Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Некалі ў Міністэрстве культуры, яшчэ ў савецкім, партрэт Купалы ў холе вешалі. Мы з Крабічам сталі выпадковымі сведкамі: зайшлі за песню грошы атрымаць, а ў холе натоўп — Купалу вешаюць. Усім міністэрствам. Па цэнтры не павесіць — акно ва ўсю сцяну, і можна толькі ці злева, ці справа. Міністр сказаў: “Справа. Злева сонца ўзыходзіць, якраз асвятляць будзе, гэта сімвалічна. І ўсе нармальныя людзі спачатка ўправа глядзяць, гэта натуральна”. Міністэрства ў адзін голас: “Справа!.. Сонца!.. Натуральна!.. Сімвалічна!..” Але ўсе паспяшаліся, міністр яшчэ мысліў. “Не, на сонцы выгараць будзе... І справа — намёк нейкі... Нацдэмаўшчына, не?..” І міністэрства хорам: “Выгараць... намёк... нацдэмаўшчына...” Толькі ўжо не так упэўнена, бо раптам міністр зноў перадумае, а той не перадумаў: “І

пры пераходзе вуліцы ўсе спачатку налева глядзяць, прывыклі”.

Довад гэты ўсе астатнія пераважыў — Купалу павесілі злева па міністэрскай вуліцы. Крабіч енчыў у захапленні.

Калі я да Крабіча пасля Стэфы заскокваў, брата-міліцыянта спаткаў на вуліцы. Не такога п’янага, як Крабіч, але і не цвярозага. Ён сказаў, што знайшоўся чалавек на следчага Патапейку. Сябра ягоны, які не трываў канторскіх, бо праз іх з міліцыі вылецеў. І можа нешта прыдумаць...

Па размове з Феліксам я ўжо не ведаў, нашто мне патрэбны следчы Патапейка, але брат-міліцыянт стараўся, звёў нас — і мы сустрэліся ўтрох: я, Іван Ягоравіч Патапейка і ягоны сябар Пятро Зіноўевіч. Брат-міліцыянт абазначыў перад тым, колькі гэта павінна каштаваць. Грошы я сябру даў, той — Патапейку. Мусіць, палову, ды мне без розніцы.

І Пятро Зіноўевіч вось што “прыдумаў”.

— Ці вы, Раман Канстанцінавіч, ці Лідзія Паўлаўна, ці хто-небудзь няхай знойдзе ўсё ж пісталет... — нехта ж ведае, дзе ён?.. — і аддасць Івану Ягоравічу. Ну, не знаходзіўся, ды выпадкова знайшоўся. Бамжы пісталет апазнаюць, ён здаецца на экспертызу, а тая паказвае, што Ігар Львовіч забіты не з яго. Версія следства па вашай лініі, Раман Канстанцінавіч, рассыпаецца, збіраць яе зноў Іван Ягоравіч і спрабаваць не стане — і канторскім, Раман Канстанцінавіч, якія на яе толькі вас і чапляюць, клізма.

Яны проста забіралі ў мяне грошы. Палічыўшы лабуха за лоха. І Пятро Зіноўевіч, каб хоць неяк сваё адрабіць, з іменем па бацьку старанна і падкрэслена ўсіх персанажаў дзеі называў. Мяне назваў тройчы.

Я спытаў:

— А калі б пісталет адразу знайшоўся, экспертыза паказала б, што Рутнянскі не з яго забіты?

— Не абавязкова і нават наўрад ці, — пстрыкнуў пальцамі следчы Патапейка. — У нас зараз праблема са спецыялістамі. А так я буду шукаць іншы пісталет.

— У мяне?

Патапейка весела здзівіўся:

— Адкуль у вас столькі пісталетаў?.. — І паклаў мне руку на плячо. — Мы ж дамовіліся. Знаходзьце і прыносьце.

Я сказаў, што падумаю. Можа, і знайду.

І ўсё ж я насампраўдзе лох, а не лабух. З таго, што распавядаў Фелікс, бясспрэчна вынікала: пазбавіліся ад Рутнянскага канторскія. Сачылі. Можа, і не ў двары, а ў пад’ездзе, паверхам вышэй. Адтуль ёсць лаз на дах. Пачакалі, пакуль выйшлі бамжы, я, “прафесарша”. Самы момант... Толькі адзін эпізод разрываў дзею: як гэта нехта хуценька ўвайшоў — і адразу стаў мацаць за падкладкай футра? Хіба што нюх у іх на пісталеты?.. Чамусьці ў маім уяўленні страляць мог толькі гэты пісталет.

Калі ж, як па ўсім выходзіць, не гэты, тады як ён адразу аказаўся ў Лідзіі Паўлаўны?.. Ці яна ўбачыла забітага сына і так зледзянела, што футра апранула? Села плакаць над сынам і падкладку падшываць?..

Як бы там ні было — Лідзія Паўлаўна наткнулася на пісталет. І яна, як і я, падумала, што ён той самы. І што яго падкінулі, каб знайсці ў футры за падкладкай. Дык фіг знойдзеце ў Зоі ў сумачцы — так выходзіла...

Лідзія Паўлаўна з Масквы не вярнулася, Зоя прыехала адна. З тым самым, што было ў тэлеграме. Маўляў, Ігар Львовіч накінуўся, Лідзія Паўлаўна не магла болей трываць, а тут пісталет пад рукой — і яна ў адчаі, каб назаўсёды скончыць з жахам, у якім жыла, стрэліла. Тэатр, сапраўдная народная артыстка...Трэба зусім не ведаць Лідзію Паўлаўну, каб паверыць у такое.

Зоя нараніцы прыбегла да мяне з вакзала, а ў мяне — Зіначка. Так выйшла. Я ўсё не мог ніяк разабрацца з выдумкай Крабіча пра смерць дачкі... Як яму такое ў галаву ўзбрыло, чаму і нашто?.. Вырашыў Зіначку распытаць, заадно растлумачыць, чаму я з яе маці... Зіначка зацыклілася на гэтым. Яе закалаціла, калі я ў бальніцы з’явіўся. “Не падыходзьце!..” Засланілася нейкім куфэрачкам белым, які несла,

і ў вачах — агіда! Рэдка на мяне гэтак, як на брыдоту, глядзелі — і каб я гэтак жа сябе пачуваў. Тут усё ў адно сыйшлося... Пачаў вінаваціцца, ледзьве ўгаварыў... А дзе размаўляць пра такое?.. Запрасіў да сябе, нічога іншага на ўвазе не маючы, а яна раптам, збялеўшы пад той куфэрачак: “Пайшлі! Мамку трахнулі, дык і мяне!..” Пасля нічога не было і быць не магло нічога, хоць Зіначка парог пераступіла і світарчык на галаву ўсцягнула, грудзі загаліла: “Ну, што? Як у мамкі?!. І ўсё астатняе паказаць?!.” Але яна так баранілася, ненавідзела мяне так, я абцягнуў світарчык, па адчайнай галаве пагладзіў: “Ты сябра майго дачка... прабач, не ведаў...” “Ніколі я дачкой не была яму, прыпыленаму! І мамцы цяпер не дачка!...” Я ўсё гладзіў па валасах: “Супакойся...” “Як вы маглі! Як вы ўсе маглі!..” Да слёз дайшло, пасля слёз яна паспакайнела трошкі, стала нешта чуць, можна было гаварыць... Так пакутліва і доўга я з дзецьмі сваімі не размаўляў — ні з Камілай, ні з Робертам. Сярод ночы Зіначка стамілася, апошні раз нервова ўсхліпнула — і раптам, седзячы ў крэсле, заснула. Імгненна, як дзіця. Я перанёс яе на ложак, лёг таксама. Мы проста пераначавалі разам, але Зоі ўраніцы я не стаў тлумачыць, што ўсё не так, як ёй здалося. І Зоя, перагаварыўшы са мной на кухні, пайшла, а Зіначка — не. І глянула, я заўважыў, услед Зоі пераможна. Пстрычка малая...

— Што Лі-Лі сказаць? — спытала Зоя, выходзячы. Яна не магла дапусціць, каб Зіначка і яе, і Лі-Лі перамагла. І правільна не дапускала. З Лі-Лі апошнім разам я амаль гэтак жа, як з Зіначкай, пераначаваў.

Ад Амеда Лі-Лі са мной не паехала: “Не хачу ў твой дом. Ва ўсякім разе зараз”. “А мне як быць?..” “Едзь, не едзь... Як хочаш...”

— Тут жывіце, — прапанаваў Амед. — Месца ўсім хопіць — і чым вам кепска?.. Мора, пальмы... І фікус свой.

— Фікус не наш, — прагаварылася Лі-Лі, якая не зусім яшчэ мяне кінула, і я зачапіўся за гэтае не наш, застаўся.

Павячэралі ў альтанцы — татарчык смачны аказаўся: не скажаш, што сырое мяса.

— Спецый, спецый не шкадаваць трэба, — аблізваў пальцы Амед. — Смак не ў мясе і не ў рыбе, а ў прыправах... І ў чалавеку так, бо сам ён сыры.

— Ува мне як са спецыямі? — спытала Лі-Лі, і Амед падняўся з кілішкам.

— Хоць аблізвай! Давайце вып’ем за Лі-Лі, на якую ўсе аблізваюцца!.. — І прыгразіў пальцам Серверу, які пацягнуўся да віна. — Дзеці не п’юць!..

— Аблізваюцца, — сказала жонка Амеда.

— Я дзіця, — выпіў соку і аблізаўся Фелікс. — Пашчасціла табе, Раман. — І Лі-Лі тут жа ўставіла:

— Не яму аднаму.

Яна нібыта жартавала, падвясельвалася — так гэта ўсе і зразумелі, апроч мяне. І яшчэ Фелікса, які, калі я падняўся, каб пайсці, мяне пераняў.

— Пачакай ты! Я ўжо сто гадоў не сядзеў вось так, каб проста пасядзець, калі яшчэ давядзецца?.. — І пачаў казаць да ўсіх. — Такога не ўявіць у Амерыцы... Наогул не ўявіць, каб недзе мне дапамаглі, як тут... Я шмат чаго прапусціў у жыцці. З таго, што ў свой час само даецца, а пасля не купіць, не вымаліць. Прамінуў людзей, з якімі мог быць блізкі... Цяпер нічога і нікога не вярнуць, але, каб можна было... Ды нельга. Толькі думаць трэба не пра тое, чаго ўжо нельга, а пра тое, што яшчэ можна... Іншыя ёсць у свеце людзі — дык хоць бы іх не прапусціць. Як раней прапускаў, калі цешыла мяне мая пантанасць, з якой бег да мэты, да якой? — з жыццём навыперадкі... Працаваць, дабівацца! — я шмат чаго ўмеў!— і што?.. Аказалася, я не ўмеў жыць. Не займеў нікога, з кім можна навучыцца, бо адзін не навучышся. І хачу, каб... — Фелікс на Лі-Лі глядзеў... — каб былі ў мяне вы...

— Тады вазьмі нас у Амерыку, — сказаў, не схільны да сантыментаў, Лупеха, асіметрычны, а дачка Амеда, найменшая, спытала:

— Ты амерыканскі сірата?..

— Вы чулі? — здзівілася яе маці. — А ніхто ж не казаў ёй ніколі, што ў свеце сіроты ёсць. Ёсць, мусіць, рэчы, пра якія яны самі адразу ведаюць... — І яна падала мне халат. — Можа, на сон пакупаецеся?..

Начаваць Фелікс пайшоў у флігель, вызваліўшы для мяне і Лі-Лі мансарду. Лі-Лі звыкла па пакручастай лесвіцы паднялася, не трымаючыся за поручань...

Поделиться с друзьями: