Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Ён:

— Ведаеце, у нас было ваеннае выхаванне… Нас арыентавалі на адбіццё і ліквідацыю атамнага нападу. Мы павінны былі супрацьстаяць хімічным, біялагічным і атамным войнам. А не выводзіць з арганізма радыенукліды… З вайной параўноўваць нельга, не дакладна, а ўсе параўноўваюць. Я дзіцем перажыў ленінградскую блакаду. Параўноўваць гэта нельга. Там мы жылі, як на фронце, пад бясконцымі абстрэламі. I голад, некалькі гадоў голад, калі чалавек апускаўся да дзвярыных інстынктаў. А тут, калі ласка, выйшаў — і ў гародзе ўсё расце! Гэта непараўнана. Але я іншае хацеў сказаць… Згубіў нітку… Выслізнула… А-а… Калі пачынаецца абстрэл, не дай Бог! Ты можаш памерці не калі-небудзь, а зараз, у гэтую во хвіліну. Зімой — голад. Палілі мэблю, мы ўсё драўлянае ў сваёй кватэры спалілі, усе кнігі, па-мойму,

нават нейкімі старымі анучамі палілі. Чалавек ідзе па вуліцы і сеў, на наступны дзень ідзеш, ён сядзіць, гэта значыць, ён замёрз, ён сядзіць гэтак тыдзень ці да вясны сядзіць. Да цяпла. Ні ў кога няма сіл яго з лёду высечы, у рэдкіх выпадках, калі хто-небудзь на вуліцы падаў, да яго падыходзілі, памагалі. Міма. Усе паўзуць міма. Я памятаю, што людзі не хадзілі, а поўзалі, гэтак марудна яны хадзілі. Гэта ні з чым не параўнаць!

… З намі, як выбухнуў рэактар, яшчэ жыла мама, мая мама, яна паўтарала: "Самае страшнае, сынок, мы з табой перажылі. Мы перажылі блакаду. Нічога страшнейшага не можа быць".

Мы рыхтаваліся да вайны, атамнай вайны, будавалі ядзерныя сховішчы. Ад атама хацелі схавацца, як ад асколкаў снарада. А ён усюды… У хлебе, у солі… Дыхаем радыяцыяй, ядзім радыяцыю… тое, што можа не быць хлеба і солі, і можна есці ўсё, ажно да таго, што зварыць у вадзе скураны рамень, дзеля паху, наесціся пахам — я мог зразумець. А гэтага не… Усё атручана? Зараз важна ўясніць, як жа нам жыць? У першыя месяцы быў страх, асабліва ўрачы, настаўнікі, карацей, інтэлігенцыя, больш дасведчаныя людзі, яны кідалі ўсё і з'язджалі. Імчаліся адсюль. Але ваенная дысцыпліна… Партбілет на стол… Нікога не выпускалі… Хто вінаваты? Каб адказаць на пытанне, як нам жыць, трэба ведаць: хто вінаваты? Хто ж? Вучоныя ці персанал станцыі? Дырэктар? Дзяжурныя аператары? Але чаму, адкажыце мне, мы не змагаемся з аўтамабілем, як тварэннем розуму чалавечага, а з рэактарам змагаемся? Патрабуем закрыць усе атамныя станцьг, а атамшчыкаў аддаць пад суд?! Праклінаем! Веды, самі веды не бываюць злачыннымі. Вучоныя сёння таксама ахвяры Чарнобыля. Я хачу жыць пасля Чарнобыля, а не паміраць пасля Чарнобыля. Хачу зразумець…

Рэакцыі сёння ў людзей розныя, усё-такі дзесяць гадоў прамінула, а яны мераюць вайною. Вайна чатыры гады доўжылася… Ужо, лічыце, — дзве вайны… Я пералічу вам, якія ёсць рэакцыі: "Усё ўжо ў мінулым", "Як-небудзь абыдзецца", "Дзесяць гадоў мінула. Ужо не страшна!","Мы ўсе памром! Усе хутка памром!", "Хачу з'ехаць за мяжу", "Нам павінны памагчы", "А, пляваць! Трэба жыць"… Здаецца, усё перабраў? Вось гэта мы чуем кожны дзень… З майго пункту гледжання, мы — матэрыял для навуковых даследаванняў… Міжнародная лабараторыя… Нас. беларусаў, дзесяць мільёнаў, больш за два мільёны жыве на заражанай зямлі. Гіганцкая д'ябальская лабараторыя… Запісвай дадзеныя, эксперыментуй. Едуць да нас адусюль… Абараняюць дысертацыі… З Масквы і Пецярбурга… З Японіі, Германіі, Аўстрыі… Яны рыхтуюцца да будучыні… (Доўгі перапынак у гаворцы.)

Што я падумаў? Я зноў параўнаў… Я падумаў, што пра Чарнобыль магу гаварыць, а пра блакаду не магу. Прыслалі запрашэнне з Ленінграда, запрашэнне на сустрэчу "Дзеці блакаднага Ленінграда", я паехаў, але не змог там слова з сябе выціснуць. Проста распавесці пра страх? Мала… Проста пра страх… Дома пра блакаду мы ніколі не ўспаміналі, мама не хацела, каб мы ўспаміналі блакаду. А пра Чарнобыль мы гаворым… Не… (Запыняецца.) Між сабою мы не гаворым, гэта гаворка ўзнікае, калі хто-небудзь да нас прыязджае: замежнікі, журналісты, сваякі, якія тут не жывуць. Чаму мы не гаворым пра Чарнобыль? У школе? З вучнямі? Пра гэта з імі гавораць у Аўстрыі, Францыі, Германіі, куды яны ездзяць на лячэнне. Пытаюся ў дзяцей, пра што там з імі гавораць, чым цікавяцца? А яны часта не памятаюць ні горада, ні вёскі, ні прозвішчаў людзей, у якіх былі, пералічваюць падарункі, што смачнае елі. Камусьці падарылі магнітафон, а камусьці — не;

Прыязджаюць у апратках, якія самі не зарабілі і не зарабілі іх бацькі. Вось як быццам яны недзе на выстаўцы пабывалі. У вялікім магазіне… Увесь час чакаюць, што іх яшчэ раз туды павязуць. Пакажуць, абдораць. Яны да гэтага прывыкаюць. Прывыклі. Гэта ўжо спосаб іх жыцця, уяўленне аб ім. Пасля гэтага вялікага магазіна, які называецца замежжам, пасля гэтай дарагой выстаўкі трэба ісці да іх у клас. На ўрок. Я іду і бачу, што гэта ўжо назіральнікі… Назіраюць, а не жывуць. Я вяду іх у сваю майстэрню, там стаяць

мае драўляныя скульптуры. Яны ім падабаюцца. Кажу: "Гэта ўсё можна стварыць са звычайнага кавалка дрэва. Паспрабуй сам!" Прабудзіся! Мне гэта памагло выйсці з блакады, я гадамі выходзіў…

Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе

"Мурашы паўзуць па ствале… Вакол грукоча ваенная тэхніка. Салдаты. Крыкі, лаянка. Мат. Трашчаць верталёты. А яны паўзуць… Я вяртаўся з зоны і ад усяго ўбачанага за дзень яснай у памяці заставалася толькі адна карціна… Мы спыніліся ў лесе, я стаў пакурыць ля бярозы. Стаў блізка, абапёрся. Проста перад маім тварам мурашы поўзалі па ствале, не чуючы нас, не звяртаючы аніякай увагі… Мы знікнем, а яны і не заўважаць. А я? Я ніколі раней іх гэтак блізка не заўважаў…

Спачатку ўсе гаварылі "катастрофа", потым "ядзерная вайна". Я чытаў пра Хірасіму і Нагасакі, бачыў дакументальныя кадры. Страшна, але зразумела: атамная вайна, радыус выбуху… Гэта я нават мог сабе ўявіць. Але тое, што здарылася з намі, не месцілася ў свядомасці. Мы адыходзім… Ты адчуваеш, як штосьці зусім невядомае разбурае ўвесь ранейшы свет, упаўзае, улазіць у цябе. Памятаю размову з адным вучоным: "Гэта на тысячы гадоў, — тлумачыў ён. — Распад урану — гэта дзвесце трыццаць восем паўраспадаў. Перавядзем на час: адзін мільярд гадоў. А ў торыю — гэта чатырнаццаць мільярдаў гадоў". Пяцьдзесят… Сто… Дзвесце гадоў… Але далей? Далей мая свядомасць не сягала. Я ўжо не разумеў, што такое — час? Дзе я?

Пісаць пра гэта цяпер, усяго дзесяць гадоў мінула… Пісаць? Думаю, няма сэнсу! Не ўцяміць, не спасцігнуць. Усё роўна будзем прыдумваць што-небудзь падобнае на наша жыццё… Я спрабаваў… Нічога не атрымалася… Пасля Чарнобыля засталася міфалогія пра Чарнобыль… Газеты і часопісы спаборнічаюць, хто напіша страшней, асабліва любіць страхі чалавек, які там не быў. Усе чыталі аб грыбах з чалавечую галаву, але ніхто іх не знаходзіў. Таму трэба не пісаць, а запісваць. Дакументаваць. Дайце мне фантастычны раман пра Чарнобыль… Няма яго! Рэальнасць куды больш фантастычная!

У мяне асобны блакнот… Запісваю размовы, чуткі, анекдоты. Гэта самае цікавае, і яно па-за часам. Што засталося ад Старажытнай Грэцыі? Міфы Старажытнай Грэцыі…

Вось мой блакнот…

З гаворак

"Па радыё ўжо трэці месяц: абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стабілізуецца… Абстаноўка стаб…"

"Прыехалі інструктары з Цэка. Іх маршрут: на машыне з гасцініцы — у абком партыі, назад — таксама на машыне. Абстаноўку вывучаюць па падшыўках мясцовых газет. Поўныя сакваяжы мінскіх бутэрбродаў. Чай заварваюць на мінеральнай вадзе. Таксама прывезенай. Расказвала пра гэта дзяжурная гасцініцы, дзе яны жылі. Людзі не вераць газетам, тэлебачанню і радыё, шукаюць інфармацыю ў паводзінах начальства. Яна найбольш верагодная".

"Самая папулярная казка зоны: лепш за ўсё памагае ад стронцыю і цэзію — "Столичная".

"Што рабіць з дзіцем? Хочацца схапіць у ахапак і бегчы. Але ў мяне партбілет у кішэні. Не магу!"

"У вясковых крамах нечакана з'явіліся дэфіцытныя тавары. Чуў, як выступаў сакратар абкома: "Мы створым вам райскае жыццё, толькі заставайцеся і працуйце. Завалім кілбасой і грэчкай. У вас будзе ўсё тое, што ёсць у лепшых спецмагазінах". Гэта значыць у іхніх абкомаўскіх буфетах. Адносіны да народа такія: яму досыць гарэлкі і кілбасы.

Але каб іх чорт узяў! Ніколі не бачыў, каб у сельскай краме былі тры гатункі каўбасы. Сам купіў там жонцы імпартныя калготкі…"

"Дазіметры пабылі ў продажы месяц і зніклі. Пра гэта пісаць нельга. Колькі і якіх радыенуклідаў выпала — таксама нельга. Нельга і пра тое, што ў вёсках засталіся адны мужчыны. Жанчын і дзяцей вывезлі. Цэлае лета мужчыны самі мылі, даілі кароў, капалі гароды. Вядома, пілі. Біліся. Свет без жанчын… Гэтаў мяне выкраслілі. "Не забывайце, у нас ворагі. У нас шмат ворагаў за акіянам", — прыгразіў рэдактар. I таму ў нас ёсць толькі добрае, а кепскага няма. Але недзе спецыяльныя саставы падаюцца. Хтосьці бачыў начальства з чамаданамі…"

Поделиться с друзьями: