Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Так што ж, міленькі ты мой, чалавек зусім не мяняецца? То на якую халеру здалася ўся наша паэзія, уся наша навука?!

— І ўсё ж асмелюся сцвярджаць, што чалавек увогуле з-застаецца той самы, бо вышэй свайго часу не скочыш, у іншым месцы і з іншай натурай не народзішся, Але я быў бы апошнім дурнем, калі б адмаўляў выхаванне… Мусіць, уся справа ў тым, — тут Сыракомля адчуў, што часам і Каліноўскаму не стае слоў, — справа ў тым, што чалавек — стварэнне шматграннае. У кожным з нас многа чаго затоена. І вось, у залежнасці ад выхавання і абставін, мы п-паварочваемся рознымі сваімі гранямі. З нас вылазіць то звер, то чалавек… Але не пра гэта я хацеў сказаць. Мы гаворым пра адказнасць за свае

ўчынкі. І тут я буду катэгарычны: чалавек п-павінен адказваць за дрэннае! Інакш на зямлі будзе вечнае п-пекла.

— Дык што ж вы ўсе хочаце ад майго Арцёма? Каб ён адказваў за тое, што яго бацька загадаў калісьці адлупцаваць мужыка? Гэтага вам жадаецца? А хвігу! — Дайнаровічыха склала вялізную дулю, але не асмелілася скіраваць яе ў кагосьці з прысутных.

— Не, я хачу, каб усе п-пакорліва цалавалі руку, якая іх б’е, — іранізаваў Каліноўскі. — Як раней кату: ён вядзе цябе на смерць, а ты дай яму яшчэ талер на кварту гарэлкі, каб рука ў яго лёгкая была. Камар сядзіць на табе і п’е тваю кроў, а ты не смей яго сагнаць, бо можаш п-пакрыўдзіць!.. Але я не гавару, шаноўная п-панечка, пра вашага свёкра. Сваё ён п-панёс з сабой у магілу — і бог з ім. Я гавару пра нашу агульную адказнасць. Трэба нам нарэшце зразумець, што наступае пара п-пакуты за мужыцкія слёзы, за нашу спрадвечную пыху і дрымучую лянівасць.

— І каго ж пан мае на ўвазе пад гэтым «нас»? Толькі нашу сям’ю ці і сябе таксама?

— Супакойцеся, пане Лакуціеўскі, і сябе таксама, п-паколькі я дваранін. Я маю на ўвазе ўсё наша шляхецкае саслоўе, якое павінна сысці з гістарычнай арэны і ўступіць месца іншым.

— Цікава, кому ж?

— Ды хаця б ім, — Каліноўскі махнуў рукой у бок Грывы. — Такі жалезны закон гісторыі: адны саслоўі паміраюць, другія нараджаюцца.

— Бож-жа мой: яшчэ адзін франк-масон, — успляснула рукамі Дайнаровічыха. — Нашай смертухны хоча. Куды толькі мы з табой, Арцёме, трапілі!

— То што ж шаноўны пан Паляноўскі нам прапануе? — Яцак таксама адчуў сябе ўджаленым словамі няпрошанага госця. — Прыняць нам атруту цяпер ці яшчэ можна з год пачакаць?

— Але ж зразумейце мяне, пане Ляшчынскі, хоць вы. Я нічога не маю супраць п-прысутных. Наадварот, тут столькі сімпатычных для мяне асоб, і я шчыра ўдзячны за гасціну. Я гаварыў пра адказнасць і пра п-пакуты ў тым сэнсе, што мы, шляхта, п-навінны стаць вышэй сваіх інтарэсаў і, калі прыйдзе час… час п-пажару, адкупіць сваю віну, стаўшы на бок народа, — Каліноўскі злавіў сябе на думцы, што ён зайшоў занадта далёка, ды, бачачы пільныя вочы Сыракомлі, Галены, Шэміса і брацішка, разумеў, што яго адкрытасць мае свой сэнс.

— Але ж, міленькі, калі будзе… ну, гэны пажар, то не варта тады нам распальваць саслоўную нянавісць.

— Аднак жа і гасіць яе не трэба. Інакш народ не п-пойдзе паліць лес.

— А можа, абыдзецца ўсё без пажару? — нечакана для ўсіх адазваўся дамініканец. — Бо што агонь — пройде нізам, па траве і кустах, а старыя дрэвы як стаялі, так і будуць стаяць. Колькі гадоў трэба, каб зноў адрасло драбнатраўе…

— Такі п-пажар і не п-патрэбны, — Сыракомля заўважыў, што Каліноўскі, мусіць, ад свайго максімалізму злоўжывае словам «патрэбны». — П-патрэбны такі агонь, які п-прайшоў бы верхам і знішчыў старадрэвіны, якія перашкаджаюць расці тым, што ўнізе.

— Дык няхай старадрэвіны і паміраюць сваёй натуральнай смерцю, — спрэчка захапіла і Яцака. — Няхай усё ідзе спрадвечным парадкам: абваляцца адны дрэвы, а на іх месцы вырастуць іншыя.

— Каб жа то былі жывыя дрэвы — яны мёртвыя, даўно мёртвыя. Не толькі п-перашкаджаюць расці іншым, яны п-пашыраюць смурод і заразу. Краіны Еўропы п-пераходзяць на канстытуцыйную, рэспубліканскую форму існавання, а мы не хочам! Не хочам даць сялянам зямлю, народам —

права самім вырашаць свой лёс, — Каліноўскі на нейкі момант пашкадаваў, што выйшаў за межы алегорыі: розныя людзі сядзяць.

— Ну добра, міленькія вы мае, — пачаў услых разважаць Сыракомля. Прывід пажару — а ўспрымаў ён яго ледзь не фізічна — і палохаў яго, і вабіў. — Пройдзе пажар, адкрые неба і сонца маладым парасткам. Вырастуць яны, састарацца. То што тады — новы пажар трэба пачынаць? І так будзе вечна?

— Вечна? — задумаўся Каліноўскі. — Калісьці вырасце… такі разумны лес, што сам сябе пачне рэгуляваць.

— І ці ў інтарэсах маладых парасткаў, каб хутчэй быў пажар? Чым хутчэй яны вырастуць, тым хутчэй састарацца, тым хутчэй загінуць у новым знішчальным пажары.

— Не знішчальным, а ачышчальным! Свет п-павінен ачышчацца агнём, як жалеза ў гуце… Не разумею вас, шаноўны паэт, то вы асуджалі шляхту за эгаізм і нават саромеліся, што маеце шляхецкі герб у п-пячатцы… То пачынаеце шкадаваць тое, што аджыло век.

— Я шкадую бязвінныя ахвяры, якія апаліць полымя.

— Ахвяры заўсёды непазбежны. Агонь т-такі!

— І хто пойдзе паліць пажар? Хто павядзе? Гэта ж такая адказнасць перад народам. Перад будучыняй.

— Хто п-пойдзе… Ды ўсе могуць, хто сядзіць за гэтым сталом! Калі яны, вядома, п-пажадаюць адкупіць віны свайго саслоўя і застацца цэлымі пасля п-пажару.

— Бож-жачка! Мой Дайнаровіч нізавошта не пойдзе! — Дайнаровічыха ўспрымала пажар ледзь не ў прамым сэнсе.

— Супакойцеся, пані: п-пойдуць маладзейшыя і смялейшыя.

— Галоўнае, міленькі, у тым, ці захочуць пайсці сяляне. А то зноў паўторыцца 1831 год.

— А вы с-спытайце ў яго!

— Гэй, дзеду, па…

— Давайце будзем яго называць: грамадзянін Грыва.

— Скажы, грамадзянін Грыва, у выпадку чаго ты пойдзеш распальваць пажар?

— Які пажар? — Грыва ўважліва прыслухоўваўся да спрэчкі і амаль усё з яе зразумеў, больш таго, стараўся ўсё запомніць — слова ў слова, але рашыў прыкінуцца дурнем. — Пажар нішчыць усё жывое. Калі вашэці збіраецеся паліць лес, то я не пайду. Нашто мне? Ад лесу яшчэ можа загарэцца і хата. І мая, і вашэці.

— Ды не пра лес мы гаворым, — нецярплівіўся Сыракомля. Дзесьці ён адчуваў, што Грыва толькі здзекуецца з іх. — Ну, калі б, дапусцім на момант, але толькі дапусцім, людзі выступілі супраць цара, ты да іх далучыўся б?

— Як гэта можна, вашэць: ісці проціў цара. Ён даў нам волю, а мы пойдзем яго біць… Смешна.

— Але ж зямлі ён мужыкам не д-даў!

— У праўдзівым маніхвесце сказана, каб даць і зямлю. Але паны яго затаілі. Таму мужыкі ідуць проціў паноў.

— У вас жа, у Палушах, зямля дзяржаўная, царская, значыць. Выходзіць, не пан табе зямлі не дае, а Цар! — спрабаваў растлумачыць Ляшчынскі.

— Я не пра сябе кажу, а пра ўсіх. Колькі мне той зямлі трэба: тры аршыны ўдаўжкі і два ўпоперак.

— То калі б расольскія мужыкі пайшлі мяне паліць або рэзаць, дык і ты быў бы з імі? — Ляшчынскаму не ўкладвалася ў галаве, што мясцовыя сяляне могуць мець супраць яго злосць.

— Я што… Як грамада, так і я…

— Ну вось бачыце, панове, спрачаемся мы пра пажар, пра маладыя парасткі, — Ляшчынскі спрабаваў падсумаваць непрыемную для яго гаворку, каб потым да яе ўжо не вяртацца. — А маладыя парасткі, калі гэтага селяніна можна так назваць, самі не хочуць гэтага пажару. Дакладней, хочуць зусім іншага пажару, скіраванага не супраць старадрэвінаў, а толькі крыху вышэйшых дрэў, якія самі церпяць ад старадрэвінаў… Здаецца, ясна я выражаюся? Дык вось, мне здаецца, што тыя пакуты, пра якія тут так горача толькі што гаварылі, шляхта ўжо прыняла. Ад яе адабралі сялян. І слушна адабралі, я нічога не кажу, даўно так пара. Ад яе адабралі частку зямлі…

Поделиться с друзьями: