Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:
Мы лапкі грэем тут. Хто знае?

Мефістофель (Фаўсту)

А праўда? Сімпатычныя звяры?

Фаўст

Глядзець агідна на брыдоту.

Мефістофель

А я б, здаецца, у ахвоту Час бавіў да зары.

(Да звяроў.)

Ну, лялькі чортавы, чаго Нагатавала
сёння кодла ваша?

Звяры

Жабрачая пацеха — каша!

Мефістофель

Збярэцца публіка — ого!

Самец (падпаўзае і лашчыцца да Мефістофеля)

Са мной пагуляй, Мне грошыкаў дай — Дай выйграць. Гулец Без грошай — дурны, З грашмі ўсе — паны, З грашмі я — мудрэц.

Мефістофель

Ад шчасця б малпачка самлела, Каб у лато гуляць умела.

Тым часам малпяняты, гуляючы з вялізным шарам, выкацілі яго наперад.

Самец

Такі ўжо свет! Пусты эфект, Звініць, як шкло, Бо ў ім дупло. Ва ўсёй нутрыне Блішчыць, мігціць, Звініць, трымціць. Мой мілы сыне, Гуляй адзін! Кранеш і — дзын! — Асколкі шара Апараць парай.

Мефістофель

Навошта гэта сіта?

Самец (здымае сіта)

Каб знаць бандыта. Будзь злодзей — ты, Пазналі б мы за тры вярсты.

(Бяжыць да самкі і дае ёй глянуць у сіта.)

Зірні ж у сіта, Пазнай бандыта, Скажы, хто гэта.

Мефістофель (набліжаецца да агню)

Нашто ж чыгун?

Самец і самка

Прайдоха, лгун, Пазнай чыгун, Кацёл пазнай!

Мефістофель

Нахабнікаў ганю!

Самец

Сядай к агню І паддзімай!

(Прымушае Мефістофеля сесці.)

Фаўст (які тым часам глядзеў у люстэрка, то набліжаючыся да яго, то аддаляючыся)

Што бачу я! Ў чароўным шкле Лунае цьмяна вобраз мілы!{44} Каханне, дай хутчэй мне крылы Дагнаць чароўную ў імгле! Хачу пакінуць гэты кут, Убачыць дзіва не ў тумане! Няхай жа яўным дзіва стане — Жанчынай шчасця і пакут! Няўжо красу ўскарміла
наша глеба?
Няўжо мне ў гэтым целе цуд Зямны й нябесны бачыць трэба? Няўжо зямля старая здатна на такое?

Мефістофель

Калі сам бог па шэсць пацее дзён, І, кончыўшы работу, брава! кажа ён, Дык пэўна ж, выйдзе нешта неблагое. Красой любуйся аж да слёз,— Дастаць яе не цяжка чорту-хвату. Шчаслівы той, на чый прыпала лёс За жонку золатка прывесці ў хату.

Фаўст усё глядзіць у люстра.

Мефістофель (седзячы на крэсле і пакручваючы венікам)

Я маю скіпетр, я на троне,— Чым не кароль, хоць не ў кароне!

Звяры (якія да гэтага рабілі розныя дзіўныя рухі, з шумам і крыкам падносяць Мефістофелю карону)

Работай, а потым — Крывёю і потам Карону змацуем.

(Яны неасцярожна разламалі карону на дзве часткі і скачуць з імі.)

А мы пагуляем, І панаглядаем, І складна зрыфмуем!

Фаўст (перад люстэркам)

Ой не, мой пане, — мне замнога!

Мефістофель

Ужо й мяне грызе трывога.

Звяры

Калі ж пашанцуе — Ніхто не працуе, Не робіць нічога!

Фаўст (як вышэй)

Мне проста грудзі распірае,— Пакінем зброд смярдзючы гэты.

Мефістофель

Але хай кожны з нас прызнае, Што малпы — добрыя паэты.

З катла, які малпа пакінула без дагляду, пабегла варыва. Падымаецца вялікае полымя і шугае ў комін. З полымя з дзікім лямантам вылятае ведзьма.

Ведзьма

Ай-яй! Праклятае звяр’ё! Праклятае звяр’ё! Апарылі мяне! Праклятая звяр’ё!

(Убачыўшы Фаўста і Мефістофеля.)

Што гэта тут? Хто гэта тут Калоціць нам Святы куток? Вось зараз дам Вам трасцу ў бок!

(Чэрпае лыжкаю з катла і пырскае полымем на Фаўста, Мефістофеля і на звяроў.)

Звяры скуголяць.

Мефістофель (падымае венік, які трымаў у руцэ, б’е шклянкі і гаршкі)

Шарах! Шарах! — Па ўсіх гаршках, Каб загуло Тваё кубло! Пасля, карга, Твая чарга!
Поделиться с друзьями: