Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Яны не маглі зразумець аднаго… Не хацелі… Мне трэба было ведаць, што гэта не мы з мужам вінаватыя… Не наша каханне… (Не стрымліваецца. Плача.)
Гэта дзяўчынка расце… Усё роўна дзяўчынка… Не хачу, каб назвалі прозвішча… Нават суседзі нашы… На адной лесвічнай пляцоўцы ўсяго не ведаюць. Апрану ёй сукеначку, запляту коску: "Кацечка ваша такая прыгожая", — кажуць яны мне. А сама я гэтак дзіўна гляджу на цяжарных жанчын… Як быццам здалёк… З-за вугла дома… Не гляджу, а падглядваю… Ува мне сумесь розных пачуццяў: здзіўлення і жаху, зайздрасці і радасці, нейкай нават помслівасці. Неяк спаймала сябе на думцы, што з тым жа пачуццём гляджу на шчэнную суседскую сучку… На бусліху ў гняздзе…
Мая дзяўчынка…"
Ларыса З., маці
Маналог пра месяцавы пейзаж
"Я раптам стаў сумнявацца, што лепей: памятаць ці забыць? Распытаў знаёмых. Адны забылі,
Што я запомніў… У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі. Хто мог, даставаў таблеткі ёдзістага калію (у аптэках нашага горада ў продажы іх не было, даставалі па вялікім блаце). Здаралася, што з'ядалі гэтых таблетак жменю і запівалі шклянкай спірту. "Хуткая дапамога" адкачвала.
Пасля паявілася прыкмета, усе за ёю сачылі: пакуль у горадзе ці вёсцы ёсць вераб'і і галубы, там можна жыць і чалавеку. Ехаў у таксі, вадзіцель здзіўляўся, чаму птушкі, як сляпыя, ляцяць на шкло, разбіваюцца. Як ненармальныя… Нешта падобнае на самазабойства…
Запомніў, як вяртаўся з камандзіроўкі. Сапраўдны месячны пейзаж… Паабапал дарогі да самага небакраю доўжыліся засыпаныя белым даламітам палі. Верхні забруджаны пласт зямлі зняты і пахаваны, замест яго насыпалі даламітавага пяску… Як не зямля… Доўга пакутаваў ад гэтага месяцавага прывіду і паспрабаваў напісаць аповед. Уявіў, што тут адбудзецца, будзе праз сто гадоў: ці то чалавек, ці то яшчэ штосьці імчыцца на чацвярэньках, выкідваючы доўгія заднія ногі каленямі назад, уначы ён бачыць усё трэцім вокам, а адзінае вуха, на макаўцы, чуе нават крок мураша. Засталіся толькі мурашы, усё астатняе на зямлі і ў небе пагінула…
Паслаў аповед у часопіс. Прыслалі адказ, што гэта не літаратурны твор, а пераказ жахаў. Вядома, у мяне не хапіла таленту. Але тут, мяркую, яшчэ адна прычына. Я задумаўся, чаму пра Чарнобыль маўчаць, мала пішуць нашы пісьменнікі, працягваюць пісаць пра вайну, пра лагеры, а тут маўчаць? Думаеце, выпадковасць? Калі б мы адолелі Чарнобыль, пра яго гаварылі і пісалі б больш. Ці калі б мы яго зразумелі. Мы не ведаем, як здабыць з гэтага жаху сэнс. Не здольныя. Бо яго нельга прымераць ні да нашага чалавечага вопыту, ні да нашага чалавечага часу…
Дык што ж лепей: памятаць ці забыць?"
Яўген Аляксандравіч Броўкін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
"Тады я думаў пра іншае… Вам падасца дзіўным… Якраз у той час я разводзіўся з жонкай.
Раптам прыходзяць, уручаюць позву і кажуць, што ўнізе ўжо чакае машына. Такі "варанок" спецыяльны. Як у трыццаць сёмым годзе… Бралі начамі. З пасцелі, цёпленькіх. Пасля гэтага схема перастала працаваць: жонкі не адчынялі дзвярэй альбо хлусілі, што мужы ў камандзіроўцы, на курорце, у вёсцы ў бацькоў. Ім спрабавалі ўручыць позвы, яны не бралі. Пачалі хапаць людзей на рабоце, на вуліцы, у часе абедзеннага перапынку ў заводскіх сталовых. Як у трыццаць сёмым… А я быў тады амаль ашалелы… Мне здрадзіла жонка, усё астатняе выдавала глупствам. Сеў у гэты "варанок"… Вялі мяне двое ў цывільным, але з вайсковай выпраўкай, ішлі абапал, пэўна, баяліся, каб не ўцёк. Калі сеў у машыну, чамусьці прыгадаў амерыканскіх касманаўтаў, якія ляталі на Месяц, і адзін з іх пазней стаў свяшчэннікам, а другі быццам бы звар'яцеў? Чытаў, што ім падалося, быццам там ёсць гарады, нейкія чалавечыя сляды. Мільганулі ў памяці абрыўкі газет: нашы атамныя станцыі цалкам бяспечныя, можна будаваць на Краснай плошчы. Больш бяспечныя, чым самавар. Але ад мяне пайшла жонка… Я здольны быў думаць толькі пра гэта… Некалькі разоў спрабаваў парашыць сябе… Мы хадзілі ў адзін дзіцячы сад, вучыліся ў адной школе… У адным інстытуце… (Маўчыць. Закурвае.)
Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага для пісьменніцкага пяра. Былі думкі, што, быццам бы, не ваенны час, чаму я павінен рызыкаваць, калі нехта будзе спаць з маёй жонкай. Чаму зноў я, а не ён? Па праўдзе кажучы, не бачыў я там герояў. Вар'ятаў бачыў, якім начхаць на ўласнае жыццё, і ліхацтва хапала, але патрэбы ў ім не было… У мяне таксама ёсць граматы і падзякі… Але гэта таму, што мне не боязна было паміраць. Напляваць! Гэта было нават выйсцем. Пахавалі б з пашанаю… I на казённы кошт…
… Там ты адразу трапляў у фантастычны свет, дзе спалучыліся канец свету і каменны век. А ўва мне ўсё яшчэ абвострана… Аголена… Жылі ў лесе. У палатках. За дваццаць кіламетраў ад рэактара. "Партызанілі". "Партызаны" — гэта тыя, каго бяруць на вучэбныя вайсковыя зборы. Узрост — ад дваццаці пяці да сарака гадоў, многія — з вышэйшай адукацыяй, сярэднетэхнічнай, я, да слова, настаўнік гісторыі. Замест аўтаматаў выдалі рыдлёўкі. Перакопвалі сметнікавыя звалкі, гароды. Жанчыны ў вёсках глядзелі і хрысціліся. Мы ў пальчатках, рэспіратарах, маскхалатах… Смаліць сонца… Паяўляемся на іхніх гародах, як чэрці. Яны не разумелі, навошта
мы перакопваем іхнія грады, вырываем іхні часнок, капусту, калі часнок як часнок, капуста як капуста. Бабулі хрысцяцца і галосяць: "Салдацікі, гэта што — канец свету?"У хаце печ паліцца, сала сквірчыць. Дазіметр прыставіш: не печ, а маленькі рэактар. "Сядайце, хлопчыкі, за стол", — клічуць. Прывячаюць. Адмаўляемся. Просяць: "Сто грамаў знойдзем. Сядайце. Раскажыце". А што расказваць? На самім рэактары пажарнікі тапталі мяккае паліва, яно свяцілася, а яны не ведалі, што гэта такое. Дзе ўжо нам ведаць?
Ідзём аддзяленнем. На ўсіх — адзін дазіметр. А ў розных месцах — розны ўзровень: адзін з нас працуе, дзе два рэнтгены, а другі там, дзе дзесяць рэнтгенаў. З аднаго боку, бяспраўе, як у зэкаў, з другога — страх. Але ў мяне страху не было. Глядзеў на ўсё збоку…
На верталёце прыляцела група вучоных. У гумавым спецадзенні, высокіх ботах, засцерагальных акулярах… Як на Месяц… Падыходзіць да аднаго бабуля: "Ты хто?" — "Я — вучоны". — "Ах, ты вучоны, паглядзіце на яго, як разадзеўся. Замаскаваўся. А мы?" I за ім — з кіем. У мяне не аднойчы мільгала, што калі-небудзь вучоных будуць вылоўліваць, як у сярэднявеччы лавілі ўрачоў і тапілі.
Я бачыў чалавека, на вачах у якога хавалі ягоную хату… (Перапыняецца.) Хавалі хаты, калодзежы, дрэвы… Хавалі зямлю… Зразалі, скручвалі яе вялікімі пластамі… Я вас папярэджваў… Нічога гераічнага…
Вяртаемся позна вечарам, бо працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Без выхадных. На адпачынак толькі ноч. Значыць, едзем на бэтээры. Ідзе па пустой вёсцы чалавек. Бліжэй: малады хлопец з дываном на плячах… Непадалёк "Жыгулі"… Тармозім. Багажнік забіты тэлевізарам і абрэзанымі тэлефонамі. Бэтээр разварочваецца і таранам: "Жыгулі" — у гармонік, як бляшанка з-пад кансерваў. Ніхто слова не прамовіў…
Хавалі лес. Дрэвы пілавалі па паўтара метра, упакоўвалі ў цэлафан і завальвалі ў магільнік. Уначы не мог заснуць. Заплюшчу вочы: нешта чорнае варушыцца, пераварочваецца… як жывое… Жывыя пласты зямлі… З жукамі, павукамі, чарвякамі… Я нікога з іх не ведаў, не ведаў, як іх завуць… Проста жукі, павукі. Мурашы. А яны маленькія і вялікія, жоўтыя і чорныя. Такія разнаколерныя. У кагосьці з паэтаў чытаў, што жывёліны — гэта асобны народ. Я забіваў іх дзесяткамі, сотнямі, тысячамі, не ведаючы нават, як іх завуць. Знішчаў іх хаціны. Іхнія тайны. Хаваў… Закопваў у магільнікі…
У Леаніда Андрэева, якога я вельмі люблю, ёсць прытча пра Лазара, які зазірнуў за рысу забароненага. Ён ужо чужы, ён ужо ніколі не будзе сваім сярод людзей, хоць яго Хрыстос і ўваскрасіў…
Можа, досыць? Вам, разумею, цікава, тым, хто там не пабываў, заўсёды цікава. А гэта быў усё той жа чалавечы свет. Нельга ўвесь час жыць у палоне страху, чалавек не можа, мінаецца нейкі час і пачынаецца звычайнае чалавечае жыццё. (Захапляецца і працягвае далей.) Мужчыны пілі гарэлку. Гулялі ў карты. Заляцаліся да жанчын. Зачыналі дзяцей. Шмат гаварылі пра грошы. Але не за грошы там працавалі. Мала хто толькі за грошы. Працавалі таму, што трэба працаваць. Сказалі — працаваць. I не задавалі пытанняў. Марылі пра павышэнне на службе. Хітравалі, кралі. Спадзяваліся на абяцаныя льготы: атрымаць па-за чаргою кватэру і выехаць з барака, уладкаваць дзіця ў дзіцячы садок, купіць машыну. Адзін у нас спалохаўся, баяўся вылазіць з палаткі, у гумавым касцюме спаў. Баязлівец! Яго выключылі з партыі. Ён крычаў: "Я хачу жыць!" Усё ўперамешку… Спатыкаў там жанчын, што добраахвотна прыехалі. Ірваліся. Ім адмаўлялі, тлумачылі, што патрэбны шафёры, слесары, пажарнікі, але яны прыехалі… Усё ўперамешку… Тысячы добраахвотнікаў і спецыяльны "варанок", які начамі пільнаваў запаснікоў… Студэнцкія атрады, грашовыя пераводы ў фонд пацярпелых… Сотні людзей, якія бясплатна прапаноўвалі кроў і касцявы мозг… I ў той жа момант усё можна было купіць за пляшку гарэлкі. Ганаровую грамату, водпуск дадому… Адзін старшыня калгаса прывязе ў атрад дазіметрыстаў скрынку гарэлкі, каб ягоную вёску не запісвалі ў спіс на эвакуацыю, другі аддасць тую ж скрынку гарэлкі, каб ягоны калгас выселілі. Яму ўжо трохпакаёвую кватэру ў Мінску паабяцалі. Радыезамеры ніхто не правяраў. Нармальны рускі хаос. Мы так жывём… Штосьці спісвалі, прадавалі… З аднаго боку агідна, з другога — ідзіце вы ўсе к чорту ў балота!
Прыслалі студэнтаў. Яны вырывалі ў полі лебяду. Зграбалі сена. Некалькі пар было зусім маладзенькіх. Муж і жонка. Яны яшчэ за рукі хадзілі. Гэта немагчыма было бачыць.
Штодня прывозілі газеты. Я чытаў толькі загалоўкі: "Чарнобыль — месца подзвігу", "Рэактар пераможаны", "А жыццё працягваецца". Былі ў нас нампаліты, праводзілі палітгутаркі. Нам гаварылі, што мы павінны перамагчы. Каго? Атам? Фізіку? Космас? Перамога ў нас не падзея, а працэс. Жыццё — барацьба. Пераадоленне. Адсюль такая любоў да паводак, пажараў, стыхій. Патрэбна месца дзеяння, каб "праявіць мужнасць і гераізм". I ўстанавіць сцяг. Нампаліт чытаў заметкі ў газетах аб "высокай свядомасці і дакладнай арганізаванасці", аб тым, што праз некалькі дзён пасля катастрофы над чацвёртым рэактарам ужо лунаў чырвоны сцяг. Палаў. Праз месяц яго зжэрла высокая радыяцыя. Сцяг зноў узнялі. Праз месяц новы… Я ў думках спрабаваў уявіць, як салдаты падымаюцца на дах… Смяротнікі… Скажаце: савецкае язычніцтва? Ахвярапрынашэнне? Але ж справа ў тым, што далі б мне сцяг у рукі, я таксама б туды палез. Чаму? Не адкажу. Мне тады не страшна было памерці… Жонка нават пісьма не прыслала… За паўгода ніводнага пісьма… (Перапыняецца.)