Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Складаю пратакол.
Прывозяць мяса для пахавання ў магільніках. У тушах ялавічыны адсутнічаюць кумпякі. Выразка.
Складаю пратакол.
У пустых вёсках бегалі здзічэлыя свінні. На калгасных канторах і клубах віселі плакаты: "Дадзім Радзіме хлеба!", "Слава савецкаму сельскаму працаўніку!", "Подзвіг народа несмяротны".
Недагледжаныя брацкія магілы. Трэснуты камень з прозвішчамі: капітан Барадзін, старшы лейтэнант… Шараговыя… Дзядоўнік, крапіва, лапухі.
Дагледжаны гарод. За плугам ідзе гаспадар, убачыў нас:
— Хлопцы, не сварыцеся. Мы ўжо падпіску далі: вясной паедзем.
— А навошта ж тады гарод пераворваеце?
— Дык жа гэта асенні клопат…
Я разумею, але я павінен скласці пратакол…"
"Жонка забрала дзіця і сышла. Сучка! Але я не павешуся, як Ванька Котаў… I не выкінуся з сёмага паверха! Сучка! Калі я адтуль прыкаціў з чамаданам грошай… Машыну купілі. Яна, сучка, жыла са мною. Не баялася. (Нечакана спявае.)
Нават тысяча рэнтген
Не апусціць рускі
Добрая прыпеўка. Адтуль. Хочаце анекдот? (Тут жа пачынае расказваць.) Муж вяртаецца дадому… З-пад рэактара… Жонка пытаецца ў доктара: "Што рабіць з мужам?" — "Памыць, абняць, дэзактываваць". Сучка! Яна мяне баіцца… Забрала дзіця… (Нечакана сур'ёзна.) Салдаты працавалі… Ля рэактара… Я іх вазіў на змену і са змены. У мяне, як і ва ўсіх, вісеў на шыі лічыльнік-накапляльнік. Пасля змены я іх збіраў і здаваў у першы аддзел… Сакрэтны… Там здымалі паказанні, запісвалі быццам бы штосьці ў нашы картачкі, але колькі рэнтгенаў кожнаму перапала — ваенная тайна. Сукі! Праходзіць нейкі час, табе кажуць: "Стоп! Больш нельга!" Уся медыцынская інфармацыя… Нават пры ад'ездзе не сказалі — колькі? Сукі! Цяпер яны грызуцца за ўладу… За партфелі… У іх — выбары.
Як нас лячыць? Ніякіх дакументаў мы не прывезлі. Іх дагэтуль хаваюць ці знішчылі па прычыне асаблівай сакрэтнасці. Чым дапамагчы нашым дактарам? Мне б цяпер даведачку: колькі? Чаго я там набраў? Я б сваёй сучцы паказаў… Я яшчэ ёй дакажу, што мы выжывем у любых абставінах і будзем жаніцца і раджаць. Пайшлі вы ўсе ў с…!"
"З нас узялі падпіску аб неразглашэнні… Я маўчаў… Адразу пасля арміі стаў інвалідам другой групы. У дваццаць два гады. Хапануў сваё… Цягалі вёдрамі графіт… Дзесяць тысяч рентгенаў… Зграбалі звычайнымі рыдлёўкамі, шуфлямі, мяняючы за змену да трыццаці "пялёсткаў Істракова", у народзе іх звалі "наморднікамі". Насыпалі саркафаг. Гіганцкую магілу, у якой пахаваны адзін чалавек — старшы аператар Валерый Хадзямчук, які застаўся пад руінамі ў першыя хвіліны выбуху. Піраміда дваццатага стагоддзя…
Нам заставалася служыць яшчэ тры месяцы. Вярнуліся ў часць, нават не пераапранулі. Хадзілі ў тых жа гімнасцёрках, у ботах, у якіх былі на рэактары. Да самага дэмбеля…
А калі б далі гаварыць, каму я мог расказаць? Працаваў на заводзе. Начальнік цэха: "Хопіць хварэць, а то скароцім". Скарацілі. Пайшоў да дырэктара: "Не маеце права. Я — чарнобылец. Я вас ратаваў. Абараняў!" — "Мы цябе туды не пасылалі".
Начамі прачынаюся ад мамінага голасу: "Сыночак, чаму ты маўчыш? Ты ж не спіш, ты ляжыш з расплюшчанымі вачыма… I святло ў цябе гарыць…" Я маўчу. Са мною ніхто не можа загаварыць гэтак, каб я адказаў. На маёй мове… Ніхто не разумее, адкуль я вярнуўся… I я распавесці не магу…"
"Ужо не баюся смерці… Самой смерці… Але не даўмеюся, як буду паміраць… Друг паміраў… Разросся, надзьмуўся… З бочку… А сусед… Таксама там быў, кранаўшчык. Ён счарнеў на вугаль, усохся да дзіцячага памеру. Не даўмеюся, як буду паміраць… Адно мне дакладна вядома: з маім дыягназам доўга не працягнеш. Адчуць бы момант… Кулю — у лоб… Я быў у Афгане… Там з гэтым лягчэй… З куляй…
Зберагаю газетную выразку… Пра аператара Леаніда Таптунова, гэта ён той ноччу дзяжурыў па станцыі і націснуў на чырвоную кнопку аварыйнай засцярогі за некалькі хвілін да выбуху. Яна не спрацавала… Яго лячылі ў Маскве. "Каб уратаваць, патрэбна цела", — казалі ўрачы. Засталася адна-адзіная чыстая, неабпрамененая плямка на спіне. Пахавалі, як і іншых, на Міцінскіх могілках. Труну выклалі знутры фальгой… Над ім паўметра бетонных пліт, са свінцовай пракладкай. Прыедзе бацька… Стаіць, плача… Ідуць міма людзі: "Твой суччын сын узарваў!"
Мы — самотнікі. Чужыя. Нават хаваюць нас асобна, не гэтак, як усіх. Як прышэльцаў адкульсці з космасу… Лепей бы я загінуў у Афгане! Праўду кажу, навальваюцца такія думкі. Там смерць была справай звычайнай… Зразумелай…"
"Зверху… З верталёта… Як ішоў нізка ля рэактара, назіраў… Казулі, дзікі… Худыя, сонныя… Як на замаруджанай кінастужцы рухаюцца… Яны карміліся травою, што тут расла, не разумелі… Не разумелі, што трэба сысці… Сысці разам з людзьмі…
Ехаць — не ехаць? Ляцець — не ляцець? Я — камуніст, як я мог не ляцець? Двое штурманаў адмовіліся, што, маўляў, жонкі маладыя ў іх, дзяцей яшчэ няма, іх сарамацілі, пакаралі. Кар'ера скончылася! Быў яшчэ мужчынскі суд. Суд гонару! Гэта, разумееце, азарт — ён не змог, а я пайду. Цяпер я думаю іначай… Пасля дзевяці аперацый і двух інфарктаў… Я іх не асуджаю, я іх разумею. Маладыя хлопцы. Але сам бы ўсё роўна паляцеў… Гэта так. Ён — не змог, а я — пайду. Мужчынскае!
З вышыні ўражвала колькасць тэхнікі: цяжкія верталёты, сярэднія верталёты… МІ-24 — гэта баявы верталёт… Што можна было рабіць на баявым верталёце ў Чарнобылі? Ці на ваенным знішчальніку МІ-2? Лётчыкі… Маладыя хлопцы… Усе пасля Афгана… Настрой такі, што хапіла б з іх аднаго Афгана, наваяваліся. Стаяць у лесе ля рэактара, хапаюць рэнтгены. Загад! Туды не трэба было пасылаць такую колькасць людзей, абпраменьваць. Навошта? Патрабаваліся спецыялісты, а не чалавечы матэрыял. Разбураны будынак, піраміды абрынутага хламу… і гіганцкая колькасць маленькіх чалавечых фігурак. Стаяў нейкі фээргэўскі кран, але мёртвы, туды дайшоў і памёр. Робаты паміралі… Нашы робаты, акадэміка Лукачова, створаныя ім для даследаванняў на Марсе… Японскія робаты… У іх, пэўна, згарала ўся начынка ад высокай радыяцыі. А салдацікі
ў гумавых касцюмах, у гумавых пальчатках бегалі…Перад ад'ездам нас папярэдзілі, што ў дзяржаўных інтарэсах — не балбатаць пра бачанае. Але, акрамя нас, ніхто не ведае, што там рабілася. Мы не ўсё разумелі, але ўсё бачылі…"
Раздзел другі. Вянец тварэння
Маналог пра старыя прароцтвы
"Мая дзяўчынка… Яна не такая, як усе… От яна падрасце і яна спытаецца ў мяне: "Чаму я не такая?"
Як яна нарадзілася… Гэта было не дзіцятка, а жывы мяшэчак, зашыты з усіх бакоў, ніводнай шчылінкі, толькі вочкі расплюснуты. У медыцынскай картачцы запісана: "дзяўчынка, народжаная з множнай комплекснай паталогіяй: аплазія ануса, аплазія похвы, аплазія левай ныркі"… Гэтак гучыць яно на навуковай мове, а на звычайнай: ні піскі, ні попкі, адна нырка… Я несла яе на другі дзень на аперацыю, на другі дзянёк яе жыцця… Яна расплюшчыла вочкі, быццам і ўсміхнулася, а я спачатку падумала, што хоча заплакаць… О, госпадзі, яна мне ўсміхнулася! Такія, як яна, не жывуць, такія адразу паміраюць. Яна не памёрла, бо я яе люблю. За чатыры гады — чатыры аперацыі. Гэта адзінае дзіця ў Беларусі, якое выжыла з такой комплекснай паталогіяй. Я яе вельмі люблю. (Маўчыць.) Я нікога больш не змагу радзіць. Не рашуся. Вярнулася з раддома: муж пацалуе ўначы, я ўся дрыжу — нам нельга… Грэх… Страх… Чула, як урачы між сабою гаварылі: "Дзяўчынка не ў сарочцы нарадзілася, а ў панцыры. Паказаць па тэлевізары, ніводная маці не раджала б". Гэта яны пра нашу дзяўчынку… Як нам пасля гэтага з любошчамі тымі?!
Хадзіла ў царкву. Распавяла бацюшку. Ён кажа, што трэба адмольваць свае грахі. Але ў нашым родзе ніхто нікога не забіў…
У чым я вінаватая? Спачатку наш пасёлак хацелі эвакуіраваць, а пасля выкраслілі са спісу: не хапіла ў дзяржавы грошай. А я ў гэты час пакахала. Выйшла замуж. Я не ведала, што нам тут няможна кахацца… Шмат гадоў назад мая бабуля чытала ў Бібліі, што надыдзе на зямлі час, калі ўсяго будзе ў дастатку, усё будзе цвісці і пладаносіць, у рэках стане поўна рыбы, у лясах звера, але пакарыстацца гэтым чалавек не зможа. Ён не зможа і нарадзіць на сябе падобнага, прадоўжыць несмяротнасць. Я слухала старыя прароцтвы, як жахлівую казку. Не верыла. Раскажыце ўсім пра маю дзяўчынку. Напішыце. У чатыры гады яна спявае, танцуе, чытае на памяць вершыкі. У яе нармальнае разумовае развіццё, яна нічым не адрозніваецца ад іншых дзяцей, у яе толькі іншыя гульні. Яна не гуляе "ў краму", "у школу", яна гуляе з лялькамі "ў бальніцу": робіць ім уколы, ставіць градуснік, прызначае кропельніцу, лялька памірае, — пакрывае яе белай прасціною. Чатыры гады мы з ёй жывём у бальніцы, яе нельга пакінуць там адну, і яна не ведае, што жыць трэба дома. Калі забіраю яе на месяц-два дадому, пытаецца: "А мы хутка вернемся ў бальніцу?" Там у яе сябры, яны там жывуць, растуць. Ёй зрабілі попку… Фармуюць похву… Пасля апошняй аперацыі цалкам спынілася мочаспусканне, катэтар уставіць не ўдалося — трэба яшчэ некалькі аперацый. Але далей раяць аперыравацца за мяжою. А дзе нам узяць дзесяткі тысяч долараў, калі муж атрымлівае сто дваццаць долараў у месяц? Адзін прафесар па сакрэце параіў: "З такой паталогіяй ваша дзіця ўяўляе вялікую цікавасць для навукі. Пішыце ў замежныя клінікі. Іх павінна гэта зацікавіць". I я пішу… (Стараецца не заплакаць.) Я пішу, што кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі, мача выходзіць праз кропкавыя адтуліны ў вобласці похвы. Калі гэтага не рабіць, адмовіць адзіная нырка. Дзе яшчэ ў свеце ёсць дзіця, якому кожнае паўгадзіны трэба выціскаць мачу рукамі? I колькі гэта можна вытрываць? Ніхто не ведае ўздзеяння малых доз радыяцыі на чалавека, на дзіцячы арганізм. Вазьміце маю дзяўчынку, хай для вопытаў… Я не хачу, каб яна памёрла… Я згодная, каб мая дзяўчынка стала паддоследнай жабкай, паддоследным трусікам, толькі б яна выжыла. (Плача.) Дзесяткі лістоў напісала… О, Госпадзі!
Пакуль што яна не разумее, але калі-небудзь спытаецца ў нас: чаму яна не такая, як усе? Чаму яе не зможа пакахаць мужчына? Чаму ёй нельга нарадзіць дзіцятка? Чаму ў яе ніколі не будзе таго, што адбываецца ў матылька… у птушкі… Ува ўсіх, але толькі не ў яе… Я хацела… Я павінна была даказаць… Каб… Я хацела атрымаць дакументы… Каб яна вырасла і даведалася: гэта не мы з мужам вінаватыя… Не наша каханне… (Зноў стараецца не заплакаць.) Чатыры гады ваявала… З урачамі, з чыноўнікамі.. Стукалася ў высокія кабінеты…Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй. Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: "Ваша дзяўчынка — інвалід дзяцінства". Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна — інвалід Чарнобыля. Я вывучыла сваё радаводнае дрэва: не здаралася ў нашым родзе такога, да васьмідзесяці-дзевяноста гадоў усе жылі, мой дзядуля — да дзевяноста трох. Урачы апраўдваліся: "У нас — інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне. Вось праз дваццаць-трыццаць гадоў, калі назапасіцца банк чарнобыльскіх дадзеных, пачнём звязваць хваробы з іянізуючай радыяцыяй. А пакуль што медыцыне і навуцы пра гэта мала што вядома". Але я не магу чакаць дваццаць-трыццаць гадоў. Хацела падаць на іх у суд… На дзяржаву… Мяне называлі вар'яткай, смяяліся, маўляў, такія дзеці нараджаліся і ў Старажытнай Грэцыі. Адзін чыноўнік крычаў: "Чарнобыльскіх ільгот захацела! Чарнобыльскіх грошай!" Як я не страціла прытомнасці ў яго кабінеце…