Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

КОЛЬКІ СЛОВАЎ ПРА ЯЕ

Сіні і чырвоны, два маленькія плястылінавыя кубікі губляюць сваю квадратную форму, расьцякаюцца, як тлушч на патэльні, на распаленай калодзежнай страсе. Сонца няўмольна пячэ. Ты катаеш гарачы плястылін у ручках, ён астывае і прыліпае да пальчыкаў, непрыемнае адчуваньне толькі напачатку, але калі ён становіцца амаль халодным, то яго гнуткасьць і цягучасьць становяцца меншымі. Ты любіш гуляцца з плястылінам, хоць за гэта і сварыцца бабуля, што, маўляў, саколка ўся ў тлустых плямах. Але хіба цябе гэта хвалюе?

Сіні і чырвоны колеры зьмяшаліся ў адну брудна-фіялетавую масу. Ты глядзіш, як яна ляжыць у цябе на далонях. Фу, зараз атрымалася гадасьць нейкая! Ты паварочваешся ўбок хаты, і маленькія ножкі зь дзіцячай лёгкасьцю і непасрэднасьцю нясуць цябе на пошукі невядомага... і раптам ты спатыкаешся аб сабаку, які ляжыць у трох мэтрах ад ганку. Ты клічаш бабулю. Яна прыходзіць і зьдзіўлена хітае галавой, маўляў, і чаго гэта наш зусім малады сабака здох? Ты налічваеш на левым баку мёртвага Тобіка ажно зь дзясятак зялёных люцылій, сярод якіх, самотна склаўшы крылцы, як быццам далонькі ў малітве, яркай плямкай сядзіць білан, выдатны матылёк, які сваёю постацьцю адбівае навакольле.

Ты плачаш, табе шкада сабачку, асабліва калі дзядуля, абыякава ўзяўшы яго за заднюю лапу, валачэ цела на сьметнік...

Гэты

мёртвы сабака з самага дзяцінства будзе перасьледаваць цябе ў снах і ў кожнай новай мёртвай жывёліне нагадваць пра тагасьветнае існаваньне.

Ты прачынаешся, запальваеш, вылазіш з ложка, гультаявата паўзеш рабіць каву, на гадзіньніку чатыры, дзень амаль прайшоў.

Думкі зьбіраюцца з розных кавалкаў у адзін вялікі камяк падобны да плястыліну. Ты ўзгадваеш яе. Тую самую. Яна нават у моманты тваіх ілюзорных каханьняў сумнеўных сяброўстваў уласных вар’яцтваў заўсёды надавала моцы жыць існаваць. Ты так і ня выканаў ні аднаго абяцаньня дадзенага ёй. Маленькае худзенькае цела вялікія вочы і фрызура нагадваюць японскае анімэ. Сябар знаёміць цябе зь дзяўчынай. Ты глядзіш на яе і адчуваеш як сэрца ўтульна хутаецца ў цяпло. Цябе чалавека неверагодна бурлівага жыцьця жыцьця на мяжы і толькі на мяжы адольвае сэнтымэнтальнасьць і самае дзіўнае ты гэтаму не толькі не супраціўляешся але і рады. Табе становіцца вельмі лёгка дыхаць і ты разглядаеш яе малочную скуру вачыма кранаючы яе валасы ты адчуваеш яе пах гэты асаблівы водар які будзе перасьледаваць усё жыцьцё. Гэты пах будзе здавацца за вугламі дамоў у розных месцах зямлі... Гэты яе водар... Гэты незвычайны чалавек разбурыць твой ілюзорны патасны сусьвет. Цябе запаліла жаданьне схапіць яе і моцна абдымаючы ніколі не адпускаць і ўсё гэта адбылося яшчэ да таго як рэчы былі названыя да таго як сам бар’ер паміж вамі быў разбураны фармальным абменам інфармацыяй у выглядзе назвы сваіх імёнаў. Была зіма але ў вечар вашага знаёмства лёгкая адліга. Мокрага сьнегу было шмат ён ляжаў на вуліцы шэры і брудны як алькаголік. Вы ўтрох накіраваліся ў выпадковы рэстаран таму што любімая кавярня была запоўненая чалавечымі целамі. Холадна волка вакол адзін сьнег яшчэ толькі дванаццаць а падаецца што тры ночы. Узімку складана адчуваць час. Ты сядзіш побач зь ёю на лаве абсыпанай мармуровымі плямкамі але вам усё адно дзе і на чым сядзець. Ты ў доўгім паліто яна ў доўгай куртцы. Піва ўжо перастала грэць алькаголь паступова выпарыўся...

Слухай а ў цябе ногі ня змоклі пытаешся ты гледзячы на яе балеткі відавочна апранутыя не па сэзоне.

Мокра адказвае яна і вымаўляе гэта неяк ня так як гавораць усе вакол а па-свойму ты потым яшчэ доўга будзеш прывыкаць да яе спэцыфічнай манэры размаўляць.

Давай памяняемся шкарпэткамі.

Не ня трэба яе вочы з падзякай глядзяць на цябе.

Яна такая тонкая і загадкавая такая каханая і любая відавочна не належала гэтаму зласьлівага і абсурднага сьвету. Факт быў наяўны як аксіёма.

Мы ішлі пехатою ад самай кавярні у цябе відаць сапраўды мокрыя ногі гэта нават не абмяркоўваецца ты настаяў.

Вы разбуліся ты зьняў са сваіх ног карычневыя шкарпэткі з ангельскімі ромбамі цёплыя і сухія яна свае белыя з чорнай і чырвонай палоскамі мокрыя як усё навокал. Дзеля яе ты гатовы быў на любыя ахвяры ў гэтым сьвеце нават на ахвярапрынашэньні і праз хвіліну ты сядзеў побач у ейных наскрозь мокрых шкарпэтках. А праз гадзіну вы былі ў яе пакоі ў інтэрнаце. Вы ўдала прабраліся нікім не заўважаныя і заваліліся на ложак. Яе суседкі не было — неверагодна пашчасьціла. Вы размаўлялі да самай раніцы пілі піва і гарачую гарбату з сушкамі і толькі напачатку дня паклаліся спаць. Заснулі вельмі хутка. Табе было п’яна і добра. Ёй цёпла. Яна была падобная пэўна ад холаду да маленькай сіняй птушачкі. Потым вы пачалі жыць разам і звычайныя дыялогі перад сном былі кшталту:

— Пачытай мне, калі ласка...

— Хочаш услых працяг "Дон Кіхота"?

— Так.

— А можа, лепш казкі Уліцкай?

— Так.

— А можа, "Маленькага прынца"?

— Так.

— А! Дарэчы, давай тады Віяна дачытаем!

— Так!

— "Так" на што менавіта, на якую кнігу?

— На якую гавару, значыць і "так"!

Ок, згодны...

Празь некалькі хвілін яна скруціўшыся ў клубочак як кацяня засынала ў цябе пад пахай. Ты дачытваў чарговае апавяданьне Букоўскі... Дзень скончаны дыялог таксама. А потым калі яна зьехала назусім яна неяк патэлефанавала... Яна тады была ў гасьцях у бацькоў. Вы пра многае так і не змаглі пагутарыць занадта шмат хацелася сказаць занадта шмат чаго адбылося вы доўга слухалі дыханьне адно аднаго і толькі потым ты спытаў яе пра шкарпэткі апынулася што яе-твае шкарпэткі хутка працерліся і на памяць засталіся толькі гумкі а твае-яе шкарпэткі дагэтуль цэлыя. Ты пытаешся ў яе: "Чаму так несправядліва ўсё ў жыцьці?" Ты пытаешся ў яе чаму яна не захацела застацца ў гэтым горадзе. Яна кажа што ня ўсё залежыць ад яе. Ты моцна сьціскаеш слухаўку і калі чуеш доўгія гудкі б’еш яе аб сьцяну вочы запаўняюцца сьлязьмі адчаю лёгкія балюча сьціскаюцца... Самае прыемнае ў жыцьці гэта ўмець гарманічна разам маўчаць чуючы адно аднаго зусім у іншым сьветаўспрыманьні ўмець жыць у іншым вымярэньні. Яна падаравала табе пачуцьцё неабходнасьці і адказнасьці. Ты побач зь ёю адчуў сябе мужчынам і менавіта яна зрабіла галоўнае — дапамагла табе зразумець што ты моцны і ў тваіх руках цэлы сьвет і што тваё прызначэньне быць для яе абаронай. Але яна гэтага ўжо не пабачыла. Больш за ўсё ты любіў як яна крыўлялася. Яна рабіла гэта прафэсійна і што асабліва прыемна гэта выглядала ня проста прыгожа ці сьмешна а чароўна. Раней ты наогул шмат што ў ёй не заўважаў і дагэтуль думаеш як яна здолела распазнаць у табе такім адасобленым ад грамадзтва чалавеку каханага і адзінага. Ты неяк паехаў да яе ў госьці. Гэта было дзіўна ты ўбачыў унікальныя месцы яе дзяцінства. Вучэльня... Базіліка... Драўляныя хаткі... Бедныя хаткі... Катэджы... Хаткі-скрынкі... Самотныя хаткі... Масты... Ходнікі... Крамы... Дамы... Ты атрымліваў асалоду ад архітэктуры прыроды і ад яе хоць гэта і было ўзімку і холад са сьнегам псавалі краявід і настрой але ўсё адно там было выдатна... зь ёю... каля яе... Тады ты ўпершыню паверыў ва ўнікальнасьць і сілу гарадоў ты адчуў іх магутнасьць і гісторыю і менавіта тады ты пазнаёміўся зь яе карцінамі. Ты яшчэ хацеў адну карціну забраць сабе тую на якой быў космас чалавек і плянэты невядома ці правільна ты запомніў сюжэт. Сам дух карціны выходзіў у касьмічную прастору а чалавек намаляваны на ёй быў поўны смутку але ягоны погляд усё роўна быў з надзеяй можа на гэтыя плянэты вакол а можа і на сьвет у цэлым. Табе тады так хацелася каб такая ж надзея была і ў цябе. Гэты дзень у яе ў гасьцях запомніўся на ўсё жыцьцё і ежа якую яна гатавала і бутэлька віна... І ейныя шаўковыя малочныя рукі... Чорныя валасы... Вочы... Акно з пакоя вуліца ў акне і сьнег сьнег сьнег сьнег... Гэта пачуцьцё каханьня падзякі і маўчаньня — усё гэта засталося з табою ў тваім сэрцы. Пару разоў яна прыязджала да цябе і ты здымаў кватэру на суткі тады вы рабілі салаты з капусты і елі крабавыя палачкі запіваючы півам. А аднойчы атрымалася зьняць кватэру амаль пад самай

Акадэміяй навук. Пад тым самым філіялам у якім ты потым падзарабляў і штораз калі праходзіў каля дому зазіраў у знаёмыя вокны як быццам мог яе ўбачыць... А потым яна не прыязджала цэлы год... За гэты год ты знайшоў кватэру ў новым мікрараёне і жыў сабе шчасьліва кожны дзень напіваючыся працуючы на кампутары чытаючы кнігі губляючы розум выходзячы ў адкрыты космас запрашаючы да сябе гасьцей зьмяняючы сталых ды маладых жанчын дзіўлюся як у тваім ложку яшчэ не апынуліся падлеткі і хлопцы. І тады калі ты ўжо мусіў зьехаць з гэтай кватэры прыехала яна а за ёю цэлы шэраг старых успамінаў і асацыяцый ад акустычнага альбому СПЛИН да фотаздымкаў на фотаапарат ФЭД-3 ты яе сустрэў і ўбачыў як яна зьмянілася. Яе вочы казалі пра нейкую ўнутраную журботнасьць і стрыманасьць ты глядзеў у іх і бачыў колькі ўсяго рознага вы абодва перажылі на адлегласьці. Яна стала больш спакойнай і ціхай менш усьміхалася. Ты разумеў што беспаваротна страціў яе. Ты разумеў як балюча і цяжка адбіўся на ёй гэты год як яна шчыра чакала сустрэчы і як гэта яе зламіла. Твая віна была ў тым што ты не паехаў за ёю. Абяцаў але не паехаў. Ты тады быў прывязаны да гэтых мясьцін як зрэшты і цяпер... Перад табою стаіць яна і ты ўжо ня ведаеш што рабіць. Тваё асабістае "я" засталося тут і яно дагэтуль ня ведае які якар і які баляст трымае яго ў дадзеным горадзе замінае нарэшце ўсё кінуць і паехаць за ёю зрабіць тое што мусіў зрабіць! Людзі мяняюцца па-рознаму ніхто ня ведае як ты можаш зьмяніцца як на цябе могуць паўплываць тыя ці іншыя падзеі ў жыцьці. Мінуў год а вы толькі зрэдку стэлефаноўваліся і дасылалі адно аднаму смс зрэдку ты атрымліваў яд яе паштоўкі. У дзень яе прыезду ты зразумеў што быў безнадзейна дурны немагчыма кахаць на адлегласьці. Гэта было як удар у сонечнае спляценьне і ты ледзь не задохся. Некалькі дзён яна гасьцявала ў цябе гэта былі апошнія вашыя агульныя дні. Тады вы хадзілі на выставу Шагала пілі вермут — гэта было як разьвітаньне назаўжды. Менавіта з тых рэдкіх сустрэч ты захаваў пра яе памяць і ўсё найлепшае што было і пэўна не забудзецца ніколі.

1 — 15.02.2010

Менск

ТРЫ ВЫПРАБАВАНЬНІ ЛЁНДАНАМ

Калі бываю сам з сабою я,

прыглядваю адразу за абодвума.

Станіслаў Ежы Лец
Beginning

Калі пачынаюцца такія падарожжы, як гэтае, то абавязкова па вяртаньні пачынаеш моцна сумаваць, скардзіцца на сваё жыцьцё, зьнікае жаданьне нешта рабіць, дзейнічаць... жыць... а потым ахоплівае цяжкая дэпрэсія, якая цягнецца... цягнецца... зьядаючы знутры.

Але калі жывеш у Лёндане, як жа кожны дзень хочацца дадому, як сумуецца па родным Менску... Аднак і культурны шок, зьдзіўленьне й эйфарыя з пахмельлем праходзяць. Тады пачынаеш адчайна сумаваць па сям’і, ведаючы, што наперадзе — яшчэ больш за восем тыдняў вучобы ў акадэміі "Тоні і Гай".

Не сумаваць альбо забывацца на Менск дапамагаюць толькі падзеі, якія хутка пралятаюць праз цябе, падарожжы, прыгоды, архітэктура, мастацтва, вучоба, літаратурнае ўзбагачэньне, пачынаючы ад бясплатных ангельскіх паштовах і сканчаючы апошнімі сьвежымі анталёгіямі кароткай прозы Англіі, знойдзенымі на пыльных паліцах старых кнігарняў гораду... і час ад часу паранаідальная шызафрэнія, што ты — гэта быццам бы ня ты, што не з табою ўсё адбываецца, што гэта ня ты пакінуў столькі цяжару ад апошніх жыцьцёвых падзеяў дома; а яшчэ ты — гэта той самы малады чалавек, які пазірае на цябе зь люстэрка ў пабе пад гаўбцом твайго новага ангельскага жытла; і ёсьць трэці ты, які на ўсё гэта пазірае звонку і разумее, што яшчэ імгненьне — і гэтая танюткая мяжа між вамі разарвецца, і цябе возьме ў палон вынішчальна-ачышчальнае шаленства.

Быў 2008 год, зіма, я тады пісаў злыя й брудныя апавяданьні, марыў пра сваю першую кнігу й захапляўся самотай... Бо перад тым як патрапіць у краіну сваіх мар, я пры вельмі дзіўных і жахлівых абставінах разышоўся зь дзяўчынай, зь якой жыў разам два гады, аточаны сабакамі й брудным адзеньнем. У Лёндан я прыляцеў з разьбітым ілбом, бо бадзяўся па Кальварыйскіх могілках ноччу, зьбягаючы ад аўчарак і аховы... У Менску я пакінуў не сваю кватэру ў стане руінаў: паўсюль засталіся раскіданыя кнігі й адзежа, бітыя шклянкі й талеркі, зацягнуты цінай акварыюм з афрыканскімі жабамі, на лесьвічным пралёце валяліся паламаныя часткі шафы, камода й колькі парваных кніг з маёй бібліятэкі. Я сядзеў у ангельскім бары, памяты, сьмярдзючы, баяўся зазірнуць у вочы маім спадарожніцам і інвэстару, нам падалі піва й вараную бульбяную кашу разам з ангельскай сасіскай і салатай, я накінуўся на куфаль піва й асушыў яго за імгненьне... За тры тыдні беспрабуднага пітва мой твар азыз, як у прафэсійнага алькаголіка... У Менску я пакінуў любую маму, якой толькі-толькі зрабілі апэрацыю, і яна знаходзілася на хатнім лячэньні... І нягледзячы на ўсё тое, што падрывала маё здароўе, як фізычнае, так і маральнае, я ведаў, што ў Менску самотнаю засталася мая палюбоўніца зь вялікімі аксамітнымі грудзямі й доўгімі чорнымі пухнатымі валасамі. І вось яно, пытаньне: "Які Лёндан, калі ў жыцьці вэрхал?! Калі праз сваё падарожжа ты губляеш яшчэ й цэлы год навучаньня ва ўнівэрсытэце?!"

Але я марыў пабачыць Лёндан, марыў яшчэ з тых гадзінаў, калі дзіцём апынуўся ў Шатляндыі, і мне нарэшце пашанцавала! Калі дакладна, то я, здаўшы патрэбныя іспыты, выйграў конкурс на вучобу й пражываньне ў казачным горадзе цягам ажно васьмі тыдняў. Такім чынам, я падпісаў дамову, паводле якой быў абавязаны па заканчэньні навучаньня вярнуцца ў Менск і два гады адпрацаваць у франшызе "Тоні і Гай", а таксама атрымліваў аплочанымі навучаньне, здымную кватэру, квіткі на самалёт і безьлімітную картку Амэрыкэн Экспрэс.

І вось ён я, у найгоршым стане ў жыцьці, з такой колькасьцю праблем на плячах, што лягчэй застрэліцца, чым іх вырашыць, вось ён я разам зь яшчэ дзьвюма дзяўчынамі паляцеў у Англію і пасяліўся на вуліцы ў двух кроках ад Нацыянальнага брытанскага музэя, насупраць "літаратурнай вуліцы", і кожную раніцу, калі я прачынаюся зь цяжкою галавою, быццам бы ў ёй адбыліся адразу некалькі выбухаў, я п’ю моцную каву, палю й шпацырую праз сквэр Расэла, дзе ўжо кружляюць спартоваю хадою жанчыны й мужчыны, вавёркі й сабакі... Я іду, трымаючыся за галаву, дзівячыся, адкуль столькі здароўя ў гэтых англіках, каб так выдатна насіцца па сквэрыку ў шортах, калі на календары люты... Потым праходжу музэй па вуліцы Блумсбэры й на скрыжаваньні збочваю ўлева, праходжу паўз краму ангельскіх парасонаў і цыліндраў, потым збочваю ўправа, на Нью Оксфард стрыт, завітваю ў "Старбакс", замаўляю вялікі кубак моцнай кавы, прыкрываю яго кардоннай накрыўкай і пераходжу дарогу на іншы бок вуліцы, далучаючыся да астатніх студэнтаў, якія паляць "самакруткі", а я, як сапраўдны беларус, прывёзшы з сабою некалькі блёкаў "Уінстана", дастаю цыгарэту, якая тут па коштах прыроўніваецца да паўграма золата, запальваю яе, расплюшчваю нарэшце вочы, п’ю каву, кашляю. Спрабую ўсьміхацца гэтаму натоўпу добразычлівых людзей, але атрымліваецца кепска...

Поделиться с друзьями: