Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Хочаце анекдот? Уцёк з турмы зняволены. Схаваўся ў трыццацікіламетровай зоне. Спаймалі. Завялі да дазіметрыстаў. Гэтак "свеціцца", што яго ні ў турму, ні ў бальніцу, ні да людзей. Чаму вы не смеяцеся? (Смяецца.)

Прыбыў я туды, калі птушкі сядзелі ў гнёздах, ад'язджаў — яблыкі ляжалі на снезе… Не ўсё мы паспелі пахаваць… Хавалі зямлю ў зямлі… З жукамі, павукамі, лічынкамі… З гэтым асобным народам… Светам… Самае моцнае маё ўражанне адтуль… Пра іх…

Нічога я вам не распавёў… Абрыўкі… У таго ж Леаніда Андрэева ёсць апавяданне: адзін жыхар Іерусаліма, міма дома якога вялі Хрыста, усё бачыў і ўсё чуў, але ў яго ў гэты час балеў зуб. На яго вачах Хрыстос упаў, як нёс крыж, упаў і пачаў крычаць, ён усё гэта бачыў, але ў яго балеў зуб, і ён не выбег на вуліцу. Праз два дні, калі зуб перастаў балець, яму распавялі, як Хрыстос уваскрэс, тады ён падумаў: "Я ж мог быць гэтага сведкам,

але ў мяне балеў зуб".

Няўжо гэтак заўсёды? Мой бацька абараняў Маскву ў сорак другім. Тое, што ўдзельнічаў у вялікай падзеі, ён зразумеў праз дзесяткі гадоў. З кніг, з фільмаў. А сам успамінаў: "Сядзеў у акопе. Страляў. Выбухам засыпала. Паўмёртвага санітары вывалаклі". I ўсё…

А мяне тады пакінула жонка…"

Аркадзь Філін, ліквідатар

Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"

Старшыня Хойніцкага добраахвотнага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Віктар Іосіфавіч Вержыкоўскі і двое паляўнічых — Андрэй і Уладзімір, што не захацелі назваць прозвішчы.

— Першы раз я забіў лісу… У дзяцінстве… Другі раз ласіху… Ласіх, пакляўся, ніколі не забіваць. У іх такія выразныя вочы…

— Гэта мы, людзі, штосьці разумеем, а жывёліны проста жывуць. I птушкі.

— Восенню казуля вельмі чуйная. Калі яшчэ вецер дзьме ад чалавека, дык ужо ўсё — не падпусціць… А ліса хітрая…

— Тут бадзяўся адзін, кажуць… Вып'е, лекцыі ўсім чытае. Вучыўся на філасофскім факультэце, пасля ў турме сядзеў. У зоне напаткаеш чалавека, ён ніколі праўду пра сябе не раскажа. Рэдка. Гэта быў разумны мужык… "Чарнобыль, — казаў, — для таго, каб даць філосафаў". Жывёлін называў "тлом хадзячым", а чалавека — "зямлёй гаворачай". А "зямля гаворачая" таму, што мы ядзім зямлю, гэта значыць з зямлі складаемся…

— Зона вабіць… Прыцягвае, скажу я вам. Хто там пабыў. Будзе прыцягваць…

— Ну, хлопцы, трэба па парадку…

— Давай-давай, старшыня. А мы пакурым.

— Значыць, было гэтак… Выклікаюць мяне ў райвыканком: "Слухай, галоўны паляўнічы: у зоне засталося шмат свойскай жывёлы — каты, сабакі, каб пазбегнуць эпідэміі, іх трэба адстрэліць. Дзейнічай!" На наступны дзень я ўсіх склікаў, усіх паляўнічых. Аб'яўляю, што так і гэтак… Ніхто не хоча ехаць, бо не выдалі ніякіх ахоўных сродкаў. Я звярнуўся ў грамадзянскую абарону — у іх нічога няма. Ніводнага рэспіратара. Давялося ехаць на цэментавы завод і браць там маскі. Такая танюсенькая плевачка… Ад цэментавага пылу… А рэспіратараў не далі.

— Там салдат спатыкалі. У масках, у пальчатках, на бронетранспарцёрах, а мы ў сарочках, павязачка на носе. У гэтых сарочках і ботах дадому вярталіся. У сям'ю…

— Сабраў дзве брыгады… Дзве брыгады… Па дваццаць чалавек… Да кожнай прымацаваў ветурача і чалавека з санэпідстанцыі. Быў яшчэ трактар з каўшом і самазвал. Крыўдна, што не далі ахоўных сродкаў, пра людзей не падумалі…

— Затое прэміі давалі — па трыццаць рублёў. А пляшка гарэлкі тым часам каштавала тры рублі. Дэзактываваліся… Аднекуль рэцэпты паявіліся: адну лыжку гусінага памёту на бутэльку гарэлкі. Два дні настоіць і піць. Ну каб гэта самае… Ну, мужчынскае… Прыпеўкі былі, памятаеце? Процьма. "Запарожац — не машына, украінец — не мужчына. Калі хочаш быць айцом, абгарні яйцо свінцом". Ха-ха…

— Ездзілі мы па зоне два месяцы, у нашым раёне палову вёсак эвакуіравалі. Дзесяткі вёсак: Бабчын, Тульгавічы… Першы раз прыехалі — сабакі бегаюць ля сваіх хат. Вартуюць. Людзей чакаюць. Абрадаваліся нам, бягуць на чалавечы голас… Стралялі ў хаце, у хляве, на гародзе. Выцягвалі на вуліцу і грузілі ў самазвалы. Яно, вядома, непрыемна. Яны не маглі ўцяміць: чаму мы іх забіваем? Забіваць было лёгка… Свойскія жывёліны… У іх няма боязі зброі, боязі чалавека… Бягуць на чалавечы голас…

— Паўзла чарапаха… Божа! Міма пустой хаты. Акварыумы ў кватэрах стаялі… З рыбкамі…

— Чарапах не забівалі. Пярэднім колам "уазіка" наязджаеш на чарапаху, панцыр вытрымлівае. Не лопаецца. Па п'янцы, вядома, пярэднім колам. У дварах клеткі насцеж. Трусы бегаюць… Нутрыі былі зачынены, іх мы выпускалі, калі побач якая-небудзь вада: возера, рэчка, — яны сплывалі. Усё пакінута спехам… Часова… Бо як было? Загад: "На тры дні". Малых дзяцей падманвалі: "Едзем у цырк". Яны плакалі. А людзі думалі вяртацца… Скажу я вам, ваенная сітуацыя. Каты зазіралі ў вочы, сабакі вылі, прарываліся ў аўтобусы. Дварнякі, аўчаркі… Салдаты іх выкідвалі. Выспяткаў давалі. Яны доўга беглі за машынамі… Эвакуацыя… Не дай Бог! — Значыць, гэтак было… Вунь у японцаў была Хірасіма, дык яны цяпер паперадзе ўсіх. На

першым месцы ў свеце. Значыць… — Ёсць магчымасць пастраляць, ды яшчэ ў жывое, тое, што бегае. Інстынкт. Азарт. Выпілі — і паехалі. На рабоце мне залічваўся працоўны дзень. Налічвалі зарплату. Маглі, вядома, за такую працу прыбавіць. Прэмія — трыццаць рублёў… На тыя грошы… На тыя, што пры камуністах… — Значыць, так… Спачатку хаты стаялі апячатаныя, з пломбамі. Пломбы мы не зрывалі. Сядзіць за вакном кот — як ты яго дастанеш? Не чапалі. Пакуль марадзёры не палезлі — дзверы павыбівалі, вокны разбілі, фортачкі. Разрабавалі. Перш-наперш пазнікалі магнітафоны, тэлевізары… Футравыя рэчы… А пасля падчысцілі ўсё… Валяюцца на падлозе адны алюмініевыя лыжкі… I ацалелыя сабакі перасяліліся ў хату… Заходзіш — ён на цябе кідаецца… Яны перасталі ўжо людзям верыць… Я зайшоў — сучка сярод пакоя ляжыць і шчанюкі вакол. Шкада? Яно, вядома, непрыемна… Я параўноўваў… Калі папраўдзе, як у вайну, мы дзейнічалі, як карнікі. Па той жа схеме… Ваенная аперацыя… Мы таксама прыязджаем, бярэм у кольца вёску, і сабакі, як пачуюць першы стрэл, ужо ўцякаюць. У лес уцякаюць. Каты хітрэйшыя, і ім лягчэй схавацца. Кацяня ў гліняны збанок залезла… Я яго вытрасаў… З-пад печы выцягвалі… Непрыемнае адчуванне… Ты ў хату, а кот міма ботаў куляй, бегаеш за ім са стрэльбай. Худыя яны, брудныя. Поўсць касмылямі. Па першым часе было шмат яек, куры пааставаліся. Сабакі і каты елі яйкі, скончыліся яйкі, з'елі курэй. I лісы курэй елі, лісы ўжо жылі ў вёсцы разам з сабакамі. Значыцца, курэй не стала, сабакі паелі катоў. Бывалі выпадкі, што мы свіней у хлявах знаходзілі… Выпускалі… У паграбах закатак усялякіх: агуркі, памідоры… Мы паадкаркоўваем і ў карыта ім кідаем. Свіней не забівалі…

— Старая, было… Адна ў вёсцы… Зачынілася ў хаце: пяць катоў у яе і тры сабакі… Не давала… Кляла. Мы сілком забралі. Аднаго ката і аднаго сабаку пакінулі. Кляла. Абзывала: "Бандыты! Турэмшчыкі!"

— Пустыя вёскі… Адны печы стаяць. Хатыні! Сярод Хатыні сядзяць дзве бабулі. Ім не страшна. А іншы б звар'яцеў!

— Ха-ха… "Пад гарою арэ трактар, на гары стаіць рэактар. Калі б шведы не сказалі, і дагэтуль мы б не зналі". Ха-ха…

— Значыць, гэтак было… Пахі розныя… Я ўсё не мог даўмецца, адкуль такі пах у вёсцы? Шэсць кіламетраў ад рэактара… Вёска Масалы… Як у рэнтген-кабінеце. Пахла ёдам… Нейкай кіслатой… Страляць даводзілася ва ўпор… Сучка ляжыць сярод пакоя і шчанюкі вакол… Кінулася на мяне — кулю ва ўпор… Шчанюкі ліжуць рукі, лашчацца. Дурэюць. Страляць даводзілася ва ўпор… Аднаго сабачку… Пудзялёк чорненькі… Мне яго дасюль шкада. Нагрузілі іх поўны самазвал, з коптарам. Вязём да "магільніка"… Праўду кажучы, звычайная глыбокая яма, хоць належыць капаць так, каб не даставаць грунтовыя воды і засцілаць дно цэлафанам. Знайсці высокае месца… Але гэта, самі разумееце, паўсюль парушалася, цэлафану не было, месца доўга не шукалі. Яны, калі недабітыя, а толькі параненыя, пішчаць… Плачуць… Высыпалі іх з самазвала ў яму, а гэты пудзялёк караскаецца. Вылазіць. Ні ў кога патрона не засталося. Няма чым дабіць… Ніводнага патрона… Яго назад у яму спіхнулі і так зямлёй завалілі. Дасюль шкада.

А катоў было куды меней, чым сабак. Можа, яны за людзьмі сышлі? Ці пахаваліся? Пудзялёк хатні… Запешчаны…

— Забіваць лепш здалёк, каб не спаткацца вачыма.

— Ты вучыся трапна страляць, каб не дабіваць.

— Гэта мы, людзі, нешта разумеем, а яны проста жывуць. "Тло хадзячае"…

— Няпраўда, што ў жывёлін няма свядомасці, і яны не думаюць. Казуля параненая… Ляжыць… Яна хоча, каб яе пашкадавалі, а ты дабіваеш. У апошнюю хвіліну ў яе зусім усвядомлены, амаль чалавечы позірк. Яна цябе ненавідзіць. Або маленне: я таксама хачу жыць! Хачу жыць!

— Вучыся! Скажу я вам, дабіваць больш непрыемна, чым забіваць. Паляванне — гэта спорт, від спорту. Чамусьці ніхто не лае рыбакоў, а паляўнічых усе лаюць. Несправядліва!

— Паляванне і вайна — галоўныя заняткі для мужчыны. Для сапраўднага мужчыны…

— Я не мог прызнацца сыну… Дзіця. Дзе я быў? Што рабіў? Ён дагэтуль думае, што тата там кагосьці абараняў. Стаяў на баявым пасту! Па тэлевізары паказвалі: вайсковая тэхніка, салдаты. Шмат салдат. Сын пытаецца: "Тата, ты быў, як салдат?"

— З намі паехаў аператар з тэлебачання… Памятаеце? З камерай. Плакаў. Мужчына… А плакаў… Усё хацеў пабачыць трохгаловага дзіка…

— Ха-ха… Ліса бачыць: коціцца па лесе Калабок. "Калабок, куды ты коцішся?" — "Я не Калабок, я вожык чарнобыльскі". Ха-ха… Як той казаў, мірны атам — у кожны дом!

— Чалавек, скажу я вам, памірае, як жывёліна. Я бачыў… Шмат разоў… У Афганістане… Мяне параніла ў жывот, ляжу на сонцы. Спёка невыносная. Піць!! "Ну, — думаю, — здохну, як жывёліна". Скажу я вам, і кроў аднолькава цячэ… Як і ў іх… I баліць…

Поделиться с друзьями: