Чарнобыльская малітва
Шрифт:
"Ля міліцэйскага паста мяне запыніла бабуля: "Паглядзі ты там на маю хату. Пара бульбу капаць, а салдаты не пускаюць". Іх перасялілі. Чалавек у вакууме, чалавек без нічога. Яны прабіраюцца ў свае вёскі праз вайсковыя заслоны… Ляснымі сцежкамі… Па балотах… Уначы… За імі ганяюцца, ловяць. На машынах і верталётах. "Як пры немцах", — параўноўваюць старыя людзі".
"Бачыў першага марадзёра. Малады хлопец, апрануты ў дзве мехавыя курткі. Даказваў вайсковаму патрулю, што лечыцца такім чынам ад радыкуліту. Калі раскалолі, прызнаўся: "Першы раз страшнавата, а пасля прывычная рэч. Выпіў чарку — і пайшоў". Пераступіўшы праз інстынкт самазахавання. У нармальным стане гэта немагчыма. Так наш чалавек ідзе на подзвіг. I гэтак жа — на злачынства".
"Ці можна нам дапамагчы? I
"Для цэркваў выбіралі мясціну літаральна з неба. Былі з'явішчы царкоўным людзям. Здзяйсняліся таінствы, якія папярэднічалі будаўніцтву. А атамную будавалі, як завод. Як свінарнік. Дах залілі асфальтам. I ён плавіўся…"
"Чытаў? Пад Чарнобылем спаймалі збеглага салдата. Выкапаў зямлянку і жыў год ля рэактара. Карміўся тым, што хадзіў па пакінутых хатах, дзе сала знойдзе, дзе слоік з марынаванымі агуркамі. Ставіў сілкі на звяроў. Уцёк, бо "дзяды" білі "на смерць". Ратаваўся — у Чарнобылі…"
"Мы — фаталісты. Мы нічога не робім, бо верым: усё будзе гэтак, як будзе. Наша гісторыя? На кожнае пакаленне выпадала вайна… Адкуль нам быць іншымі? Мы — фаталісты…"
"Паявіліся першыя ваўкасабакі, што нарадзіліся ў ваўчыц ад сабак, збеглых у лес. Яны буйнейшыя за ваўкоў, не звяртаюць увагі на сцяжкі, не баяцца святла і чалавека, не ідуць на "вабу" (пераймальны заваблівы покліч паляўнічага). I здзічэлыя каты ўжо збіваюцца ў зграі і нападаюць на людзей. Яны ўсе помсцяць нам. Памяць аб тым, як слухаліся чалавека, служылі яму, знікла. А ў нас сціраецца мяжа між рэальным і нерэальным…"
З чутак:
"За Чарнобылем будуюць лагеры, у якіх будуць трымаць тых, хто трапіў пад радыяцыю. Патрымаюць, паназіраюць і пахаваюць.
З бліжэйшых да станцыі вёсак мёртвых вывозяць аўтобусамі і проста на могілкі, тысячамі закопваюць у брацкія магілы. Як у ленінградскую блакаду…
Некалькі чалавек быццам бачылі напярэдадні выбуху незразумелае свячэнне ў небе над станцыяй. Хтосьці нават сфатаграфаваў яго. На плёнцы выявілася, што гэта лунае нейкае незямное цела…
У Мінску памылі цягнікі і таварныя вагоны. Будуць усю сталіцу вывозіць у Сібір. Там ужо рамантуюць баракі, што засталіся ад сталінскіх лагераў. Пачнуць з жанчын і дзяцей. А ўкраінцаў ужо вывозяць…
Рыбакі ўсё часцей сустракаюць рыб-амфібій, якія могуць жыць і ў вадзе, і на зямлі. Па зямлі яны ходзяць на плаўніках-лапах.
Гэта была не аварыя, а землятрус. У падземнай кары штосьці адбылося. Геалагічны выбух. Удзельнічалі геафізічныя і космафізічныя сілы. Вайскоўцам пра гэта было вядома загадзя, маглі папярэдзіць, але ў іх усё строга засакрэчана.
У рэках і азёрах пачалі лавіць шчупакоў без галавы і плаўнікоў… Плавае адно чэрава…
Нешта падобнае неўзабаве пачне адбывацца і з людзьмі. Беларусы ператворацца ў гуманоідаў.
У лясных звяроў — прамянёвая хвароба. Яны блукаюць сумныя, у іх журботныя вочы. Паляўнічым боязна і шкада ў іх страляць. I звяры перастаюць баяцца чалавека. Лісы і ваўкі заходзяць у вёскі і лашчацца да дзяцей.
Ад чарнобыльцаў нараджаюцца дзеці, але замест крыві ў іх цячэ невядомая жоўтая вадкасць. Ёсць вучоныя, якія даказваюць: малпа таму стала такой разумнай, што ў радыяцыі жыла. Дзеці, што народзяцца праз тры-чатыры пакаленні, усе будуць Эйнштэйнамі. Гэта касмічны зксперымент над намі…"
Анатоль Шыманскі, журналіст
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Напісалі ўжо дзесяткі кніг. Тоўстых тамоў. Адкаменціравалі. А падзея ўсё роўна вышэй за любы філасофскі каментарый. Неяк я пачуў ці прачытаў, што праблема Чарнобыля стаіць перад намі найперш як праблема самаспазнання. З гэтым пагадзіўся, гэта супала з маімі адчуваннямі. Я ўвесь час чакаю, што нехта разумны мне ўсё растлумачыць… Як растлумачваюць, адукоўваюць мяне наконт Сталіна, Леніна, бальшавізму. Ці
бясконца дзяўбуць: "Рынак! Рынак! Свабодны рынак!" А мы… Людзі, выхаваныя ў свеце без Чарнобыля, жывём з Чарнобылем.Уласна я — прафесійны ракетчык, спецыяліст па ракетным паліве. Служыў у Байкануры. Праграмы: "Космас", "Інтэркосмас" — гэта вялікі кавалак майго жыцця. Цудоўны час! Даеш неба! Даеш Арктыку! Даеш цаліну! Даеш космас! Разам з Гагарыным увесь савецкі свет паляцеў у космас, адарваўся ад зямлі… усе мы! Я дагэтуль улюбёны ў яго! Цудоўны рускі чалавек! З цудоўнай усмешкай! Нават смерць ягоная нейк зрэжысавана. Мары аб палёце, лунанні, волі… Гэта быў цудоўны час! Па сямейных абставінах я перавёўся ў Беларусь, тут даслужваў. Калі я прыехаў… Патануў у гэтай чарнобыльскай прасторы, яна адкарэктавала мае пачуцці. Немагчыма што-небудзь падобнае было б і ўявіць, хоць я заўсёды меў дачыненне да самай сучаснай тэхнікі, касмічнай тэхнікі… Цяжка пакуль што вымавіць… Не паддаецца ўяўленню… Нешта…(Задумваецца.) А секунду назад здавалася, што спаймаў сэнс… Секунду назад… Хіліць на філасофстваванне. З кім ні загавары пра Чарнобыль, усім хочацца філасофстваваць.
Але лепей я распавяду вам пра сваю работу. Чым мы толькі не займаемся! Будуем царкву… Чарнобыльскую царкву, у гонар Іконы Боскай Маці "Сысканне пагінуўшых". Збіраем ахвяраванні, наведваем хворых і паміраючых. Пішам летапіс. Ствараем музей. Адзін час думаў, што я не змагу, не з маім сэрцам, працаваць на такім месцы. Далі першае даручэнне: "Вось грошы і падзялі іх на трыццаць пяць сем'яў. На трыццаць пяць удоў, у якіх памёрлі мужы". Усе яны былі ліквідатары. Трэба справядліва. А як? У адной удавы — маленькая дзяўчынка, хворая, у другой удавы — двое дзяцей, трэцяя жанчына сама хворая, а тая наймае кватэру, а яшчэ ў адной — чацвёра дзяцей. Уначы я прачынаўся з думкаю: "Як мне нікога не абдзяліць?" Думаў і лічыў, лічыў і думаў. I не змог. Мы раздалі грошы ўсім пароўну, па спісе. Але маё дзецішча — музей. Музей Чарнобыля. (Маўчыць.) А часам мне здаецца, што тут будзе не музей, а пахавальнае бюро. Я служу ў пахавальнай камандзе! Сёння раніцою не паспеў зняць паліто, адчыняюцца дзверы, жанчына з парога рыдае, не рыдае, а крычыць: "Забярыце яго медаль і ўсе граматы! Забярыце ўсе ільготы! Аддайце мужа!" Доўга крычала. Пакінула яго медаль, пакінула граматы. Ну, будуць яны ляжаць у музеі, пад шклом… Будуць на іх глядзець… Але крыку, яе крыку ніхто, акрамя мяне, не чуў, толькі я, калі буду раскладваць гэтыя граматы, буду памятаць…
Зараз памірае палкоўнік Ярашук… Хімік-дазіметрыст. Здаравенны быў мужык, ляжыць спаралізаваны. Жонка варочае яго, як падушку… Корміць з лыжачкі… У яго камяні ў нырках, трэба раздрабіць камяні, а ў нас няма грошай, каб аплаціць аперацыю. Мы — жабракі, існуем на тое, што хто падасць… А дзяржава паводзіць сябе, як махляр, яна пакінула гэтых людзей. Памрэ — назавуць яго імем вуліцу, шюлу ці вайсковую частку, але гэта як ён памрэ… Палкоўнік Ярашук… Хадзіў пешкі па зоне і вызначаў межы максімальных кропак заражэння, гэта значыць чалавека ў поўным сэнсе выкарыстоўвалі, як біяробата. I ён гэта разумеў, але ён ішоў, пачынаючы ад самой атамнай станцыі і па разыходным радыусе, па сектарах. Пешкі.
З дазіметрычнымі прыборамі ў руках. Намацаў "пляму" і рухаецца ўздоўж мяжы гэтай плямы, каб дакладна нанесці на карту…
А салдаты, якія працавалі на самім даху рэактара? Усяго на ліквідацыю наступстваў аварыі было кінута дзвесце дзесяць вайсковых частак, каля трохсот сарака тысяч вайскоўцаў. Самае пекла дасталося тым, хто чысціў дах… Ім выдавалі свінцовыя фартухі, але фон ішоў знізу, а там чалавек быў непрыкрыты. Яны — у звычайных кірзавых ботах… У дзень па паўтары-дзве хвіліны на даху… А пасля іх звальнялі з арміі, давалі грамату і прэмію — сто рублёў. I яны знікалі на бязмежных прасторах нашай радзімы. На даху зграбалі паліва і рэактарны графіт, асколкі бетону і арматуры… Дваццаць-трыццаць секунд, каб нагрузіць насілкі, і столькі ж, каб скінуць "смецце" з даху. Адны гэтыя спецыяльныя насілкі важылі сорак кілаграмаў. Так што ўявіце сабе: свінцовы фартух, маскі, гэтыя насілкі і шалёную хуткасць… У музеі ў Кіеве ляжыць муляж графіту, памерам з фуражку, кажуць, калі б ён быў сапраўдным, важыў бы шаснаццаць кілаграмаў, такі ён шчыльны, цяжкі. Радыёкіруемыя маніпулятары часта адмаўляліся выконваць каманды ці рабілі зусім не тое, бо іх электронныя схемы ў высокіх палях разбураліся. Самымі надзейнымі "робатамі" былі салдаты. Іх ахрысцілі "зялёнымі робатамі" (па колеру вайсковай формы). Праз дах разбуранага рэактара прайшло тры тысячы шэсцьсот салдат. Спалі на зямлі, яны ўсе расказваюць, як па першым часе ў палатках слалі на зямлю салому. Бралі яе тут жа, са сціртаў, ля рэактара.