Пастка для рэха
Шрифт:
— Спрабую.
— Не спрабуй, Мелеш, усё роўна нічога не атрымаецца. Ты тугадум.
— Тэрэза, я гатовы сто разоў паўтарыць адно і тое ж: невінаваты я! Тое, што здарылася, — вар’яцкі сон. Недарэчнасць. Выпадковасць… Як хочаш так і называй. Лепш зазірні ў маё сэрца. Ведаеш, што там зараз робіцца? Нельга жыць аднымі толькі беспадстаўнымі абвінавачваннямі і крыўдамі.
— Для мяне, Мелеш, лягчэй жыць са сваімі крыўдамі, чым з табою. Я пакідаю цябе. І ведаеш, чаму?
— Таму, што ты знайшла свайго бацьку. А я свайго не знайшоў.
— Дурань!..
Яе бацька аб’явіўся незадоўга да суда. Вярнуўся, каб нагадаць пра
— Гэта мая дачка! І таму прашу ўспрымаць яе адпаведна.
А Мелеша як падмянілі. Ён адчуваў сябе косткаю ў горле гэтай ідыліі запозненых рамантычных пачуццяў. Дахаты пачаў вяртацца позна, каб не псаваць сваёю прысутнасцю ілюзію шчасця, якое пачынала толькі-толькі нараджацца. Вярнуўшыся, адмоўчваўся, упадаючы з кожным днём у роспач усё больш і больш.
З’ехаў яе бацька так жа нечакана, як і прыехаў, пакінуўшы пасля сябе невыказаныя да канца горыч, крыўду і расчараванне. На развітанне ён сумна зірнуў на Тэрэзу і з несхаваным шкадаваннем выціснуў:
— Даруй мне, дачка!.. Калі зможаш. Паламаў я тваё жыццё.
— Нічога ты не ламаў, — запярэчыла. — Наадварот, без цябе мне жылося някепска, — схлусіла яна, расчырванеўшыся ад нечаканага для сябе прызнання. — Другім, каб пайсці пагуляць, трэба было адпрошвацца ў бацькі і ў мамы, а мне — толькі ў бабулі. А бабуля што? Бабуля мяне любіла і ставілася да ўсіх маіх прымхаў паблажліва.
— Знайдзі час і напішы мне, — папрасіў ён, пазіраючы чамусьці на Мелеша. — І яшчэ, праводзіць мяне не трэба. Сам знайду дарогу.
Мелеш у гэтым не сумняваўся. Паціснулі адзін аднаму на развітанне рукі, і ён з палёгкаю ўздыхнуў.
Плёткі жывуць нядоўга. Пагаварылі некалькі дзён і забыліся. А праз тыдзень Тэрэза, як і абяцала, напісала бацьку ліст, не абмовіўшыся з Мелешам пра тое ні адным словам. Аднак нішто так не выдае людзей, як іхняе ж маўчанне. Мінула некалькі тыдняў, і яна атрымала адказ і паштовы перавод. «Патраць іх на сябе», — прачытала яна ўслых бацькаву прыпіску. Пералічыла атрыманыя на пошце грошы. Потым зірнула на Мелеша і недаўменна паціснула плячыма:
— Куды мне столькі? Тут жа на два тэлевізары, — сказала яна ўзбуджана. Памаўчала хвілінку і, звяртаючыся ўжо больш да сябе, чым да яго, спытала: — Куды мне патраціць усё гэта?
— Купі сабе нешта на памяць, — параіў ён, ведаючы наперад, што ніякіх парад яна ад яго не чакае. Памаўчаў і, не ўтрымаўшыся, з’едліва пацікавіўся:
— Чым ты яго разжаліла?
— Лічыш, я прасіла ў яго грошы?
Ён прамаўчаў. Праз некалькі дзён, не папярэдзіўшы нікога, Тэрэза купіла на цягнік квіток і з’ехала ў Чувашыю. Там, верагодней за ўсё, і жыў яе блудны бацька. Вярнулася яна адтуль толькі
праз месяц, зусім іншай жанчынай. А можа, гэта памяняўся ён?..Адказу на гэтае пытанне, напэўна, не існавала ў прыродзе. Хаця… Пытанні на тое і пытанні, каб не заставацца без адказаў.
7
— Гэтая вада, Віцёк, мае смак жыцця! Ты пакаштуй, пакаштуй! Віцёк! — таньчыць вакол мяне ў вар’яцкім «рытуальным» танцы Фёца.
Я гляджу, як ён выгінае няўклюдна сваю тонкую шыю, як ненасытна хапае паветра, імкнучыся ротам лавіць буйныя кроплі, як узбуджана віскоча пры гэтым, і шчыра зайздрошчу яму. «Такі настрой трэба заслужыць», — перакананы я і ўсё ж на ўсякі выпадак перасцярожліва азіраюся — мінакам не да нас. Прыкрываючыся распятымі парасонамі, унурыўшыся ў пастаўленыя каўняры сваіх паліто, яны бязлікім натоўпам брыдуць у дождж, і ў мяне ўзнікае жаданне спыніць іх: «Стойце! Стойце! — крычу я ім наўздагон у думках. — Вазьміце і нас з сабою! Вазьміце…»
Дождж лье, што з начовак. Кроплі буйныя, памерам з гарошыну. Вада сцякае з валасоў за каўнер і непрыемна казыча цела. Накрываюся з галавой кашуляй і зрываюся з месца. Аўтобусны прыпынак — вось дзе наш паратунак. Машыны павольна паўзуць у плыні залевы.
— Віцёк, град, град! — лямантуе за плячыма Фёца. — Ух ты! Сіла!
— Не валяй дурня, вымакнем! — крычу яму ў дождж, але Фёца не звяртае ўвагі. Вяртаюся, хапаю яго за рукаў і цягну да аўтобуснага прыпынку.
— Невук! — вырываецца ён. — Ці ведаеш ты, што вада — гэта жыццё, што, каб зрабіцца клеткаю, яна сама сабе выбірае патрэбныя кампаненты? Разумееш, не кампаненты выбіраюць яе, а яна іх, — выдурняецца ён. — Толькі не пытайся, чаму так адбываецца. Скуль мне, цёмнаму, ведаць, чаму?
Гляджу, як ён на хаду разуваецца, як хапае ў рукі пантофлі, як пускаецца рассякаць па лужынах басанож, і кручу пальцам ля скроні.
— Здурнеў! — крычу я яму ўслед, стрымліваючыся, каб і самому не пусціцца за ім. — Вар’ят! Што пра нас людзі скажуць?
— Віцёк, якая табе розніца, што скажуць пра нас людзі?! Зірні, ім не да нас! І нам не да іх! — імкнецца дакрычацца праз дождж Фёца. — Я вольны чалавек. Ха-ха-ха!.. Мне хочацца басанож. Разумееш? Пакажы мне таго, хто мне забароніць гэта? Яны? — ківае ён галавой на натоўп, што бавіць час у чаканні.
Гляджу на сябра і пачынаю злавацца. Ён вяртаецца і па-сяброўску сціскае за локаць:
— Віцёк, ты што, пакрыўдзіўся?
Ён нешта тлумачыць, а я маўчу. Мне хочацца есці, і мне не да весялосці. Мы крочым павольна ўздоўж аўтобуснага прыпынку. Куды нам спяшацца, прамоклым да ніткі?
— У гэтым доме некалі жыў мой вораг, — паказвае Фёца вачыма на пяціпавярховы будынак. Такое ўражанне, што ён выхваляецца гэтым. Недаверліва зіркаю туды, куды ён паказвае.
— Чаму — жыў? Ён што, некуды з’ехаў?
— Не, — матляе галавой Фёца.
— А-а-а! Ты забіў яго! — жартую я.
Ён не разумее жарту і незадаволена моршчыцца:
— Яшчэ чаго! Стаў бы я грэх на душу браць. Усё, Віцёк, значна прасцей. Я расквітаўся з ім, як павук з мухаю.
— Давай, давай, падманвай! — цынічна ўсміхаюся я.
— Я забраўся па пажарнай лесвіцы на дах яго дома, пералез па карнізу на балкон і пад яго вокнамі чырвонай фарбай на ўсю сцяну напісаў: «С...!»
— І ўсё? — расчаравана моршчуся я. — Неарыгінальна.