Пастка для рэха
Шрифт:
«Мост адновім, станцыю таксама, — перакананы Котаў. — З суседняй дзяржавай ёсць на гэта дамоўленасць. Зона?.. Якая зона? Журналісцкія фантазіі гэта ўсё. Пятнаццаць гадоў мінула, і што з таго? Як жылі людзі, так і далей жывуць. Да такога яшчэ дадумацца трэба — узарваць мост! Знішчыць самы кароткі шлях з суседняй дзяржавай. Нам сувязі трэба наладжваць, гандаль, а яны масты ўзрываюць. Мы павінны лічыць свае грошыкі…»
Раскрываць свае карты перад старшынёй калгаса Котаў пакуль не збіраецца. Няхай лічыць, што быццам бы я да яго з іншымі справамі завітаў. Будаўніцтва маста — справа дзяржаўная і таму сакрэтная. Мала чым можа павернецца яшчэ тая задума. Зону ж, ніхто пакуль не адмяняў яшчэ. Яна існуе, і існуе афіцыйна. Крый
Зарыентавацца ў сітуацыі, вызначыцца на месцы, зрабіць пэўныя высновы — вось дзеля якіх мэтаў прыехаў у гэтую глухамань Котаў.
— Як нам праехаць да станцыі? — звяртаецца ён строга да старшыні калгаса.
Той зіркае на яго збянтэжана і недаверліва лыпае вачыма.
— Вы што, не зразумелі? — узмацняе голас Котаў.
Старшыня паказвае вачыма на вузкую, зарослую збуялай травой сцяжыну, што віднеецца ў іх наперадзе. Кіроўца спыняе ля яе машыну і ідзе метраў дваццаць па сцяжынцы пешкі, потым вяртаецца да машыны.
— Не, не праедзем, Віктар Віктаравіч, — спрабуе ён пераканаць свайго шэфа.
— Праедзем, — з зайздроснай упэўненасцю заяўляе той. — Павінны праехаць!.. Абавязаны!..
Спрачацца з Котавым бессэнсоўна. І кіроўца пра тое ведае…
6
Старая наразае кругі па скверыку: трэці… чацьвёрты… пяты… Для гэтага бязмэтнага кружляння ў яе ёсць мноства прычын. У старой прачнуўся інстынкт здабытчыцы. Голад выгнаў яе на вуліцу, і цяпер ёй не да сумлення. Кавалак хлеба, а потым усё астатняе. Яе пільнасць напагатове. Аператыўна дзейнічаць вымушаюць абставіны. Вочы, якія хвіліну яшчэ таму купаліся ў надзеі, губляюць нядаўні свой бляск. Вочы выдаюць раздражнёнасць і незадаволенасць. Яшчэ б не злавацца ёй! Я — перашкода на яе шляху. Я краду яе час. Я маруджу. Я — размазня. Я п’ю піва цэлую вечнасць. Ёй патрэбная парожняя бутэлька, а я баўлюся. Я гуляю са старою ў хованкі, наўмысна разбураю яе планы.
На другім канцы скверыка тусуецца моладзь. Юнакі таксама пацягваюць піва, і старая намысліла злавіць двух зайцоў. Яна няспынна кружляе ад юнакоў да мяне, ад мяне да юнакоў, бо збор бутэлек — гэта яе заробак. Аднак нервы ў старой не жалезныя. «Блуканне па пакутах» нарэшце стамляе яе, і яна губляе ўсялякае цярпенне. Недачакаўшыся, падыходзіць да мяне і паказвае позіркам на бутэльку:
— Хутка дап’еце, пэўна? Вы не спяшайцеся, я пачакаю…
Гэта намёк. Калі табе зазіраюць у рот, то нават піва становіцца нясмачным, таму спусташаю адным глытком рэшткі і працягваю старой парожнюю бутэльку.
— Вы такі кжэчны, вы такі інтэлігентны, — спяшаецца яна мне аддзякаваць кампліментамі. — Інтэлігентных людзей няшмат. Я іх здалёк бачу… — некалькі хвілінаў маўчыць, потым апраўдваецца: — Пенсія нікчэмная, а жыць неяк трэба. Вы не тутэйшы, вы заезджы?
— Заезджы, — згаджаюся з ёю я і недарэчна жартую: — Я з Маскоўскага раёна.
Старая жарту не разумее. У старой склероз і кепская памяць. Яна нават патакае мне:
— Напэўна, у Маскве вашай і харчы нашмат таннейшыя, чым у нас?
Мне робіцца няёмка.
— Нашмат, — хлушу я і адчуваю, як твар пакрываецца чырванню.
Памалоць языком старая не супраць. Для гэтага ў яе ёсць час. А мне трэба спяшацца на працу. Кабета пачынае скардзіцца на ўсіх: на ўладу, на дачку, на суседзяў. Я слухаю яе, згаджаюся, падтакваю ёй… Я не ведаю, як ад яе адкараскацца. Падымаюся з лаўкі і накіроўваюся да пешаходнага пераходу, аднак кабета спяшаецца следам.
— А ў Маскве вашай…
— Глядзіце, глядзіце, — пускаюся я тады на хітрыкі. — Канкурэнтка вашая…
Да лавак, дзе смокчуць піва юнакі, кіруе яшчэ адна «бізнесменка». У канкурэнткі ў руках торба, а ў ёй некалькі
парожніх бутэлек. Старая кідае тачыць са мной лясы і кідаецца ёй наперарэз. Я ўздыхаю з палёгкай і заклапочана пазіраю на гадзіннік. Час абедзеннага перапынку завяршаецца. Неахвотна плятуся праз скверык да выхаду. «Кантора па вывазу смецця» праз дарогу, і праз расчыненую браму на мяне здалёк пазірае жоўтае змяінае тулава смуроднага лабірынта. Я сумна гляджу на гэтую пачварную «жывёліну» і адчуваю сябе кормам для драпежнікаў. Толькі ўсім хочацца жыць: і мне, і драпежнікам…Сіньёр-Памідор узмацняе голас. Сіньёр-Памідор злуецца. Сіньёр-Памідор строіць з сябе невядома каго. Ружовыя зморшчаны на ягоным ацёчным твары мяняюць формы. Яны то збіваюцца ў клубок, то звіваюцца мноствам грымучых гадаў, распаўзаючыся па ўсім твары. Я гляджу на яго, і мне робіцца страшна.
У нас планёрка — «ціхі» час.
— Не бяры да галавы, — суцяшае мяне Трынаццаты, так завуць кіроўцу смеццявоза. — Нораў у нашага шэфа — не падарунак. Любіць, на чужыя плечы свае праблемы перакінуць. Пасварыцца з жонкаю, а на нас злосць зганяе…
На базе Трынаццаты — старажыл і шмат чаго ведае…
— Слухай, як там цябе зваць, ды няважна, — купі гадзіннік, — тузае мяне за рукаў Азіят. — Навюткі зусім, за тысячу прадам. Халява!.. Разумееш, усяго за ты-ся-чу-у?.. Трубы гараць…
— Нашто ён мне? — шчыра здзіўляюся я. — У мяне свой такі.
— Будзе два, — пераконвае мяне Азіят і тыцкае мне ў твар наручным гадзіннікам айчыннай фірмы. — Купі… Усяго за тысячу.
— У нядзелю італьянцы прыязджаюць, а на базе конь не валяўся, — працягвае выхоўваць нас Сіньёр-Памідор. — Скрыні для смецця брудныя… Тэрмінова прыбраць, памыць, пафарбаваць!..
Я разгублена зіркаю на шэфа, потым на Азіята. Задаўбалі… Як навучыцца нікога не слухаць? Як навучыцца быць да ўсяго абыякавым?
— Ну што, купіш? — даймае мяне Азіят. Яму напляваць на ўсе выхаваўчыя лекцыі. У яго гараць трубы.
Жаданне даць яму тысячу толькі за тое, каб ён хучэй адчапіўся ад мяне. Адкуль яно ў мяне — гэтае жаданне?.. Адкуль у мяне гідлівасць да гэтага незнаёмага мне чалавека? Лезу ў кішэню за грашыма. Адлічваю некалькі пакамячаных паперак і працягваю іх Азіяту. Бачу яго задаволены твар. Рука паспешліва цягнецца за паперкамі. Здаецца, нейкая хвіліна — і гэтыя парэпаныя пальцы вырвуць назаўсёды з маіх рук грошы. Аднак у самы адказны момант я перадумваю і заціскаю паперкі ў далоні, потым паспешліва хаваю іх назад у бумажнік. Здзіўленне Азіята не мае межаў. На твары — расчараванне драпежніка, які толькі што выпусціў са сваіх кіпцюроў ахвяру. «Грошы на тое і грошы, каб мець нейкую вартасць», — хочацца мне паказытаць яму нервы. Азіят збянтэжана зіркае на мяне, а я, скарыстаўшыся яго разгубленасцю, здымаю з яго рукі гадзіннік і чапляю сабе. Потым працягваю яму дзве пакамячаныя паперкі. Бранзалет яшчэ захоўвае цяпло свайго нядаўняга гаспадара. Аднак гадзіннік ужо належыць мне, і цяпла гэтага з кожнай хвілінай робіцца меней. Праз некаторы час Азіят вяртаецца з пляшкай віна і запрашае мяне да стала. Піць з ім я адмаўляюся.
7
Калі-небудзь і ты зразумееш, што жыццё тваё — гэта ўсяго толькі хуткі цягнік, які сунецца юзам па рэйках насустрач свайму абрывістаму берагу, цягнік, які тармозіць і не можа спыніцца. І няважна, што ўсе стоп-краны сарваныя, што машыніст з усёй моцы цісне на тармазы, чыгунка за рэчкай разбураная, мост узарваны і катастрофа — непазбежнасць, справа часу…
У мястэчку ні душы — нібыта вымерла ўсё. Ля царквы бязлюдна. І гэта на святога Спаса. Ад царквы адны толькі ўспаміны: замшэлы драўляны зруб з крацістымі, падобнымі да купалаў рыштаваннямі і зарослы непралазным гушчаром цесны дворык. Ля ўвахода некалькі недагледжаных магілак, а ў глыбіні — паўразбураная званіца — паселішча для крыклівага варання. І здаецца, нічога прыкметнага больш…