Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Не ведаю, ці будуць рады майму з’яўленню гаспадары. Госць не па часе — горай татарына-с.

— Глупства! Яны добрыя і гасцінныя людзі. У вас жа да іх інтэрас ёсць.

— Галоўны інтэрас ужо не мае сэнсу: мне хацелася з іх дапамогай пазнаёміцца з літоўскім лірнікам. Гэта і братаў наказ, і маё даўняе жаданне. А паколькі яно збылося, цяпер я магу і не заязджаць у Анелін.

— Пабойцеея бога: гледзячы на ноч? І нашто, калі побач накрыты стол, а на стале — поўна старых напояў.

— Вы пераканалі мяне. Толькі не ведаю, дзе тут паставіць каня.

— Гэта мы зробім. Тут недзе мужык павінен

быць. Ён, уявіце сабе, міленькі, нават за адным сталом з намі сядзеў.

— Мужык? За адным сталом? Гэта для мясцовага дваранства нешта новае, — цяпер яны ішлі па выбітай і таму відочнай у змроку дарожцы ў бок палацыка. Серабракоў левай рукой вёў за аброць каня, правай жа ўзбуджана жэстыкуляваў, нібы дапамагаючы сабе ў гаворцы. Брацішак, не жадаючы перашкаджаць, крыху адстаў. — А скажыце, шаноўны паэце, як выглядае гэты мужык? Ці не з вялізнымі кусцістымі брывамі?

— Так. Сам сівы, а бровы чорныя. Вы яго ведаеце?

— Якраз ён і паведаміў мне, што сёння ў Анеліне будзе Сыракомля. І хаця гэта не мой павет, я паехаў!

— Нічога не разумею… Дзеля чаго паведаміў?

І адкуль ён мог ведаць пра мой прыезд, калі я сам зранку яшчэ нават не падазраваў аб існаванні Анеліна?

— Для мяне самога тут многа загадак. Але хацеў бы вас папярэдзіць: сцеражыцеся гэтага мужыка! Ён аслеплены незразумелай мне нянавісцю і гатовы на любы ўчынак.

— Нянавісцю да мяне? Але ж я першы раз яго сягоння відзеў.

— Не ведаю, — Серабракоў азірнуўся на дамініканца, які, зліваючыся з цемрай, ішоў ззаду. — Можа, вашы рукапісы маюць да ўсяго гэтага якое дачыненне? Ён мне гаварыў аб паперах, схаваных у нейкім вулеі.

— О, літасцівыя нябёсы! Толькі не гэта! — вырвалася ў Сыракомлі. Кроў прыліла яму ў галаву, і ён зусім разгубіўся, не бачачы шляхоў выратавання Галены. — Подлы хлоп, а я ж яго яшчэ за стол прывёў… Не бярыце, пане Серабракоў, усё гэта ў галаву! От, звычайны жаночы флірт. Гаспадыня гэтага дома ў мяне крышку закаханая, дакладней, была калісьці. Я ёй даваў пачытаць новыя любоўныя вершы… П’есы, значыць, яна іграе на сцэне. А гаспадар раўнуе да мяне. Так яна, сардэчная, і хавае рукапісы па розных закутках… Богам прашу вас, пане Серабракоў! Калі вы разумееце, што такое мужчынскі гонар, а вы не можаце гэтага не разумець, то вы не будзеце шукаць мае рукапісы.

— Ды я і не збіраюся шукаць. Тут яе мой павет, не мая ўлада. А калі яшчэ просіце вы асабіста, то якая можа быць гаворка! Усе размовы на гэту тэму лічу канчаткова вычарпанымі. Не кажыце нават гаспадыні, не хвалюйце яе.

— Ну от і добра, от і адлягло ў мяне ад сэрца… Заўсёды ведаў, што сярод рускіх ёсць добрыя душы! Скажыце толькі, міленькі, адкуль вы, прыезджы чыноўнік, так добра ведаеце мову беларусінскага народа?

— Як — адкуль? Я ж сярод яго жыву ўжо другі дзесятак год! Ем яго хлеб, слухаю яго песні. Толькі да сённяшняга дня не ведаў, што ён беларусінскі. Лічыў яго літоўскім, бо звычайна беларускімі называюцца Віцебская і Магілёўская губерні.

— Так ужо здарылася, што ў аднаго народа — два імёны. Але гаворыць ён яднакава — што тут, што ў ваколіцах Мінска і Нясвіжа, што пад Магілёвам. Амаль яднакава: чым далей на ўсход, тым меней польскіх слоў і болей рускіх.

— Цікава, я нядаўна чытаў працу пана Шпілеўскага…

— Людвік, дзе

вы ўсе падзеліся, мы даўно ўжо вас шукаем, — перад імі нечакана выраслі постаці Галены і Марысі. — Пара за стол сядаць. І чаму вы каня ведзіцё? — тут Галена асеклася, пабачыўшы, што побач з Сыракомлем стаіць не брат Антоні, а чалавек у службовай форме.

— Знаёмцеся, сэрданька, гэта пан Серабракоў з Ашмяны. Ён… адным словам, мы мелі з ім прыемную гаворку, і з нашага боку было б непачцівасцю не запрасіць яго на вячэру. А гэта пані Галена Маеўская, уталентаваная акторка і ўвогуле спагадлівая душа.

— Не трэба, Людвік… Аднак жа, хоць я і не гаспадыня, запрашаю за стол. Як у нас кажуць: госць у дом — бог у дом!

— Ведаю я і другую тутэйшую прымаўку: госць, як і рыба, на трэці дзень пачынае смярдзець. Таму адразу агаворваюся, што гасціннасцю злоўжываць не буду. Ды і не магу: заўтра зранку мне трэба быць ажно ў. Вільні. Абы крыху спачыць — мне і каню.

— Няхай бы пан Талочка распарадзіўся наконт каня, — няўпэўнена параіў Сыракомля.

— Зараз хто-небудзь пашукае яго… Марыся, ты не відзела, куды дзеўся вясняк, што сядзеў за сталом?

— Каля сходаў стаяў, як мы выходзілі. Ці не гукнуць яго?

— Гукні! А калі пану Серабракову рана заўтра ехаць, то я папярэджу Агатку, каб хоць гарбаты паставіла.

— Не хвалюйцеся, прашу вас. Я чалавек спартанскага крою. Магу і крынічнай вадой абысціся нашча.

— Нашто вадой, калі знойдзецца і кілішак акавіты.

— З раніцы не ўжываю-с. І, апрача ўсяго іншага, прад светлыя вочы губернатара трэба паўстаць.

У жаўтаватай пасме-смузе ад асветленага акна з’явіўся Грыва. Крыху за ім ішла Марыся.

— Клікала пані?

— Клікала. Трэба разбудзіць Талочку… Хаця не, не варта. Разам з гэтым панам адвядзі каня на канюшню. Дзверы не замкнёны. Толькі на прабой прыкрыты. Па меншай меры, так сказаў пан Ляшчынскі, калі брат Антоні турбаваўся, як свайго каня ўзяць,

— Вось добра! — усцешыўся дамініканец, які, не назаляючыся, стаяў трохі зводдаль. — За адным заходам я вазьму свайго Расінанта. Толькі куфэрачак перш знайсці трэба.

— А то лепш застаньцеся. Цёмна ж, хоць вока выкалі.

— Нічога. Так я пастановіў — і так павінна быць.

— То ідзіце. А мы вас тут пачакаем. Толькі, — Галена звярнулася да Грывы, — распражы каня і дай яму сена. У застаронцы знойдзеш.

— Добра, пані.

— Слухай, Людвік! — зласліва пачала Галена, калі ўсе, апрача Марысі, аддаліліся. Зрэшты, Марысі не было чаго асцерагацца. — Я ведала, што ты здольны на глупствы, але такога ад цябе не чакала. Запрасіць ледзь не жандара за стол! Гэта ж скандал! Што ўсе скажуць? Скажуць: вось хто сапраўдны Юдаш, вось хто павінен быў аказацца трынаццатым. Ты хоць ведаеш, хто ён такі?

— Ведаю: ашмянскі спраўнік.

— Тым болей! У такой сітуацыі, калі тут гэты… чалавек з Вільні.

— Якраз у такой! — ціха ўзарваўся Сыракомля. — А ты лепей хацела б, каб ён зрабіў вобыск — а ён ведае, дарэчы, дзе шукаць! — і знайшоў вашы няшчасныя… Як іх там… Рукапісы!

— Значыць, ведае ўжо, — адчайна ўздыхнула Галена. — Ратаваць іх трэба. І хутчэй!

— Не рабі новага глупства, Галена. Няхай усе раз’едуцца. Ці спаць пойдуць.

— Але адкуль жа людзям стала ўсё вядома?!

Поделиться с друзьями: