Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Жрацы ўзяліся за лініі Настынага лёсу і пачалі іх мяняць. Яны адчувалі ўласную магутнасць, бо ці не Боская гэта справа — умяшальніцтва ў чалавечае жыццё і чалавечую свабоду? Ці не Ён — адзіны, хто можа вымусіць нас кахаць? Ці не Ён — адзіны, каму вырашаць, каго нам напаткаць у віры лёсу?

Самы надзвычайны з іх адлепліваў ад стала першую паперку ды агалошваў: «вызначым незнаёмца». І здані прыглушанымі галасамі, па чарзе, агучвалі прапановы. Хтосьці заўважаў, што гэта павінен быць збеглы беларус з рэгіёнаў, што трэба знайсці кандыдатуру ды затрымаць па жалезабетонных абвінавачаннях, так, каб адразу 15 год у перспектыве. Пры гэтым шырока закінуць інфу ў медыі, каб хвалі пайшлі, пайшлі хвалі. Далей у астрозе папрацаваць з ім як след, зламаць, правесці трэнінг, парэпетаваць ды перакінуць да Насты. Вызначальныя рысы — павінен быць беларускамоўным, адданым справе адраджэння, прывабным, як мага больш прывабым (пры затрыманні не калечыць). Першы аркушык Post-It («незнаёмец») накіраваўся ў масіўную попелку з алтайскага

крышталю ды быў падпалены. Замест яго шыхт узначаліла налепка «беларус, беларускамоўны», «уцякач» з караценькім пералікам тых, на каго гэты раптоўны лёс — лёс Настынай прынады — мог зваліцца ўжо ўвечары. Але ж надзвычайны пакруціў галавой ды парваў «беларускамоўную налепку»: «Не паверыць. Яна не дасць веры беларусу. Яна ж бачыць усіх гэтых сержукоў ды вітаўцікаў наскрозь. Гэта павінна быць істота з далёкага космасу, якая не мае дачынення да мясцовых дзікунскіх раскладаў і, да таго ж, унутраны свет якой не такі зразумелы для славяніна» (яны ўсе лічаць, што беларусы — гэта такія славяне, бо княства Полацкае, бо Ізяслаў з Рагнедай, але ж не будзем паглыбляцца…).

Так на месцы Post-It «незнаёмца» з’явіўся спачатку «амерыканец», потым, сыходзячы з аналізу яе магчымых пераваг у тым, што тычыцца мужчынскіх імёнаў (хуценькі аналіз зроблены дактарком-псіхаложцам, якога паклікалі з сенцаў: апынулася, што за масіўнымі дзвярамі цэлы бестыарый з малых дэманюкоў, гатовых далучыцца да агульнай справы), выявіў, што лепшае імя — «Джон». Потым нарадзіўся «Джон з беларускімі каранямі». Затык у грамады атрымаўся са «збліжэннем». Я магу ўявіць сабе, як гадзіну за гадзінай яны спрабавалі выдумаць, што можа выклікаць яе сімпатыі да хлопца. Што можа прымусіць прасякнуцца даверам ды адкінуць падазронасць. Усе традыцыйныя хады — «гарэлка», «кветкі», «сумесны паход на культурную падзею (выстава)?» ці не спрацоўвалі, ці не давалі гарантаванага выніку, бо надта ж ужо экзатычным фруктам была Наста з яе характарам.

Калі цяжкі гадзіннік, які нерухома стаяў на падлозе, нібы ўзброены «трохлінейкай» чырвонаармеец-вартавы, агалосіў залу звонавым пералівам, і яшчэ, і яшчэ (працавалі шостую гадзіну), аднаго з іх падштурхнула прагледзець спіс уласных рэчаў Насты («вопіс заплечніка па стане на 18 студзеня … году»). «Што гэта за руіна на яе дзіцячым фота?» — пацікавіўся маладжавы, але ўжо непапраўна цынічны афіцэрык. Паглядзелі ў тлумачальную цыдулку. «„Чазімцява“, маёнтак, належаў Вярбіцкім, нашчадкаў не засталося». Так «незнаёмец», які стаў «Джонам», ператварыўся ў «Джона Вілаў»: на Post-It яны напісалі «уладальнік руіны з дзіцячага фота», мабыць, накідалі яшчэ дэталяў знешнасці, кшталту той самай «схільнасці да лішняй вагі», каб амерыканец быў не проста амерыканцам, але ж тыповым амерыканцам.

Я ўяўляю сабе кастынг «амерыканскіх» прэтэндэнтаў ды якую-небудзь падобную да Насты псіхалагічна і фізіялагічна дзяўчыну, якая працавала «дарадцай па ўспрыманню»: пільна ўглядалася ў твары, камандавала ў мікрафон — «павярніся», «прыспусці штаны», «пакажы ногі», «спой што-небудзь». Тыя, хто «прэтэндаваў» на «ролю», разгублена ды спужана пазіралі навокал у цьмяным пакоі без вокан, па-сабачаму аддана выконвалі абразлівыя, прыніжальныя загады. Аднаму Богу вядома, што прыцягнула цікавасць да іх з боку дзяржбяспекі, на якія скасаваныя крымінальныя абвінавачанні яны абмянялі ўласную дапамогу ў выпраўленні Настынага лёсу. Ці так быў Абраны «Джон Вілаў» у сваёй першай, Стамбульскай, рэдакцыі? Той Джон Вілаў, які расчуліў Насту? Ці лёсы цяпер вызначаюцца як-небудзь яшчэ?

Але ж адыйдзем ад маіх фантазій пра тое, як будаваўся гэты сюжэт, і вернемся да сюжэту як такога. Любога чуллівага чалавека гэтая сітуацыя — калі на чужыне, стоячы адной нагой на іншым кантыненце, ты сустракаеш асобу, што паходзіць з табой з аднаго дзяцінства, узрушыла б да дрыжыкаў. Планоўшчыкі разумелі, што кранаючы тую руіну, тую копанку, той дэндрар, да якіх цяпер ані фізічна, ані метафізічна не дацягнуцца (бо іх няма не толькі ў арэале дасягальных Настай краін, але ж і ўвогуле ў рэальнасці, бо зруўнавана ды спілавана), можна лёгка падштурхнуць яе да нелагічных крокаў.

Што робіць Наста? Яна пераглядае ўласныя планы, якія вялі яе ў бяспеку і якія безумоўна б выратавалі яе ад той гаротнай долі, якую яна напаткала з-за гэтага «літаратурнага эксперыменту». «Вілаў», «маёнтак», «забытая мова» — гэтыя тры складнікі падштурхоўваюць да таго, што наша гераіня не з’язджае ў Амерыку, але ж накіроўваецца ў памежжа. Узважым: ці можна было гэта прадказаць? Здаецца, так. Ці мог чалавек, які пачуў усё тое, што пачуў ад Насты — у тым ліку — пра абвяшчэнне яе ў вышук, дазволіць ёй вярнуцца? Ці ўсё чалавечае ў ім павінна было затрымаць дзяўчыну (заўважце, з яго гісторыі вынікае, што ён не надта намагаўся таго)?

Далей. Джон з вартым жалю пафасам апісвае, як яна не з’явілася на спатканне, і прапануе нам лічыць, што быццам справа была ў тым, што ён пераблытаў мячэць са Святой Сафіяй. Але ж ці былі вы ў Стамбуле? Ведаеце, якая панарама адкрываецца з пляцоўкі ля ўваходу ў Hagia Sofia? Адтуль бачны велічны далягляд, над якім дамінуе Блакітная мячэць. Султан Ахмет зрабіў гэта ў сямнаццатым стагоддзі наўмысна, каб тыя «няверныя», якія ўсё ж такі прыходзілі пакланіцца некалі галоўнай святыні хрысціянскага свету, траплялі вокам на велічны абрыс мячэці з яе мінарэтамі ды купалам. Калі

б Наста сапраўды прыйшла не туды, аднаго позірку ёй было б дастаткова, каб выправіць памылку Вілаў. Калі не выправіла, калі не рушыла туды, дык, значыць, не ў тым была справа. Давайце пагодзімся: не збіралася Наста да гэтага «Вілаў», бо адчула подых небяспекі, які ішоў ад яго. Яна развіталася з ім назаўсёды (заўважце — не сказаўшы, дзе жыве!) ды толькі ягоная фанатычная ўпартасць у «ператварэнні ў беларуса» — упартасць, якая была выдуманая, як доказ неангажаванасці Настынамі ворагамі, вымусіла дзяўчыну перагледзець свае адносіны ды сунуцца ў пастку.

Далей у тэксце нас сустракае «віленская частка», у якой занадта ж шмат словаў. Калі б тут не казалася пра рэчы, балючыя для кожнага свядомага беларуса (прызнаюся, што спрычыніўся тут не толькі да рэдагавання, але ж і ўласнаруч дапісаў трохі, з-за чаго тэкст заззяў прыгажосцямі, якія былі слушна адзначаныя на цырымоніі), яе б трэба было скараціць утрая. Асноўнай інтрыгай гэтай часткі з’яўляецца расповед пра збродлівую Асту, якая ледзь не сапсавала ўласным цынізмам ды жывёльнасцю нашага блакітнавокага беларускага хлопчыка. «Аўтар» сцвярджае, што ўключыў гісторыю пра другую дзяўчыну ў тэкст дзеля таго, каб папрасіць прабачэння ў Насты, каб, прымаючы рашэнне, сустракацца ці не, яна ўзважыла ў тым ліку і ягоную загану.

Насамрэч, паверце чалавеку, у жыцці якога было шмат дзяўчын, прычым большасць з іх я спакусіў менавіта маімі літаратурнымі талентамі: друкаваў у «Ахрэме» апавяданне пра каханне, атрымоўваў стос лістоў ад прыхільніц, абіраў найбольш пекных, спакушаў дасціпнасцю ў «скайпе», сустракаўся, ну і далей тарам-парам. Дык вось, паверце казанове са стажам, не будзе мужык шматслоўна апісваць секс з іншай жанчынай для таго, каб прывабіць каханую. Калі б сапраўды Вілаў быў чалавекам, а не тэрмінатарам, запраграмаваным на пошук Насты, ён бы распавёў пра Асту пры асабістай сустрэчы, напаўшэптам, пасля таго, як яны ўжо тарам-парам ды ляжалі ў заслужаным адпачынку (як я гэта называю). Такі падыход мо і падаўся б ёй занадта цынічным, мо і скончыўся б аплявухай, але б гарантаваў тарам-парам (я заўсёды раблю так і заўсёды дамагаўся свайго. А тыя лайдакі, якія кажуць праўду, застаюцца ні з чым, бо да дзяўчыны, як і да кабылы, патрэбны падыход: сунься не адтуль ды атрымаеш базыля капытамі).

Зноў жа, паверце знаўцу ўсяго жаноцкага: Астай у тэксце дасягаліся дзве мэты. Першая. «Аўтар» намагаўся выклікаць пякучую рэўнасць, зрабіць наяўнасць канкурэнткі (і шмат якіх іншых магчымых канкурэнтак) чыннікам абавязковай сустрэчы. Ну не можа баба, тым больш такая баявітая, як Наста, даведацца, што «яе» хлопца, ці нават напаўзнаёмага хлопца, які яе нібыта «кахае», спакушае нейкая іншая дзеўка, а яна тымчасам сядзіць на печы ды боўтае ножкамі. Ну не можа баба не заўважыць, што сцэна расстання з Настай — галоўнай гераіняй гэтага тэксту, уладальніцай манапольнага права на Вілаў, прапісаная з меншай пяшчотай ды болем, чым сцэна страты Асты. Перачытайце тое, як сціпленька яны развіталіся ў Стамбуле — толькі што чайкі крычалі, гэта адзіная прыкмета ўзрушанасці нашага «аўтара». Ён з нейкай аслупянеласцю ідзе да сябе ў гатэль, а потым усё п’е гарбату, чакаючы яе ля Блакітнай мячэці. Звернемся ж да сцэны расстання з Астай і тут пабачым, як ён прагна аглядаў яе спіну, калі тая апраналася, як ён каштаваў шампанскае яе вуснаў, як абрыналіся «белыя шматвежавыя замкі супольнай будучыні», калі ён застукаў яе з мужам. Дык пра каго гэтая аповесць? Пра Насту ці пра Асту? І калі ўсё ж пра Насту, дык навошта рабіць яе незаўважным ценем, які герой, здаецца, і ўспамінае выключна ў кантэксце высокіх пачуццяў да радзімы? Уяўляеце, да якога вар’яцтва гэта павінна было давесці нашую баявітую гераіню?

Яшчэ адна цікавая абставіна: усім нам вядома, як рупяцца дзяўчыны пра сваю знешнасць. Калі жадаеце якую з іх зачапіць, убіць у галаву кол думкі, якая будзе ўсплываць у ейных размовах ажно пакуль Хрыстос сапраўды не прызямліцца ў Гародні, дык скажыце штосьці добрае пра знешнасць сяброўкі, забыўшыся адзначыць, што вашая суразмоўца ўсё ж прыгажэйшая. І «Вілаў» гэта ведае: у першай частцы тэкста мы наогул не знойдзем ніякіх узрушаных апісанняў знешнасці Насты. Мы ведаем пра яе выключна тое, што яна «чарнявая» (ну і што?), што яе далонькі «распаленыя», хуткія ды нервовыя (хутчэй непрыемная акалічнасць — нейкі злодзей-кішэннік, а не дзеўка). Мы пабачым тут таксама «сціснутыя вусны» (ці прыгожа гэта? Здаецца, не), вострае ды ганарліва ўзнятае падбароддзе, «моц» у далікатным стане. Карацей, не баба, а нейкі мужык-гімнаст-клептаман. Пра Асту ён піша, захлынаючыся ад захаплення, ён «жарэ» яе вачамі, бо яна падаецца яму «прыгожай, вельмі прыгожай». Супрацьпастаўленне Асты ды Насты — гэта супрацьпастаўленне прыгажосці ды моцы. Супастаўце радкі пра прыгажосць літоўскай калабродкі з характарыстыкай Насты — «колькі неверагоднай моцы адчувалася ў яе постаці! Колькі свавольнай энергіі!» Якой жа дзяўчыне не захацелася б пратэставаць, бараніць уласную феміннасць? Тут не трэба было мець на руках падрабязнага псіхалагічнага партрэту Насты, падрыхтаванага спецамі выведкі (а зразумела, што такі партрэт у аўтара гэтага тэксту быў), каб зразумець, што такое неахайнае да яе стаўленне, у звязцы з палкімі прызнаннямі Вілаў, яе завабіць. Яна прыедзе на спатканне, хаця б для таго, каб даказаць (самой сабе), што прыгажэйшая за ўсіх. Хай пры гэтым будзе раз’юшаная ды з’едлівая, але ж прыедзе.

Поделиться с друзьями: