Пастка для рэха
Шрифт:
Котаў не слухае яго. У Котава сваіх праблем па горла. Ён сумна ўзіраецца ў нудныя балоцістыя краявіды, што павольна гайдаюцца за вокнамі службовай «Волгі», і думае аб сваім…
Разгараюцца вогнішчы амбіцый. Сінім полымем палаюць ілюзіі незапатрабаванай значнасці. Шызым попелам разносяць вятры прывідныя мары і мэты. І няма задавальнення ад займаемай пасады. І няма ніякіх падстаў для радасці. Прамысловасць у загоне, прадпрыемствы спыненыя. Паўсюдна беспрацоўе і п’янства, карупцыя і ўсёдазволенасць. На складах залежы непатрэбнай нікому прадукцыі. Мэр лютуе і насылае на кіраўнікоў прадпрыемстваў праверкі…
— …Што?.. Як гэта — нікому не патрэбная? —
— А гэта што?.. Гэта вам не прадукцыя? — злуецца Котаў і тыцкае пальцам на заваленыя дыванамі стэлажы. — Гэта, хрэн лысы!?
Скруткі паўсюль: на паліцах, на цаглянай падлозе. Дырэктар неўразумела паціскае плячыма.
— Развялі бардэль!.. — лямантуе Котаў і патрабуе ад дырэктара тлумачэнняў: — Пакажыце дыван.
Дырэктар перадавярае загад падсобнаму рабочаму. Той дастае з паліцы першы, што трапляе пад руку, і рассцілае яго перад Котавым. Дыван свеціцца, нібыта сіта. Ён увесь у дзірках.
— Моль?.. — здзіўляецца дырэктар і касавурыцца на рабочага: — Скуль?..
— Прапітка не дапамагае, а праветрываць не паспяваем, месца не хапае, — апраўдваецца рабочы. — Камбінат спынены, людзі ў змушаных адпачынках, збыту ніякага. Раней хоць Расія брала на бартэр, а цяпер і яна адмовілася.
Дырэктар гатовы разадраць рабочага на кавалкі.
— Міхалыч!.. Я нешта не тое ляпнуў? — вінавата пазірае на свайго шэфа рабочы.
— Нашто людзей у адпачынкі выгналі, га? — умешваецца ў спрэчку Котаў.
— А чым іх заняць? — злуецца дырэктар камбіната. — Працы ніякай, адна толькі лінія працуе… А яны на змену пруцца. Іх жа не звольніш. Я гавару ім: працы няма, а яны лезуць... Можа мне платны ўваход для іх праз прахадную ўвесці?..
Хадзіць далей па прадпрыемстве няма сэнсу…
Вынікамі праверак мэр незадаволены. Сваімі службамі — таксама. Ён мяняе кіраўнікоў як пальчаткі. Робіць разгон сваім намеснікам.
— Вытураць мяне — вы следам пойдзеце, вылеціце, як коркі, — распыляецца ён на планёрках.
Гэта «перадсмяротная» агонія. Пляткараць, што нібыта яго збіраюцца турнуць з пасады. Пляткараць, што нібыта «расчышчаюць» дарогу некаму іншаму. Котаў усё разумее. Яго на мякіне не правядзеш. Аднак нервы не жалезныя. Яму здаецца, што і яго хочуць падседзець. Недавер выяўляе ворагаў. А працы па горла. На насу рэспубліканскі семінар, на насу агульнарэспубліканская планёрка.
Мэр лезе ва ўсе дзіркі. Мэр бярэцца за ўсё і за ўсіх. Цяпер ён навучае нават рабочых. Учынкі не заўсёды адпавядаюць яго важнай пасадзе.
— Як ты паліваеш, га? Нашто ты здзекуешся з бедных раслін? Хто цябе навучыў гэтаму, няўмека? — абражае ён кіроўцу палівачнай машыны, які палівае кветнікі насупраць гарвыканкамаўскіх вокнаў. — Ану вылазь з кабіны!..
Кіроўца збянтэжаны — ад мэра нясе гарэлкай. Яно і не дзіва, без разрадкі ад такога напружання звар’яцець можна.
— Лічыце, што да ўлады дарваўся дэбіл? Памыляецеся! Розуму ў мяне на вас усіх хопіць. Спачатку начальнічкаў вашых вытуру, а потым за вас вазьмуся…
Мэр хапае кіроўцу за шыварат і цягне з кабіны. Вочы пагардліва блішчаць. Пераляканы кіроўца напускае на твар пакрыўджаны выгляд, аднак працоўнае месца пакідаць не спяшаецца.
— Ты што, не зразумеў? — распырсквае сліну абураны мэр.
Хлопец нявызначана ківае галавой. Гэты жэст мэру не падабаецца, і ён лезе да кіроўцы з кулакамі. Пад націскам мэра, той змушаны спыніць машыну.
—
Ану стаяць!.. Я каму сказаў!.. — загадвае мэр і лезе да магнітолы.— Музыку слухаеш? А працаваць хто за цябе будзе, Папа Рымскі?..Хвіліна — і яго цяжкі кулак ушчэнт трушчыць пластыкавыя дынамікі.
— Я вас навучу, як трэба працаваць!..
Мэра хутка вытураць. І гэта дакладна ўжо. Пра тое пляткарыць увесь горад. У Котава выспявае дзёрзкі план. Надышоў час, каб падумаць пра сябе. Выспявае зручны момант, каб прасунуцца па службовай лесвіцы. Котаў збірае вакол сябе аднадумцаў. Котаў марыць заняць мэрава крэсла. Толькі ён (ён адзіны!) ведае, як і што трэба рабіць, каб выцягнуць прамысловасць з прорвы. У Котава ёсць свае доказы! Поспех на ягоным баку! Ён усё пралічыў…
І вось у той самы адказны момант — гэтая недарэчная камандзіроўка… Каму яна патрэбная? Вядома ж, каму… Наўмысна вытурылі з горада! Ух, гады ў чырвоных ботах!.. Я вам яшчэ пакажу на што здатны Котаў!..
— У мяне сенакос, у мяне буракі, у мяне гаспадарка… Дзе мне людзей на ўсё гэта набрацца? — вяртае Віктара Віктаравіча да рэчаіснасці надакучлівы голас старшыні калгаса.
— Прышлем вам людзей… Дзеля гэтага я і прыехаў сюды. Вызначымся на месцы, а там паглядзім, — суцяшае старшыню Котаў.
Ён хлусіць, наўмысна ўтойвае сапраўдныя мэты сваёй камандзіроўкі.
За вокнамі балоцістая пустка: ні вёскі, ні поля, ні лесу — зарослыя рызухай купіны і лазовыя карчы. Прыкметы заняпаду і галечы паўсюдна. Машыну гайдае на ямінах, ад чаго лазовыя карчы за вокнамі дзіўна мітусяцца. Яны падобныя як дзве кроплі вады да танцуючых мядзведзяў.
Котаў злуецца. Як тут не будзеш злавацца! Замест таго каб вырашаць сур’ёзныя пытанні, ён выслухвае немаведама што. Яшчэ не сабралі ўраджай, а ўжо да дажынак рыхтуюцца. Нічога і не скажаш нават — краіна выдумшчыкаў і фантазёраў!..
Гравійка канчаецца. Балоцістая пустка таксама. Пачынаецца палескі «осфальд». Жарт старшыні да месца. Ад асфальту адна толькі назва. Пакрыццё сапсаванае коламі гусенічных трактароў, і месцамі ямы амаль што ў калена. Засыпаныя яны бітай цэглай і іншым брудам, ад чаго машыну трасе яшчэ горш, чым на гравійцы. Па левы бок ад дарогі — калгаснае поле з палеглым жытам. Па правы — калючы дрот… За ім — зона.
— Скажыце, там нехта жыве? — цікавіцца Котаў у старшыні калгаса і пільна ўзіраецца ў бясколерную маўклівую далячынь.
— Не думаю. Хаця… — чухае той заклапочана патыліцу. — Хто яго ведае…
За калючым дротам, на даляглядзе, абрысы вясковых хат — нейкая падобнасць мястэчка.
— Чыгуначная станцыя, — тлумачыць старшыня. — Але пасля таго, як мост праз рэчку ўзарвалі, яна зрабілася непатрэбнай.
— Нашто мост ўзрывалі? — хітруе Котаў. Насоўвае на твар заклапочаны сур’ёзны выгляд і строга перапытвае: — Каму, пытаюся, мост замінаў?
— За рэчкаю дзяржаўная мяжа з суседняй краінай, — спяшаецца з тлумачэннямі старшыня. — Пры Саюзе пра мяжу нават узгадваць баяліся. Нікому такое і ў галаву не прыйшло б. Падумаць толькі, гэтая рэчка — мяжа з іншай дзяржавай! Смеху варта… А вось пасля распаду пачалі дзяліць землі. А тут усё вакол забруджанае, запушчанае і здзічэлае. Адным словам — Чарнобыль. Вось і пабаяліся кантрабандных грузаперавозак з суседняй дзяржавы. Панаехала сапёраў, заклалі ўзрыўчатку і рванулі мост. Станцыю потым таксама закрылі з-за непатрэбнасці. Людзей вывезлі. Хто ў шапку не спаў, маю на ўвазе мясцовых, цягнуць пачалі ўсё, што пад руку трапіць. Вось і расцягнулі паціху, раскралі… Хіба ж нехта дбаў пра тых, хто тут жыць застанецца?..