Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Але адчуванне не йшло. Далей пачалося штосьці кшталту цырымоніі прыняцця ў «палякі», старэйшы запытаўся, адкуль я паходжу, і я распавёў пра Навагрудак, маёнтак, дзеда. Яны ўхвалілі мае карані і запыталі, ці я не з Вярбіцкіх. Я пацвердзіў, з Вярбіцкіх. Сакратар пачаў выпісваць мне цыдулку аб чалецтве ў «Boston’s union of Poles», а я ўсё ўслухоўваўся ў іх мову. Яна была падобнай да той мовы, якой спрабавала вучыць мяне Наста, але падобнай адно ў яе адрозненні ад ангельскай. Іх мова была цвыркатай ды шапаткой, як слова «pshimislovitsa» (не ведаю, што яно значыць і ці існуе такое слова наогул, вось захавалася з той сусрэчы…). І тады я вырашыў іх праверыць.

— Прабачце, калі ласка, за пытанне, — звярнуўся я да старэйшага. — Яно можа падацца дзіўным, але ж як на нашай мове завецца вось гэта? —

я паказаў на ўласную lip.

— Warga, — адказала адразу некалькі галасоў. Людзі навокал ветла заўсміхаліся: чалавек цікавіцца ўласнай мовай!

— Warga? — збянтэжана перапытаў я. — А ці ёсць яшчэ якія-небудзь словы?

— Usta, — крыкнулі ззаду.

— Usta, — паўтарыў старэйшы. І дадаў: — «Warga» means one lip, «usta» means two lips.

Я быў здзіўлены тым, што ў гэтай мове дзве вусны мелі асобнае слова, але куды больш я быў узрушаны абсалютным непадабенствам «warga», «usta» (яны вымаўлялі апошняе з моцным націскам на першы склад), да вуркатлівага слоўца, якому навучыла мяне Наста.

— Зноў прабачце за пытанне, але яно надта прынцыповае для мяне, — працягнуў я. — А ці ёсць у нашай мове нешта падобнае да «ousli»? Для абазначэння lips.

Талака сцішылася, усе напружана шукалі адказ. Урэшце кагосьці азарыла:

— Ды не «ўслі»! А «вусны»! «Вусны»?

Я пачырванеў, зразумеўшы ўласную памылку і шалёна заківаў: так, так! Вось гэтае слова!

— Дык гэта не па-польску! Тое па-беларуску! — растлумачыў мой выратавальнік. Ён быў караценькі ды надта ўжо ружовенькі, як немаўлятка. Я быў гатовы яго расцалаваць.

— Адкуль ты ведаеш, Войцех? — запыталі ў яго.

— У мяне бацька з Біяластоку, а там так кажуць.

— А ці гэта азначае, што ў беларусаў уласная мова, уласнае камьюніці тут? — запытаўся я.

— Ну, кшталту таго, — адказалі суразмоўцы. — Але ж яны вельмі закрытыя, хлопча! Да іх проста так не трапіш!

Як бачна, мой шлях да Насты складаўся з памылак. Спачатку я памыліўся ў назве раёна Стамбулу, дзе праходзіла выстава Марка Шагала. Потым памыліўся, запрасіўшы яе ў Блакітную мячэць, намаляваўшы сілуэт, які мог быць распазнаны як Святая Сафія. У рэшце рэшт, у пошуках яе я памыліўся, прыняўшы палякаў за «палякаў» у пошуках беларусаў. І я не буду слухаць рэдактара, які працуе з гэтым тэкстам і кажа, што Наста не прыйшла, бо не жадала мяне бачыць, бо ён, Янка, рэдактар, быў у Стамбуле і памятае, што ад Святой Сафіі вельмі ж добра бачная блакітная мячэць, і калі б Наста сапраўды хацела мяне сустрэць, яна б зразумела маю памылку, не, не, Янка, не ўсе такія разумныя, як ты, там было шмат гандлёвых намётаў, з-за намётаў яна не здольная была, не здольная…

Карацей, я вярнуўся да сабе ў студыю з пасведчаннем паляка і пачаў араць сеціва ў пошуках Belarussians у Бостане. Тут была друзачка ад вялікай эмігранцкай арганізацыі беларусаў Амерыкі, якая пасля адной асабліва жудаснай для беларусаў ночы абвесціла сябе адзінай легітымнай уладай маёй краіны (Беларусі). Але на іх сайце не было ніякіх кантактаў, апроч адрэсы info@belarus.сom. На мой мэйл з дэтальным апісаннем сітуацыі і паходжання я атрымаў адказ ад mailing robot, у якім тлумачылася, што мой ліст прыняты да разгляду, аднак апошнім часам сайт некалькі разоў быў атакаваны хакерамі, а чальцы Рады падвергліся нападам невядомых. Таму яны са шкадаваннем канстатуюць, што не змогуць хутка выйсці са мной на сувязь. Аднак калі мой запыт не выклікае ў іх сумневу, яны самі мне патэлефануюць (дзе толькі, цікава, знойдуць нумар? Я даслаў і нумар!). Ад гэтага патыхала ўжо масонствам, таемнымі ложамі, карацей, гэта было бліжэй да майго ўяўлення пра краіну.

Праз сацыяльныя сеткі я выйшаў на бостанскага блогера з мянушкай Franachak, які старанна рабіў допісы па-ангельску, прэтэндуючы на статус native american. Ён апісваў сваё штодзённае жыццё, побыт ды працу ў краме для дваццаці фрэндаў, якія яго чыталі. У profile ён меў караценькае «born in Belarus», а блогі яго фрэндаў былі не кірылічнымі і ўтрымлівалі літарау «ў», па якой, як я зразумеў з Вікіпедыі, прасцей за ўсё ідэнтыфікаваць допіс на мове Насты. Я скантактаваўся з Франачкам, але ён не адказаў на мой скайп-запыт. Якімі close-minded былі гэтыя людзі! Як складана было праціснуцца ў іх кола! Я завёў эккаўнт, у

якім падрабязна апісаў, дзе жыву, змясціў фота свайго дома, свайго пакою, апісаў свае зацікаўленасці ды дадаў, што з-за паходжання (я растлумачыў пра Навагрудак), цікаўлюся беларускай мовай і культурай. Я спадзяваўся, што гэта дапаможа мне ва ўсталяванні кантактаў, але я атрымаў два каменты, і ні ў адным з іх не было запрашэння пасябраваць. Першы —«Another set up! Who are you hunting? People from Rada?». Другі, кірылічны, аднак без літары «ў»: «блядь, как заебала эта гэбня с её методами! Иди на хуй, товарищ маёр! Что, блядь, в Школе КГБ мове уже не учат. Или ты думаешь, тебя сам Зенон сейчас должен разыскать, чтобы языку научить?».

Аднойчы прыемным вясеннім вечарам, выходзячы са «Старбаксу», я напаткаў бялявага юнака з засяроджаным поглядам. Гэты погляд быў першым, што я заўважыў, і менавіта дзякуючы яму адчуў, зразумеў… Юнак змушана ўсміхнуўся і сказаў, што пазнаў мяне па фота ў маім прафайле. Што я, мабыць, Джон Вілаў. Я здзіўлена пацвердзіў, а ён растлумачыў, што ён — Франачак, я яму неяк пісаў, і вось, ён праходзіў побач, глядзіць, а ў кавярні сядзіць Джон Вілаў, той самы, які яго шукаў. Я здзівіўся такому тлумачэнню, бо ў кавярні немагчыма было сядзець, гэта быў Starbucks Stand з адзіным крэслам, якое, да таго ж, было занятае, але радасць ад таго, што мы сустрэліся, была большай за здзіўленне.

Франачак перш за ўсё спытаў, ці ёсць у мяне нейкі мэсадж да яго, і гэта таксама было дзіўна, я не зразумеў, што ён мае на ўвазе, але ён махнуў рукой і прапанаваў: «Праехалі». Мы хутка пасябравалі з ім, бо ён адчуў маю прагу да мовы. Менавіта Франачак быў чалавекам, які пазычыў мне вялікі Ангельска-беларускі моўны дапаможнік В. Вячоркі, лепшае, што было дагэтуль створана для агламоўнага вучня, які ні халеры не разумее на мове і нават не здольны чытаць кірыліцу. «Са-ро-ка на шы-бе-ніцы», — па складах чытаў я, засвойваючы правапіс. Больш за ўсё перашкаджалі літары «р», «а», «с», «і», «в», «к», якія ўласнай здрадніцкай прысутнасцю ў абедзвюх мовах імкнуліся павесці па падманнай сцежцы, вымусіць «снег» чытаць як «cher», што, дарэчы, камусьці можа падацца смешным.

Пра Вячорку Франачак расказваў вельмі шмат. Пра тое, які ён выбітны лінгвіст, як шмат зрабіў для мовы ды яе адраджэння, успамінаў нейкі выступ на тэлебачанні, з якога пачалося крушэнне Савецкага Саюза — прынамсі, у галовах беларусаў. Мова, вывучэнне яе, поўнілася для мяне прозвішчамі: я даведваўся пра Некрашэвіча, пра Тарашкевіча, пра Баршчэўскага, пра Міхневіча-Навічэнку, пра Рамзу, пра Пазьняка з Трусавым. Свет набываў новую геаграфію: я даведваўся пра такія месцы, як Прага, Гамбург, Вільня, Таронта, Велінгтан ды іх уплыў на беларушчыну. Яны ўсе казалі пра Атлантыду, праводзячы паралелі з нейкай патанулай краінай, якая ўнесла з сабой пад ваду ўласную культуру ды мову, але мне гэта паэтычнае параўнанне падавалася недасканалым. Беларускі свет хутчэй быў падобны да архіпелага, які ўтрымліваў патанулую Антлантыду (уласна тэрыторыя Беларусі з яе метафізічнай атсутнасцю для самой сябе), аднак утрымліваў і ўсе гэтыя гарады, у адным з каторых час ад часу пісаліся неверагодныя па прыгажосці кнігі, у другім — жыў Вінцук Вячорка і гэтак далей.

Заўвага рэдактара: Джон, пачытай кнігу Акудовіча «Архіпелаг Беларусь» ды пазбягай гэтага калейдаскопу відавочнасцяў, якімі стракаціць твой тэкст!

Адказ аўтара: Янка! Але той, хто спрабуе ўвайсці ў культуру без ведання кантэксту, толькі праз мову, праз артыкуляванне ўласнай суаднесенасці з гэтай культурай, асуджаны на такія паўторы! Бо ён вымушаны ненаўмысна напісаць усе тыя тэксты, якія былі напісаныя да яго, ці, як мінімум, сам дайсці да ўсіх тых думак, што вядомыя нават школьніку, бо выкладзеныя ў падручніках!

Ужо праз тры месяцы я быў здольны разумець (са слоўнікам, вядома ж!) навіны, якія з’яўляліся на сайтах. Так я даведаўся, што з ёй усё добра, што яна «на свабодзе», у «краіне, якая знаходзіцца побач з Радзімай». А больш мне нічога і не трэба было.

Я адразу зразумеў, што згадваць імя Насты ў размовах з любымі беларусамі бессэнсоўна: тыя, хто ведаюць яе, нічым не дапамогуць. Болей за тое, зробяцца падазронымі: чаму шукаеш? Што табе ад яе патрэбна? А што я адкажу? Распавяду пра нашае знаёмства ў Стамбуле?

Поделиться с друзьями: