзельнікамі ў нейкай не зусім зразумелай для яго справе. — Няхай бы ўжо застаўся. Гэта ж цікава: мужык узнімае келіх разам са шляхтай! У маім Звянігарадзе на такое, мусіць, не пайшлі б.
— Мне не хацелася б тут расказваць пра пэўныя дадатковыя акалічнасці, — суха адказала Галена. — І яны могуць зрабіць гэтага мужыка помслівым і небяспечным.
— Жанчыны заўсёды любяць гаварыць загадкамі, — спрабаваў усміхнуцца Сыракомля. — Зрэшты, што тут шкадаваць: адправілі — і баста.
Калі Сыракомля адчыніў дзверы ў салон, іх сустрэлі вымушанымі ўсмешкамі. Усе сядзелі ўжо за сталом і елі пульхныя гарохавыя бліны з чорнай ікрой. Накладвалі яе лыжкай, размазвалі з маслам і елі, скруціўшы блін у трубачку. Па кругу хадзіла пузатая пляшка з блакітнай вадкасцю.
— А мы ўжо думалі, што вы зніклі назусім. Пад покрывам ночкі… — Янінцы не цярпелася адпомсціць Сыракомлі за няўвагу, але, пабачыўшы ў дзвярах трэцюю асобу, яна асеклася.
— Панове, — смела пачала Галена, — да нас далучыўся пан Серабракоў. Акажам жа яму нашу традыцыйную гасціннасць!
— Просім, просім, да нашай кампаніі! — адазваўся адзін Шэміс. Паколькі Гервяты ўваходзілі ў Ашмянскі павет, ён ведаў Серабракова і нават аднойчы прымаў яго ў сваім доме. — Лепшым прадстаўнікам рускага дваранства мы заўсёды рады. Сядайце каля мяне — мы зараз крыху пасунемся.
— Не трэба ссоўвацца, панове, — умяшалася Галена. — Новаспечанаму грамадзяніну Грыве зажадалася пайсці дахаты, і, прызнацца, мы яго не надта стрымлівалі. Вось сюды, пане спраўнік. І талерачка чыстая, — на шыі Галены выступілі чырвоныя плямы. Яна мітусілася вакол стала, не ведаючы, як наладзіць размову. — Пане Паляноўскі, наліце чаго свайму суседу. Толькі, можа, не з гэтай пляшкі — занадта падазроны колер…
— Го-го, панечка, — Дайнаровіч кінуўся абараняць сямейнае пітво. — Гэта ж настоены крываўнік. Значыцца, так: бярэм паўфунта крываўніку ў самым яго цвіценні, запарваем, а потым цэдзім праз вату. На ваце застаецца блакітны алеек. Збіраем яго, разбаўляем з гарэлкай. І выходзіць прыемны і здаровы трунак, асабліва скутэчны на гемароі. Я сам…