Чарнобыльская малітва
Шрифт:
Пасля таго выпадку… Я не магла больш з ім быць… Адказваць… (Пасля маўчання.) Не ведаю, ці захаделв б я з вамі яшчэ раз спаткацца? Мне здаецца, вы разглядваеце мяне, як і ён. Проста назіраеце. Запамінаеце. Ідзе якісьці эксперымент… Не магу вызваліцца ад гэтага адчування… Мне ўжо не вызваліцца ад яго…
А вы не ведаеце, на каго падае тут грэх? Грэх дзетараджэння… Раней я нават такіх слоў не чула…
Каця П.
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
"Гэта — мая таямніца. Пра гэта ніхто больш не ведае. Я гаварыў пра гэта толькі са сваім сябрам…
Я — кінааператар. Ехаў туды, памятаючы, што нас вучылі: сапраўдным пісьменнікам становяцца на вайне і ўсё такое падобнае. Любімы пісьменнік — Хемінгуэй, любімая кніга — "Бывай, зброя!" Прыехаў. Людзі корпаюцца на гародах, на палях — трактары, сеялкі. Што здымаць — незразумела. Нідзе нічога не выбухае…
Першыя здымкі. У сельскім
Дарогі сельскія. Пыл. Я ўжо разумеў, што гэта не проста пыл, а радыеактыўны пыл. Кінакамеру хаваў, каб не пылілася, усё ж оптыка. Быў сухі-сухі май. Колькі самі наглыталіся, не ведаю. Праз тыдзень — запаленне лімфавузлоў. Але плёнку эканомілі, як патроны, бо павінен быў прыехаць сюды першы сакратар Цэка Слюнькоў. У якім менавіта месцы ён паявіцца, ніхто загадзя не гаварыў, але мы самі здагадаліся. Учора, напрыклад, ехалі па дарозе, пыл слупам, а сёння кладуць асфальт, ды які — у два-тры пласты! Ну, ясна: вось дзе высокае начальства чакаюць! Пасля я гэта начальства здымаў, хадзілі яны роўненька-роўненька па свежым асфальце. Ні сантыметра ўбок! У мяне гэта таксама было ў кадры, але ў сюжэт не ўставіў… Ніхто нічога не разумеў, гэта было самае страшнае. Дазіметрысты называюць адны лічбы, а ў газетах друкуюцца іншыя. Ага, тут пачынае паволі штосьці даходзіць. У мяне засталося дома малое дзіця, каханая жонка… Якім жа я павінен быць дурнем, каб апынуцца тут! Ну, узнагародзяць медалём… А жонка кіне… Паратунак — у гумары. Расказвалі анекдоты. У пакінутай вёсцы пасяліўся бомж, і чатыры бабулі там засталіся. Пытаюцца: "I як жа ваш мужык?" — "Гэты сабака яшчэ і ў суседнюю вёску бегае". Калі паспрабаваць быць шчырым дарэшты… Чарнобыль… Але сцелецца дарога… Бяжыць ручай, проста бяжыць ручай. А гэта здарылася… Я нешта такое адчуваў, калі памёр блізкі мне чалавек. Сонца… Птушкі лётаюць… Ластаўкі… Пайшоў дождж… А ён памёр… Разумееце? Я хачу спаймаць словам другое вымярэнне, перадаць, як гэта ўва мне было тады…
Убачыў і пачаў здымаць яблыню ў квецені… Гудуць чмялі, белы, вясельны колер… Зноў жа — людзі працуюць, сады цвітуць… Трымаю ў руках камеру, але не магу зразумець… Нешта не так! Экспазіцыя нармальная, карцінка прыгожая, а штосьці не тое. I раптам разанула: не чую паху. Сад цвіце, а няма паху! Гэта толькі пасля я даведаўся, што існуе такая рэакцыя арганізма пры высокай радыяцыі, блакіруюцца пэўныя органы. Маме маёй семдзесят чатыры гады, і яна, прыгадваю я, скардзіцца, што не чуе пахаў. Ну, думаю, цяпер гэта са мною здарылася. Пытаюся ў сваіх у групе, а нас было трое:
"Як пахне яблыня?" — "Ды ніяк не пахне". Штосьці з намі рабілася… Бэз не пахнуў… Бэз!.. I ў мяне ўзнікла адчуванне, што ўсё, што навокал, няпраўда. Што я — сярод дэкарацый… I што я гэта зразумець не магу, не здольны. Я нават нідзе пра гэта не чытаў…
З дзяцінства… Суседка, былая партызанка, распавядала, як у часе вайны іхні атрад выбіраўся з акружэння. У яе на руках малое дзіця, месячнае, ішлі па балоце, вакол карнікі… Дзіця плакала… Яно магло іх выдаць, іх знайшлі б, увесь атрад. I яна яго задушыла. Гаварыла пра гэта адасоблена, як быццам гэта не яна, а нейкая іншая жанчына зрабіла, і дзіця было чужое. Чаму яна пра тое ўспомніла, я ўжо забыўся. Памятаю дагэтуль іншае, свой жах: што ж гэта яна такое ўчыніла? Як змагла? Мне здавалася, што ўвесь партызанскі атрад выходзіў з акружэння дзеля гэтага дзіцяці, каб яго ўратаваць. А тут, каб засталіся жыць здаровыя дужыя мужчыны, задушылі дзіця. У чым жа сэнс жыцця тады? Мне не хацелася пасля таго жыць. Мне, хлапчуку, ніякавата было глядзець на гэтую жанчыну, бо я ўведаў пра яе такое… А як жа ёй бачыць мяне? (Нейкі час маўчыць.) Вось чаму я не хачу ўспамінаць… Пра тыя дні ў зоне… Прыдумваю для сябе розныя вытлумачэнні… Мне не хочацца адчыняць тыя дзверы… Я там хацеў зразумець, дзе я сапраўдны і дзе несапраўдны. У мяне ўжо былі дзеці. Сын. Калі ў мяне нарадзіўся сын, я перастаў баяцца смерці.
Сэнс майго жыцця адкрыўся…
Ноччу ў гасцініцы. Прачынаюся — аднастайны шум за акном, незразумелыя сінія бліскавіцы. Расхінаю фіранкі: па вуліцы ідуць дзесяткі уазікаў з чырвонымі крыжамі і мігалкамі. У поўнай цішыні. Зведаў нешта накшталт шоку. Усплылі ў памяці кадры з фільма… З дзяцінства… Пасляваенныя дзеці, мы любілі ваенныя фільмы… Ну, і такія кадры… Адчуванне… З горада пайшлі ўсе свае, і ты застаўся адзін і павінен прымаць рашэнне. А што самае правільнае? Прыкінуцца, што ты не жывы? Альбо як? А калі нешта павінен зрабіць, дык што? У Хойніках у цэнтры горада вісела Дошка гонару. Лепшыя людзі раёна. Але паехаў у заражаную зону і вывез дзяцей з дзіцячага садка шафёр-п'янюга, а не той, з Дошкі гонару. Усе сталі самі сабой. А вось яшчэ —
эвакуацыя. Першымі вывозяць дзяцей. Пагрузілі ў вялікія аўтобусы "Ікарусы". Я лаўлю сябе на тым, што здымаю, як гэта бачыў у ваенных фільмах. I тут жа заўважаю, што не я адзін, але і людзі, якія ўдзельнічаюць ва ўсім гэтым, паводзяць сябе падобным чынам. Яны паводзяць сябе так, як калісьці, памятаеце, у любімым усімі намі фільме "Ляцяць журавы": скупая слязіна на вачах, кароткія словы развітання… Выходзіла, што мы ўсе спрабавалі знайсці форму паводзін, якая нам ужо была вядома. Стараліся нечаму адпавядаць. Гэта засталося ў памяці: дзяўчынка махае маме рукой, што, маўляў, усё ў парадку, яна мужная. Мы пераможам!..Я падумаў, што прыеду ў Мінск, а там таксама эвакуацыя. Як я буду развітвацца са сваімі — жонкай, сынам? Уяўляў сабе ў тым ліку і гэты жэст: мы пераможам! Мы — ратнікі. Мой бацька, колькі я памятаю, насіў вайсковае адзенне, хоць не быў вайскоўцам. Думаць пра грошы — мяшчанства, пра сваё жыццё — непатрыятычна. Нармальны стан — галодны. Яны, нашы бацькі, перажылі рэзрух, і мы павінны яго перажыць. Інакш сапраўдным чалавекам не станеш. Нас вучылі ваяваць і выжываць у любых абставінах. Мне самому пасля тэрміновай службы ў арміі цывільнае жыццё падалося прэсным. Ноччу хадзілі па вуліцах у пошуках вострых адчуванняў. У дзяцінстве чытаў цудоўную кнігу "Чысцільшчыкі", аўтара забыў, там лавілі дыверсантаў, шпіёнаў. Азарт! Паляванне! Такія мы. Калі штодня праца і добры харч, — невыносна, некамфортна!
Жылі мы ў інтэрнаце нейкага пэтэвэ разам з ліквідатарамі. Маладыя хлопцы. Гарэлкі выдалі чамадан. Выводзіць радыяцыю. Раптам высвятляецца, што ў гэтым жа інтэрнаце размясціўся атрад медслужбы. Адны дзяўчаткі. "Ну, зараз гульнём!" — кажуць хлопцы. Пайшлі двое і тут жа вяртаюцца во-ось з такімі вачыма… Карцінка: ідуць па калідоры дзяўчаткі… Пад гімнасцёрку выдаюць штаны і кальсоны з завязачкамі, яны ў іх па падлозе цягнуцца, матляюцца, ніхто не бянтэжыцца. Усё старое, бэу (было ва ўжытку), не па росце. Вісіць, як на вешалках. Хто ў тапачках, хто ў ботах расхлябаных. А паверх гімнасцёркі яшчэ прагумаванае спецадзенне нацягнута, нейкім хімічным рэчывам насычанае… Некаторыя і нанач не здымаюць. Жудасна глядзець… I ніякія яны не медсёстры, узялі іх з інстытута, з ваеннай кафедры. Паабяцалі, што на два дні, а калі мы прыехалі туды, яны ўжо месяц там былі. Распавядалі, што іх вазілі на рэактар, яны там наглядзеліся на апёкі, але пра апёкі я толькі ад іх чуў. Цяпер яшчэ бачу — блукаюць па інтэрнаце, як у сне…
У газетах пісалі, што, на шчасце, вецер дзьмуў не ўтой бок… Не на горад… не на Кіеў… Яшчэ ніхто не ведаў… Не здагадваўся, што ён дзьмуў на Беларусь… На мяне і на майго Юрку. Мы з ім тым днём гулялі ў лесе, шчыпалі заечую капусту. Божа, як жа мяне ніхто не папярэдзіў!
Вярнуўся з экспедыцыі ў Мінск. Еду ў тралейбусе на працу. Далятаюць абрыўкі гаворкі: здымалі фільм у Чарнобылі, і адзін аператар проста там памёр. Згарэў. Ну, думаю: "Хто ж такі?" Далей слухаю: малады, двое дзяцей. Імя называюць Віця Гурэвіч. Ёсць у нас такі аператар, зусім малады хлопец. Двое дзяцей? Што ж ён не прызнаваўся? Пад'яджаем да кінастудыі, нехта ўдакладняе: не Гурэвіч, а Гурын, і завуць Сяргей. Божачкі, дык гэта ж я! Смешна цяпер, але тады я ішоў ад метро да кінастудыі і баяўся, што адчыню дзверы і… Недарэчнейшая думка: "А дзе яны фатаграфію маю ўзялі? У аддзеле кадраў?" Адкуль гэтая чутка пайшла? Несупадзенне маштабаў таго, што адбывалася, з колькасцю ахвяр. Напрыклад, Курская бітва. Тысячы загінуўшых… Гэта зразумела. А тут — у першыя дні быццам бы ўсяго сем пажарнікаў… Пасля — яшчэ некалькі чалавек…А далей занадта абстрактныя азначэнні для нашай свядомасці: "праз некалькі пакаленняў", "вечнасць", "нішто". Пачыналіся чуткі: лятаюць трохгаловыя птушкі, куры задзёўбваюць лісіц, рыжыя вожыкі…
Ну, а далей… Далей трэба зноў некаму ў зону ехаць. Адзін аператар прынёс даведку, што ў яго язва страўніка, другі — у водпуск махнуў… Выклікаюць мяне: "Трэба!" — "Дык жа я толькі вярнуўся". — "Разумееш, ты ўжо там быў. Табе ўсё роўна. I потым: у цябе ўжо ёсць дзеці. А яны — маладыя". Ёлкі-палкі, я, можа, таксама хачу, каб у мяне было пяцёра-шасцёра дзяцей!! Ну, пачынаюць ціснуць, маўляў, неўзабаве тарыфікацыя, у цябе козыр паявіцца. Зарплату павысяць… Сумная і смешная гісторыя. Загнаў на край свядомасці…
Неяк здымаў людзей, якія былі ў канцлагеры. Яны пазбягаюць сустракацца. Я з імі згодзен. Нешта ёсць ненатуральнае ў тым, каб збірацца і ўспамінаць вайну. Людзі, якія перажылі разам прыніжэнне, ці спазналі, якім бывае чалавек, там, на глыбіні падсвядомасці, пазбягаюць адзін аднаго. Сёе-тое там, у Чарнобылі, уведаў, адчуў, пра што не хочацца гаварыць. Пра тое, напрыклад, што ўсе нашы гуманістычныя ўяўленні адносныя… У экстрэмальнай сітуацыі чалавек па сутнасці зусім не той чалавек, пра якога пішуць кнігі. Такога чалавека, як ён у кнігах, я не знайшоў. Не сустрэў. Усё наадварот. Чалавек — не герой. Усе мы — прадаўцы апакаліпсісу. Вялікія і маленькія. Мільгаюць у памяці абрыўкі… Карцінкі… Старшыня калгаса хоча на дзвюх машынах вывезці сваю сям'ю з рэчамі, мэбляю, а парторг просіць адну машыну сабе. Патрабуе справядлівасці. А ўжо некалькі дзён, я сведка, не могуць вывезці дзяцей, ясельную групу. Не хапае транспарту. А тут дзвюх машын мала, каб упакаваць усё ажно да трохлітровых слоікаў з варэннем і квашаннем. Я бачыў, як іх назаўтра грузілі. Таксама не зняў. (Нечакана засмяяўся.) Купілі там у магазіне кілбасу, кансервы, а есці боязна. Вазілі гэтыя авоські з сабой. Таксама было шкада выкінуць. (І ўжо сур'ёзна.) Механізм зла будзе працаваць і пры апакаліпсісе. Я гэта зразумеў. Гэтак жа будуць пляткарыць, запабягаць перад начальствам, ратаваць свой тэлевізар і каракулевую шубу. I перад канцом свету чалавек застанецца той жа, які ён цяпер. Заўсёды.