Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

У Дрэздэне Марта не вытрывала: “Тут галерэя!”

Нам далі газік, савецкі джып, старлея за старшага машыны — паехалі. З прыгараду, дзе нас пасялілі ў доме Месершміта. Таго самага, які прыдумаў самалёт-знішчальнік свайго імя. На ягоным шырачэзным ложку пад Дрэздэнам, які ў час вайны нямецкія знішчальнікі не абаранілі ад ангельскіх бамбавозаў, мы з Мартай і ляталі... І яшчэ ў пустэльным пакоі, былым кабінеце ці былой гасцёўні — на більярдным стале з пацёрта-зялёным сукном.

Марта любіла жывапіс — і яе нервавала, раздражняла мая абсалютная жывапісная глухата. Ці слепата, як тут сказаць... У любым выпадку мяне трэба было лячыць.

“Ты ўяўляеш, што

ўбачыш?.. Мадону!..Рафаэля!..” Марта чакала, што перад рафаэлявай Мадонай, пярлінаю з паўсотні шэдэўраў, якія, каб з самой сябе цешыцца, прыдумала Еўропа, мяне працяне — і я пранікну ў таямніцу фарбаў...

А галерэя аказалася зачыненай. І таблічка на дзвярах з непасрэднай нямецкай прастатой паведамляла, што зачынена еўрапейскае сховішча шэдэўраў на рамонт гэдээраўскай каналізацыі.

Гэтага дастаткова было, каб юная немка расплакалася. “Фройлен, толькі без слёз... — паспрабаваў разам са мной суцешыць Марту наш старшы машыны старлей, але яна не суцешвалася, хоць два гады ўжо была не фройлен, а фрау... — Айн мамент!” — сказаў тады старлей, узяў з газіка наша дарожнае піва, кансервы, некуды адбег — і вярнуўся з пажылым, падсівелым немцам, які правёў нас да службовага ўваходу. На ўваходзе немец, які па-руску размаўляў лепш за старлея, даў нам буклет з планам, па якім ісці далей да ўсіх шэдаўраў, і застаўся са старлеем піць піва, пакінуўшы мяне і Марту ўдваіх — адных на ўсю Дрэздэнскую галерэю...

Да пярліны галерэі веў даўжэзны калідор з анфіладамі, у адной з якіх Марта спынілася: “Падыдзі адзін, каб я не замінала”. Марта хацела, каб я спаткаўся з Мадонай сам-на-сам. Яна трымцела ўся, кулачкі на грудзях сціснула, шаптала нешта ўслед, як малілася...

Перад жанчынаю ў аблоках з дзіцём на руках прастаяў я з паўгадзіны... Прыкладна столькі, меркаваў, трэба прастаяць, каб Марта не кінула мяне, як дэбіла. Таму ўважліва ўзіраўся і ў Мадону, і ў Сына яе, і ў святога Сікста са святой Варварай... Але адзінае, што ўбачыў я на арыгінале еўрапейскага шэдэўра, гэта тое, чаго не разгледзець было на размытых нашых савецкіх рэпрадукцыях: у аблоках над Мадонай — тварыкі анёльчыкаў...

І ўсё.

Я вярнуўся да анфілады, у якой чакала Марта, дзе знясілена прысеў на аксамітавы зэдлік, нібы калені ў мяне падгіналіся ад толькі што перажытага катарсісу. Марта кіўнула — стрымана, але пераможна — і пайшла калідорам між анфіладамі. Божа мой, як яна ішла!.. Спіна яе, стрункай выцягнуўшыся, спявала, лёгкі пошум крылаў анёльскіх чуўся за ёю. І гэта мая, сама ў сабе прыхаваная, немачка?.. Тое акрыленае імгненне падарыла мне Марту, як нанава, і я ледзь не кляўся Бог ведае каму, што не згублю яе ні за што і ніколі, не дазволю сабе згубіць...

Адвярнуўшыся, каб не замінаць Марце, як не хацела яна замінаць мне, я слізнуў позіркам па карцінах у анфіладзе — і на ўсіх была Марта са спіны... і раптам на адной карціне Марта павярнулася мне насустрач... не зусім насустрач, але трошкі больш, чым у профіль... нібы міма праходзячы... крок яшчэ ступіла і застыла ў белым фартуху і чэпчыку, у сукенцы з залацістым гарсажам, з падносам у руках, з кубкам на сподачку і шклянкай вады на падносе. Я паспеў пачуць, пакуль Марта, павярнуўшыся і міма праходзячы, не застыла і стала не Мартай, як дзвынькнула на сподку, падаючы, лыжачка...

“Шакаладніца” называлася карціна, на якой празрыста, срэбрана дзвынькнула лыжачка...

Гэтага, канечне, быць не магло, бо не было на сподку лыжачкі і нікуды яна не падала — і я не ведаю, як пачуў карціну. У яе вузкай, нібы з прыадчыненых дзвярэй падгледзенай, прасторы, у калідоры перад

пакоем... не, ужо ў пакоі, дзе быў нехта нябачны, да каго ўвайшла і, нечага чакаючы, сарамліва застыла... не, прытворна засаромелася шакаладніца, ціха ўсплывала музыка. Я ўспомніць паспрабаваў, чыя?.. — але не ўспомніў і здагадаўся раптам, што нічыя, нікім не напісаная. Музыка самой карціны: шакаладніцы і некага нябачнага, хто ў карціне быў па-за рамай, каму прынесла кубак гарачага шакаладу ў ложак прытворна-сарамлівая спакусніца — і хто незаўважна ставаў мной...

Як роўненька трымалася спінка ў гарсажы — і як выгіналася ад таліі, акруглялася пад цьмяна-серабрыстай, крыху прыкамечанай спадніцай попка шакаладніцы! І якой гарэзлівай мышкай выглядвала з-пад спадніцы ножка ў шэрым туфліку!..

Я зняў туфлік... другі... Сарамлівіца, апусціўшы вочы, пакорліва прыпадымала ножкі. Асцярожна, стараючыся не разліць гарачы шакалад. Пашорхваў накрухмалены фартух — ціхая, як з-за заслоны, музыка...

Прыабняўшы сарамлівіцу, я павёў яе за заслону. За раму карціны — туды, куда яна несла мне шакалад.

Замінаў, збіваючы з мелодыі, паднос, які не было на што паставіць — і я не мог прыдумаць, дзе яго падзець. Часта не спраўляешся з найпрасцейшым.

Шакаладніца паставіла паднос на падаконнік. Самога вакна нібы не было, але яно адбівалася ў шклянцы з вадой, і я толькі зараз убачыў, што яно ёсць. І ўсё белае на шакаладніцы стала яшчэ бялейшым.

Я не стаў яе распранаць, падняў і апусціў, бязважка-лёгкую, на ложак... У блішчаста-снежным фартуху, у празрыстай касынцы і светлым чэпчыку шакаладніца патанула ва ўзбіта-белых пярынах, як пена ў пене. Залаціўся і напята, высока звінеў ненапісанай музыкай сонечны прамень на гарсажы яе сукенкі.

Асцярожна нырнуўшы, слізнуўшы ў тую пену, я плыў у ёй невядома колькі... Месцамі яна была прахалодная, як вада ў шклянцы, месцамі гарачая, як у кубку шакалад. Я не шукаў у ёй губ, грудзей, клубоў, вагіны шакаладніцы, я купаўся ў ёй ва ўсёй — і ўсё само мяне знаходзіла. Я ў ёй плыў, плыў і плыў, быў, быў і быў, як у юначых сваіх сексуальных фантазіях, — і ледзь здолеў вынырнуць і падняцца, калі падышла Марта: у мяне падгіналіся калені.

І вось яшчэ што: калі падышла Марта, калі я вынырваў — вынырнуў і ўбачыў на карціне толькі туфелькі шакаладніцы. На нейкае імгненне — толькі туфелькі на падлозе каля белай сцяны.

Шакаладніца хуценька вярнулася, ускочыла ў туфелькі, як і не было нічога, але цьмяна-срабрыстая спадніца яе была болей, болей прыкамечаная...

Я паглядзеў на Марту — ці заўважыла? — яна сказала: “Гэта таксама шэдэўр... Але не Мадона. Ліатар — не Рафаэль”.

Не разбіраючыся ў жывапісе, я не запярэчыў.

Мы выйшлі з галерыі, узяўшыся за рукі, абое шчаслівыя... За нас радаваліся і дзяліліся з намі півам немец і старлей. Марта гаварыла і гаварыла пра Мадону, я нічога не сказаў ёй пра шакаладніцу. Маючы вопыт з Нінай, якой расказаў пра Анну Вазвышэнскую.

У Берліне, ужо перад ад’ездам, я купіў копію “Шакаладніцы”.Такую, што немцы на мытні правяралі, ці не арыгінал. Магло быць... Пасяліў шакаладніцу ў сваім пакоі — і дарма. І нікім не напісаная музыка больш не гучала, і Марта развялася са мной.

Шакаладніца дачакалася Лі-Лі, якая прыдумала Амілю. І прывяла мяне да Амілі на могілкі...

Аміля ўзнікла з шакаладніцы, яна была нібыта нашай з шакаладніцай дачкой... Народжанай з пены і падобнай на яе... Партрэта Амілі Лі-Лі не магла знайсці, яго проста не было, помнік з могілкаў сцягнулі, таму, мусібыць, на сцэне з’явіліся дзве шакаладніцы...

Поделиться с друзьями: