Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Iмполю карцела сказаць пра гэта Алесi, але ён саромеўся i толькi крадком зiркаў на яе — яна сядзела тут, у перадку, выцягнуўшы на засланых выцвiлаю радзюжкаю мяшках свае ногi, у новенькiх блiшчастых, з аксамiтнымi каўнерыкамiадваротамi, снягоўцах. Нейкi мяккi, глыбокi спакой, перамешаны нiбы з сорамам, гарэў у яе на твары, i каля куткоў губ у злосцi сцялiся дробныя шнаркi…
У Грабянкаў млын прыехалi прыпазнiўшыся — ужо было завозна: каля абслiзганае пастронкамi парэнчы стаяла фурманак пятнаццаць. Накрытыя радзюжкамi, старымi зрудзелымi буркамi, павыпраганыя конi, стоячы галовамi да воза, тапталi капытамi кучы свежага, што яшчэ
Спудзiўшы каля конскай кучкi вераб’ёў, Iмполь скiраваў каня да тоўстае, з глыбокiмi ночвамi дупла, старое вярбы. На тлустае, ужо гнiлое лiсце на зямлi, што пахла гаркаватаю сырызнаю, сыпаўся, шархочучы па галлi, дробным раструшчаным шклом галалёд.
У выбрукаваную грэблю, дзе ўкарчэлi крывыя з жоўтымi плямамi лiшая на чарнаватай кары, вербы, плюхала, як у бераг балеi, i пырскала раскалыханая вада. З другога канца возера, дзе стаяў, як чубок нязжатага жыта, белаваты троснiк, разбушаваны вецер гнаў адну за адною цяжкiя хвалi. Пры беразе ў бруднай пене гойдалася набрынялая салома.
Пад старым, залапленым новымi жоўтымi дошкамi мостам густа шумела, недзе падаючы ў шчылiны паднятых заставак i выгiнаючыся шырокiм пасам, цяжкая вада. Пырскала дробным шнурочкам пацерак, разбiвалася аб слiзкiя ў зялёным моху каменнi, кiпела, што на агнi. Было вiдаць, як па нiзкай, за мостам, рэчцы плыве, круцiцца да берага белы шум.
Ад возера пахла прэснай, гнiлою вiльгаццю. З сiвага, абкуранага мукою млына з чорнаю прорваю адчыненых дзвярэй быў чуваць глухi, як зпад зямлi, грукат.
— Ого, да полудня цi змелем? — Iмполь азiрнуўся на фурманкi i саскочыў з воза. Накульгваючы на наседжаную нагу, перакiнуў цераз каня лейцы.
— Два камяне… Няўжо не ўправiмся? Пайду ж гляну, — трымаючы на локцях аб’еханую з плячэй вялiкую суконную хустку, Алеся абышла размешаную нагамi гразь i схавалася ў цемнаце млына.
Iмполь закруцiў за дуплявую вярбу лейцы i, павесiўшы на галаву каня торбу з аўсом, глядзеў на чорную прорву дзвярэй з белым, закураным мукою вушаком. Едкi мучны пыл абцерушыў аж да чырвонага чарапiчнага застрэшка сухую ў косых шчылiнах сцяну. Белым было i ластаўчына гняздо, што прыляпiлася пад самым вiльчыкам.
Сiвая, падпудраная мукою маладзiца вызiрала на двор — яе брала цiкавасць, хто прыехаў яшчэ.
Iмполь, злавiўшы пiльны, востры позiрк, пазнаў Вацю. Сэрца яго аблiлося пякучай раптоўнаю гарачынёю, страпянулася.
Яна скрывiла губы, здзiвiўшыся, што ўбачыла тут яго. I пайшла сюды, смеючыся i паказваючы жаўтаватыя зубы са свiшчом у верхнiм радку. Кругом яе поўных сцёгнаў i лытак круцiлася фалдамi паркалёвая спаднiца. Нешта ўжо чужое злавiў Iмполь у яе хадзе, у паставе — яна, здаецца, гэтак нiколi не ўцягвала галаву ў плечы. Яго ўзяла брыдкасць за тое даўнейшае, што ён наравiў яе. I ўчуў, што зноў, быдта зашчэмленая ў руцэ пташачка, сцiшылася сэрца. Яму зрабiлася толькi неяк непамысна, што яна тут, заварушылася нават злосць, што яна падыходзiць да яго i смяецца, крыва расцягваючы губы, выскаляючы гэтыя дробныя, жаўтаватыя, са свiшчом уверсе зубы.
— Ой, i ты тут!
— Тут, — сказаў ён, нешта перасiльваючы ў сабе. Яна падняла свой поўны, з абсiверанымi, як у лусцэ, шчокамi твар, зацярушаны дробненькаю пудраю мукi. Глядзела з-пад белых, таксама абсыпаных мукою, броваў.
— З кiм жа ты прыехаў? Дзе ты цяпер?..
— Блiзка тут. У Верасаве.
— Цi не Корсакава Алеся з табою?
— Ага.
— Во, харошую знайшоў!
Гэта ж некалi да яе ўсе хлопцы сваталiся, — нейкая зайздрасць была ў яе голасе.— Я ж не музыкант — не перабiраю. Якую ўжо бог даў, — Iмполь чуў, што не можа схаваць сваю злосць, раздражняла гэтае распытванне — быдта сляпцом лезлi ў душу. Ён паставiў на возе мяшок i, павярнуўшыся да яго спiною, цераз плечы, падняўшы локцi, узяўся абедзвюма рукамi.
— Пачакай, хачу нешта сказаць табе, — яна заступiла яму дарогу.
Ён стаяў, прыгнуўшыся i трымаючы нахiлены да плячэй поўны, гладкi мяшок.
— Бойся ты яе.
— А чаго я маю баяцца? — ён падтрос на плечы мяшок.
— Харошая надта. А з хараства, кажуць, вады не нап’ешся. Жыць трэба. Мужыка першага са свету звяла… Род ужо iхнi гэдакi… — на яе шырокiм гладкiм лобе сабралiся дробныя шнаркi. Поўныя, абсiвераныя, як у лусцэ, шчокi пачалi сiнець ад холаду.
— А чаго ты мне гэта гаворыш?
— Шкадую цябе.
Ён ускiнуў на плечы мех i, коўзаючыся па размешанай, як цеста, гразi, што чвякала пад нагамi, панёс яго ў млын. У душы асядала чорным накiпам нейкая брыдкасць, нiбы зрабiў што каму гадкае.
У млыне пахла пылам, цёплаю падпаленаю мукою. Пад нагамi дрыжала падлога. Цяжкi грукат камянёў глушыў чалавечыя галасы — яны пералiвалiся, як пералiваецца голас у гаркавага чалавека.
Распаўнелы, у хромавай тужурцы, год пад трыццаць мужчына з чорнымi, нiзенька падбрытымi вусiкамi, што толькi зачапiлiся за край чырвонае тлустае губы, гаварыў нешта сухому даўганосаму мельнiку ў сiвай ад мукi кепцы. Гэта быў Грабянка — асаднiкаў сын, гаспадар млына.
Мельнiк, дробненька перабiраючы пальцамi, пачухаў каля вуха белыя ад мукi валасы, заплюшчыўшы вочы, махнуў галавою i пайшоў да карычневых скрыняў, што траслiся сярод млына. У насыпаным ледзьве не да берагоў зеленаватым жыце вытачылiся неглыбокiя лейкi. Мужчына ў кароткiм жоўтым кажушку са зморшчанымi рукавамi спускаўся пад падлогу — там недзе ў абелiзганы скрэблам жолаб сыпалася цёплая, слiзкая i рудаватая мука.
Астатнiя сядзелi на мяшках у цемнаватым кутку — чакалi свае чаргi.
Iмполь круцiўся з мяхом на спiне, вызiраючы, дзе яго скiнуць.
— Сюды, Iмполька, сюды, — адтуль, з цемнаватага кутка, аказалася Алеся.
Iмполь пераступiў нечыя выцягнутыя на падлозе, сiняватыя вышай ануч ногi.
— Восьдзека скiнь, — паказала яна на пустое месца каля абслiзганае мяшкамi сцяны. — Мы будзем во за дзядзькам Радзюком.
Нахiлiўшыся, Iмполь спусцiў з сябе цяжкi, што адабраў плечы, мех.
Каля сцяны заварушыўся аблезлы барашкавы каўпак. З-пад яго скоса пазiралi знаёмыя вочы. Iмполь пазнаў старога Радзюка. Чуючы злосць, што ад гэтага каўпака ўжо нiдзе не ўцячэш, зноў пераступiў худыя, з задранымi калошамi ногi, пайшоў па другi мех.
Ваця, стаiўшыся ў палахлiвым кутку, цiкавала то за iм, то за Алесяю. Нейкаю знябожанаю, збедненаю i яшчэ больш пабрыдчэлаю выдавала яна.
Алеся, мусiць, учуўшы на сабе гэты позiрк, з ганарыстаю пыхаю пайшла да воза, чмыхнула носам, як чмыхае бадлiвая маладая карова, ганарыста круцячы вострымi вiлаватымi рагамi, i, маўчучы, памагала Iмполю пакласцi на плечы мяшок.
Пра Вацю яна загаварыла ўжо дома, калi яны, вярнуўшыся з млына, высыпалi ў кадушку муку.
У цьмянай стопцы, дзе пахла кiславатым вiнным хлебам, Алеся, як спатыкнуўшыся, прыпала да Iмполя, сказала, тулячыся шчакою да яго грудзей: