Лабух
Шрифт:
— Які Фелікс?
— Амерыканец.
— А... І што?
Выходзіла, што нічога. І лепш было пра Фелікса пакуль перамаўчаць, бо яшчэ і Росцік спытаў:
— А мяне, значыць, не хацеў бачыць?..
Крабіч сеў у куце на высокім зэдлі, і так выглядала, нібы ён ледзь не герой, а я і Росцік... Хоць што адбылося ў тэатры?.. Проста Крабіч быў, як звычайна, нахабны: падняўся і пайшоў. Але выглядала інакш, я па Росціку бачыў...
Размова не вязалася — і пачалі шклянкамі...
Калі Атос рашыўся распавесці д’Артаньяну пра міледзі, графіню дэ Ла Фэр, кляймёнаю лілеяй, ён стаў запінацца — і д’Артаньян параіў яму паспрабаваць выпіваць і расказваць Паспрабаваўшы, Атос прызнаў, што адно
Перамаўчаўшы пра Фелікса, я паспрабаваў загаварыць пра Лі-Лі... Запінаючыся, бо між намі такога не вадзілася, каб слабіну выдаваць, але тут паддушыла...
Яны слухалі ўбок. Яны не любяць слухаць абы-што пра Лі-Лі...
Крабіч хопнуў шклянку і сказаў, што беларусы калісьці наогул не пілі, а брыдоту гэтую прынеслі з сабой расейцы. “Нармальна, калі з сабой прынеслі... Не халяўшчыкі, значыць”, — заўважыў Росцік, а я спытаў: “А што тады рабілі беларусы?..”
“Нікому сракі не цалавалі!.. — прарвала Крабіча. — Мудак гуляе, як хоча, а яны яму асанну пяюць! Тава-а-рышч прэзідэнт! Інтэлігенцыя, душа ваша ў блядзях!..”
Гэта была калекцыйная ягоная лаянка, ён толькі па святах ёй карыстаўся — і я падкрадаў яе ў Крабіча па будзённых днях...
Не стрымаўся... Адчуваў сябе героем...
Росцік сказаў дурнавата: “Ты ж паэт, не лайся...”
Лаянку, аказалася, таксама расейцы да нас прынеслі... Забраўшы ў татараў...
Я не чуў, дарэчы, каб Амед лаяўся.
Во!.. Ён, выпраўляючы ў Кіеў Фелікса, на яго і данёс! Не Лі-Лі...
Ці бамжы данеслі?..
Ці я?..
Я спытаў: “Пра што мы гаворым?..” — і Крабіч зноў наліў: “Тады давайце піць. Размова сама выплыве...”
Выпіўшы, я не стрываў: “Фелікса арыштавалі”. І што я думаю пра гэта, сказаў...
Размова далей выплывала, хістаючыся... сама сябе прапускаючы... імкнучыся забыцца ў пропусках, але ў іх і западала...
— Ды ніхто яго не арыштоўваў! — кулаком па стале грукнуў Крабіч. — Скінулі з цягніка — і піздзец!
— Як скінулі?.. — сумеўся Росцік. — Не бандыты ж яны...
— А во так!.. — змахнуў Крабіч са стала пустую пляшку, якая ў пырскі аб сцяну разляцелася — і Росцік галаву ў плечы ўціснуў. — Бо якраз бандыты! Яны ўсіх нас хочуць ці скінуць, ці ракам паставіць! І трахаць, як Лі-Лі!.. Ці вы піздзюкі — і не бачыце, хто пры ўладзе? Тады п’ем — пра што гаварыць!..
З пітвом гаварыць было пра што...
Мяняць трэба ўладу!.. жыццё!.. усё мяняць!.. Вольны свет, Еўропа побач, а мы чарвякамі поўзаем!..
Сумяшчаючы адно з другім не па-французску, а па-расейску, у колькасці непамернай, мы ўрэшце дагаварыліся да таго, што, паколькі ў мяне ёсць пісталет, значыць, у нас ёсць магчымасць ліквідаваць прэзідэнта. Выканаць маральны абавязак інтэлігенцыі, гэтай блядзі, якая толькі мандзіць, а зрабіць што-небудзь — хрэна.
Але каму страляць?..
Росцік заявіў, што ён не супраць ліквідацыі, але супраць тэрарызму. Крабіч пачаў даводзіць, што ніякі тады Росцік не жыд, а толькі прыкідваецца, бо жыды з жыдоўкамі заўсёды былі адчайнымі тэрарыстамі. Усе — ад Арона Зундзялевіча да Фані Каплан і Машэ Даяна...” “Чаму да Машэ Даяна?..” “Бо аднавокі!..” “Не па сваёй волі былі! — так раптам ускіпеў Росцік, што, здавалася, з прабоіны ў чэрапе пара пайшла. — Нас зневажалі, загналі ў зону аседласці, мы з пагромаў і здзеку вырываліся, помсцілі!..” “Ага, і вырваліся ў рэвалюцыю!..” “Не адны мы!..” “Не адны! Але з васьмі дэлегатаў, якія ў Мінску першы рээспідэрскі з’езд наладзілі, пяцёра жыдоў!..” “І што?..” “А тое, што рэвалюцыяй жыды дзядам маім, бацькам і мне адпомсцілі, а я пры чым?!.” “А пры тым, — чмурэў ад логікі такой Росцік, — што ў вас беларускі прэзідэнт, а не жыдоўскі! Вы з ім і разбірайцеся!..” “Які ён беларус, байструк цыганскі!..” “Тады
няхай цыганы разбіраюцца, а я з пісталета страляць не ўмею!.. І не ў мяне ён бабу звёў!..”“Сатысфакцыя! — прасвістаў Крабіч. — Зайздросны лёс, калі ты мужчына!..”
Як далей ні круцілі, страляць выпадала мне. Ну, калі ўжо пра ўсё астатняе прынцыпова дамовіліся... Я пачаў прыкідваць, дзе і калі, і вырашыў, што не адкладваючы: заўтра ўраніцы каля рэзідэнцыі.
Крабіч Біблію стаў шукаць — не знайшоў. “Статут Вялікага Княства Літоўскага” падсунуў: “Кляніся!..”
Для яго — што Статут, што Біблія...
Я пакляўся. Пасля ўспомніў, што там ахова — таксама страляць будзе...
“Хоць памрэш чалавекам, засранец!” — наліў па апошняй, бо заўтра такая справа, Крабіч, і я ўспомніў пра Зіначку, якая памерла, і так Крабіча ўзненавідзеў за засранца, што надумаў — па справядлівасці — спачатку яго кончыць, а пасля ўжо прэзідэнта. Крабіч згадзіўся: “Давай! Мне пад горла гэта жыццё, калі хочаш ведаць!.. Ну, дзе пісталет?.. Хрэн у цябе, а не пісталет, толькі вецер ганяеш!..”
Росцік знясілена паклаўся на раскладушку, ён са сваёй галавой, мусіць, і памерці мог, але было не да Росціка: я пабег па пісталет... Помню, што пабег, задыхаючыся... “Ах ты гад, ах вы гады!..” Далей усё прападала... я губляўся недзе на Грушаўцы, знайшоўшыся ў былой кватэры жандара Шалея. Недалёка, побач...
Няма Лі-Лі — дык знойдзецца Ліля... Ёсць з кім у гэтым жыцці спаткацца, Фелікс...
Гэтак, каб сябе не помніць, раней я не напіваўся. Хіба аднойчы, яшчэ студэнтам. Але тое — дні тры не еўшы, з голаду.
А зараз з чаго?..
Не галадаю, старэю.
Нашто? Каб засранцам памерці?
Не хачу...
Што яшчэ можа быць з таго, чаго не было?
Ды нічога...
Пісталет ляжаў там, дзе я схаваў яго.
Знайшоўся пісталет, Іван Ягоравіч... І правільна вы прыдумалі, Пятро Зіноўевіч, каб ён знайшоўся...
Госпадзі, а што з Росцікам? Крабіч жа праспіць Росціка, калі што-якое!
Часу спаць не было, світала, я выклікаў таксі...
Крабіч з Росцікам таксама не спалі, ляжалі зялёныя... Адзін на раскладушцы, другі на канапе. Крабіч чытаў, ён заўсёды чытаў пасля п’янкі — у яго конскае здароўе.
— Як ты? — адарваўся ад кнігі Крабіч. — Мы ўвесь агарод задрысталі, свістала ва ўсе дзіркі.
Тэрарысты засраныя...
Я з жахам уявіў сябе ў ложку Ліляй, калі б яшчэ і такое... І што: дажыцца да таго, каб яшчэ і такое?..
— З’елі нешта, — пакутліва сказаў Росцік.
— Гарэлка расейская, наўмысна труцяць, — пагартаў Крабіч кнігу. — Ты думаеш, я не люблю рускіх?.. Я пасля п’янкі адных рускіх і люблю. Во паслухай... “Я знаю, смерть лишь некая граница, мне зрима змерть лишь в образе одном: последняя дописана страница, и свет погас над письменным столом”. Мне, бляха, не памерці так!.. — Кніга паляцела ў кут. — Пісталет прынёс?
Пісталет адцягваў кішэнь пінжака нябожчыка Ігара Львовіча, але ж не забіваць Крабіча такога зялёнага...
— Не знайшоў.
Крабіч устаў, падняў кнігу, паставіў на паліцу. З кнігамі ён быў акуратны — не тое, што з людзьмі.
— Не знайсці, чаго няма... Вунь і Біблія, як учора не ўбачыў?.. Пераклянешся?
— Не.
— Канечне, не... Стрыжня ў нас няма, на які ўсё нанізваецца, таму нічарта і не можам. У Чачню падамся, не хрэн тут рабіць.
— Паехалі?.. — па-сабачаму на мяне гледзячы, папрасіўся Росцік.
Крабіч сеў да стала, наліў — Росцік адвярнуўся.
— Не прасіся, цябе не вазьму, — падняў шклянку Крабіч. — Жыды супраць мусульманаў, а я за іх. Там дух!.. вера! самаахвярнасць!.. толькі яны і жывыя сёння ў гэтым струпянелым свеце! І з кім бы я выпіў, дык з Хусейнам і Арафатам... А так адзін...