Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Ці то анекдот, ці то быль. Звоніць салдат каханай дзяўчыне. Яна хвалюецца: "Што ты там робіш?" Ён вырашыў фарснуць: "Толькі што з-пад рэактара вылез, памыў рукі". I тут — гудкі. Гаворка абарвалася. Кадэбэ слухае…

Дзве гадзіны — на адпачынак. Ляжаш пад кусток, а паспелі ўжо вішні, такія буйныя, салодкія, абатрэш і ў рот. Шаўковіца, я ўпершыню бачыў шаўковіцу…

Калі працы не было, вадзілі маршыраваць. Фільмы гаядзелі. Індыйскія. Пра каханне. Да трох-чатырох гадзін раніцы. Кашавар праспіць, каша сырая. Прывозілі газеты. Там пісалі, што мы — героі! Добраахвотнікі. Друкаваліся фатаграфіі. Напаткаць бы нам таго фатографа…

Непадалёк стаялі інтэрнацыянальныя часткі. Татары з Казані. Бачыў іхні самасуд. Гоняць перад строем салдата, спыніцца ці адбяжыць убок, б'юць. Нагамі. Поўзаў па хатах, чысціў. Сумку барахла

ў яго знайшлі. Былі літоўцы. Праз месяц узбунтаваліся і запатрабавалі адпраўкі дадому.

Быў аднойчы спецзаказ: тэрмінова памыць хату ў пустой вёсцы. Фантастыка! "Навошта?" — "Там заўтра будуць гуляць вяселле". Аблілі са шлангаў дах, дрэвы, саскрэблі зямлю. Скасілі бульбоўнік, увесь гарод, траву ў двары. Пустэча вакол. Назаўтра прывезлі жаніха і нявесту. Прыехаў аўтобус з гасцямі. Музыкай… Сапраўдныя, а не кіношныя жаніх з нявестай. Яны ўжо жылі ў іншым месцы, перасяліліся, але іх угаварылі прыехаць сюды, каб зняць для гісторыі. Працавала прапаганда. Фабрыка мрояў… Нават тут абараняла нашы міфы: мы паўсюль выжывем, нават на мёртвай зямлі…

Перад самым ад'ездам мяне выклікаў камандзір: "Што ты пісаў?" — "Лісты маладой жонцы", — адказаў я. "Ты там гаядзі…" — паследваў загад.

Што засталося ў памяці пра тыя дні? Цень вар'яцтва… Як мы капалі… Капалі… Дзесьці ў дзённіку запісана, што я там скеміў. У першыя ж дні… Я зразумеў, як лёгка стаць зямлёй…"

Іван Мікалаевіч Жмыхаў, інжынер-хімік

Маналог пра сімвалы вялікай краіны

"Пад канец мая, недзе праз месяц пасля аварыі, да нас пачалі паступаць на праверку прадукты з трыццацікіламетровай зоны. Інстытут працаваў кругласутачна. Як ваенны У рэспубліцы толькі ў нас на той момант былі прафесіяналы і спецыяльная апаратура. Прывозілі вантробы хатняй і дзікай жывёлы. Праверылі малако. Пасля першых проб стала ясна, што да нас паступае не мяса, а радыеактыўныя адыходы. Вахтавым метадам у зоне пасвілі статкі. Пастухі прыязджалі і ад'язджалі, даярак прывозілі толькі на даенне. Выконвалі планы малаказаводы. Праверылі. Не малако, а радыеактыўныя адыходы. Сухі малочны парашок і бляшанкі згушчанага і канцэнтраванага малака Рагачоўскага малаказавода мы доўга выкарыстоўвалі на лекцыях як эталонную крыніцу. А ў гэты час іх прадавалі ў магазінах… Калі людзі чыталі на этыкетках, што малако з Рагачова, не бралі яго, яно затаварвалася, потым раптам з'явіліся бляшанкі без этыкетак. Мяркую, прычына не ў тым, што не хапала паперы — людзей падманвалі. Падманвала дзяржава.

Першая паездка ў зону: у лесе фон у пяць-шэсць разоў вышэйшы, чым у полі, на дарозе. Паўсюль высокія дозы. Працуюць трактары… Сяляне капаюць свае гароды… У некалькіх вёсках змералі шчытавідку дарослым і дзецям: у сто, у тысячу разоў вышэй за дапушчальную дозу. Была ў нас у групе жанчына. Радыёлаг. З ёй здарылася істэрыка, калі ўбачыла, што дзеці сядзяць у пяску, гуляюць. Праверылі грудное малако — радыеактыўнае… Працуюць магазіны і, як звычайна, у нас у вёсках, мануфактура і прадукты ў суседстве: касцюмы, сукенкі, а побач каўбаса, маргарын. Ляжаць адкрыта, нават не накрытыя цэлафанам. Бяром каўбасу, яйкі… Робім рэнтгенаўскі здымак: не прадукгы, а радыеактыўныя адыходы…

Мы пыталіся — што рабіць, як быць? Нам адказвалі: "Праводзьце замеры. Глядзіце тэлевізар". Па тэлевізары Гарбачоў супакойваў: "Прыняты неадкладныя меры"… Я верыў. Інжынер з дваццацігадовым стажам, добра знаёмы з законамі фізікі. Ведаў жа я, што з гэтых мясцін трэба сысці ўсяму жывому. Хоць бы на нейкі час. Але мы добрасумленна праводзілі замеры і глядзелі тэлевізар. Мы прывыклі верыць. Я — з пасляваеннага пакалення, якое вырасла ў гэтай веры. Адкуль вера? Мы перамагаі ў такой страшнай вайне. Перад намі тады ўвесь свет схіляўся. Гэта ж было! У Кардыльерах на скалах было высечана імя — Сталін! Што гэта? Сімвал. Сімвал вялікай краіны.

Вось адказ на ваша пытанне: чаму мы ведалі і маўчалі? Чаму не выйшлі на плошчу, не крычалі? Мы дакладвалі, складалі тлумачальныя запіскі. А маўчалі і пакорліва падпарадкоўваліся загадам, бо партыйная дысцыпліна, я — камуніст. Не памятаю, каб хто-небудзь з нашых супрацоўнікаў адмовіўся ад камандзіроўкі ў зону. Не з-за страху пакласці партбілет, а з-за веры. Перш за ўсё,

вера, што мы жывём прыгожа і справядліва, і чалавек у нас вышэй за ўсё, мера ўсіх рэчаў. Крушэнне гэтай веры пасля для многіх канчалася інфарктам ці самазабойствам. Куляй у сэрца, як у акадэміка Лягасава… Таму што калі траціш веру, застаешся без веры, ты ўжо не ўдзельнік, а саўдзельнік, у цябе няма апраўдання. Я так яго разумею.

Нейкі знак… На кожнай атамнай станцыі ў былым Саюзе ў сейфе ляжаў план ліквідацыі аварыі. Тыповы план. Сакрэтны. Без такога плана нельга было атрымаць дазвол на пуск станцыі. За шмат гадоў да аварыі яго распрацавалі менавіта на прыкладзе Чарнобыльскай станцыі: што рабіць і як? Хто адказвае? Дзе знаходзіцца? Да самых малых падрабязнасцей… I раптам там, на гэтай станцыі, адбываецца катастрофа… Што гэта — супадзенне? Містыка? Калі б я быў вернікам… Калі хочаш знайсці сэнс, адчуваеш сябе рэлігійным чалавекам. А я — інжынер. Я — чалавек іншай веры. У мяне іншыя сімвалы…"

Марат Піліпавіч Коханаў, былы інжынер Інстытута ядзернай энергетыкі Акадэміі навук Беларусі

Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна

"З самага пачатку… Недзе нешта здарылася. Я нават назву не расчула, дзесьці далёка ад нашага Магілёва… Прыбег са школы брат: усім дзецям раздаюць нейкія таблеткі. Пэўна, сапраўды нешта здарылася. Ай-яй-яй. I ўсе Першага мая мы цудоўна правялі дзень. Вярнуліся дадому позна ўвечары, у маім пакоі акно расчынена ветрам… Гэта прыгадалася пазней…

Працавала я ў інспекцыі па ахове прыроды. Там чакалі якіх-небудзь указанняў, але яны не паступалі… У штаце інспекцыі прафесіяналаў амаль не было, асабліва сярод кіраўніцтва: палкоўнікі ў адстаўцы, былыя партработнікі, пенсіянеры ці няўгодныя. У іншым месцы праштрафіўся, яго да нас. Сядзіць, шамаціць паперкамі. Зашумелі, загаварылі яны пасля выступлення ў Маскве нашага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які пачаў біць ва ўсе званы. Як яны яго ненавідзелі! Нешта ірэальнае. Тут жывуць іхнія дзеці, іхнія ўнукі, не яны, — а пісьменнік крычыць свету: ратуйце!! Здавалася б, павінен спрацаваць інстынкт самазахавання. На партсходах, у курылках — усе пра пісакаў. Навошта лезуць не ў сваё! Распусціліся! Існуе інструкцыя! Субардынацыя! Што ён разумее? Ён не фізік! Ёсць Цэка, ёсць генеральны сакратар! Я тады, можа, упершыню ўцяміла, што такое — трыццаць сёмы год. Як гэта было…

У той час маё ўяўленне пра атамную станцыю было зусім ідылічнае. У школе, у інстытуце нас вучылі, што гэта казачныя "фабрыкі энергіі з нічога", дзе людзі ў белых халатах сядзяць і націскаюць кнопкі. Чарнобыль выбухнуў на фоне непадрыхтаванай свядомасці, У дадатак ніякай інфармацыі. Горы папер з грыфам "зусім сакрэтна": "засакрэціць звесткі аб аварыі", "засакрэціць звесткі аб выніках лячэння", "засакрэціць звесткі аб ступені радыеактыўнага паражэння персаналу, які ўдзельнічаў у ліквідацыі…" Хадзілі чуткі: нехта ў газетах прачытаў, хтосьці чуў, камусьці сказалі… Нехта слухаў заходнія галасы, толькі яны ў той час перадавалі, якія таблеткі піць, як іх ужываць. Але рэакцыя часцей за ўсё была такая: ворагі злараднічаюць, а ў нас усё добра. Дзевятага мая ветэраны пойдуць на парад… Нават тыя, хто тушыў рэактар, як пасля высветлілася, таксама жылі сярод чутак. Здаецца, небяспечна рукамі браць графіт… Здаецца…

Адкульсці з'явілася ў горадзе вар'ятка. Хадзіла па рынку і гаварыла: "Я бачыла гэтую радыяцыю. Яна сіняя-сіняя, пераліваецца…" Людзі перасталі купляць на рынку малако, тварог. Стаіць бабуля з малаком, ніхто яго ў яе не бярэ. "Не бойцеся, — угаворвае, — я карову ў поле не выводжу, я траву ёй сама нашу". Выедзеш за горад, нейкія пудзілы ўздоўж дарогі маячаць: пасвіцца карова, цэлафанам абвязаная, а побач бабуля, таксама ўся ў цэлафане. Хоць плач, хоць смейся. I нас пачалі ўжо пасылаць на праверкі. Мяне накіравалі ў лясгас. Леснікам пастаўкі драўніны не зменшылі, як быў план, так і застаўся. На складзе ўключылі прыбор, а ён ліха яго ведае што паказвае. Ля дошак нібыта ўсё нармальна, а побач з нарыхтаванымі венікамі зашкальвае. "Адкуль венікі?" — "З Краснаполля (як пасля высветлілася, самы заражаны раён у нашай Магілёўскай вобласці). Апошняя партыя засталася. Усе адправілі". Як ты іх па розных гарадах знойдзеш?

Поделиться с друзьями: