Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Шрифт:

Адсланiўшы яснасць, кончыўся лес — дарога выбегла да маладога, прысыпанага снегам жыта. Выбiўшыся з-пад абледзянелай кары, на вострым ветры дрыжалi купкi зялёнага доўгага пер’я. На грудку, дзе злез снег, былi вiдаць чорныя рады ад бараны. Збоку, на ўсходзе, сiнюю цяжкую хмару перасекла i засвiцiлася, як шчылiна ў цёмным гумне, жоўтая палоса.

Нейкi пусты смутак глухое восенi стыў над шырокiм светам, над гэтым першым рэдзенькiм i сухiм снегам, што абцерушыў зямлю, як абцярушвае мукою запараную i замешаную з сырымi ссечанымi картоплямi сечку скупы гаспадар.

Зводдаль дарогi сярод стракатага жыта чарнеў куст голае грушы. У лагчынцы былi вiдаць хата з чырвона-цёмнымi лiштвамi акон, белыя камлi бярэзiн

за гарбатым частаколам плота, абымшэлы калодзежны журавель, хлеў, закладзены аж пад самы вiльчык наколатымi дрывамi, гладкi белаваты камень на сцежцы, што бегла з дарогi на хутар. Адтуль кiнуўся, адлiваючы ружаватаю сiнявою, чорны сыты сабака. Спынiўшыся сярод сцежкi, доўга брахаў незаядлым, асiплым голасам. I пад яго рахманы, лянiвы брэх Мiцю захацелася бясконца iсцi, чуць пад нагамi хрумсткi лядок на белаватых, высушаных марозам лужынах. Слухаць, як мякка шастае, ходзiць па рунi вецер, шумiць у вушах, студзiць шыю, як звiняць абапал дарогi пустымi галоўкамi счарнелыя кветкi i ломкi, сухi быльнiк. Далёка ў сiняватай смузе былi ўжо знаць белаватыя нiзкiя камянiцы, паднiмалася цёмна-чырвоная вежа касцёла, двума чорнымi слупамi на лiловым астылым небе чарнелi высокiя камiны тартака.

Гэта былi Дварчаны. Туды бегла, ужо абсаджаная маладымi ясенямi, дарога. Гонкiя дрэўцы рвалi счарнелыя, папрывязваныя да аблушчаных яловых калкоў жытнiя перавяслы.

Нейкi даўнi холад аблiў Мiцева сэрца. Колькi яму перадумалася на гэтай пустой дарозе. Ён пайшоў тады ў пяты клас Дварчанскай школы — адзiн з усяго Верасава: яго равеснiкi, каму перакiнулася за дванаццаць, падкасаўшы зрэбныя, ужо без станiкаў i шлеек, порткi, бралiся за плуг.

I колькi набраўся страху тут, за гэтым хутарам у лагчынцы, калi, баючыся спазнiцца ў школу, пабег не шашою, а нацянькi, гэтаю дарогаю. Не помнячыся, пераскочыў лес i тут ужо, рады, асмялеў, што на хутары гарыць у двух вокнах жоўты агонь, што нехта наперадзе iдзе, хаваючыся ад вострага, як грэчка, перамешанага з дажджом граду. Там варушыўся, чарнеў цень. Мiця скоранька закоўзаўся па няроўнай, аблiтай галалёдам дарозе. Чуў толькi, як б’ецца па клубе палатняная сумка i брашчыць у ёй пусты, усяго з танюсенькаю ручкаю i алоўкам, драўляны «пюрнiк». У чарнаце разор на папары, здаецца, нешта варушылася, паўзло, паднiмаючы спiну, але страх у Мiцi прайшоў — ён наганяў чалавека, блiзенька варушыўся калматы цень. Ды цень раптам расцягнуўся i, здаецца, яшчэ пабольшаў — там стаяў высокi, з добрае цяля, воўк.

У Мiцi аслабелi i падагнулiся ногi. Ён адступiўся ўбок, ужо чуючы, як дранцвеюць, робяцца не сваiмi ногi, як устаюць, варушацца на галаве валасы, як шэрхне, нiбы ад холаду, спiна. Мiця хацеў крыкнуць, але ў яго перахапiла, сцяло дых. Коўзаючыся па абледзянелай дарозе, ён пачаў адступацца назад, да гэтага хутара, дзе ў двух вокнах дрыжаў жоўты агонь… Там i прастаяў блiзенька каля плота, узiраючыся ў нiзкую сырую цемнату, дзе ўсё, здаецца, падымаў тоўсты карак, сваю голаў з вострымi натапыранымi вушамi воўк, покуль не пачало развiднiвацца… Потым, ужо не помнячыся, бег у Дварчаны. Над полем яшчэ варушылася, паднiмаючыся нейкiм страхам, як прытоптаная кудзеля, чарната.

А там, пад Дварчанамi, да самых хмар даставала жаўтаватая, сырая яснасць, шнурком пацерак мiгцелi i трапяталiся электрычныя лямпачкi, там, недалёка ад пераезда, дзе Мiця пераходзiў чыгунку, каля помпы, заўсёды соп чорны вялiкi паравоз, пад яго чэравам, мiж рэек, тлеў чырвоным жарам i яшчэ браўся гарэць, пастрэльваў высыпаны з топкi шпур, хадзiў з запаленым квачом машынiст, цюкаў недзе малаточкам па буксах аглядчык: там было вясёла, там, мусiць, нiколi не было страху…

Пасля гэтага Улас Корсак ужо аддаў сына на кватэру да дварчанскага краўца Моўшы — у невялiкую, што прапахла едкаю цыбуляю, атынкаваную хатку.

Недзе з сухое травы, з чорнага быльнiку

каля дарогi зафуркала i неяк бокам паляцела, не махаючы растапыранымi, трохi чырванаватымi спаднiзу крыллямi, цяжкая курапатка. Перабiла Мiцевы думкi. Ён глядзеў, як яна, недаляцеўшы да шарых кустоў вербалозу, спускалася за жытам на рудаватым лужку. Упала на траву i скоранька пакiвалася да кустоў, прысадзiстая, драбнейшая за курыцу, высока трымаючы i заварочваючы назад спрытную галоўку.

Ляскала недзе ззаду фурманка, пад коламi звонка хрумсцеў тонкi лёд, што зацягнуў калдобiстыя каляiны. Мiця азiрнуўся: жоўты, з белай лысiнкай на лобе i нiзкiмi персямi конь бег, паднiмаючы цяжкiя, валасатыя каля капытоў ногi, соп параю на тоўстыя цырымбалкi калень, вецер зносiў убок i разганяў сiвую пару.

Мiця саступiў з дарогi. Конь, трасучы дугою i аглоблямi, дабег да лагчынкi, збiўся з нагi i пайшоў лёгкаю ступою.

На возе, у зеленаватым, яшчэ сырым лазовым палукашку, сядзеў чорны, даўно не голены фурман з сiвымi, аж белымi, бровамi. На даўгаваты, з вострымi ноздрамi нос наехала пляскатая кепка, са сцёртага канта брыля вылез жоўты кардон. Мiця пазнаў Радзюка. Некалi з яго сынам, пераросткам ужо, як смяялiся ўсе — «бацькам», даўганосым нездароўчым Ладакам, Мiця вучыўся ў Дварчанскай школе i нават адну зiму, пасля таго, як Мiцю перапалохаў воўк, кватараваў у краўца Моўшы. Разам з салам ды кiлбасамi Радзюк тады прывозiў Ладаку слоiчкi растопленага, што пах нейкiм дзiкiм потам, барсуковага тлушчу.

Мiця здзiвiўся, як змянiўся i саўсiм састарэў, зменшаўшы i ўсохшы, як вырваны з гразi аеравы корч, стары Радзюк. Паўпадалi i зрабiлiся як шкляныя яго сiненькiя вочы.

— Дзень добры, дзядзька, — падыходзячы да воза, гукнуў Мiця.

Радзюк павярнуў голаў, мусiць, скарэй убачыўшы гэтымi сiненькiмi пустымi вочкамi, чым пазнаўшы Мiцю, абыякава спытаў:

— А вы чый будзеце?

— Корсакаў… з Верасава… Хiба не пазналi? — зноў закрычаў Мiця, iдучы поруч з возам i ўзяўшыся за драбiны. — З сынам вашым, з Ладакам, у школе вучыўся разам.

На глыбокiя ў сiняватых ямах вочы не то ад раптоўнага жалю, не то ад ветру набеглi слёзы:

— Нiма майго ўжо Ладака. Памёр… Акраз у самае лета, гарох цвiў.

У Мiцi перад вачыма ўстаў той худы, з паўпаданымi вачыма Ладак, у зрэбнай, жаўтаватай ад лугу сарочцы, зашпiленай на пераломаны недзе качалкай гузiк. Ён заўсёды ляжаў на жалезным нiзенькiм ложку ў абклееным зялёнымi шпалерамi пакойчыку, якi адпусцiў на кватарантаў Моўша, з кнiжкаю ў руках — яму тады ўжо, мусiць, нездаровiлася.

— А вы садзецеся… Тпр-р-р! — Радзюк турзануў да сябе лейцы, прыпыняючы каня i падсоўваючыся на мяккай, засланай радзюжкаю канюшыне. Ад воза пахла яе вялым саладжавым сцяблом. Мiця ўзяўся абедзвюма рукамi за драбiнкi i перакiнуў ногi ў воз.

— А то горна аднаму… Гэта ж як Ладак памiраў, падняў голаў, хацеў, пэўна, нешта сказаць, ды ўжо не мог, толькi сляза выкацiлася, так памёр цiха… А я еду во ды думаю, што гэта ён хацеў сказаць…

Дарога выпаўзла на вузкую, абсаджаную старымi, карэлымi бярэзiнамi шашу. Счарнелыя бярозавыя камлi шырокiмi ручнiкамi абкручвала паскобленая i выбеленая кара. Паабапал шашы пабеглi выкладзеныя ў шнурок каменнi. Воз трасло на чырванаватым бруку: выбiтая калясьмi шаша пасярэдзiне была ўгнутая, як ночвы.

Блiзiлася мястэчка. За карычневымi голымi дрэвамi, дзе чарнелi граковыя гнёзды, за нiзкiм тоўстым мурам з жалезнаю брамаю стаяў чырвоны дварчанскi касцёл, на чарапiчную страху нацерушыўся снег. На чырвонай вежы валтузiлiся i крычалi каўкi. За касцёлам пачыналiся нiзкiя, пабеленыя хаткi, за сухiм частаколам хавалiся чорныя крывыя яблынi.

— А можа, пра зямлю хацеў сказаць? — пляскатая кепка з пераломаным брылём павярнулася да Мiцi. — Зямля каму ж астанецца? Нявестцы — карачу гэтаму — зямлю я не аддам.

Поделиться с друзьями: