Лабух
Шрифт:
— Ведаеш, як я нявіннасць страціла? — знячэўку надумала расказаць, толькі мы ў ложак леглі, Лі-Лі. Ніяк не адказваючы на мае ласкі, яна і не працівілася, проста адсутнічала ў ласках. — У дзесятым класе дырэктар школы да сябе завёў. Маленькі такі, жыватасценькі. Я падумала: пара, школа канчаецца. Аднакласніцы ўсе даўно ператрахаліся, але ж не з дырэктарам... Таму пайшла, калі павёў. Папрасіла цыгарэту і, пакуль ён стараўся на мне, ляжала і паліла. Калі ўсё скончылася, адной цыгарэты хапіла, затушыла бычок аб дырэктара. У яго лысіна круглела на макаўцы — як попельніца. Ой і ўзвыў... Я дала сабе слова не паліць больш ніколі.
Я гатовы быў аб яе бычок затушыць. Але не паліў.
— Ты згубіла мяне, Лі-Лі?.. Страціла?
— Калі ты расказваў, як страціў нявіннасць, ты мяне губляў?
— Ты сама расказаць прасіла!
— І сама расказаць захацела. Што з табой?
— Дзе ты была ўсе гэтыя дні?
— Ты пытаешся: з кім?..
— З кім?
Лі-Лі рэзка прыўстала.
— З дэпутатам! З дзяржсакратаром! З прэзідэнтам!
— Бычкі аб лысіну тушыла?
— Яны не ўсе лысыя!
— Лі-Лі!..
Я ўдарыў яе. З размаху па шчацэ.
Яна нібы чакала гэтага. Не здзівілася, не спалохалася, не ўскрыўдавала. Пацёрла шчаку і адвярнулася:
— Давай спаць.
Ад яе ашалець можна было.
— Як спаць?..
— Як усе. Ты хіба, як усе, спаць не ўмееш?
І ўсё разумей, як хочаш... Я павярнуў яе, яна сціскала твар абедзьвюма далонямі. Не плакала, але туманок у вачах плыў каштанава-вільготны.
— Ты ўжо не са мной, Лі-Лі?
— Я з табой. Дапамагаю...
— Каму?
Яна маўчала.
— Каму? Феліксу?
— І яму...
— І каму яшчэ?
— Сабе. Шоу раблю, хіба не ведаеш?
— Ведаю. І не разумею, чаму без мяне?..
Лі-Лі крутнулася на калені і замахала нада мной рукамі:
— Бо гэта маё шоу! Маё, а не тваё! І ўсё сваё я раблю і буду рабіць сама!
Я злавіў яе за рукі, прыцягнуў, прыціснуў плаўна-імклівае цела...
— Сама, сама... Знайдзі мяне, Лі-Лі...
Лі-Лі ўздыхнула і пачала мяне ціха-ціха, як не хочачы, шукаць... Грудзямі, жыватом, лабком... Не дашукаўшы, абмякла раптам і ціха-ціха на мне заснула. Так даверліва, што я ляжаў, баючыся зварухнуцца.
Рана-рана яна пабудзіла мяне і дала два запрашальныя білеты на шоу...
— Другі для каго?
— Для каго хочаш. Ці для Крабіча... Спі, я пабегла.
Яна пабегла... а перад тым, калі білеты мне давала, сумку з рук выпусціла, білеты — у канвертах — у сумцы былі і разам з усім, што ў сумцы было, выпалі, разляцеліся, і адзін канверт — не такі, як астатнія, меншы — за халат, які Амедава жонка для басейна прынесла, заляцеў, і Лі-Лі, зграбаючы ўсё ў сумку, за халатам яго не заўважыла, я і сам бы не заўважыў, каб не падумаў: не выйшла палятаць — чаму б не паплаваць?.. і падумаў, канверт той заўважыўшы, што ў тым канверце таксама білеты для некага, а ў ім — для мяне — я на фотаздымку ў абдымку з Феліксам.
На тым самым фотаздымку... у тых самых абдымках... з тым самым Феліксам...
Лі-Лі ўсіх запрасіла: Ніну, Марту з немцам, Камілу, Роберта, Зою з Максімам Аркадзьевічам, Росціка, Крабіча, Амеда з сям’ёй, Зіначку і Аліка, бамжоў... Усю нашу слаўную кампанію, апроч Дартаньяна з Максімам.
— Хэй, Марта! Як ты?
— Нармальна. А ты?
— Нармальна. Ты як, Роберт?
— Нармальна. Лі-Лі супер, праўда?
— Праўда. Як ты, Каміла?
— У мамы спытай.
— Пра што ў мяне пытацца? Я не так апранулася?..
— Ты найлепшая, — пацалаваўся
з Нінай Росцік. — Правільна, што з ім развялася.Росцік, які сам сябе на работу з бальніцы выпісаў, яго ў санаторый выпраўлялі далечвацца, з’явіўся пакрыўджаным і на мяне, і на Лі-Лі. На Лі-Лі — бо сваё шоу яна немаведама з кім, а не з намі зрабіла, на мяне — бо я для канцэрта пад выбары Красевіча пальцам не зварухнуў. З Красевічам і крыўдай Росцік і падышоў.
Я сказаў ім, што пра ўсё з Лі-Лі дамовіўся. Мы бярэм яе праграму, толькі партрэты мяняем, і пагналі — што яшчэ выдумляць?..
— О..! — узняў палец Красевіч, гледзячы на партрэт над сцэнай, а Росцік прамармытаў:
— Ты гэта на базары ў Бабруйску прадай...
Двое з нашай слаўнай кампаніі, Максім Аркадзьевіч і Алік, са мной наогул не размаўлялі. Хоць Аліку я ключы ад кватэры Рутнянскіх аддаў. Нібыта для таго, каб ён Дартаньяна выгульваў. Крабіч хацеў месцамі з Алікам памяняцца, каб з Зіначкай сесці, Алік ні ў якую...
— Што за шэршань? — спытаў Крабіч. — Замалы для Зіны.
Бацька мёртвых, бач ты, знайшоўся.
— Прэзідэнт Рэспублікі... — прагалёкаў знянацку, напалохаўшы залу, мардаварот ва ўваходных дзвярах, і па праходзе хутка, нібы гнаўся за ім нехта, прайшоў прэзідэнт. За ім ледзь паспявалі ахоўнікі і Шыгуцкі.
Зала ўстала, адзін Крабіч застаўся сядзець, а як толькі Эдзік Малей, які быў яшчэ і кампазітарам, жвавенька прабег да раяля і абвясціў: “Прэм’ера песні “Таварыш прэзідэнт!” — Крабіч падняўся і дэманстратыўна, тым жа праходам, па якім увайшоў прэзідэнт, падаўся вон. Шыгуцкі, прыабярнуўшыся, свідраваў ягоную спіну...
Эдзік Малей праспяваў сваю песню ў магільнай цішыні. Салаўём на полі бою, дзе загінулі героі. Такога эфекту ніхто не чакаў, міністр культуры ўціснуўся ў крэсла... І ўсе неадрыўна глядзелі на прэзідэнцкі партрэт...
Ён быў трынаццаты... На задніку сцэны — ва ўсю шырыню — стаялі яшчэ дванаццаць партрэтаў, жаночых. Копіі вядомых карцін, намаляваныя нібы на палавінках вокнаў ці дзвярэй. Палавінкі расхіналіся — і ў раме ўзнікала тая ж копія, толькі жывая: Лі-Лі ў вобразах і строях жанчын на карцінах. Для шоу ў Тэатры моды — не самая кепская прыдумка. Лі-Лі выходзіла з рамы, палавінкі зачыняліся — і ўсе не так слухалі песні, як параўноўвалі: наколькі Лі-Лі на тую карціну, з якой сыходзіла на сцэну, падобная...
Сярод копій розных карцін дзве былі аднолькавыя. Першая і апошняя. Гэта былі копіі адной-адзінай карціны, якая існавала для мяне ва ўсім жывапісе, пра якую я ўсё ведаў і ўсё расказаў Лі-Лі.
Як толькі яна сыйшла з гэтай карціны, я адчуў: нехта працягла, збоку на мяне глядзіць. Яшчэ не ўлавіўшы, хто, я ўжо здагадаўся: Марта.
Мы былі з канцэртамі ў Германіі. Не ў той, дзе Фелікс лекцыі чытаў, а ў той, дзе ў ціхім возеры ўтапілі Дзіна Рыда. У гэдээраўскай. Не перад бюргерамі за маркі, як хацелася б, выступалі, а ездзілі па гарнізонах, падымалі дух савецкіх войскаў. Каб partaigenosse Хонекэр мацней цалаваўся з partaigenosse Брэжневым. Я немку Марту ўзяў з сабой — дыхнуць паветрам гістарычнай радзімы. А там не прадыхнуць: канцэрт — п’янка, канцэрт — п’янка... Напіўшыся, вайскоўцы сакрэтныя жахі пачынаюць паказваць: фільмы пра “сатану”, ракету “СС—20”. Яна, “сатана”, ляціць нізка, па рэльефе — не збіць. “Мы тым немцам з амерыканцамі, бля!.. Тым немцам, не нашым...”