Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Другі чыннік з’яўлення Асты (зноў адзначым наўмысную, неверагодную «літаратурнасць» сугучнасці імёнаў) — увесці ў тэкст «дзікуна», «зухаватага дзядка» Іванова. Сэнс усяго гэтага эпізоду з падазроным чалавекам, які па-вар’яцку дамагаўся пабачыць «сяброўку» Вілаў ды пасля таго, як тая збегла арганізаваў вобшук кватэры — не ў сюжэце як такім. Сэнс быў у тым, каб намаляваць нам дзіўны свет успрымання «аўтара», які не можа здагадацца аб відавочным, аб тым, што дзядок працуе на спецслужбы, што вобшук зладзіла КДБ, што кампутар скралі дзеля таго, каб высветліць, ці кантактуе ён з Настай праз пошту і з якіх IP-адрасоў ад яе прыходзяць лісты, у якой краіне яна хаваецца. І вось нам вымалёўваюць сцэну, у якой любы беларус пра ўсё здагадаецца, прачытае ўсе закладзеныя ў сюжэт узроўні, а «аўтар», нібы несамавіты дундук, дзівіцца ды з апошніх сілаў робіць выгляд, што Іваноў сапраўды быў безабаронным ды бяскрыўдным вар’ятам. Выснова, да якой павінна была прыйсці Наста, — што пісаў сапраўды амерыканец,
Яшчэ адно нязручнае пытанне да аўтара гэтага тэкста ці тых людзей, для каго тэкст быў выключна механічнай прыладай, кшталту таго пляскатага гузіка ў пастцы, на які звычайна нашпільваецца кавалачак сала. Мышаня хапае сала з гузіка, выпростваецца сталёвая ды тугая, нібы ў дубальтоўцы, спружына і бац — замест адной істоты мы маем два кавалкі рассечанай на часткі ды яшчэ цёплай свежыны. Дык вось, пытанне наступнае, панове. А што здарылася з катом Крысцінай? Яго забіла машына? Ці з’ела прагная і заганная Аста? Каб не на пусты страўнік глытаць «бурбалкі шампанскага», якога ва ўсіх прасцінных сцэнах нават болей за секс? Кот спруцянеў ад абразлівасці таго, што ўладар прыняў яго за дзяўчынку ды не заўважыў у кацяняці двух маленькіх камячкоў, якія сімвалізуюць ягоную мужнасць і годнасць? Дзе падзеў ката, аўтар?
Я растлумачу вам, куды той дзеўся. Крысцін завязнуў у дрыгве сюжэту, бо з’яўляўся трэцяраднай дэталлю, кшталту колеру вачэй у афіцыянта, які абслугоўвае кампанію, якая скокала ў п’яным гапаку вакол галоўнага героя, калі той… Разумееце ўзровень запатрабаванасці Крысціна? У такога афіцыянта за тэкст колер вачэй пры сярэднеўзважанай нядбайнасці аўтара можа змяніцца тройчы — ад адценню шампанскага (з бурбалкамі), калі тыя пачынаюць з шампанскага да сталёвага блакітнага, які тэкстуальна раптам сутыкнуўся, счапіўся са скрадзеным у параксізме п’янай прадбачлівасці мельхіоравым відэльцам (у выкрадальніка наваселле, яму няма чым дома падчапляць сасіскі з талеркі, ну бывае так!). Крысціна штуршкамі ўпіхнулі ў пакоі Вілаў, бо кот быў патрэбны дзеля ўзгадкі пра котку Насты, якую прыбіла мамка-садзюга. Кот Крысцін быў яшчэ адным кавалачкам сала ў пастцы, развіваў супрацьпастаўленне людажэрнага свету Беларусі, да якой аўтар, дарэчы, ставіцца занадта грэбліва, і гуманнага, прыемнага ва ўсіх адносінах Вілаў. Адтуль жа, дарэчы, узгадка пра тэлевізійны сюжэт пра норыцаў. Норыцы знешне падобныя да катоў, асуджэнне ўсёй краіны агулам за тое, што ў ёй забіваюць норыцаў (а што з імі рабіць? Чакаць, пакуль падохнуць ад старасці? Ці, можа, адпусціць у лясы ўсіх звяркоў, якія каштуюць больш за мільён еўра?), дык вось, гэтае асуджэнне псіхалагічна ўмацоўвала пазіцыі Вілаў. Ён бароніць норыцаў, ён завёў ката і назваў яго ў гонар забітай Настынай коткі, ён такі небарака, што нават чэлес кацяняці не заўважыў, ну ці яго можна падазраваць у сувязях з вайсковай выведкай ці КДБ?
Але ж кот — не сюжэт па тэлевізіі, які прамільгнуў, быў узгаданы ды забыўся. Заўважце, Крысцін «нарадзіўся» ў тэксце на палове другой часткі. І з той пары пра яго — ніводнай згадкі. Суседская курыца яшчэ ўсплывае, а кот, кот, якога трэба карміць, паіць, які спіць з табой у адным ложку, ці чамусьці не спіць (звычайна гэта адразу трагедыя — кот не спаў са мной сёння, штосьці здарылася, мы страцілі псіхалагічную сувязь, ці я яго пакрыўдзіў!), кот — знікае. Кот, які павінен быў раздзерці гаспадарскую мэблю ды быць адзначаны за гэтае россыпам сюсюканняў (бо ката ж лаяць немагчыма), кот, які павінен быў неяк паставіцца да Асты (уладальнікі катоў ведаюць, што пра тое, як прыняў Асту Крысцін тут павінна было быць адразу некалькі абзацаў) — ён наўпрост знік. Гэтае знікненне з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што тэкст Вілаў апісвае не рэчаіснасць, але выдумку. Няўвага да трэцярадных дэталяў вымышленага свету — распаўсюджаная прыкмета аўтараў, якія толькі пачынаюць шлях у літаратуру. Колер вачэй афіцыянта змяняецца тройчы, герой раптам хапае са стала кілішак з гарэлкай, хаця замаўляў крамбамбулю — знаўцы ведаюць, пра што я кажу.
Рэчаіснасць не дазваляе сказіць падобныя дэталі. Калі мы маем справу з аўтабіяграфічнымі творамі, каты не знікаюць. Вілаў прадае ўласную частку дэбэшнай пасткі менавіта як аўтабіяграфію. Але не існавала таго героя, якога ён пазначае аўтарскім «я». І ката ў таго героя ў двухпавярховай кватэры ля Піліес не было. Кватэра была, нават «віленскі Вілаў», «Вілаў № 2» з дрэннай, ламанай беларускай мовай там жыў, прычым хутчэй за ўсё жыў не адзін, а з брыгадай захопу. Але ж гэта быў не той чалавек, якога бачыла Наста ў Стамбуле, не той, хто яе «кахаў», не той, хто пісаў даволі дасканалы беларускамоўны тэкст. Тут была сапраўдная «здымачная брыгада», сапраўдны вайсковы шыхт з герояў, дублёраў герояў, свядомасці герояў, якая афармлялася ў тэкст. І дзіва што нейкаму кату, згаданаму ў тэксце,
у рэальнай кватэры месца не знайшлося. Калі Наста сунулася б туды, ката (ці ягонай адсутнасці) усё роўна разгледзець не паспела: яе б захапілі яшчэ на падворку, «зухаваты Іваноў» бы захапіў. Коціка не было ў рэале, знік ён і з тэкста, быў забыты нядбайным аўтарам.Колькі чалавек пісала гэты тэкст? Колькі чалавек — Джон Вілаў? Карціць заявіць, што аўтараў было трое. Такое ў мяне асабіста склалася ўражане. Тэкст нагадвае мазаіку з фрагментаў, якія не роўныя адзін адному па моцы ды па мове. Здаецца, самы віртуозны і віхлявы спец ствараў фрагменты, якія краналі пачуцці. Усе гэтыя чуллівыя лямантаванні пра мову, пра Насту, пра радзіму. Быў другі, неблагога ўзроўню (карэктар «Нашай нівы»), які вымалёўваў Стамбул ды Вільню і выдумляў сцэнкі кшталту тых танцуючых маладзёнаў. Быў і зусім слабы, роля якога палягала ў тым, каб проста «правесці» сюжэт ад кропкі «А» ў кропку «Б» па сінапсісе, які пакінулі першыя двое. Тэкст утрымлівае падказкі наконт наяўнасці гэтых трох: моўнае шматгалоссе, калі адзін і той жа панятак сігніфікуецца рознымі лексемамі. Так, «пархаты дыван» далей ператвараецца ў «лятучы дыван» з тым, каб скончыць найменнем «дывана-самалёту». У чалавека не бывае так, каб у адным месцы шклянка называлася «кіліхам», у другім — «куфлем» ці якой-небудзь іншай трасцай. Зноў жа, «кошкі» ў тэксце то «коткі», то «кошкі». Мы ёсць тое, як мы гаворым. І flying carpet для нас будзе ці то «пархатым дываном», ці то «дыванам-самалётам». Можна спрачацца аб тым, што дакладней, што больш па-беларуску, але, здаецца, не варта спрачацца, ці можа адна і тая ж свядомасць прадукаваць розныя словы для адной і той жа з’явы.
Але ж я не буду сцвярджаць прынцыпова, што Вілаў было тры (ці чатыры, улічваючы «вагасхільную» істоту, якая наогул нічога не пісала, роля якой вычэрпавалася выключна суправаджэннем Насты па Стамбуле). Знаёмыя лінгвісты кажуць, што розныя найменні ўласцівыя людзям, няпэўным у моўным асяроддзі. Мысленне такіх людзей яшчэ не афарбавалася канчаткова, яны жанглююць тымі словамі, якія ім падказвае свядомасць.
Кранем лепей больш балючую тэму, з якой можна будзе лёгка перайсці да галоўнага пытання — спецы якой краіны ўсё гэта зладзілі. У стамбульскай частцы Вілаў параўноўвае каштаны з «печанай бульбай». Параўнанне трапнае — кожны тут, хто хаця б раз быў у дзяцінстве на піянерскім вогнішчы, хто пеў «Взвейтесь кострами», узгадае печаную піянерскую бульбу, з яе хрумсткай скарынкай, яе салодкі смак… Але ж адкуль у Вілаў, амерыканца, такія ассацыяцыі? Адкуль у яго ў падсвядомасці ўзялася гэтая бульба? Бо, здаецца, пад зорным небам Мічыгана юнакі пякуць макмелаў пай, але ж не бульбу. Дык як Вілаў зведаў гэтую асацыяцыю? Ды дзе пад Калугай, Масквой ці Піцерам жор сваю печаную бульбу?
Далей «аўтар» сцвярджае, што «асноўны орган успрымання для мастацтвазнаўцы… — пятая точка». Сам выраз не беларускі, няма «точкі» ў мове, але ж ідыёму тут дзіўна было б перакладаць як «пятую кропку». І я яе не чапаў. Аднак — заўважце — у беларускай мове такога выразу, «пятая точка» — няма. Аўтар сцвярджае, што з рускай мовай не знаёмы. Настолькі незнаёмы, што нават слоўца «краваць» у набокаўскім вершы яго бянтэжыць. Дык адкуль тады ўстойлівы выраз, прапіска якога — у рускай, а не беларускай ці літоўскай мовах? Ці, можа, аўтар усё ж у першую чаргу рускамоўны і толькі ў другую — беларускамоўны? Можа, у прастору беларушчыны ён ступіў з імперскай глебы рускай культуры?
Ён зубаскаліць са смешнага выразу ў біяграфіі Івана Анісімавіча Зайчыкава, мастака з рускай глыбінкі, высцёбвае «крыэйціў пафф», якім недарэчна перакладзены «творчаскі шлях». Але ж зноўку: няма ў беларускай ідыёмы «творчаскі шлях». Пабачыўшы creative path у тэксце сапраўдны амерыканец павінен быў здзівіцца ды не зразумець, да якога ўстойлівага выразу тут адсылае пераклад. Адкуль у Вілаў веды аб «творчым шляху» (заўважце — не «творчым шляху», а менавіта «творчаскім» — суфікс не беларускі!)?
Прыгожы момант, дзе ў кнігакавярні Вілаў кажа, што вымушаны быў карыстацца «ангельскай мовай», каб паразумецца з афіцыянтамі, якія ні бельмеса не разумелі па-беларуску. Ён усклікае: «Толькі беларуская надавала майму роднаму маўленню (ангельскаму) анёльнасць, нябёснасць», бо сапраўды можна заўважыць цень «ангела». Але ж «ангел» — рускае слоўца. Рускае, не беларускае! Як ён зразумеў гэтую «анёльнасць» ангельскай? Адкуль даведаўся пра «ангела»? Гэты момант, дзе ў імя стылістыкі адмаўляецца папярэдняя легенда пра «адно беларускамоўнага Вілаў» — першы трывожны званочак, у якім ужо дакладна чуваць бразгат сталёвых дзвярэй Лубянкі.
Яшчэ адзін званочак — Астын нос. Памятаеце, як Вілаў, каб пазначыць правільнасць носу, узгадвае «па-гогалеўску агромністыя гіпсавыя макеты», якія ён нібы маляваў на анатоміі ў каледжы? «Па-гогалеўску агромністыя» гэта ўзгадка пра «Нос», значны твор у рускай культуры. Нават не пра сам «Нос», але пра ягоную апошнюю частку, дзе герой бачыць нос, які самавіта блукае па горадзе. Упэўненасць, з якой узгаданы гэты нос, выкрывае адчуванні аўтара. Што да распаўсюджанасці гэтага вобразу з рускай культуры ў беларускамоўным асяродку. Не буду пытацца, дзе ён прачытаў той «Нос», запытаюся, дзе ён узяў уяўленні пра таго чытача, які можа свабодна зразумець рэферэнцыю.