Пастка для рэха
Шрифт:
Праз пэўны час сцежка прывяла мяне на вяршыню кургана. Перада мною адкрыліся новыя краявіды. У нізіне віднелася невялічкая вёска, двароў гэтак у пяцьдзесят, яе акружала бязлесная прастора. І толькі далёка, з паўночнага боку, была бачна шэрая палоска лесу. Напэўна там, калі верыць аповядам знаёмых, і знаходзілася тое месца, якое яны параілі мне наведаць. Непадалёк, ля скрыжавання дарог, месцілася невялічкая старая каплічка. Будавалі яе некалі для таго, каб мінакам было дзе адпачыць і памаліцца Богу. Я рушыў да яе. На падыходзе мяне сустрэў сівы, няпэўнага ўзросту дзядок. Ён падаўся мне дзіўным, і я спачатку нават палічыў, што ў гэтага чалавека праблемы з галавой. Ён сыпаў неўпапад незразумелымі не толькі
— Калі кажам, што не маем граху, — ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі вызнаём грахі нашыя, дык Ён — верны і справядлівы, каб дарваць нам грахі нашыя і ачысціць нас ад усякае няпраўды. Калі кажам, што мы не грашылі, дык робім ілжывым Яго, і няма ў нас cлова Яго.
Далей мы рушылі разам. З яго слоў я даведаўся, што побач з крыніцай, на гары, з-пад якой б’е святы струмень, знаходзіцца камень з адбіткам ступні Божай Маці. Знайшлі яго даўно, шмат вякоў таму. Пакланіцца гэтай святыні і ёсць мэта яго вандроўкі.
Мы абмінулі вёску і выйшлі да закінутага хутара. На падыходзе да яго нас сустрэла старэнькая бабулька. Яна блаславіла нас і паказала сцежку, якая, па яе словах, павінна была прывесці нас да крыніцы. Праз хвілін дзесяць мы былі на месцы. Брукаваная сцежка вывела нас да невялічкай альтанкі. Перад уваходам у яе я заўважыў абраз Святога Архангела Міхаіла і перахрысціўся. Потым накіраваўся да ручая. Зачарпнуў у кубачак вады і прысеў на лаўку. Вада была халоднай і гаючай. Праз некалькі хвілін вярнуўся стары і прысеў са мной побач. Сядзелі моўчкі.
— Дрэнь я, сынок! — нечакана парушыў маўчанне стары. — Ты вось, гляджу, мне паверыў, палічыў мяне за правільнага чалавека, а мне верыць нельга.
— Вы гэта пра што, дзед? — зірнуў я на яго неўразумела.
— Скажы, сынок, ты мне паверыў? — назойліва дапытваўся стары.
— Паверыў, — нехаця прамямліў я.
— Выходзіціь, што ты першы, хто мне паверыў? І хто я, па-твойму?
— Скуль мне, дзед, ведаць, хто ты? Я ж цябе ўпершыню бачу.
— Дрэнь я, — адказаў стары.
— Не ведаю.
— І я сябе, сынок, не ведаю. Бадзяюся па свеце, шукаю ўчарашні дзень… Паміраць мне час прыйшоў, а Ён мяне не прыймае. Шмат людскога гора на мне. Эх, памяняць бы ўсё, пачаць спачатку. Ды позна ўжо нешта мяняць.
Я прамаўчаў. Заглыбляцца з ім у такія размовы мне не хацелася. Я ўстаў і накіраваўся да ручайка. Разуўся і намачыў ногі. Ступні апякло холадам.
— Сынок! — пачуў я за плячыма сцішаны голас старога і ўздрыгнуў ад нечаканасці. Я настолькі зжыўся са сваімі думкамі, што паспеў забыць пра яго. Стары апусціўся перада мною на калені і крануўся шурпатай даланёй маёй лыткі.
— Што вы робіце? — збянтэжана зіркнуў на яго я і паспрабаваў прыняць нагу. Стары не адпусціў яе.
— Гэта не запаведзь, сынок, гэта прыклад, — мармытаў ён, пагладжваючы маю ступню. — Ведай, сынок, я сам таго захацеў, сам, — пераконваў ён мяне. — Мне неабходна зрабіць гэта, сынок! Зразумей мяне. Усё, на што я быў здатны ў сваім жыцці, гэта прыніжаць іншых. Я не хачу больш гэтага, не хачу.
Стары мыў мне ногі, а я баяўся варухнуцца. Ледзяная вада не паспявала выстуджваць цеплыню яго рук, і я адчуваў яе сваім целам. Нібыта сабачаня, я пакорліва зазіраў яму ў вочы і маўчаў. Праз хвіліну, калі здранцвенне мінула, я ўсё ж адштурхнуў яго ад сябе і вылез на сухое месца. Стары заплакаў. Я не стаў суцяшаць яго і, абуўшыся, адышоўся убок. Сонца хілілася
да захаду. Непадалёк ад нас, на стаянцы, спынілася машына. З яе выкацілася гурба маладых людзей з бітонамі ў руках і рушыла да альтанкі. Маўклівае вечаровае наваколле напоўнілася смехам і мітуснёй. Я пачаў спешна збірацца. Стары па-бацькоўску крануўся майго пляча:— Дзякуй табе, сынок! — прашапялявіў ён і рушыў у супрацьлеглы бок, да лесу. Мне захацелася спыніць яго, але я так і не адважыўся зрабіць гэта. Моўчкі правёў яго позіркам і, калі яго згорбленая постаць схавалася за пагоркам, накіраваўся па дарозе ўверх.
Пачынала змяркацца, а мне яшчэ трэба было завідно адшукаць камень з адбіткам ступні Божай Маці, пра які расказваў стары. Блудзіць не давялося. Пратаптаная сцежка сама прывяла мяне да яго. Калі я ўзабраўся на ўзгорак, сонца ўжо амаль села за лесам. Але неба на даляглядзе ўсё яшчэ ружавела. З усходняга боку ўзгорак абмінала рэчка. Да яе шчыльна прымыкалі загоны для жывёлы. Рэха даносіла здалёк нечыя ўзбуджаныя галасы. Магчыма, гэта былі пастухі. Наваколле было перанасычанае пахам сырадою.
Я прыпаў на калені, ад каменя павеяла цеплынёй. Я прытуліўся да яго шчакой і заплакаў. Паступова плач перарос у енк. Я крычаў ад немачы і бяссілля. Я прасіў прабачэння за свае неразумныя ўчынкі. «У каго?» — пацікавіцеся вы. Напэўна, у самога сябе. Колькі часу мінула, як я сюды прыйшоў, я не памятаю. Стала зімна. Я падняўся з калень і аглядзеўся. Чорнае неба нада мною было густа засеянае зоркамі. «Якая прыгажосць!» — парадаваўся я, узіраючыся з зачараваннем у гэтую зорную недасяжнасць. Адчуванне сапраўднасці пакрыху вяртала мяне да жыцця, і ад гэтага рабілася яшчэ радасней.
Вось і ўсё. На гэтым можна было б скончыць свой аповед. І ўсё ж некалькі штрышкоў да сказанага неабходна яшчэ дадаць. Спадзяюся, што вы зразумелі, пра каго я вам расказваў. Пра каго яшчэ, як не пра сябе, можна расказаць з такой шчырасцю і падрабязнасцю. Бонза — гэта я. А я — гэта Бонза…
Вярнуўся я ў горад наранку. Заначаваць давялося ў полі, у сцірце саломы. Ноч выдалася зімнай, так што амаль не спаў. Але я аб тым ні кроплі не шкадую. Нягледзячы на ўсе нязручнасці, дахаты я вяртаўся з выдатным настроем. Такой лёгкасці і ўпэўненасці я не адчуваў яшчэ ніколі. На падыходзе да горада адшукаў у запісной кніжцы патрэбны мне нумар тэлефона і патэлефанаваў. На маё настырнае «алё» азваліся незнаёмым мне дзіцячым голасам.
— Гэта хто? — пацікавіўся я няўпэўнена.
— Гэта я! — ціхенька адказалі мне.
— Хто — я?
— Таня!
— Таня! Танька! — узрадаваўся я. — Я так сумаваў па табе! Чакай мяне, чуеш, абавязкова чакай! Я хутка прыеду.
Я азірнуўся. Аўтобусны прыпынак быў праз дарогу. Я подбегам кінуўся да яго, але на паўдарозе спыніўся. Спытайцеся, што прымусіла мяне зрабіць гэта, і я не адкажу вам дакладна. Я стаяў сярод вуліцы і глядзеў на цагляную агароджу, ля якой толькі што стаяў. Я не мог скрануцца з месца. Мне здаваляся, што стаю я ля Сцяны Плачу, на якой вялікімі літарамі выведзена: УСМІХНІЦЕСЯ!
І я ўсміхнуўся.
2008 г.
Піраміды
Прысвячаецца Ірыне…
1
«Памятайце, пад вашымі нагамі ўвесь Свет…» — высечана на адным з валуноў на вяршыні здзірванелага кургана. Літары выразныя і лёгка чытаюцца. На двух жа астатніх надпісы сцёртыя і аб тым, што яны тут некалі былі, сведчаць нешматлікія, ледзь заўважныя паглыбленасці.