Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
55.
На кухні адмыслова для супрацоўнікаў музэю быў адгароджаны куточак – там бабулькі звычайна пілі гарбату зь печывам, вялі свае мудрыя размовы; там ля вакна стаяла невялікая пліта, а зьлева – чатыры нічым не адрозныя тумбачкі, у якіх старыя захоўвалі свае сьціплыя асабістыя рэчы. На тумбачцы Нінэль Пятроўны блішчэў імбрычак, усаджаны на драўляную падстаўку, побач у слоічку жаўцеў цукар, кульгаў слон цераз пачак гарбаты: усё гэта было агульнае, захацеў – падыходзь ды гатуй. На падваконьні ляжаў стос газэтаў, на ім – яшчэ адзін слоік, у якім захоўваліся лыжачкі. Завяршалі інтэр’ер гэтага пакою адпачынку букецік высахлых ландышаў у старой вазе, пакет з апэтытнымі крошкамі ды фатаграфія маладога Моцарта ў рамцы.
Кармушкін сваёй
Кармушкін вярнуў газэту на месца й з кубачкам у руцэ пайшоў акурваць параю сваю турму.
56.
Перш-наперш ён усё ж накіраваўся да тэлефону, аднак той, на злосьць, цяпер не выдаваў нават гудку. “Трэба было заводзіць мабільны”, – ледзь не расплёскаў гарбату Кармушкін, ды хутка супакоіўся: у рэшце рэшт, можна нешта прыдумаць, каб вырвацца з гэтага нечаканага палону. Не сядзець жа яму тут да пасьлязаўтра, у гэтай кватэры, дзе бяз добрых бабулек адчуваеш сябе як у адной дамавіне з самім Хрулям.
Урэшце пасьля задуменных блуканьняў па музэі ён спыніўся ля вялікага, на палову сьцяны, партрэту Івана Хруля, выкананага перад самай сьмерцю маэстра адным заслужаным, узнагароджаным усім чым можна і ўсім чым нельга, да немагчымасьці народным мастаком. Аўтар патрэту спэцыялізаваўся на партызанах – за сваё жыцьцё ён напісаў іх столькі, што ўрэшце кожны, хто трапляў пад пэндзаль мастаку, будзь тое дзіця або цяперашні галоўнакамандуючы, атрымліваўся на палатне падобным да народнага мсьціўцы. Вось і тут Іван Хруль глядзеў на наведнікаў гэткім дзедам Талашом: сялянская сівізна ў ягоных валасох не абяцала нічога добрага, а знакаміты гармонік, здавалася, таіў у нутрох бомбу. Белыя геніяльныя пасмы на макаўцы маэстра гнеўна стаялі тарчма, нібы за сьпінай Івана Хруля быў уключаны фэн; з-пад расшпіленай кашулі пад відавочна малым кампазытару пінжачком віднеліся кранальныя старэчыя грудзі, таксама парослыя сівымі валасамі. Іван Хруль сядзеў на лаве ля хаты, а справа ад яго падсьлепавата вызіраў з-за плоту банальны айчынны далягляд.
Кармушкін адыйшоў на крок і ўважліва паглядзеў кампазытару ў вочы. “Бутэлечку пустую можна будзе ўзяць?” – адказаў нашчадку позірк славутага майстра, і Кармушкіну стала сорамна.
57.
У гэтым жа пакоі былі і іншыя цікавыя экспанаты. На стале пад шклом захоўваліся чарнавікі вершаў яшчэ жывога паэта Петруся Жучка – менавіта на ягоныя радкі Хруль клаў сваю неўміручую музыку. Чарнавікі, праўда, былі падазрона чыстымі, аднак у прастадушных наведнікаў гэта ніколі не выклікала падазрэньня. А каля самага вакна ў чорным футарале на пюпітры ляжаў бінокль.
Хаця Кармушкін працаваў у музэі яшчэ зусім нядоўга, яму ўжо былі вядомыя некаторыя тутэйшыя таямніцы – з тых, пра якія ня пішуць у газэтах і кніжках. Прынамсі, у зборніку “Нашы славутыя землякі”, выпушчаным летась, пра гэта не было ані слоўца. Вось, напрыклад, бінокль – спачатку Кармушкін ніяк ня мог даўмецца, навошта кампазытару быў бінокль (Нінэль Пятроўна паставіла
за мэту захаваць усе рэчы, якія знаходзіліся ў кватэры перад сьмерцю гаспадара, у поўнай наяўнасьці й на сваіх месцах). Праўда Кармушкіна вельмі пацешыла. Ад гэтага часу многія песьні Хруля сталі ўспрымацца ім ня так адназначна...Дакладна вядома, што знакамітая “Сябровачка” была створаная 25 ліпеня 197... году. У той дзень пад вечар да Івана Хруля прыйшоў у госьці Пятрусь Жучок. Жонка Хруля, цяпер нябожчыца, капалася ў гэты час на лецішчы й мелася прыехаць заўтра. Творцы выпілі па бутэльцы гарэлкі, закусваючы капустай ды салам, і паэт дастаў з партфэлю бінокль – моцную, учэпістую, востравокую вайсковую штуку. Хруль і Жучок сталі ля вакна, прыкрыўшыся фіранкаю, і пачалі высьвятляць, што дзеецца ў доме насупраць. Амаль адразу ж Жучок натрапіў на прыгожую піянэрку гадоў чатырнаццаці, якая, ратуючыся ад невыноснай сьпёкі, хадзіла па сваёй хаце ў чым маці нарадзіла. Больш моцны фізычна, менш п’яны й больш валявы Хруль забраў у Жучка бінокль і цэлую гадзіну натхняўся сузіраньнем чыстае красы. Жучок жа, якому перапала хіба дзьве хвіліны далучэньня да хараства, быў пасаджаны за пісьмовы стол з заданьнем не марудзячы выдаць тэкст. За ўсім гэтым назірала праз шчылінку ў дзьвярох дачка Хруля Ларыса, якая й распавядала цяпер кожнаму гісторыю стварэньня песьні – за цыгарэту або шклянку віна.
А хіт усіх часоў і народаў “Таварыш блізка і далёка”? Ларыса, якая часта заставалася ў дзяцінстве дома з п’яным бацькам, пакуль мама была на працы, распавядала неяк, як стваралася гэтая песьня. Адзін маёр, вялікі прыхільнік хрулёўскай творчасьці, завітаў неяк да кампазытара з каньяком. Выпілі, паглядзелі балет, ацанілі ногі ў кожнай лебедзі. Маёр вырашыў пастраляць па птушках – адчыніў вакно, дастаў пісталет, ды і выляцеў вонкі. Хруль кінуўся на падваконьне, хацеў дапамагчы, аднак раптам дэман натхненьня сказіў ягоны праставаты твар, маэстра схапіў гармонік ды за пяць хвілін прыдумаў прыпеў для “Таварыша”. Тэрмінова быў выкліканы Жучок, і празь месяц твор атрымаў галоўную ўзнагароду Елабускага фэстывалю патрыятычнай песьні.
“Мора”, пад якое так шмат было выпіта за апошнія гады насельніцтвам рэспублікі, таксама мела сваю патаемную крыніцу. У суседнім пакоі музэю знаходзіўся яшчэ адзін партрэт: Іван Хруль на палубе цеплаходу, прысланіўшыся да парэнчаў, сьпявае пад уласны акампанімэнт – рот кампазытара раскрыты, і ў глотцы можна заўважыць хвосьцік непражаванай музы. У сьвеце толькі дзесяць чалавек, улучна з Кармушкіным, ведалі, што за ўнушальнай рамай карціны знаходзіцца адмысловая ніша, прыкрытая дзьверцаю. Тайнік зьмяшчаў у сабе невялікі, але заўжды гатовы задаволіць усе душэўныя парываньні бар, дзе знаходзілася месца ня толькі любімым прадуктам заводзкай вытворчасьці, але й клясычнаму самагону, чыстаму й гаючаму, нібы марская вада з пахмельля, – яго славутаму земляку спраўна пастаўлялі жыхары вёскі Мяропхі, што на Жабаўшчыне.
58.
І піяніна стаяла ў гэтым пакоі, як жа яму тут не стаяць – хаця было агульнавядома, што Іван Хруль заўжды аддаваў перавагу вясёламу гармоніку, жонка трывала і іншыя інструмэнты. Апрача піяніна, ад кампазытара засталіся гітара ручной работы, скрыпка, якую ён купіў за бутэльку чарніла падчас нейкай агіткамапаніі ў рыкаючага ўжо ад п’янства маладзёна, – на такой скрыпцы, мусіць, граў калісьці сам Сымон-музыка; кампанію ім складалі клярнэт, труба і, невядома чаму, барабанныя палачкі. Усё гэта было зваленае ў суседнім пакоі – Кармушкін аднойчы хацеў прывесьці калекцыю да ладу, аднак Нінэль Пятроўна забараніла: “Зьнікне аўра!”
Кармушкін паставіў на піяніна кубачак і паспрабаваў зноў скарыстацца тэлефонам. Пракляты апарат маўчаў. На вуліцу, між тым, неяк непрыкметна ўпалі першыя вечаровыя цені, навялі рэзкасьць на абрысы прадметаў, зайшло сонца, па вызваленых гарачых каляінах праляцеў вецер, астудзіў горад, нагадаў пра нядаўні кароткі дождж. Кармушкін адчыніў вакно, цяжкія фіранкі здрыгануліся й зноў налеглі жыватамі на падваконьні, лянотна скінуўшы сьвежыя пылінкі. Кармушкін прагна ўдыхнуў прахалоду й гэта надало яму рашучасьці. Дапіўшы рэшткі гарбаты, ён накіраваўся да балькону.